Вы тут

Паўночны тропік Няміга


Яшчэ на першым пасляваенным генплане Мінск маляваўся асобным нябесным целам, ён павінен быў стаць «горадам Сонца». Акрамя таго, планета Мінск абавязкова павінна была мець свае экватар і паралелі. На гарадской мапе гэтыя геаграфічныя лініі захаваліся і па сёння. На жаль, іх правядзенне каштавала гораду надта шмат. У 1970-я гады пры штучным стварэнні адной з такіх паралелей пад вельмі прывабнымі лозунгамі руйнавалася гістарычнае асяроддзе. Паглядзім жа, што з гэтага атрымалася.


Дом на сталічнай вуліцы Няміга.

Экватарам, як можна здагадацца, стаў праспект Незалежнасці (тады імя Сталіна). Меркавалася, што на тэрыторыях, абмежаваных гэтым каласальным архітэктурным комплексам, нават клімат будзе іншы — экватарыяльны, спякотны. Пагадзіцеся, усё ж цудоўна, што ў свеце існуюць рукатворныя аб’екты, пра якія можна такое сказаць!

«Калі ёсць экватар, павінны быць і тропікі», — разважалі савецкія планіроўшчыкі. І неўзабаве тропікі таксама з’яўляюцца на гарадской мапе. Вуліцу Ульянаўскую, якая выконвала функцыю паўднёвага з іх, будуюць адначасова з праспектам. Тут усё зразумела: архітэктура «сталінская» і вельмі ўрачыстая. А вось паўночную паралель узводзілі ўжо ў іншы час, і працэс гэты ішоў зусім не так гладка. Каб пабачыць яго вынікі, трэба перамясціцца прыкладна на 800 метраў на поўнач.

Няміга — так сёння называецца ўсім вядомая вуліца Мінска. На левым яе баку стаіць будынак Белпрампраекта, а за ім — вельмі працяглы «ансамбль» псеўдагістарычнай архітэктуры нулявых. На правым баку размяшчаецца Дом моды, за якім хаваецца знакаміты ПетраПаўлаўскі сабор. За саборам у сваю чаргу — непрыкметны жылы шматпавярховік. Толькі гэты агромністы гмах з прыбудовай (а дакладней будзе сказаць «прыбудовішчай»), якая ўяўляе сабой велічэзны, амаль паўкіламетровы гандлёвы цэнтр, зусім не збіраецца хавацца. Вось як выглядае Няміга сёння.

Яшчэ ў 1960-я гады вы б гэтыя мясціны не пазналі! У першай палове дзесяцігоддзя тут былі цэлыя кварталы старой цаглянай забудовы з вузкімі вулачкамі і  каларытнымі кавярнямі. На жаль, менавіта гэтае месца было абрана для пракладкі вуліцы-дублёра праспекта, паўночнага тропіка. Будаўніцтва новай магістралі прадугледжвала выпраўленне «дэфектаў гістарычна-сфарміраванай архітэктурна-планіровачнай структуры горада» (па словах У. А. Караля). Здавалася, што гэтага не здарыцца, бо мы кажам пра гістарычнае сэрца Мінска.

Але ў 1968 годзе, не зважаючы ні на што, старыя будынкі ўсё ж пачалі зносіць. Потым праклалі новую трасу і толькі пасля сталі прыдумваць, што б такое на яе нанізаць. А нанізаць вырашылі штосьці вельмі своеасаблівае. Так і з’явіўся на Нямізе вышэйзгаданы шматпавярховік, які «прыкрываецца» Петра-Паўлаўскай царквой.

Праект новага жылога і адначасова культурнабытавога комплексу быў упершыню прадстаўлены грамадскасці ў 1972 годзе. Прытым анансаваў яго асабіста сам галоўны архітэктар на старонках спецыялізаванага выдання «Будаўніцтва і архітэктура Беларусі». Навабуд павінен быў стаць візіткай Мінска. Па велічы сваёй задумы ён мог спрачацца выключна з адной мінскай славутасцю — ужо згаданым тут ансамблем галоўнага праспекта. Падумайце самі: 400-метровы 9—12-павярховы жылы дом, складзены з пяці секцый-карпусоў, — гэта, згодна з праектам, яшчэ толькі кветачкі! Наступнымі крокамі планавалася ўзвядзенне грандыёзнай культурна-бытавой зоны працягласцю на ўсе «паўкіламетра», трох гмахаў на процілеглым беразе Новай Нямігі (кодавая назва праекта) і шырачэзнай пешаходнай платформы, што яднае гэтыя берагі.

