Вы тут

Зеляніца Маларыцкага раёна. Мікалай Капанька — дзіця вайны, калгасны перадавік, актыўны пенсіянер


Кіраўнік мясцовай улады параіла пазнаёміцца з Мікалаем Капанькам з Зеляніцы. «Такога работніка, як Мікалай Міхайлавіч, ва ўсёй акрузе пашукаць, — гаворыць старшыня Арэхаўскага сельскага Савета Святлана Вітаноўская. — Неяк заязджаю ў вёску позна ўвечары, цямнее ўжо, а ён грэчку зграбае. Кажа, на наступны дзень дождж перадалі, дык трэба паспець. Шчыруе на падворку кожны дзень у свае 83 гады». Яшчэ Мікалай Міхайлавіч старанна даглядае невялікую гаспадарку, трымае ў парадку дом на час адсутнасці гаспадыні, якая праходзіць курс лячэння ў бальніцы, паспявае з'едзіць па розных справах — сам жа за рулём!


Авечы пастушок

Напрасіліся ў госці надвячоркам, а прыязджаем крыху раней і застаём гаспадара за хатнімі клопатамі ў рабочай вопратцы. Ён крыху канфузіцца і просіць пачакаць колькі хвілін... А потым выходзіць да нас лёгкай паходкай, прычасаны, у выхадным гарнітуры, як і належыць джэнтльмену пры сустрэчы з дамамі. Затым сам пачынае аповед пра вёску, пра сваё дзяцінства, сталыя гады. Вось каб заўсёды так! А галоўнае, што мяне ўражвае: памяць Мікалая Міхайлавіча. Усе падзеі жыцця ён пачынае згадваць з дакладнай даты. Ведае не толькі год, месяц, але і чысло, калі ішоў у войска, калі ўладкоўваўся на работу і шмат чаго іншага. Дакладныя фармулёўкі разам з падрабязнай храналогіяй выдаюць матэматычны склад розуму гэтага чалавека, а вось адукацыі ў вяскоўца ўсяго чатыры класы. І настаўнікаў сваіх з пачатковай школы ён назваў без запінкі: Дубяга Аляксей, Сцяпан Ермалюк. Апошні, паводле слоў былога вучня, запомніўся як асабліва строгі і патрабавальны, затое ўсе пры ім старанна вучыліся.

— Нарадзіўся я ў 1937 годзе, — расказвае Мікалай Капанька, — тут жа, у гэтай вёсцы. У 44-м бацьку забралі на вайну. Загінуў ён у ноч на 9 мая 45-га. Самае крыўднае было дажыць да перамогі і памерці... Пахавальную і пісьмо мы атрымалі 18 мая, а да гэтага радаваліся, што вайна скончылася, што хутка ўбачым роднага чалавека. Ліст нам даслалі медыкі са шпіталя. З цяжкім раненнем ён трапіў туды 24 красавіка, а вечарам 8 мая яму рабілі аперацыю. Адкрыўся крывацёк — надта вялікі асколак захрас у плячы, выратаваць параненага не змаглі. У пісьме яшчэ гаварылася, што пахавалі салдата з усімі ваеннымі ўшанаваннямі 11 мая. Магіла яго пад нумарам 104 знаходзіцца ў польскім горадзе Гнезна.

Маці засталася з намі — трыма малымі дзецьмі. Ці трэба казаць, што на адукацыю, большую за пачатковую, разлічваць не даводзілася. Неабходна было працаваць, дапамагаць сям'і. У 1947-м годзе арганізавалі калгас, і ў 11 гадоў я пайшоў пасвіць авечак. У маім статку было 162 галавы. Трэба было рана ўставаць, ісці ў поле кожны дзень у любое надвор'е. Сезон я прапасвіў і зарабіў 37 кілаграмаў збожжа. За працадзень тады налічвалі 100 грамаў збожжа.

Вось так даводзілася жыць і працаваць пасля вайны, потым у наступныя гады за дзень работы давалі крыху болей, але ўсё роўна гэта не параўнаць з аплатай у суседняй Украіне. Туды я паехаў, як і многія равеснікі-аднавяскоўцы, у 1955 годзе. Там зарабіў тону пшаніцы, бо за працадзень давалі чатыры рублі і тры кілаграмы збожжа. Гэта ўжо была раскоша, — успамінае пенсіянер.

Калгасны шафёр

А 19 красавіка 1956 года хлопец з Зеляніцы пайшоў у войска. Служыў за мяжой, у Германіі. Пра армейскія гады ў яго самыя добрыя ўспаміны. Там атрымаў прафесію шафёра, якая стала асноўнай на ўсё жыццё. Калі вярнуўся з войска, у калгасе аказаўся запатрабаваным спецыялістам. І адпрацаваў на розных машынах роўна сорак гадоў. Тады ж, у 60-м, калі стаў калгасным кіроўцам, ажаніўся з прыгожай дзяўчынай Надзяй. Сёлета ён з Надзеяй Васілеўнай справіць юбілей — 60 гадоў разам. Вось толькі яна трошкі прыхварэла, муж адвёз яе ў бальніцу. Участковая бальніца недалёка, у Олтушы, праз дзень муж праведвае жонку — пры наяўнасці свайго аўтатранспарту гэта не праблема, а тэхніку ён любіць.

