02 снежня, серада

Вы тут

У музеі «Замкавы комплекс «Мір» адкрылася выстаўка работ Георгія Скрыпнічэнкі


Мастацкая выстаўка ў прасторы гістарычнага музея — з'ява звыклая, калі гэта Нацыянальны гістарычны музей, калі выстаўка раскрывае мастака ці пэўную тэму, напрыклад, у адным з абласных краязнаўчых музеяў. Ці — у літаратурным, лепш у сувязі з персаналіяй, якой прысвечана музейная скарбніца. Зусім іншая справа — арганізацыя мастацкай выстаўкі ў музеі «Замкавы комплекс «Мір».


«Барбару» мастак пісаў 20 гадоў.

— Але мы адважна ідзём па гэтым шляху — шляху спалучэння гісторыі гаспадароў нашага замка, гісторыі канкрэтных перыядаў часу і з'яў сучаснага выяўленчага мастацтва, — гаворыць дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр ЛОЙКА. — Вось зараз у нас размясцілася выстаўка «Сімвалы часу. Боскае і зямное ў творах Георгія Скрыпнічэнкі. Выстаўка жывапісу і графікі». Куратар гэтага творчага праекта мастацтвазнаўца Ала ЗМІЁВА сабрала тут з розных калекцый работы цікавага жывапісца і графіка, які адкрывае новыя адметнасці багатага на постаці беларускага мастацтва. Няўжо ў перапынку падчас знаёмства з гістарычнымі экспанатамі гэта не будзе цікава наведвальнікам нашага музея?

Аляксандр Лойка.

Георгій СКРЫПНІЧЭНКА (1940—2015), які нарадзіўся ва Украіне, пасля Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі пераехаў на Міншчыну, у Слуцк. У невялікім беларускім гарадку ён знайшоў галоўнае захапленне свайго жыцця, якое стала для яго прафесіяй на доўгія гады. Творчая спадчына мастака складае ці не тысячу, а можа, і болей работ. Далёка не ўсе яны сталіся здабыткам музеяў, карцінных галерэй, прыватных калекцыянераў. Георгій Скрыпнічэнка вельмі неахвотна развітваўся са сваімі творамі. Мастака, які арыгінальна, па-філасофску спрабаваў аб'яднаць у сваёй творчасці сучаснасць і мінуўшчыну, краіны і народы, які надзяляў сваіх герояў рысамі стваральнасці чалавечага жыцця і разбуральнасці, уласцівай свету, даўно залічылі да беларускіх сюррэалістаў. У размовах пра Скрыпнічэнку абавязковай лічыцца згадка пра Сальвадора Далі. Адзін з гасцей выстаўкі ў Міры, вядомы ў краіне дыпламат і ў нядаўнім мінулым міністр замежных спраў Беларусі Сяргей МАРТЫНАЎ заўважыў, што ў пачатку сваёй творчай работы Георгій Скрыпнічэнка мог і не ведаць гэтага славутага мастака, тым больш наўрад ці бачыў ён у 1960-я гады рэпрадукцыі карцін Сальвадора Далі, яго альбомы.

Сяргей Мартынаў.

«Блудны сын» (1969—1992; і такая часавая адлегласць, пазнака вяртання да распачатай некалі рэалізацыі ідэі сведчаць пра глыбокую паяднанасць свядомасці мастака з некалі вынайдзеным сюжэтам, яго нежаданне аддаваць на суд гледачу да канца невыказанае), «Барбара» (праца над ёю ішла ў 1987—2007 гг.), «Мінскія варыяцыі» (1977), «Дзень схіліўся да ночы» (1976—2001 гг.) — да адкрыцця гэтых і іншых работ Георгія Скрыпнічэнкі запрашае замак у Міры. Выстаўка будзе працаваць некалькі месяцаў. Яна — яшчэ і напамін пра тое, што жывапісец выйшаў са слуцкага гуртка Уладзіміра САДЗІНА. Як, дарэчы, і дзясяткі іншых мастакоў. Найбольш вядомыя з іх — Уладзімір Голуб, Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, Уладзімір Цэслер, Уладзімір Акулаў, Ігар Ціткоўскі... «Слуцкімі хлопчыкамі» назваў на выстаўцы ў Міры плеяду гэтых творцаў мастацтвазнаўца Юрый АБДУРАХМАНАЎ, акрэсліваючы не толькі першыя крокі Георгія Скрыпнічэнкі ў творчасць, але і зважаючы на яго і іншых мастакоў са Случчыны, Слуцка светапогляд.

«Блудны сын».

«Мінскія варыяцыі».

Ігнат ПАЎЛАЎ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Ад «слуцкіх хлопчыкаў» — у вялікі свет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.

Грамадства

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

За дзесяць месяцаў бягучага года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 600 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх.

Грамадства

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваў для педагогаў рэкамендацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый.

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.