Вы тут

Межы мінулага


Шмат меркаванняў гучала і гучыць пра тое, што азначае жыць у эпоху перамен і якім павінна быць жыццё пасля. Надзеі, радасці, перамогі і, напэўна, расчараванні — нязменныя спадарожнікі такіх разважанняў. Некаторыя з разваг дазваляе «падслухаць» новая кніга журналісткі-міжнародніцы Інэсы Плескачэўскай «Без “жалезнай заслоны”». Выданне пабачыла свет сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» тыражом у 1500 экзэмпляраў і было прэзентавана ў «Акадэмкнізе».


Кардынальныя змены ва Усходняй Еўропе пасля распаду Савецкага Саюза — аб’ект «даследавання» Інэсы Плескачэўскай. Як змянялася палітыка, эканоміка, культура ды, адпаведна, жыццё грамадства і кожнага чалавека  — тое, што хвалюе не толькі жыхароў краін, дзе адбываліся рознага кшталту ўзрушэнні, бо гісторыя развіваецца цыклічна. Дакладныя ж адказы на многія пытанні, якія патрэбны сёння ва ўсім свеце, пакуль не сфармуляваны.

 У зборнік «Без “жалезнай заслоны”» ўвайшлі інтэрв’ю, надрукаваныя ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» ў аднайменным праекце з 2014 да 2019 года. Падчас падрыхтоўкі аўтар наведала Германію (былую ГДР), Чэхію і Славакію (былую Чэхаславакію), Венгрыю, Польшчу, Балгарыю і Румынію. Апошні цар Балгарыі Сімяон ІІ, апошні Генеральны сакратар ЦК Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі Эгон Межы мінулага Крэнц, першы прэм’ер-міністр незалежнай Славакіі Уладзімір Меч’яр, адзін з найбуйнейшых магнатаў Румыніі Фларыян Тапеша, сусветна вядомы кінарэжысёр Кшыштаф Занусі — адны з найзнакаміцейшых герояў кнігі Інэсы Плескачэўскай, якая, дарэчы, адзначыла: на візіраванні тэкстаў ніхто не настойваў. Але ў выданне ўвайшлі гутаркі не толькі з медыйнымі асобамі (у тым ліку бізнесменамі, эканамістамі, артыстамі, мастакамі), але і з радавымі людзьмі. Між тым падчас працы над праектам аўтар паставіла перад сабой складаную задачу — паразмаўляць з прадстаўнікамі розных пакаленняў для таго, каб параўнаць адчуванні ад сённяшняга дня ў тых, хто жыў пры сацыялізме і нарадзіўся ў часы змен.

— Першапачатковая ідэя кнігі з’явілася недзе ў 2013 годзе. Калі мы жылі ў адзіным сацыялістычным лагеры, існавалі брэнды, якія ўсе ведалі. Напрыклад, чэшскае піва або багемскі крышталь. Я вырашыла расказаць аб зменах у гэтых краінах, якія адбыліся пасля рэвалюцый 1989 года. Было цікава паглядзець, якія прадпрыемствы засталіся. Здавалася, што работа пойдзе лёгка, але я, канечне, памылялася. Немагчыма расказаць аб смерці некаторых прадпрыемстваў без асвятлення тых змен, якія адбыліся ў  краінах усходняга блоку. Пачала сустракацца з палітыкамі, эканамістамі, культурнымі дзеячамі. Хацелася, каб у праекце былі прадстаўлены розныя пакаленні. Цікава было прасачыць за тым, як змянялася свядомасць людзей, стаўленне да таго, што добра, а  што дрэнна. Так мой праект пачаў разрастацца. Самай складанай часткай работы была арганізацыя інтэрв’ю. Гэта заўсёды няпроста — знаходзіцца ў адной краіне і дамаўляцца з чалавекам з іншай краіны. Мне вельмі дапамагло Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, былы беларускі пасол у Германіі Андрэй Гіро дамовіўся з Эганам Крэнцам, апошнім генсекам Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі, каб той адказаў на мае пытанні, — расказала Інэса Плескачэўская падчас прэзентацыі.

Што лічаць галоўным дасягненнем 1989 года жыхары Усходняй і Цэнтральнай Еўропы? Як магчыма займацца бізнесам, застаючыся камуністам у душы? Як выратаваць буйную кампанію ў часы рэвалюцыі? На многія пытанні журналістка змагла атрымаць адказы, але далёка не ўсё запланаванае ўдалося рэалізаваць:

— У Сафіі пагутарылі з былым царом і былым прэм’ер-міністрам Балгарыі Сімяонам Саксэн-Кобург-Гоцкім, і атрымалася выдатнае інтэрв’ю. А вось у Румыніі мне не ўдалося дамовіцца пра размову ні з адным палітыкам, хоць займалася падрыхтоўкай паездкі амаль тры месяцы. Там нават пасольства не змагло дапамагчы. Румынія аказалася самай складанай краінай: адзін чалавек пагадзіўся даць інтэрв’ю толькі на ўмовах ананімнасці. У іншых краінах нічога падобнага не здаралася.

Чытаючы кнігу, людзі старэйшага пакалення, якія выраслі пры Савецкім Саюзе, будуць многае пазнаваць, таму што добра памятаюць, як мяняліся Усходняя і Цэнтральная Еўропа ў 1989-м і наступных гадах, падкрэслівае Інэса Плескачэўская. Чытачам будзе цікава даведацца, як змянілася жыццё ў гэтых краінах і як людзі ацэньваюць сёння гэтыя змены. Тыя, хто помніць музыку таго часу — венгерскі рок-гурт «Omega», польскі гурт «Czerwone gitary», чэхаславацкіх спевакоў Карэла Гота і Гелену Вандрачкаву, — даведаюцца, чым жывуць гэтыя музыканты зараз. Эканамістаў і  прадпрымальнікаў зацікавяць гісторыі пра тое, як выжывалі прадпрыемствы падчас транзітнага перыяду (так, кніга змяшчае літаральна інструкцыі — іх дае кіраўнік знаёмай беларусам венгерскай фармацэўтычнай кампаніі «GEDEON RICHTER» Эрык Богш). Тым, хто не заспеў час сацыялізму, важна ведаць меркаванні пра тое, якія ў рэвалюцыі бываюць вынікі, што такое радыкальныя змены і як яны змяняюць свядомасць — людзей і краіны, лічыць аўтар. І запэўнівае: «У кнізе кожны зможа знайсці для сябе штосьці цікавае і карыснае».

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».