Вы тут

Пальцам у мапу, ці Барадулін наадварот


Пальцам у мапу, ці Барадулін наадварот

Вітаю ўсіх! Чакалі нейкі высокамастацкі пачатак? Якія-небудзь стылістычныя каруселі і настолькі глыбокі сэнс, што ў яго трэба ныраць на батыскафе Жака-Іва Кусто? Ці яскравы пафас, на які трэба глядзець праз акуляры зваршчыка? Вымушаны расчараваць: не сёння.

Вітанне кароткае, як і адказ сябру на яго паведамленне. «Не магу», «Удакладніць», «Пардон», «З’ехаў», «Пішу з галіны», «Сувязь дрэнь». Вось такія «Навінкі з галінкі» для майго даражэнькага сябра. Ён не пакрыўдзіўся. Ды Балконскі націснуў бы на падабайку, калі б убачыў, што я пішу з дуба, які памятае кампанію 1812 года. У такім выпадку ніяк нельга не пакінуць некалькі казюрак у сшытку. Гэта я так запісы на палях называю…

1
Я на Полацкай зямлі, хоць раён і Расонскі. Полаччына не пачынаецца знакам «Сардэчна запрашаем» і не заканчваецца шыльдай «Шчаслівай дарогі». Яна шырэй ва ўсіх вымярэннях. Гэта калыска ўсяго ў нас.
У адзін момант вырашыў: «Go». Туды, дзе ледавіком раскідала тысячы азёр, цемру пагоркаў, незлічонае мноства камянёў. З геалагічным складнікам усё зразумела, але што ў той вадзе са старажытнага лёду такое ўтрымліваецца, што на гэтай зямлі па абодва бакі Мінскай трасы прараслі і ўзбуялі такія выбітныя літаратары? Барадулін, Быкаў, Броўка… Кляшторны, Халіп, Бураўкін… І тыя, на каго забыўся, і тыя, хто яшчэ падрастае.
Навошта я паехаў сюды? Надыхацца. Плюс зрабіць «кысь» з бетоннага асяроддзя. Так, тут Барадулін наадварот і крыху перайначаны: трэба з дома з’язджаць часцей, каб не чарсцвець ні душою, ні «булкамі», і святое не разгубіць, і не ўзвесці ў культ нешта іншае.
Тут я вымушаны перапыніцца і саскочыць — мокрая і халодная галінка не ёсць добра для спіны. Але ёсць прапанова перад тым, як вярнуся ў лагер: мы можам пакепліваць з законаў у некаторых штатах ЗША, але чаму нельга забараніць чыпсы ў маршрутцы? Хочацца папрасіць ўсіх: «Калі ласка, не хрумайце чыпсы ў замкнёнай прасторы з вялікай колькасцю людзей». І яшчэ я хацеў бы аддаць даніну лідскім кедам. Там, дзе пяхота не пройдзе… Ну, вы зразумелі. Чаму яны? А вы не ведаеце? Па-першае, танныя, але вельмі сярдзітыя! Па-другое, звышнадзейныя. Калі захочаш парваць, то сам хутчэй надарвешся. Мы на практыцы ў Музеі баявой славы жартавалі, што калі танк Т-72 абляпіць гэтымі кедамі, ён будзе вечны. Па-трэцяе, у іх даўняя і практычна летапісная гісторыя. Першыя зроблены яшчэ ў старажытным Егіпце. Кажуць, што менавіта імі завалодаў Віктар Пялевін і цяпер ходзіць ў іх шпацыраваць на гару Фудзі, каб пісаць новыя кніжкі. Па-чацвёртае, яны стылёвыя. Ну, вось проста як ёсць. Яны, як старыя амерыканскія машыны: у любую эпоху выглядаюць стылёва і крута. Ёсць яшчэ пятае, шостае і гэтак далей, але не буду стамляць чытача. Толькі ў апошні час з’явіліся трывожныя званочкі: паспрабуеце пасушыць ля вогнішча кеды новай генерацыі — заўважыце, што яны сталі больш ахвотна плавіцца і падгараць.
Ведаю дакладна: калі б Шпэнглер убачыў, што цяпер адбываецца з сіне-белым хараством, то напісаў бы кнігу «Канец лідскачоў». Вытворцу хочацца сказаць: Make Lidskachi Grate Again! Вядома ж, жартую. Але праўда ў тым, што кожны павінен займацца сваёй справай. Дарэчы, пра справы…

