Вы тут

Спартыўны аб'ект у Шчучыне пасля рэканструкцыi стане яшчэ i канцэртнай пляцоўкай


Тут замахнулiся на даволi сур'ёзны праект. Першы крок зроблены ў рамках праграмы трансгранiчнага супрацоўнiцтва. На рэканструкцыю выдзелена 500 тысяч еўра, але гэтых сродкаў не хопiць на ўвесь комплекс работ. Таму маюцца спадзяваннi на бюджэт i спонсарскую дапамогу.


Як расказаў загадчык сектара спорту i турызму аддзела адукацыi Шчучынскага райвыканкама Дзмiтрый Кiрылаў, гарадскому стадыёну «Алiмп» амаль трыццаць гадоў. Час адбiўся на стане аб'екта. Праўда, гадоў пяць таму частковая рэканструкцыя ўсё ж была праведзена. Але праблема канчатковага добраўпарадкавання стадыёна не вырашана.

Лiтаральна два гады таму заяўка аб рэканструкцыi «Алiмпа» была ўключана ў еўрапейскi праект. У адпаведнасцi з апошнім стадыён павiнен стаць не толькi спартыўным, але i культурным аб'ектам. Гэта значыць ён павiнен поўнасцю змянiцца, прычым як унутры, так i знадворку. У сувязi з гэтым будзе добраўпарадкавана навакольная тэрыторыя — перад фасадам з'явяцца сучасная тратуарная плiтка i зялёныя газоны, будуць устаноўлены новыя лаўкi.

Мяркуецца, што стадыён павiнен стаць «трансгранiчным цэнтрам дыялогу культур Польшчы — Беларусi — Украiны». Таму ў рамках праекта будзе закуплена модульная сцэна, якую пры неабходнасцi можна будзе зманцiраваць i ўстанавiць на стадыёне падчас правядзення канцэртаў творчых калектываў Беларусi i краiн-партнёраў. Дарэчы, кошт разборнай сцэны i гукавога абсталявання складае 60 тысяч рублёў. А вялiкi лiчбавы экран каля футбольнага поля памерам тры на шэсць метраў будзе выкарыстоўвацца не толькi як табло, але i для трансляцыi канцэртаў.

Частка работ праведзена за кошт сродкаў трансгранiчнага праекта. Транш склаў 500 тысяч еўра. Можна ўбачыць, як мяняецца аблiчча старэйшага гарадскога стадыёна. На трыбунах замест былых лавак з'явiлiся новыя яркiя пластыкавыя сядзеннi на 3,6 тысячы чалавек. Усе яны знаходзяцца пад водаахоўным навесам. Шмат патрэбнага зроблена таксама ўнутры будынка. Адбылася замена ўсёй электраправодкi i каналiзацыйнай сiстэмы. Адрамантаваны душавыя i санвузлы, а таксама трэнерскiя i бытавыя памяшканнi. Зразумела, туды завезена i новая мэбля, устаноўлены шафкi ў распранальнях.

— На новым стадыёне гледачам будзе ўтульна: зручныя сядзеннi, навес, якi абараняе ад дажджу. Тут мы зможам праводзiць спаборнiцтвы не толькi абласнога, але i рэспублiканскага маштабу. Напрыклад, для гандбола такая зала ёсць, а вось спаборнiцтвы па лёгкай атлетыцы правесцi не можам. Пасля рамонту стадыёна спадзяемся, што такая магчымасць з'явiцца, — пракаментаваў Дзмiтрый Кiрылаў.

Наперадзе яшчэ значны аб'ём работ. Зараз вырашаецца пытанне складання праекта бегавых дарожак i футбольнага поля. На гэта патрэбна каля 100 тысяч рублёў. А на ўсю рэканструкцыю стадыёна — каля мiльёна. I гэта ўжо не праектныя сродкi, а ўласныя. Мiж тым ёсць пэўныя абяцаннi з боку Федэрацыi лёгкай атлетыкi дапамагчы з сучасным тартанавым пакрыццём. Тады дарожкi будуць адпавядаць мiжнародным стандартам. Па словах спецыялiстаў, у горадзе не хапае бегавых дарожак для трэнiровак, асаблiва для шыпаванага абутку.

Ёсць верагоднасць, што i Федэрацыя футбола выдзелiць такое пакрыццё на футбольнае поле. Зараз тут натуральны газон, якi не заўсёды адпавядае патрэбным нарматывам — i па колькасцi гульняў у тым лiку. А ў Шчучыне праходзiць нямала спаборнiцтваў, асаблiва дзiцячых. Штучнае пакрыццё забяспечвае роўныя ўмовы спартсменам на ўсiх участках поля.

Раённыя ўлады не застаюцца ўбаку ад спартыўнага жыцця. Некалькi гадоў таму тут пачалася актыўная мадэрнiзацыя спартыўных залаў, за бюджэтныя сродкi iх прывялi ў належны стан. «Скiнулiся» i некаторыя прадпрыемствы, у прыватнасцi Шчучынскi масласырзавод. Гэта дазволiла абсталяваць на беразе возера стадыён па пляжных вiдах спорту. Як расказаў спецыялiст райвыканкама, каманда Шчучына па пляжным футболе — адна з наймацнейшых у Беларусі, мае добрыя вынiкi на чэмпiянаце краiны, а ў мiнулым годзе выйграла Суперкубак у гэтым вiдзе спорта. Нядаўна ў горадзе з'явiлася пляцоўка i пад пляжны валейбол. Рэканструкцыя стадыёна «Алiмп» надасць новы iмпульс спартыўнаму i культурнаму жыццю горада i ў плане мiжнародных адносiн.

У тэму

Вiктар Шымановiч, дырэктар установы «ДЮСШ г. Шчучына»:

— У дзяцей зараз ёсць жаданне займацца спортам, яны масава пайшлi ў спартыўныя секцыi. У асноўным выбіраюць лёгкую атлетыку, гандбол, футбол. Заняткi праходзяць у дзвюх залах горада. Таксама задзейнiчаны гарадскi стадыён, стадыён першай школы, для футбола ёсць штучная пляцоўка. Трэнiроўкi праходзяць i на спартыўных пляцоўках на базе школ раёна.

Вядома, час ад часу ўзнiкае праблема кадраў. Лiчу, што самае важнае для станаўлення спартыўнай трэнерскай каманды — гэта зацiкавiць сваiх, мясцовых спартменаў. Каб яны тут заставалiся i працягвалi трэнiроўкi. Многiя так i робяць, вяртаюцца сюды, у родныя мясцiны, i працягваюць вырошчваць новых чэмпiёнаў. Прыезджых амаль няма, i гэта вельмi важны фактар. Адзiны мiнус — заработная плата. Яна нiзкая. Трэба неяк яе ўраўняць з зарплатай настаўнiка фiзкультуры, бо тут трэба не проста прыйсцi да дзяцей, але i сабраць iх, зацiкавiць спортам. Тым больш што заняткi ў нашай спартыўнай школе бясплатныя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».