29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Трэнер Анастасія Шляпцова: Дзеля сваіх спартсменаў я гатова працаваць бясконца


Спартсмены з абмежаванымі магчымасцямі — скарбніца матывацыі і прыклад для пераймання, калі апускаюцца рукі. Але нават такім моцным духам людзям патрэбен той, хто будзе іх апорай. Трэнер Анастасія Шляпцова стала такім чалавекам для групы тэнісістаў на інвалідных калясках. Яна ўзяла на сябе адказнасць развіць і паказаць усім, наколькі цікавы і важны гэты спорт. Як у трэнера і яе вучняў усё атрымліваецца, Анастасія расказала «Звяздзе».


— Анастасія, як вы знайшлі сябе ў якасці трэнера тэнісістаў на інвалідных калясках?

— Я з дзяцінства займалася тэнісам, але ў 22 гады была вымушана завяршыць спартыўную кар'еру праз траўму. Мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў трэнерскай дзейнасці. Трэба было развіваць тэніс на калясках, таму што група існавала, але яны займаліся больш як аматары. Я зацікавілася. І калі на першай трэніроўцы ўбачыла працу спартсменаў, іх вочы, зразумела, што застаюся. Мяне ўразілі іх адносіны да спорту. Для маіх падапечных тэніс — гэта спосаб жыцця. Яны гатовыя ўвесь час аддаваць трэніроўкам і мяне гэта вельмі ўразіла.

— Доўга ўнікалі ў спецыфіку работы?

— У мяне ёсць адукацыя трэнера па тэнісе, таму асноўныя веды я мела. Сама пастаянна вучуся падчас работы са спартсменамі. Першы час паглыблена вывучала інфармацыю па рабоце з людзьмі на інвалідных калясках, перакапала ўвесь інтэрнэт. На міжнародных турнірах не саромелася знаёміцца з замежнымі спецыялістамі, спартсменамі. Яны былі па-добраму здзіўлены, што ў Беларусі з'явіўся захоплены чалавек, які так прагна шукае інфармацыю. Яны мне вельмі дапамаглі. Міжнародная федэрацыя тэніса праводзіла анлайн-курс павышэння кваліфікацыі па рабоце з тэнісістамі-калясачнікамі, я прайшла яго. Наколькі мне вядома, у нашай краіне пакуль няма курсаў менавіта па рабоце з параалімпійцамі, прыходзілася самой шукаць інфармацыю. Спадзяюся, калісьці гэтае пытанне вырашыцца.

— Якія асноўныя адрозненні тэніса на калясках і звычайнага?

— Абсалютна ніякіх, за выключэннем таго, што ў нас можна адбіваць мяч з двух адскокаў. Першы павінен быць у межах корта, як у звычайным тэнісе, а другі — у любым месцы. Усё астатняе такое ж самае — памеры пляцоўкі, правілы, мячыкі, ракеткі. Пакрыццё корта таксама не адрозніваецца — хард, грунт ці трава. Звычайна мы працуем на хардзе, а нядаўна ўпершыню трэніраваліся на грунце. Для ўсіх стала адкрыццём, што на ім зусім інакш рухаецца каляска. Для гэтага пакрыцця патрэбны новыя пакрышкі на калёсы. Але пасля мадэрнізацыі гульня пайшла. Таксама, як і звычайным тэнісістам, патрэбен час, каб прывыкнуць да новага пакрыцця.

— Тэнісістам патрэбныя адмысловыя інвалідныя каляскі?

— Так, яны адрозніваюцца ад звычайных калясак шырынёй і развалам колаў. І таму яны больш хуткія і манеўраныя. Адна такая каляска каштуе ў раёне 2000 долараў. Лагічна, што чым даражэйшая каляска, тым лепшая яна для гульні ў тэніс.

— Тэнісныя матчы часта зацягваюцца на некалькі гадзін, тэнісісты на калясках таксама могуць гуляць, напрыклад, па чатыры гадзіны?

— Канешне. Ніхто не робіць акцэнт на інваліднасці спартсмена. Яны такія ж тэнісісты, якія гуляюць па некалькі гадзін запар пры любых умовах. Мы працуем над фізічнай падрыхтоўкай, вынослівасцю. Калі фізічны стан тэнісіста не дазваляе яму доўга гуляць, нягледзячы на ўмовы, значыць, ён не гатовы да турніру.

— Колькі ў вас падапечных цяпер?