2
Так ужо выйшла, што бруд і дажджы згубна ўплываюць на працаздольнасць. Агульнавядомы факт, так бы мовіць. Паўгода па калена ў гразі, як пад Вердэнам. Колькі ўжо можна? І за акном даводзіцца выбіраць паміж шэрым і карычневым і аднаўляць ва ўспамінах імгненні, калі ўсё было яркім і разнастайным. Нават машыны ў нас цяпер большасцю цёмнага колеру — жах. Нехта яшчэ лічыць, што чорная іншамарка — гэта вау? Смешна гучыць, але настрой стварае спецтэхніка: яна хаця б аранжавая. Так што смеццявозы — гэта паратунак ва ўсіх сэнсах.
Прабачце, шаноўныя аматары структуры ў расповядах: тут яе не знайсці. Пераходзім нарэшце да справы. Наш выкладчык археалогіі гаварыў: «Вось з кім заўгодна магу паспрачацца: наша гісторыя так насычаная падзеямі, што ў любым месцы капні — і нешта ды знойдзецца. Пачынаючы ад керамікі і заканчваючы больш сур’ёзнымі рэчамі. Ды хоць на 100 долараў магу паспрачацца. Але паколькі ў мяне такіх грошай няма і азартныя гульні на грошы ды са студэнтамі забаронены, давядзецца верыць мне на слова!»
Давярай, але правярай. Мне вось спачатку здавалася, што тут толькі стральцы Івана Жахлівага ды ландскнехты і больш нічога ні направа, ні налева. Першыя сумневы прыйшлі пасля расчаравання ад выцця металашукальніка. Раздзіраючыся дзвярным званком, які заклініла, ён паведамляў то тут, то там пра нейкую «чарніну». Зараз пасыплюцца, думаю, алебарды, шлемы і іншае дабро. Глупствам было спадзявацца, бо пасля бою ўсё збіралі маркітанткі ды спрытныя сяляне, але ўсё адно рвецца вечны ўскрык: «А раптам?!» Надзеі крык.
Не, вядома, стрэлы і кулі былі, але не больш. А тое, што звінела, — «рэха вайны». Той самай, спадзяюся, што апошняй. Мноства рудых ран, якія стогнуць і пачынаюць крычаць пад шпулькай шукальніка.
Але гэта дробязі ў параўнанні з іншым. Калі ісці ўздоўж ракі Нішчы, то амаль побач з месцам упадзення яе ў Дрысу натрапіш на рэшткі маста. Слупы, якія затрымліваюць «тапляк», ствараючы нагрувашчванне. Калі нагрувасціць яшчэ, тое месца стане зноў прыдатным для пераправы. Для пешай, але не для танкаў, як у свой час. Побач з гразі вызіралі тармазнымі барабанамі і рэбрамі рамы рэшткі аўтамабіля. Усе ведалі, што ён тут ёсць. Мясцовыя спрабавалі калісьці «дзёрнуць» яго трактарам, але ніяк. Ляжыць мёртва. І нават гумовым элементам амаль нічога не зрабілася — якасць! Мясцовыя сцвярджалі, што мост з аўтамабілем падарвалі ў 1943 годзе. У зімовую ваду нацысты загналі мясцовых і ваеннапалонных. Хто ўжо не мог працаваць, таго забівалі проста ў рацэ. Гавораць, загінула тут некалькі тысяч… А машына, як мне здаецца, была Citroen 7C. Дакладней, рама з мастамі. За ёй летам 2018-га прыехалі ці то з музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ці то з Лініі Сталіна. Раскапалі і змаглі тузануць легкавіком — і трактар не спатрэбіўся. Вось гэта прафесіяналы.
Падчас разведкі на рацэ знайшлі латуневую пласцінку, якая цяпер лічыцца часткай упрыгожвання з галаўнога ўбору французскага жаўнера. Гэта можа быць рэхам бою пад Клясціцамі ў 1812 годзе. Ідзём далей…
У вёсцы нам шмат распавялі. Я ў гэтым жыцці не выключаю нічога, усё можа быць, але тут неяк на мяжы выдумкі і міфалогіі. Не, ну тое, што стары дзед расказвае, быццам у яго кожны дзень поўная лазня дзевак, дык гэта сумнеўна. Але тое, што непадалёку ёсць лазня, зробленая, як сцвярджаецца, з ДЗОТа, падобна да праўды. Добры зруб з прастрэламі на бярвёнах і маленькімі высоказмесцаванымі вокнамі захоўвае ў сабе гаючы жар, а не вывяргае агонь з МG-42.
Шмат тут усяго ўсялякага. Хтосьці выхваляўся алюмініевымі абломкамі самалёта, з іх тырчэлі гнёзды для падключэння электронікі. І дом, у якім жылі сувязныя Машэрава. Цяпер пра гэта ўсе ведаюць, але тады…
На другі год майго знаходжання тут па частцы крэпасці пачалі выяўляцца цікавыя і нават загадкавыя рэчы. Раён раскопак на месцы, дзе раней знайшлі браму, вырашана было пашырыць. Дзеля таго, каб адшукаць сцены і сляды баявых сутыкненняў. І пачалі з’яўляцца косткі. Падумалася, што асобныя рэшткі, але яны з’яўляліся яшчэ і яшчэ. Больш за дзясятак чалавек. Жанчыны, дзеці, мужчыны. Старыя і адносна маладыя. Спачатку лічылася, што гэта вясковыя могілкі, якія з’рабілі на месцы крэпасці. Але аналізы паказалі, што на косткі было тэрмічнае ўздзеянне. Значыць, спачатку тут былі могілкі, а пазней паставілі крэпасць? Цалкам верагодна, што знойдзецца нешта яшчэ. Прынамсі, з мінулага года атрад валанцёраў працуе ў Чарсцвятах.
Але тут не толькі попел, аскепкі і заняпад. Ёсць пазітыў. Праўду пісаў адзін знакаміты дзядзька: няма геаграфічнай правінцыі, ёсць правінцыя духоўная. Часам нават здаецца, што людзей, якіх хвалюе іх месца ў гісторыі і эпасе, тут больш, чым у краях паспяховых. Ім важна, што яны пакінуць пасля сябе.
Завёз нас у Мацюшы (на паўднёвы захад ад Полацка) мясцовы настаўнік нямецкай мовы на сваім аранжавым «Мерсэдэсе». Вось ужо сапраўды не думаў, што недзе за лясамі і балотамі ўбачу музей, па сваёй канцэпцыі вельмі падобны да кабінетаў, пінакатэк і іншых прыватных калекцый. Бліжэй да музея ХVІІІ стагоддзя, які прадстаўляў ні што іншае, як проста збор калекцый прадметаў па гісторыі і мастацтву. Тут захоўваецца процьма ўсякіх прадметаў па эпохах і падзеях без канцэптуальных затлумаў — і гэта вельмі крута!
Нумізматыка і баністыка? Добра! Розныя этнаграфічныя артэфакты? Калі ласка! Разнастайны інструмент, які памятае ўжо многае, але яшчэ нешта можа? Якраз тут! Тое, чым абаранялі жытло? Трафеі пасля недарэкаў прышэльцаў? Трэба пабачыць. Уласна, так і павінна быць: калі грамадзяне ў прыватным парадку самі сваё захоўваюць. Лішні раз пераканаўся, што нашы многае могуць, абы ім не перашкаджалі і не нагружалі ўсялякай бухгалтэрыяй.
 