Гандлёвы цэнтр «На Нямізе» і недапешаходная платформа, якія мы маем сёння, — ужо больш познія архітэктурныя напластаванні і не зусім тое, што задумвалася спачатку. То-бок пабачыла свет далёка не ўсё. Але самае горшае заключаецца ў тым, што нават гэтыя рэшткі так і не паразумеліся ні з месцам, ні з людзьмі.

Архітэктура, бязумоўна, — галіна мастацтва. Эстэтыка і прыгажосць архітэктурнага твора непасрэдна зыходзяць як з уласна эстэтычных крытэрыяў, так і  з  функцыянальнасці. Паспяховы твор такі, у якім абодва гэтыя складнікі (форма і функцыя) суіснуюць гарманічна. Прытым «функцыя» ў дадзеным выпадку — паняцце не тоеснае «зместу». Змест архітэктуры — рэч іншага кшталту. Ён, калі паразважаць, нараджаецца якраз у месцы судакранання функцыі з формай.

На паперы з чыста функцыянальнага боку ўсё глядзелася вельмі складна. Камфартабельныя кватэры з  «больш зручнай планіроўкай», мастацкія майстэрні ў адным з пад’ездаў, зручныя камунікацыі і ў цэлым усё прадумана і, як кажуць, тэхнічна. А чаго толькі каштуе ідэя з пешаходнай платформай! У горадзе будучыні пешаходныя і транспартныя патокі, каб не замінаць адзін аднаму, строга падзелены, людзям аддадзены верхні свет, а для машын ёсць «падземнае царства». Дзеля яшчэ большай зручнасці былі прыдуманы тунэлі пад самім домам, каб дастаўляць тавары да месца іх збыту. У гэтым сэнсе першапачатковы праект вывеў вядомы прынцып мадэрнісцкай архітэктуры, пакінуты яшчэ Ле Карбюзье, на новы ўзровень. Па Ле Карбюзье, будынак павінен быць падняты на палях, каб максімальна скарыстаць прастору пад ім.

У выніку высветлілася, што жыць у тым доме не так ужо і камфортна (інакш кажучы, ёсць праблемы з функцыянальнасцю). Людзі скардзіліся на цьмяныя, з-за недахопу акон, пад’езды, на цяжкасці з паркаваннем аўто, а таксама на бяздомных, што пасяліліся там «дзякуючы» надта зручнай адасобленасці лесвіц. Ну а платформа ўвогуле так і не была пабудавана. Але гэта з функцыянальнага боку, а што з мастацкага пункту гледжання? Па словах галоўнага архітэктара, праект павінен быў стаць сімвалічным. Перш за ўсё, само прызначэнне комплексу і дзяленне яго на зоны ёсць алегорыя. Аўтары сцвярджалі, што такое прызначэнне для вуліцы («буйны гандлёвы цэнтр») было абрана свядома, бо гэта яе гістарычная функцыя. І сапраўды, на старой Нямігскай, па цэнтры якой працякала славутая рака, гандаль быў актыўны. Калі прыгледзецца, можна заўважыць, што нават планіровачная структура Новай Нямігі ў пэўным сэнсе паўтарае структуру старой. Па краях вуліцы размешчана жыллё, бліжэй да цэнтра ў прыстаўных палатках ідзе гандаль (ГЦ «На Нямізе») і непасрэдна ў цэнтры — рака (шырачэзная траса).

Акрамя таго, на месцы, дзе зараз знаходзіцца рэстаран хуткага харчавання Макдональдс, быў запланаваны іншы рэстаран у форме, уявіце сабе, старажытнарускай ладдзі. А насупраць ладдзі праз дарогу-раку можна было б пабачыць сярэднявечныя ваенныя шлемы, унутры якіх таксама меркаваліся нейкія памяшканні. Гучыць, канечне, спакусліва, але ні шлемы, ні ладдзя пабудаваны не былі.

 Разгледзім жа тады тое, што ўсё ж рэалізавалі. Што ў нас ёсць? Гіганцкі дом, расцягнуты на паўкіламетра і разбіты на некалькі секцый. Гэтыя секцыі дзеля стварэння архітэктурнага «рытму» візуальна падзелены на яшчэ больш дробныя блокі. Кожны з  блокаў мае сваё становішча адносна цэнтральнай восі, таму будынак атрымліваецца зігзагападобным. Такая форма абрана невыпадкова: калі глядзець зверху, можна пабачыць хвалю! Калі яшчэ ўспомніць, што колер дома шэра-блакітны, а тэма праекта, відавочна, «рака Няміга», то ўсё ўстае на свае месцы.

