Вы тут

Мастак Рыгор Сітніца: Ёсць беларускія нябёсы і беларуская трава


Уласна кажучы, спадару Рыгору Сітніцы пытанняў падчас гутаркі можна не задаваць. Вядомы мастак сам сабе найлепшы мадэратар — ідэй і праектаў, пра якія ён заўсёды гатовы расказаць, столькі, што напрошваецца параўнанне з архетыповым «чалавекам Адраджэння». Мы сустрэліся ў майстэрні, дарэчы, вельмі ўпарадкаванай, і чамусьці склалася ўражанне, што на мяне глядзіць безліч партрэтаў. Хаця партрэтаў не было ніводнага. З палотнаў глядзелі фрагменты старых муроў, старыя паштовыя скрынкі, сляпыя вочы вокнаў... Але адчуванне прысутнасці асоб не знікала. Карціны выпраменьвалі настрой і заклікалі да дыялогу... І ці істотна, што для формы, у якой увасобіўся суразмоўнік, абрана старое крэсла, студня альбо куча бульбы?


СТЫЛІСТ СТАРАСВЕТЧЫНЫ

Рыгор Сітніца паказвае карціны са свайго новага цыкла, які называецца «Настальгія». Цыкл новы, але і ў ім тое ж самае пачуццё старасветчыны, разважанне на тэму хуткаплыннасці часу і нетрываласці быцця. Зрэшты, мастак прызнаўся, што калі ўжо выпрацаваў пазнавальны аўтарскі стыль, недарэчна ад яго адмаўляцца.

— Але разам з тым аднойчы я адчуў, што пачынаю «прабуксоўваць», і паставіў задачу ў межах таго стылю пашукаць нейкія іншыя хады. А гэта можна рабіць бясконца. Я пачаў маляваць настальгічныя, пра Беларусь, якая знікае. Калі назбіраецца пятнаццаць-дваццаць карцін новага цыкла, зраблю выстаўку. Магчыма, аздоблю яе старымі радыёламі, швейнымі машынкамі. Мох, павуцінне, пашарпаныя сцены, аблезлая фарба, дранка... Я кайфую, калі малюю такую фактуру. Імітую на карціне драпіны, надрывы... Хачу яшчэ больш паглыбіцца ва ўсё гэта. Мне проста пакуль шкада намаляванае нішчыць. Але аднойчы вазьму наждачку і здзяру малюнак, каб застаўся проста прывід прадмета. Спалучаю супрацьлеглае: канструктывізм, а часам і супрэматычныя па пабудове кампазіцыі, і гіперрэалістычнае выкананне. Люблю балансаваць на мяжы абстракцыі, беспрадметнасці. Але не пераступаю тую рысу, бо мне цікава заставацца на памежжы, цікава прымусіць белую паперу стаць снегам, паветрам. Вось на колішняй маёй карціне на новых прыступках станцыі метро «Няміга» — старыя бярвёны і зброя, знойдзеныя падчас земляных работ. Калі пісаў, думаў пра сутыкненне часоў, адно другому супраціўляецца. І праз нейкі час менавіта на гэтых прыступках у 1999 годзе загінулі 53 чалавекі. Пасля трагедыі мне званілі журналісты, пыталіся — ці ў мяне было нейкае прадбачанне? Я адказваў — вядома, не, не трэба прыцягваць факты. Хаця мог зманіць, наплесці пра свае відзежы.

ДЫЯЛОГ З ДЗВЯРЫМА

Амерыканскі філосаф Йен Багост, аўтар камп'ютарных гульняў, сцвярджае, што сёння мастак мусіць адысці ад антрапацэнтрызму. У эпоху штучнага інтэлекту рэчы набываюць сваю свядомасць. І не толькі чалавек успрымае нейкім чынам, скажам, камбайн альбо сноп, але і камбайн, і сноп могуць успрымаць чалавека. Пытаюся ў Рыгора Сітніцы, у чыіх карцінах галоўныя аб'екты — прадметы, ці ён, як заклікае Багост, навучыўся глядзець вачыма рэчаў, ці персаніфікуе нежывую натуру?