3
Якія ж раскопкі без перакуру і размоў з байкамі ды пытаннямі? А вось пра што хацелася даведацца, спадары мае (калі пакрыўдзіў каго фамільярным тонам — прашу прабачэння): а ці даўно вы апошні раз выходзілі куды-небудзь без слухавак або іншых цацак? Так, каб не таму што нешта там крэкнула і зламалася або абарвалася, а менавіта па валявому рашэнню прашпацыраваць без гэтых нашых бразготак? Разумею, што прэтэнзіі такога кшталту ўжо не свяжак. Я таксама не магу адказаць на сваё пытанне: не памятаю. Іншая справа — тут, калі вымушаны. Але пра тутэйшыя радасці крыху пазней.
Прывыклі. Ды ці толькі ў музыцы справа. Загнаўшы сябе ў лічбавы лагер (а-ля дысцыплінарны санаторый), прывыклі ўвесь час спажываць забавы, кантэнт. Ты можаш падзяліцца глыбакадумным постам пра «нікчэмнае і пустое грамадства спажывання», цешачыся: які ж я разумны, ах-ах, не такі, як «тыя».
Ды добра. Усе мы ў пэўнай ступені «такія». Колькі разоў было, што ўсё норм, а потым оп-оп — і праз імгненне заграз за праглядам шматлікіх пікчаў, запіваючы чыпсы па акцыі колай з «чырвоным» коштам і душачыся пры гэтым клінічным смехам. Як сказаў бы адзін знаёмы, ніхто ж не пацярпеў… Ну не ведаю…
А тут крыху інакш. «Здесь вам не равнина – низина, да и климат не такой уж иной». Хоць нагу ставіш вельмі асцярожна і лепш на чыстае месца або камяні. Так цішэй, бо любая галінка па-здрадніцку выдае сваім хрустам. Кожная дэталь мае значэнне. Усё мае значэнне. Маўклівы і пустэльны лес можа многае распавесці тым, хто ўмее бачыць і хоча чуць. Зрэзаны аплылымі траншэямі, ціхі змешаны лес захоўваў у сабе многае і пахаваў многіх… Успамінаеш дзедаву навуку: крапіва можа падоўжыць свежасць злоўленай рыбы, глыбокая яма — лепшая лядоўня, лісце ліпы ўтаймоўвае боль, а трыпутнік спыняе кроў.

