Вы тут

Якія ювелірныя вырабы любяць беларускі?


У нашы днi па тым, што надзета на чалавека, досыць складана скласцi ўяўленне аб узроўнi яго даходаў. I гэта асаблiва прыкметна, калi казаць аб упрыгажэннях: сёння ў модзе бiжутэрыя —  недарагiя вырабы з некаштоўных металаў. Iх ахвотна носяць i старшакласнiцы, i паспяховыя дамы за сорак. Ювелiрныя ўпрыгажэннi, здаецца, сталi менш актуальныя —  сучасныя жанчыны лёгка абыходзяцца без iх. Але прадаўцы ювелiрных крам сцвярджаюць, што гэта не так.


—  Зразумела, што ювелiрныя вырабы —  далёка не прадмет першай неабходнасцi. Але ж людзi працягваюць гуляць вяселлi —  а значыць, будуць купляць шлюбныя i заручальныя пярсцёнкi. Заручальны —  гэта пярсцёнак, якi дорыцца дзяўчыне падчас прапановы рукi i сэрца, i яго носiць толькi яна, а шлюбныя пярсцёнкi —  i яна, i ён. У апошнi час заручальныя пярсцёнкi сталi часткай вясельнай традыцыi i ў Беларусi. Дзяўчынкам, калi праколваюць вушкi, па-ранейшаму прынята дарыць першыя завушнiцы з золата. Ну, i ювелiрныя ўпрыгажэннi па-ранейшаму застаюцца выдатным падарункам каханай жанчыне на любое свята, —  кажа Марына Кудрыцкая, прадавец ювелiрнага аддзела ў адным з гандлёвых цэнтраў сталiцы.

Што любяць беларускi?

Нягледзячы на ўзрушэннi i катаклiзмы, на якiя, мабыць, занадта багатая наша гiсторыя, у многiх сем'ях захавалiся «бабулiны куфэркi» з залатымi завушнiцамi i пярсцёнкамi. Звычайна ўнучкi такiя рэлiквii захоўваюць як памяць i надзяваюць рэдка. Ну, цi аддаюць у ювелiрную майстэрню, каб зрабiць з бабулiнага пярсцёнка нешта больш сучаснае. Лiчыцца, што золата i каштоўныя камянi —  гэта свайго роду «канстанта», «вечныя каштоўнасцi». Сапраўды, ёсць ювелiрныя ўпрыгажэннi «па-за часам» —  iх адрознiваюць простыя формы i дэмакратычны дызайн, не ўскладнены дадатковым дэкорам. Такiя ювелiрныя вырабы добра выглядаюць i ўдзень, i ў вячэрнiм вобразе. Але i ў ювелiрнай сферы iснуе мода, хай i не такая зменлiвая, як у сферы бiжутэрыi. Яе заканадаўцамi сёння з'яўляюцца ювелiрныя сталiцы свету —  Ганконг i Тайланд. Раз на год у Ганконгу праходзiць сусветная ювелiрная выстаўка —  там нараджаюцца iдэi, якiя потым «раз'язджаюцца па свеце», адаптуючыся ў кожнай краiне пад мясцовыя густы.

—  Беларускi рынак у асноўным аддае перавагу спакойным, няяркiм i някiдкiм упрыгажэнням: вырабы небуйныя, камянi невялiкiя. Вячэрнiя ювелiрныя калекцыi ў беларускiх ювелiрных крамах прадстаўлены не занадта шырока, таму што не вельмi запатрабаваныя, —  адзначае суразмоўнiца.

Хоць, як расказалi мне, бываюць выключэннi з правiла: каля чатырох гадоў таму ў адной з мiнскiх ювелiрных крам было прададзена калье з брыльянтамі за амаль 5 тысяч долараў —  вячэрняе ўпрыгажэнне. Але ў цэлым вячэрнiя аксесуары нашы жанчыны звычайна купляюць у аддзелах бiжутэрыi, а не ў ювелiрных крамах.

Цiкавы нюанс: беларускiя жанчыны, як i расiянкi, любяць так званы «англiйскi замок» у завушнiцах. У калекцыях жа для Заходняй Еўропы завушнiцы вырабляюцца звычайна з замком тыпу «цвiчкi» —  ён больш падабаецца еўрапейскiм жанчынам.

