Вы тут

Рэспублiканскi аўтапрабег «За адзiную Беларусь» фiнiшаваў у Брэсцкай крэпасцi


Аўтапрабег, якi стартаваў у суботу ранкам каля мяжы з Расiйскай Федэрацыяй i прайшоў па магiстралi М1/Е30, у другой палове дня дасягнуў Брэста. Удзельнiкi акцыi, што пераадолелi каля паўтысячы кiламетраў, сабралiся на пляцоўцы брэсцкага аэрапорта. Тут да iх далучылiся ахвотныя брастаўчане, затым усе яны адзiнай параднай лiнейкай рушылi па галоўных вулiцах Брэста ў напрамку да крэпасцi. Калона расцягнулася лiтаральна на некалькi кiламетраў.


Тым часам у цэнтры Брэста на плошчы Свабоды сабралiся людзi са сцягамi i плакатамi «За Беларусь», каб выказаць падтрымку дзеючай уладзе. Яны прайшлi пад музыку ваеннага аркестра, якi выконваў «Кацюшу», «Дзень Перамогi» i iншыя песнi патрыятычнай тэматыкі па вулiцы Савецкай да праспекта Машэрава. Затым дэманстранты накiравалiся ў крэпасць, дзе каля галоўнага ўвахода ў мемарыяльны комплекс экiпажы ўдзельнiкаў аўтапрабегу ўжо выстраiлiся ў рады. Кругом панавалi ўсмешкi, луналi сцягi. Удзельнiкi маршу фатаграфавалiся на памяць. Многiя на мерапрыемства прыйшлi з дзецьмi, i малыя, каб добра бачыць, сядзелi на плячах у татаў.

Сцягоў было наогул вельмi многа. Яны развявалiся на машынах, укрывалi плечы ўдзельнiкаў шэсця, але ж галоўным стала 100-метровае палотнiшча Дзяржаўнага сцяга, якое неслi многа рук. Ад галоўнага ўвахода — зоркi — да плошчы Цырыманiялаў урачыста пранеслi дзясяткi людзей гэты сцяг-гiгант. Потым былi ўскладзены кветкi да Вечнага агню, настала хвiлiна маўчання ў памяць пра гераiчных абаронцаў крэпасцi i ўсiх змагароў за Радзiму.

Пасля ўрачыста-афiцыйных момантаў мерапрыемства яго арганiзатар Сяргей РАЧКОЎСКI пагаварыў з прысутнымi журналiстамi.

— Усiх нас спрабуюць пераканаць, што пратэставаць гэта модна, а вось людзей, якiя выступаюць за адзiную Беларусь, меншасць, яны пасiўныя i не ўмеюць адстойваць свой пункт гледжання, — сказаў суразмоўнiк. — Але гэта не так. Наш першы аўтапрабег прайшоў яшчэ 21 жнiўня, а цяпер фармiруецца рух, якi набiрае абароты. Нашы аўтапрабегi праходзяць у фармаце невялiкiх сямейных падарожжаў, i галоўнае ў iх — атмасфера пазiтыву, дружалюбнасцi. З часам на базе гэтага руху мы плануем стварыць новае патрыятычнае грамадскае аб'яднанне.

Удзельнiкi мерапрыемства разбiлiся на групы i сталi ўдзельнiкамi экскурсiй па мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».

Яна СВЕТАВА

Загаловак у газеце: У атмасферы пазiтыву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?