— Хутчэй за ўсё, персаніфікую. Разам з тым магу ўявіць, што гэты дом глядзіць на мяне, думае пра мяне... Я ў гэтых старых мурах бачу заняпад, драму, трохі нават трагедыю. Я ціха плачу над гэтай трагедыяй. Бо ўсе свае аб'екты люблю. Калі хаджу па горадзе, па старых раёнах, напрыклад, мінскай Грушаўцы, адчуваю, што перажываюць старыя будынкі. Не раблю прынцыпова ні краявідаў, ні нацюрмортаў. Проста аблезлыя дзверы... Але гэта дыялог.

Йен Багост кажа пра антаграфічную інвентарызацыю — пералік рэчаў, нібыта абстрактны, абсурдны, але ў ім вызначаецца ментальнасць аўтара. Як у Льюіса Кэрала — «каралі, капуста, сургуч» і гэтак далей. Калі зрабіць антаграфічную інвентарызацыю Рыгора Сітніцы, што ў ёй будзе? Мастак задумваецца.

— Паркан... Храмы... Сынкавічы, Мір, Нясвіж... Бульба, цыбуля, дровы... Гарод. Бярвенне, старая сцяна, мох, дзверы. Дах, крыты дранкай, дахоўкай. Акно, ліштва. Студня, вядро. Старыя пячаткі, зброя, даспехі... Усё, што мелася на падворку 1960-х гадоў і ў вясковай хаце, а таксама гістарычныя артэфакты...

Не зусім тое, здаецца, што меў на ўвазе амерыканскі філосаф — бо дужа лагічны падбор, затое складваецца ў пазнавальны настальгічна-беларускі сусвет.

ПРА РЭСТАЎРАЦЫЮ І НАВАБУДЫ

Не аднойчы ў мастацтве апяваліся матывы руін, запусцення, тлення... Але ў Рыгора Сітніцы не дэкаданс, а праблема гістарычнай памяці. Дзейснасць і скіраванасць на будучыню. Мастак з тых, каму балюча, калі старыя будынкі апранаюцца ў сайдынг і металадахоўку.

— Старыя забудовы суразмерныя з прапорцыямі чалавека. Я ўвогуле не дазваляў бы будаваць дамы вышэй за пяць паверхаў. Я прапаноўваў у цэнтры Мінска аднавіць драўляную забудову, рэшткі якой захоўваліся яшчэ ў 1985 годзе. Калі маляваў карціну «Няміга. Горад з нашай памяці», нават адышоў ад сваёй стылістыкі. Наўмысна зрабіў пейзаж без людзей, без коней. Гэта горад, які ўжо ўзняўся ў нябёсы, які на нас глядзіць, а не мы на яго. Дарэчы, я за навабуды — калі не ўдалося захаваць старое, трэба хаця б аднавіць асяроддзе. Толькі насычаць яго матэрыялам. Дзе можна, ужываць камень замест цэглы, бо камень — гэта ўжо гісторыя. Калі аднаўлялі Мінскую ратушу, выкапалі катлаван і ўсе валуны падмурка вывезлі. Паклалі бетонныя пліты. І не каб дастаць хаця б тры-чатыры валуны, умураваць у сцяну новапабудаванай ратушы і паказваць — вось яна, гісторыя, дакраніцеся... Няма разумення каштоўнасці сапраўдных артэфактаў. Нават крэсла — можа быць проста мэбляй, а можа быць насычаным энергетыкай тых людзей, якія ім карысталіся. Вось прыязджаю ў Копысь, дзе адбудавалі замак... Калібраваны брусок, пакрыты жоўтым лакам. Мілыя мае, сякерай трэба часаць такія дэталі, а не на станку праганяць! У Мазыры таксама аднавілі нібыта замак, а ля яго муроў — сучасная дзіцячая пляцоўка ў той самай стылістыцы, з тых самых брускоў, што і той «замак». Абсурд! З іншага боку, я назіраю, як выкручваюць рукі тым, хто займаецца аднаўленнем — маўляў, калі не адпавядае гістарычнай праўдзе, дык лепей не рабіць, хай яно рушыцца... Я кажу, часам жартоўна, часам сур'ёзна — калі б мне далі магчымасць кіраваць працэсам аднаўлення старасветчыны, я б кінуў маляваць і пісаць і займаўся б толькі гэтым.

ФАРБЫ І СЛОВЫ

Рыгор Сітніца вядомы і як паэт. Ён аўтар кнігі паэзіі «Ток». Прызнаецца, што не заўсёды можа намаляваць тое, што можа напісаць. Але літаратура непазбежна перацякае ў карціны, і наадварот.

