Вы тут

Хітрая камбінацыя сімвалаў або такенізацыя. Гэты глабальны трэнд  — ужо і ў нашай краіне


Прамых сінонімаў да гэтага замежнага слова знойдзена не было. Са звязаных слоў мне больш за ўсё спадабалася «ідэнтыфікатар карыстальніка» — злёгку мудрагеліста, але дакладна і ў яблычак. Такенізацыя паволі заваёўвае свет. Усё больш сфер нашага жыцця звяртаюцца да гэтага абсалютна новага падыходу ў рабоце з фінансамі. Што такое такенізацыя, чым яна выгадная і дзе мы можам з ёй сутыкнуцца — пра гэта расказаў дырэктар кампаніі электронных плацяжоў Assіst ў Беларусі Вячаслаў Сенін.


Аплата ў адзін клік і не толькі

Такенізацыя непрыкметна ўваходзіць у наша жыццё, і звычайныя людзі нават не падазраюць, што карыстаюцца ёй, здзяйсняючы свае звыклыя аперацыі, напрыклад, аплату тавараў пры куплі ў анлайн-краме.

Ёсць адна фішка працэсінгавай сістэмы, якая дазваляе ўладальніку інтэрнэт-крамы ці іншага анлайн-бізнесу прапанаваць свайму пастаяннаму пакупніку хутка і без уводу картачных даных аплаціць паслугі або тавары на сайце. Такая магчымасць носіць назву «плацяжы ў адзін клік». Магчымасць здзейсніць хуткі плацёж прадастаўляецца пакупніку толькі тады, калі ён ужо здзейсніў першы плацёж на сайце. Працэсінгавая сістэма запомніла яго даныя і ўзамен гэтых даных выдала так званы токен — нейкі ідэнтыфікатар дадзенага пакупніка, прасцей кажучы, ідэнтыфікатар яго плацежнай карты.

«Такенізацыя — гэта свайго роду замена важнай інфармацыі, такой, як, напрыклад, даныя плацежнай карткі або пашпартныя даныя чалавека, на камбінацыю сімвалаў, якая сама па сабе ніякай каштоўнасцю не валодае», — растлумачыў Вячаслаў Сенін.

Нядаўна плацежная сістэма Vіsa абвясціла аб тым, што да яе сэрвісу такенізацыі (Vіsa Token Servіce) далучыліся 28 новых партнёраў ва ўсім свеце, у тым ліку і дзве беларускія кампаніі, якія працуюць у сферы электроннай камерцыі.

Новая тэхналогія робіць працэс аплаты бяспечным

Гэта значыць, зараз няма неабходнасці перадаваць дакладныя даныя банкаўскай карткі прадаўцу або банку. Пры аплаце тавару выпрацоўваецца токен, які і ажыццяўляе шлях «пакупнік—прадавец». Гэты токен не ўяўляе сабой вартасць для зламыснікаў, якія хочуць перахапіць каштоўную інфармацыю. А дадзеныя карткі далей прылады гаспадара (тэлефона, камп'ютара) не сыходзяць.

На першы погляд можа здацца, што токен — гэта пароль. Аднак ёсць істотнае адрозненне. Пароль можна расшыфраваць, ведаючы ключ, які ёсць у адпраўніка пароля і атрымальніка. Ключ можна перадаць трэцяй асобе. Пароль можна ўзламаць, падабраўшы да яго ключ. Вядома, тэхналогіі шыфравання прасунуліся вельмі далёка і ўзламаць код складана, але тэарэтычна гэта магчыма.

Дык вось, токен ўзламаць нельга, таму што гэта выпадкова згенерыраваны набор сімвалаў, які па сутнасці нічога не азначае. Кожны раз пры здзяйсненні нейкай аперацыі, у якой перадаюцца даныя, генерыруецца новы токен. У апошні час такенізацыя стала ажыццяўляцца на пляцоўцы блокчэйна. Гэта робіць працэс яшчэ больш бяспечным і празрыстым. Сутнасць блокчэйна заключаецца ў тым, каб не цэнтралізаваць базу даных. Даныя ёсць адразу на многіх серверах, а значыць, падрабіць іх немагчыма. І ў выпадку страты даных на адным серверы яны ёсць на іншых. Блокчэйн — гэта ланцужок блокаў. Кожны блок — гэта пэўны працэс (дзеянне). Блок ствараецца, і змяніць яго немагчыма. Можна толькі дадаць яшчэ адзін блок, каб паказаць у ім змены. Такім чынам атрымліваецца ланцужок з дзеянняў, па якім можна адсачыць, як праходзіць тая ці іншая аперацыя. І калі нешта ў аперацыі пайшло не так, то лёгка знайсці блок, у якім было непажаданае дзеянне.