Ідзём далей. Агромністая вежа ў правай частцы галоўнага фасада — гэта не што іншае, як вартавая вежа. Аднак яна таксама пераклікаецца і з вежамі ПетраПаўлаўскага сабора. Дарэчы, царкву — помнік барочнай архітэктуры, найстарэйшы храм у горадзе — маглі таксама знесці. А калісьці менавіта гэты будынак быў дамінантай навакольных кварталаў. І, насамрэч, вялікае пытанне: ці стаў новай дамінантай аналізуемы аб’ект. Але пра гэта крыху пазней.

Арка пад вежай прызначана для праходу ўглыб жылога раёна. Навошта такі вялікі праём? А гэта таму, што, акрамя банальнага геаграфічнага перамяшчэння, чалавек, які праходзіў праз арку, здзяйсняў яшчэ і перамяшчэнне па часе. Для большасці грамадзян вопыт не зусім звыклы, таму, каб лягчэй дыхаць у самы адказны момант, паветра павінна быць больш — адразу за домам пачынаецца Ракаўскае прадмесце. Гэта, на шчасце, ацалелы квартал гістарычнай забудовы.

Вернемся да галоўнага фасада. Доўгія зашклёныя лоджыі па ўсёй сцяне на першы погляд могуць заблытаць. Не, гэта не стужачнае шкляненне, якое часцяком сустракаецца на мадэрнісцкіх дамах і якое таксама пастуліраваў Карбюзье. Тут чыста знешні прыём, таму што вокны ўсё ж на лоджыях, а не ў пакоі. Тым не менш гэткая шкляная «рабізна» ў спалучэнні з некаторымі іншымі дэталямі ўтварае цікавы эфект. На лоджыях у  левай частцы фасада вы знойдзеце прыкметныя колы, а пад самым дахам — своеасаблівыя краты, зробленыя з белых прэнтаў. Калі ўсе гэтыя рэчы (шкло, колы і краты) скласці разам і паглядзець на дом цалкам, атрымаецца, што ён апрануты ў кальчугу! У адрозненне ад ідэй з ладдзёй і шлемамі, аўтары ў дадзеным выпадку, наадварот, занадта старанна замаскіравалі свае алегорыі.

Сапраўды цікавая дэталь — гэта сілуэты мячоў як частка фасада. Каб было лепш відаць, трэба стаць на процілеглым беразе Нямігі (а лепш нават падняцца на верталёце). Бетонныя палосы, якія раздзяляюць сабой дамы-секцыі і заканчваюцца на даху «домікам»,  — гэта і ёсць мячы. Само адкрыццё гэтага факта прыносіць задавальненне, тут і выкананне вельмі арыгінальнае.

Але каб пабачыць большую частку цікавых рашэнняў, трэба выканаць занадта шмат умоў. Скарыстаўшыся той самай платформай, наўрад ці можна пабачыць хаця б штосьці. Цікава, што з-за гэтай сваёй агульнай невыразнасці, агромністасці і «шэра-блакітнасці» дом сапраўды не стаў паўнавартаснай дамінантай раёна. Людзі ў большасці проста праходзяць міма (хто пад платформай, хто па ёй) і не звяртаюць на будынак увагі. Атрымліваецца, ён проста разбурыў складзены на працягу гісторыі ансамбль, пазбавіў сабор дамінантнага статусу.

Такім чынам, будынак (і праект) сімвалізуе мінулае Беларусі і, у вузкім сэнсе, бітву на Нямізе, у сувязі з якой упершыню ў гісторыі згадваецца горад Мінск. Даволі іранічна казаць, што, каб стварыць гэткі «сімвалічны» аб’ект, давялося знішчыць рэальную гісторыю. Але мы з вамі разумеем: гэта было зроблена дзеля «светлай» будучыні. Трэба ж было чымсьці ахвяраваць. А каб загладзіць віну, узялі курс на «сімвалічнасць». Увесь сэнс твора заключаны ў наступнай ідэі: «светлая» будучыня стаіць на падмурку «незабытага» мінулага. Але архітэктурная рэалізацыя гэтай ідэі моцна кантрастуе з асяроддзем, і кожны архітэктар павінен гэта ўлічваць, каб не памыліцца і не разбурыць урбаністычную гармонію.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота з сайта livejournal.com. Уласны блог Ільі Буяноўскага

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.