Калi казаць пра камянi, то, па словах прадаўцоў ювелiрных вырабаў, нашы жанчыны любяць тапазы —  блакiтныя, празрыстыя i не вельмi дарагiя. У славянскiх краiнах з усiх каляровых камянёў тапаз наогул найлепш прадаецца: ён падыходзiць пад найбольш распаўсюджаны ва Усходняй Еўропе колератып «лета» i пасуе практычна ўсiм славянкам без выключэння. Сталыя жанчыны просяць памераць пярсцёнкi i завушнiцы з рубiнамi. З імі часцей за ўсё прадаюцца пярсцёнкi вялiкiх памераў —  iх купляюць дамы ва ўзросце.

—  Рубiны ў модзе ўжо некалькi сезонаў, але гэтыя камянi могуць пры няправiльным выкарыстаннi зрабiць вобраз «старамодным», —  гаворыць Марына. —  Каб стыльна насiць iх маладой дзяўчыне, трэба дэталёва прадумваць свой вобраз.

Самы далiкатны з каштоўных камянёў —  iзумруд —  таксама падабаецца нашым жанчынам, але, аказваецца, з iм узнiкаюць праблемы. Справа ў тым, што кольцы i завушнiцы з iзумрудам патрабуюць вельмi беражлiвых адносiн —  ён лёгка трэскаецца, дае сколы, яго нескладана падрапаць.

—  Нашы жанчыны хочуць быць прыгожымi заўсёды. I калi прыбiраюць пакой або мыюць посуд, i калi капаюць бульбу, i калi пякуць пiрагi, яны, здараецца, не здымаюць з пальцаў пярсцёнкi. А ювелiрныя ўпрыгажэннi прызначаныя, каб адзяваць iх «на выхад», а дома зняць i пакласцi ў куфэрак. Калi насiць iх пастаянна, камянi могуць парэпацца (асаблiва гэта датычыцца iзумрудаў), а могуць змянiць колер —  яны ж таксама пэцкаюцца...

Калi гаварыць пра колеры, якiм аддаюць перавагу нашы жанчыны, мне расказалi, што, напрыклад, у ювелiрнай калекцыi ў срэбры з крышталямi Свароўскi добра прадавалiся ўпрыгажэннi ў блакiтным i зялёным колерах. А вось з аранжавымi крышталямi —  не пайшлi, нягледзячы на тое што ў нас нямала дзяўчат i жанчын з рудымi або каштанавымi валасамi i карымi вачыма.

Як выбiраюць «ювелiрку»?

Цi купляюць у Беларусi брыльянты? Уявiце сабе, бывае i гэта.

—  Кошт ювелiрных вырабаў з дыяментамi не заўсёды неверагодна высокi. Напрыклад, заручальны пярсцёнак з брыльянтам можна знайсцi нават за 400 рублёў. Так, гэта будзе вельмi маленькi каменьчык. Але не «асколкi», як часам кажуць пакупнiкi. Такога паняцця, як «асколкi брыльянта», у ювелiраў няма.

Брыльянт ювелiры ацэньваюць па чатырох крытэрыях, якiя i вызначаюць кошт каменя: памер, колер, чысцiня i група агранкi. Неспецыялiстам здаецца, што ўсе брыльянты белыя, на самай жа справе колер гэтага каменя ювелiры ацэньваюць па шкале ад 1 да 9, дзе адзiнка —  абсалютна белы камень, а чым блiжэй да 9, тым больш у яго колеры жаўцiзны. Больш жоўтыя брыльянты традыцыйна спалучаюць з чырвоным золатам —  тады жоўтае адценне не так прыкметнае. У белым i жоўтым золаце камень звычайна белы, а значыць, выраб даражэйшы. Чысцiня каменя —  гэта адсутнасць дэфектаў, расколiн, газавых бурбалак. Класiчная агранка брыльянта —  57 граняў, спрошчаная —  17 граняў.

Як пакупнiкi выбiраюць «ювелiрку»? Зразумела, што доўга i ўдумлiва —  пакупка ж нятанная. Мераюць, сыходзяць i вяртаюцца па некалькi разоў. Але бываюць, уявiце сабе, i ў гэтай сферы спантанныя пакупкi.