Аплата смартфонам

Сёння набірае папулярнасць аплата з дапамогай смартфона, гэта калі чалавек у краме прыкладвае да тэрмінала не картку, а тэлефон. Для таго каб дадзеная аплата была магчымая, трэба, каб банк, які выпусціў картку, падтрымліваў такую тэхналогію, і смартфон меў праграму Samsung Pay, Google Pay або Apple Pay. Чалавек набірае даныя плацежнай карткі ў дадатак і далей спакойна расплачваецца, выкарыстоўваючы смартфон. Якраз дзякуючы такенізацыі працэс аплаты становіцца абсалютна бяспечны. Таму што даныя карткі застаюцца на тэлефоне ўладальніка, а атрымальнік плацяжу бачыць толькі токен, што з'яўляецца паказчыкам паспяховага правядзення аплаты.

На дадзеным этапе ў Беларусі даступная толькі аплата праз дзве праграмы — Samsung Pay і Apple Pay. Мінусам з'яўляецца тое, што не ўсе тэлефоны падтрымліваюць гэтыя праграмы, толькі сучасныя смартфоны Samsung і айфоны адпаведна. Абодва сэрвісы супрацоўнічаюць з многімі, але пакуль не з усімі банкамі краіны. Сярод банкаў-партнёраў можна назваць, напрыклад, такія, як «Беларусбанк», «Альфа-банк», «Прыёрбанк», «Банк ВТБ», «МТБанк».

Зусім нядаўна ў нашу краіну прыйшоў сэрвіс «Кашалёк Pay», які будзе працаваць на ўсіх смартфонах Huaweі і Honor. Пакуль такі «кашалёк» даступны кліентам Беларусбанка і ўладальнікам картак з плацежнай сістэмай Mastercard. У будучыні плануецца работа сэрвісу і з іншымі беларускімі банкамі. «Кашалёк Pay» выкарыстоўвае ўласную платформу такенізацыі, якая адпавядае ўсім стандартам бяспекі міжнародных плацежных сістэм. Уладальнікі праграмы могуць захоўваць там не толькі даныя банкаўскай карткі, але і дысконтныя карты, зніжкавыя купоны і сертыфікаты.

Мы толькі ў пачатку шляху

«Сусветныя тэхналогіі не стаяць на месцы. З'яўляецца ўсё больш праграм, сэрвісаў, мэта якіх — спрасціць жыццё сучаснага чалавека. І адзін з важных складнікаў камфортнага жыцця — бяспека. Менавіта гэта з'яўляецца мэтай такенізацыі — бяспека асабістай інфармацыі ў лічбавым свеце. З кожным годам Беларусь укараняе ўсё больш апрабаваных на сусветным рынку тэхналогій. Зараз наша краіна яшчэ толькі ў пачатку шляху па засваенні такенізацыі, але ў яе вялікія перспектывы і планы ў гэтым кірунку», — падсумаваў Вячаслаў Сенін.

Токены як замена каштоўнасцяў

У агульным разуменні, такенізацыя — гэта замена рэальных каштоўнасцяў умоўнымі. Токены (англ. token) выкарыстоўваліся ў Брытанскай імперыі з XVІІ да XІX стагоддзя з-за недастачы дзяржаўнай валюты. Гэта былі манетападобныя жэтоны, якія альбо замянялі дробныя манеты, альбо прызначаліся для куплі чагосьці пэўнага, напрыклад, абеду ў сталовай. Тады яны вырабляліся як медалі або ўзнагароды.

Калі задумацца, грошы — усяго толькі ўніверсальныя токены без уласнай каштоўнасці. Тым не менш, яны з'яўляюцца неабходным сродкам абмену каштоўнасцямі, таварамі і паслугамі.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: bloomchain.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.