— Я працую з групай дарослых спартсменаў, шэсць чалавек старэйшых за 18 гадоў. Зараз збіраецца другая група, у ёй пяць чалавек. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуць увагу, што мы чакаем людзей з інваліднасцю і будзем рады кожнаму. І яшчэ я працую з дзіцячай групай, у мяне чатыры малышы 8—9 гадоў.

— А як справы з ліцэнзіямі на Параалімпійскія гульні 2021?

— Цяпер ліцэнзія ў Токіа — наша галоўная мэта, дзеля якой мы робім усё магчымае. Планавалі выступаць восенню на турнірах у Расіі і Турцыі, каб набраць балы, але зараз праблематычна выехаць за мяжу. Шанцы паехаць на Параалімпіяду мае Андрэй Фільчук, ён уваходзіць у спіс 80 найлепшых тэнісістаў свету. Вадзім Ліпінскі і Арцём Ярмак вельмі моцныя спартсмены. Міжнародная федэрацыя, убачыўшы, як развіваецца тэніс на калясках у нашай краіне, упершыню запрасіла нас выступіць на чэмпіянаце Еўропы. Але яго перанеслі і дакладных дат правядзення пакуль няма. Мы спадзяёмся, што спартсмены змогуць выступіць на ўсіх турнірах і набраць балы, каб трапіць у Токіа. Ёсць шанц, што мы атрымаем wіld card, хоць гэта своеасаблівая латарэя. Але хочацца сваімі сіламі заслужыць магчымасць прадстаўляць краіну.

— Хто цяпер лічыцца сусветным лідарам тэніса на калясках?

— З-за таго, што ў нас некалькі катэгорый, цяжка вылучыць персаналіі. Сярод краін лідзіруюць Злучаны Штаты Амерыкі, Нідэрланды, дзе 400 тэнісістаў-калясачнікаў па ўсёй краіне, і Францыя. На адным з турніраў я заглядзелася на гульню французскай пары. Гэта быў настолькі захапляльны і цікавы тэніс, што немагчыма было адарвацца.

— Раскажыце, калі ласка, як прайшоў нядаўні чэмпіянат Беларусі?

— З кожным годам гэты турнір праходзіць усё лепей і лепей. Прыязджаюць новыя спартсмены з розных абласцей. Сёлета ў нас з'явіўся новы абсалютны чэмпіён — Вадзім Ліпінскі. З жанчын прыехала Вольга Ботнар, яна сама не беларуска, але жыве ў Магілёве з відам на жыхарства. Пасля чэмпіянату Вольга прызналася, што захапілася тэнісам на калясках і плануе сур'ёзна ім заняцца.

— Дарэчы, аб рэгіёнах, як там развіваецца гэты від спорту?

— У Магілёве ёсць трэнер, які актыўна ўзяўся за работу, паступова наладжвае рабочы працэс. Вельмі добра, што з'яўляюцца энтузіясты, якія гатовы развіваць наш спорт. У сваю чаргу, я стараюся спартсменаў з рэгіёнаў прыцягваць у Мінск, каб яны ўбачылі тэніс на калясках і зацікавіліся ім. У нас выдатны від спорту, які дае людзям магчымасць палепшыць сваё здароўе.
Мае спартсмены неаднаразова казалі, што дзякуючы трэніроўкам, яны адчуваюць сябе значна лепш.

— Чаго больш за ўсё не хапае тэнісу на калясках для паспяховага развіцця?

— Мы пачалі актыўную дзейнасць толькі тры гады назад. Для развіцця спорту гэта вельмі невялікі тэрмін. Але ў нас ужо ёсць пэўныя поспехі. Нас падтрымлівае Беларуская федэрацыя тэніса, Параалімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфалімпійскіх відах спорту. Клуб Yestoday дае нам магчымасць карыстацца выдатнай базай. Гэта самая адаптаваная база ў краіне, дзе спартсмены могуць і плаваць, і займацца на трэнажорах. Самае галоўнае цяпер — турніры, дзе мы можам зарабляць балы, неабходныя для пападання на Параалімпійскія гульні. А гэта дорага, і мы будзем удзячныя любой фінансавай дапамозе ад спонсараў. Нам дапамагае Міжнародная федэрацыя тэніса. Да нас прыязджаў міжнародны эксперт, каб ацаніць узровень развіцця тэніса на калясках. Ён быў шчыра здзіўлены, што ў нас столькі спартсменаў, не толькі дарослых, але і дзяцей. Дзякуючы яго справаздачы Міжнародная федэрацыя дала нам грант на развіццё, мы закупілі новы інвентар.