—  Некалькi гадоў таму на Новы год у Серабранцы ў ювелiрным аддзеле гiпермаркета мужчына купiў у падарунак завушнiцы амаль за паўтары тысячы долараў (у рублёвым эквiваленце, зразумела). Дзiўна: здавалася б, калi збiраешся выбраць дарагi ювелiрны выраб, iдзеш куды-небудзь у цэнтр горада, у «круты» магазiн на Нямiгу або на Карла Маркса. А ён прыбег 31 снежня ранiцай, купiў прадукты i — па завушнiцы для жонкi.

Дарэчы, адна з тэндэнцый ювелiрнай моды, якая ўжо досыць доўга на пiку папулярнасцi, —  залатыя i сярэбраныя вырабы ў незвычайных, нестандартных формах, з эмаллю, падобныя на бiжутэрыю. У Еўропе такiя вырабы запатрабаваныя. Нашым пакупнiкам, распавядаюць спецыялiсты, гэта не асаблiва цiкава: калi прапануецца, напрыклад, залатое ўпрыгажэнне з эмаллю, якое на першы погляд выглядае не як золата, а ты мусiш плацiць за гэты выраб як за золата —  вялiкай зацiкаўленасцi ў падобным няма.

А калi танней?

У ювелiраў iснуюць хiтрасцi, якiя дазваляюць адчувальна знiзiць цану на ювелiрны выраб. Напрыклад, так званыя пустацелыя ланцужкi (такiя нярэдка прывозяць дадому з курорта). Звяно ланцужка ўсярэдзiне не напоўнена золатам, а ўяўляе сабой пустую трубачку. Такiя ланцужкi ў носцы менш практычныя, яны рвуцца, а «кольцы» ланцужка дэфармуюцца. У пярсцёнках вытворца можа эканомiць метал на «шынцы». «Шынкай» ювелiры называюць адваротны бок пярсцёнка. Гэты адваротны бок робiцца тонкi, а асноўная маса металу выкарыстоўваецца на добрую частку пярсцёнка, якую мы бачым, калi ён на пальцы. Але праблема ў тым, што такая ненадзейная «шынка» можа лопнуць або пагнуцца —  наўрад цi такое ўпрыгажэнне праслужыць доўга i вы зможаце перадаць яго ў спадчыну дачцэ або ўнучцы.

У завушнiцах, каб зрабiць выраб таннейшым, вытворца можа палегчыць шлензу —  частку замка, якая хаваецца за вухам. I ў гэтым выпадку таксама ёсць верагоднасць, што зашпiлька зламаецца. Такiм чынам, набыццё несертыфiкаванай «ювелiркi», напрыклад, у маленькiх крамах на прыморскiх курортах, заўсёды ўтрымлiвае пэўную рызыку.

Як пачаць разбiрацца ў ювелiрных упрыгажэннях? Як навучыцца разумець, што насамрэч прыгожа, а што вульгарна? Толькi з дапамогай практыкi, кажуць ювелiры. Гэта ўменне выхоўваецца таксама, як уменне разбiрацца ў добрых вiнах або, напрыклад, у элiтных сырах. Тое, што сёння жанчыны нярэдка аддаюць перавагу дэмакратычнай бiжутэрыi, а не ўпрыгажэнням з каштоўных металаў, спецыялiсты ацэньваюць са знакам «плюс». Прынцып «дорага-багата» сыходзiць у мiнулае, i гэта добра. Па-першае, класная аўтарская бiжутэрыя фактычна можа каштаваць даражэй, чым нiзкапробнае залатое ўпрыгажэнне з фiянiтамi замест каштоўных камянёў. А па-другое, нават якасныя залатыя вырабы сёння не з'яўляюцца iнвестыцыяй —  калi, вядома, гэта не фамiльныя каштоўнасцi або не эксклюзiўныя ювелiрныя шэдэўры ад вядомых дызайнераў. Так што выбiраем тое, што нам па кiшэнi i па гусце —  i адчуваем сябе каралевамi!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дорага-багата

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.