— Першыя гады не асабліва плацілі нават шафёрам, — згадвае былы калгасны вадзіцель. — Памятаю зарплату 25 рублёў у месяц. Вядома, мы і ў горад маглі пераехаць з жонкай, нейкую работу знайсці, там болей плацілі, выхадныя стабільныя, гарадское жыццё наогул лягчэйшае. Але не хацелася са сваіх мясцін з'язджаць, мы нават не разглядалі такую магчымасць. Тут нарадзіліся, тут выраслі і паціху працавалі на зямлі ўсё жыццё.

Скрынка з медалямі

Гэта ён, вядома, сціпла пра сваю працу. Калі не без падказкі старшыні сельскага Савета прынёс свае запаветныя скрыначкі з узнагародамі, стала ясна, які быў выдатны работнік з Мікалая Капанькі. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль «За працоўную доблесць», не кажучы ўжо пра юбілейныя ўзнагароды, цяпер з'яўляюцца нагодай для ўспамінаў. Пра кожную з іх ён расказвае канкрэтна: называе дату ўручэння, згадвае, хто ўручаў, на сходзе якога ўзроўню. Заўважаю яшчэ адзін медаль, пра які нічога не было сказана... «А гэта не мой, гэта жонка ўзнагароджана» — не без гонару паказвае Мікалай Міхайлавіч. Яна працавала ў гаспадарцы паляводам, а каб калгасным паляводам уручалі медалі — гэта была вялікая рэдкасць. За поспехі ў вырошчванні лёну, буракоў, бульбы Надзею Капаньку таксама прадставілі да высокай дзяржаўнай адзнакі. Аказваецца, працавітасць — гэта ў іх сямейнае.

Ды і цяпер былыя калгасныя работнікі без справы не сядзяць. Напрыклад, вырошчваюць грэчку. «Праўда, апошнім часам няма дзе зрабіць крупу — са шкадаваннем кажа гаспадар. Нам сказалі, што тая фірма пад Брэстам, куды раней вазілі крупы, закрылася. А так было нядрэнна нарыхтаваць мех сваёй грэчкі, і сабе на год хапала, і сем'ям дзяцей».

Грачанікі і кветкі

На Маларыччыне, дарэчы, многія да гэтай пары сеюць грэчку, пякуць знакамітыя грачанікі, ці, па-тутэйшаму, бабку. Надзея Васільеўна таксама раней пякла адмысловы хлеб з грэчкі. Цяпер рэдка гэта робіць: паводле слоў гаспадара, здароўе не тое, ды і цікавасці такой няма да кулінарных эксперыментаў, як раней. Хіба толькі пад асаблівую нагоду можа спячы.

Хоць цалкам ад уласнай гаспадаркі Капанькі не адмаўляюцца. А дзеці кожны раз патрабуюць паберагчы здароўе. «Яно-то так. Пенсію атрымліваем добрую, усяго хапае, але ж не прывыклі сядзець склаўшы рукі, — разважае гаспадар. — Прыходзіць вясна, зноў садзім бульбу, сеем грэчку. Бульба, дарэчы, гэтым разам вырасла нядрэнная. Цяпер мала ў каго ўрадзіла».

Звяртаю ўвагу на багаты кветнік у двары. Такой колькасці кветак у дварах невялікіх вёсак дакладна раней не бачыла. Стракатыя восеньскія краскі пары бабінага лета радуюць вока. Можна сабе ўявіць, якая прыгажосць у гэтым двары ўвесну. «Гэта ўсё мая гаспадынька, — не без гонару паказвае на агародчык Мікалай Міхайлавіч. — Цяпер, праўда, і сын з кветнікам памагае, вось і сёння павінен з Брэста прыехаць». Двое дзяцей сужэнцаў Капанькаў жывуць у Брэсце, адзін — у Маларыцкім раёне.

Дзеці ўсіх вяскоўцаў гэтак жа раз'ехаліся па гарадах, некалі немалая вёска зараз налічвае дзясятак сталых жыхароў. А ў свой час тут была пачатковая школа, магазін, калгасныя жывёлагадоўчыя памяшканні. Было шмат моладзі, дзяцей. У пачатковай школе ў пару нашага героя займалася 37 вучняў. На фронт з Зеляніцы пайшло 13 маладых мужчын, з іх вярнулася чацвёра. Цяпер некаторыя хаты стаяць пустыя, іншыя даглядаюць гарадскія дзеці.

— Аўтакрама два разы на тыдзень прыязджае, бальніца побач, у нас усё ёсць, жыць можна, — разважае пенсіянер. — Я некалі нікуды не паехаў, бо палюбіў сваю зямлю, прыкіпеў да яе. Але тады нельга было ўзяць кавалак зямлі, каб рабіць на ёй. А цяпер можна і зямлю ўзяць, і фермерам стаць альбо гаспадаром. О, каб мне пасля арміі цяперашнія магчымасці! Пэўна, зямлі ўзяў бы ў арэнду, ды і другія мае аднавяскоўцы не адмовіліся б. Цяперашняя моладзь не мае цікавасці да зямлі. Таму і чэзнуць вёскі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».