Наш ковер — цветочная поляна,
Наши стены — сосны-великаны,
Наша крыша — небо голубое,
Наше счастье — жить такой судьбою.

Ежа з агульнага катла з сапраўдным дымком, а не Е-фарбай. Цяльняшка, вымытая ў рацэ мылам са знакамітымі 72 % чагосьці там. І як добра ўсё кладзецца на «Маладзік над стэпам». І дотык да таямніцы прыроды, і жалезная хватка зямлі. Але ёсць нюанс: я — не паэт. З узростам мяне можна будзе называць Дзедам Піхто, а пакуль што я так, ніхто. А калі пра сучасных, то Бараноўскі лепш на дрэве заходзіць. Ды і з невялікай кніжкай лазіць прасцей. Дарэчы, нашы класікі, калі пісалі тамы, ці думалі, што з імі нязручна? Кампактныя кніжкі — іншая рэч.
Смешна, але тры гады таму я менавіта ў гэтай тусоўцы сярод гушчароў пачаў разбірацца са сваім «цёмным лесам». Сінхранізацыя чагосці там унутры. Або ў вадзе гэтых мясцін і праўда ёсць нешта такое… Барадулін ведаў. Шукаем ключы далей.
Дык вось: іншым разам здаецца, што ў сучасным свеце прынцыпы выжывання зусім не класічныя. Трэба ўмець карыстацца ўсялякай кампьютарнай тэхнікай, а не разводзіць агонь у сырым лесе. Ведаць, як здабыць поспех у кар’ерных скачках з перашкодамі, а не як арыентавацца ў глыбокім гушчары. Часы адчувальна перамяніліся, і нам, наіўным, можа здавацца, што мы абаронены ад усяго. Ну так, ну так. Гэта ўсё табе і для цябе, як той казаў, даражэнькі ты наш урбаноід.
Не прапаноўваю нейкі патэнтаваны рэцэпт. Усё проста: заплечнік, палатка і… пальцам у мапу. Толькі цур не падглядваць, а то некаторых ведаю. Павер, дарагi ўрбаноід, пасля першых сутак (першых згарэлых ля вогнішча шнуркоў лідскіх кедаў і знаёмства з камарамі) тваё жыццё можа змяніцца, як і маё.


Вечары — эх! Песні ля вогнішча ды гарбата — эстэтыка часоў бардаў ніколі не памірала. Акрамя таго весела і легкадумна гуляць у футбол у цемры з ліхтарыкамі на ілбе. Жорстка, але акуратна. Без бруднай гульні, якую часам можаш дазволіць сабе ў зале. Увогуле, беражэш тых, з кім табе заўтра ў раскоп, і ўважліва глядзіш пад ногі. Нават больш уважліва, чым калі гуляеш у маманта.
Выйдзеш за лагер, ляжаш у квітнеючых травах, зірнеш у неба… Нагаварыцца б з зоркамі, пакуль не згаслі... А яшчэ надыхацца б наперад на год…
Так што прыязджай, урбаноід! Ты называеш сябе свабодным чалавекам? Рашай сам. Назіраць табе за жыццём у межах зоны камфорту ці адчуваць яго аж да гарызонту і асабліва ўглыб. А яшчэ ёсць шанец вывучыць ПАЛьскую мову (ад ПАЛ — Полацкі археалагічны легіен)  — самую нешматлікую сярод еўрапейскіх моў, але адну з самых-самых.
Да сустрэчы!

Андрэй КУЛЕШ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.