— Як я адпачываю ў майстэрні? Перачытваю «Мёртвыя душы» Гогаля. З любой старонкі. Часам узнікаюць у маіх карцінах бунінскія настроі — у Буніна ў вершах, у прозе ёсць такая закінутасць, запусцеласць. Дарэчы, я пераклаў вершаў пятнаццаць Буніна, выдаў нават саматужную кніжачку. Зараз уключу ў другі свой паэтычны зборнік. Бо акрамя Буніна, пераклаў Хадасевіча, Набокава, Вазнясенскага, Таркоўскага, Самойлава, некалькіх польскіх паэтаў. Хачу яшчэ колькі ўкраінскіх перакласці. У мяне ўжо гатовыя, дарэчы, рукапісы дзвюх кніг — паэзіі і прозы. У празаічны зборнік увойдуць дзве аповесці, дзве п'есы і раман «Было». Сто гадоў з гісторыі майго роду. Доўга не мог прыступіцца да гэтага сюжэту, бо ў нашай гісторыі ўсё завязана на вайне. А пісаць пра вайну пасля Быкава, Калесніка, Адамовіча ды іншых магутных пісьменнікаў... Але знайшлася цікавая форма: аўтарскі тэкст перарываецца развагамі двух апанентаў з зусім іншымі поглядамі. Дарэчы, я пішу ад рукі. Для мастака почырк — той жа малюнак... І ў тым, што я малюю, і ў тым, што пішу, я таталітарны цэнзар і рэдактар. Я нічога не ствараю на продаж.

РАМАНТЫК З ГОМЕЛЯ

Цікава, але ў сябе ў кватэры Рыгор Сітніца дасюль сваіх карцін не вешаў. Кажа — не інтэр'ерныя. А ён — закладнік сваёй прафесіі, яму важна, дзе вісіць карціна, на якой вышыні, яе прапорцыі адносна сцяны...

— Вядома, і жонка гэтага пільнуецца. Я ў ёй мастацкі густ выхаваў... Дзесяць гадоў паклаў на тое, каб згадзілася выйсці за мяне замуж. З гэтых дзесяці гадоў шэсць не мог паказацца ёй на вочы з-за пэўных абставін, але пісаў бясконцыя лісты. Купляў паштоўкі-рэпрадукцыі, на зваротным баку пісаў эсэ пра твор, потым падклейваў да паштоўкі іншую... І так да трох метраў даўжынёй атрымліваліся «пасланні». Распавядаў пра Сярова, Пікаса, Маціса. Думаю, менавіта тады ўдасканаліў свой літаратурны стыль. Я прыязджаў у Гомель і доўга хадзіў па вуліцы, каб нібыта выпадкова з каханай сустрэцца і кіўнуць галавой. І мне хапала — гэта як плыўцу высунуць галаву над вадою і ўдыхнуць паветра. Вось напісаны тады партрэт маёй будучай жонкі. Я прыехаў з ім на яе дзень народзінаў у Гомель. Ля ўніверсітэцкага інтэрната нагледзеў хлопца, якога папрасіў перадаць каханай гэты партрэт. Хлопцу спадабалася рамантыка сітуацыі. Схадзіў, аднёс карціну. Я хваляваўся, чакаў ля дома. Пасланец выходзіць, я да яго: «Ну як, усё нармальна?» Той па-змоўніцку адказвае: «Так, усё атрымалася». І тут нас перахопліваюць два мужчыны, што сядзелі на лаўцы — аказалася, міліцыянеры, якія пільнавалі, хто ж у гэтым доме, а дом быў «наменклатурны», паліць дэрмацінавыя дзверы. Дужа падобна было, што злачынцы — мы. У газіку я распавёў міліцыянтам сваю гісторыю. Яны расчуліліся, адпусцілі нас і нават завезлі мяне проста на перон, да майго цягніка.

ЦІ МАЕ НЕБА НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ?

Мастак сцвярджае, што беларускасць закладзена ў яго карцінах, нават калі ён маляваў з натуры ў замежжы.

— Хаця нябёсы для ўсіх аднолькавыя, ёсць, я лічу, беларускія нябёсы, бо ёсць беларускі пагляд на іх. Ёсць беларуская трава...