— Псіхалагічны фактар у рабоце з людзьмі з інваліднасцю мае вялікае значэнне?

— Канешне, я для сваіх вучняў і трэнер, і псіхолаг. Я лічу, што з параалімпійцамі трэба працаваць гэтак жа, як і са звычайнымі спартсменамі, не рабіць ім паблажак. Нельга звяртаць увагу на тое, што яны чымсьці адрозніваюцца, чымсьці ўшчэмленыя. У іх абсалютна такі ж трэніровачны працэс, я патрабую вынікаў. Здараецца, у кагосьці няма настрою ці нешта баліць. Але падчас трэніровак яны думаюць толькі пра тэніс. Спорт становіцца іх жыццём, ён дае ім магчымасць заўсёды быць у добрым настроі і не апускаць рукі. Акрамя трэніровак мы часта збіраемся проста разам правесці вольны час. І спачатку я заўважала касыя позіркі ад чужых людзей. На шчасце, хлопцы і дзяўчаты іх не бачылі, а мне было непрыемна. Чым часцей людзі на інвалідных калясках будуць выходзіць з дому, удзельнічаць у мерапрыемствах, тым хутчэй грамадства да іх прывыкне. Але радуе, што за апошнія гады людзі сталі больш адэкватна ўспрымаць інвалідаў.

— З кім псіхалагічна цяжэй працаваць — з дзецьмі ці дарослымі?

— Мне камфортна з усімі. Людзям, якія з дзяцінства не могуць хадзіць, прасцей з гэтым звыкнуцца. А даросламу чалавеку, які ведае, што значыць хадзіць, бегаць, але воляй лёсу прыкаваны да інваліднага крэсла, цяжка змірыцца. Усё залежыць ад акружэння, як яно ўспрымае такога чалавека. Калі дзіця вучыцца, развіваецца нароўні са сваімі аднагодкамі, яно не будзе думаць, што чымсьці адрозніваецца, будзе адэкватна сябе ўспрымаць.

— У тэнісе на інвалідных калясках востра стаіць праблема допінгу?

— На шчасце, у нас гэта не так распаўсюджана, як у звычайным тэнісе. У нас шмат спрэчак вакол класіфікацыі спартсменаў. Ёсць катэгорыя «квады» — людзі з траўмамі трох канечнасцяў. І другая катэгорыя — людзі з ампутацыяй і пераломамі пазваночніка. Але, па логіцы, людзей з ампутацыяй трэба вылучаць у асобную катэгорыю. У Андрэя Фільчука не працуе корпус, ён гуляе толькі з дапамогай рук і часткова плечавога корпуса. І разам з ім у катэгорыі выступае спартсмен з ампутацыяй дзвюх ног і двух пальцаў на руках. Зразумела, у каго падчас матча яўная перавага. На ўзроўні міжнароднай федэрацыі праводзіцца работа, каб зрабіць гэтую класіфікацыю больш справядлівай для спартсменаў.

— Тэнісісты супрацоўнічаюць з вашымі падапечнымі?

— Мы рэгулярна праводзім майстар-класы з вядомымі спартсменамі, хоць іх і цяжка застаць дома. Правялі некалькі майстар-класаў з Вікторыяй Азаранкай. Арына Сабаленка ўдзельнічала ва ўручэнні пасведчанняў майстроў спорту Арцёму Ярмаку, Алене Бярновіч і Андрэю Фільчуку. Для іх гэта была вельмі натхняльная сустрэча, Арына дала ім зарад матывацыі. Вельмі прыемна, што нашы зоркі заўсёды рады нам дапамагчы.

— Анастасія, чым у сваёй рабоце вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Хоць зроблена ўжо нямала, я думаю, галоўныя прычыны для гонару яшчэ наперадзе. Я ганаруся, што мы пачалі праводзіць чэмпіянат Беларусі на інвалідных калясках на высокім узроўні. Да гэтага я ніколі не займалася арганізацыйнай работай. Але ўсё атрымалася, і на першым уручэнні кубкаў я зразумела, што гэта і мая своеасаблівая перамога. Сёлета ў сакавіку мае спартсмены атрымалі званне «майстра спорту». Разумець, што вы разам гэтага дасягнулі — неверагодна. Я не магу апісаць, як мяне натхняюць мае падапечныя, іх самааддача. Дзеля іх я гатова бясконца працаваць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.