Вось на адной з карцін адлюстраваны млын: перакрыжаваныя крылы ветрака і цені ад іх. Адразу ўспамінаецца карціна «Шлях на Галгофу» Брэйгеля, там, дзе таксама млын і крыж, у тым палатне ўгледжваюць увасабленне трагічнай гісторыі народа Нідэрландаў. Беларускі млын Рыгора Сітніцы таксама нагадвае пра гісторыю беларусаў: няўмольнасць часу, жорны, у якіх перамолваюцца лёсы.

— Я не ўкладаў такога сэнсу адмыслова. Мне цікавая форма. Пасля яна насычаецца зместам. Кожная рэч, кожная карціна мае розную ступень глыбіні прачытання. Не трэба тлумачыць, што намаляваў мастак. Калі гэта не прымітыўная карціна, утворыцца бясконцая колькасць пластоў успрымання, і кожны прачытае яе сам.

ПРА КРЫТЭРЫІ МАСТАЦТВА

Згодна з прынятай сёння практыкай, калі мастак штосьці аб'яўляе мастацкім творам, гэта так і ёсць. Аднойчы дадаіст Марсэль Дюшан прынёс на выставу звычайны пісуар, і назваў узвышана — «Фантан». Сёння копіі таго «твора» ўпрыгожваюць найлепшыя галерэі сучаснага мастацтва. Сам Дзюшан, дарэчы, выказаўся з'едліва: «Я шпурнуў ім у твар паліцу з пісуарам, і зараз яны захапляюцца яго эстэтычнай дасканаласцю». Цяпер мастацтвам можа стаць нават адсутнасць аб'екта. Рыгор Сітніца выказваецца жорстка:

— Ёсць крытэрыі для сапраўднага мастацтва, як і для паводзін чалавека ёсць дзесяць біблейскіх запаведзяў. Іншая справа, што з'яўляюцца творы-маніфесты. Самы папулярны — «Чорны квадрат». Многія кажуць, маўляў, я сам магу такое намаляваць. Я заўсёды адказваю: «Мілы чалавек, а ты можаш намаляваць нешта, што паўплывае на ўвесь свет, зменіць парадыгму мастацкага светапогляду? І ты ведаеш, што Малевіч быў філосаф, пісьменнік, які паспрабаваў усе стылі і сфармуляваў маніфест новага мастацкага шляху? Калі б ён апроч квадрата нічога больш не стварыў, ніхто б пра яго не ведаў». Ёсць мастацтва дэкларацыі, як «дыр бул щыл» футурыста Кручоных. Як я для сябе вызначыў, пяць чалавек вызначылі мастацтва ХХ стагоддзя: Маціс, Пікаса, Сезан, Малевіч і Далі. А пасля іх, ужо ў наш час, з'явіўся Антоні Тапіес, які паказаў мастацтва трэшу. Усё трэба разглядаць у кантэксце. Але скажу непапулярную рэч: усё-ткі мастацтва павінна быць маральнае. Я цярпімы чалавек і не заклікаю да цэнзуры, тым больш шукаю мастацтва там, дзе, здавалася б, яго не бывае. Але калі мастацтва не маральнае, дык значыць, яно амаральнае?

АРТЫСТ

Рыгор Сітніца вядомы і як выступоўца — у яго адбываецца шмат канцэртаў на вядомых пляцоўках, дзе ён чытае свае вершы, а да чытання далучаецца класічная музыка альбо саксафон і... восеньская лістота, якая сыплецца на гледачоў. А ягоны юбілейны канцэрт з удзелам ансамбля «Класік-Авангард» і гурта «Палац» называўся «Канцэрт для скрыпкі і завірухі».

— Я ж у маладосці яшчэ і шаўмэніў. У свой час быў вядоўцам пяці фолк-фестываляў, у канцэртнай зале «Мінск», у філармоніі, у Тэатры эстрады. Звычайна даведваўся пра гэта хвілін за сорак да канцэрту. Памятаю, мой сябра Юры Выдронак дае мне спіс выступоўцаў, з якіх я палову не ведаю, а перад самым пачаткам разумею, што палова з гэтага спіса не прыехала, а будуць зусім іншыя людзі. І нічога, правёў! Вось зараз зноў рыхтуюся да канцэрту ў Малой зале філармоніі, які адбудзецца 8 кастрычніка, напісаў спецыяльна вершы. Праграма называецца «Музыка — мае словы». Мастак не мае права маўчаць нават у самы складаны час.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.