Вы тут

Бетонны лебедзь з'явiцца пад Навагрудкам у гонар памяцi сям'i Баброўскiх


Франц i Францiшка Баброўскiя разам з пяццю дзецьмi жылi лiтаральна за паўкiламетра ад горада, пры дарозе Iўе—Навагрудак. Польская сям'я, якая пераехала на Беларусь у 1930-х гадах, займалася адловам бадзяжных сабак i з таго жыла. Падчас Вялiкай Айчыннай вайны вязнi гета хавалiся ў Баброўскiх, калi ўцякалi з лагера, цi проста прыходзiлi па ежу. Многiя пасля траплялi да партызанаў. Па даносе напачатку лютага 1943-га ў хаце палякаў правялi вобыск. У той час у Баброўскiх хавалася Шыфра Гаркавi з дзвюма дочкамi: пяцiгадовай Рут i Хадашкай, якой ледзьве споўнiлася два. Шыфру разам з Рут расстралялi адразу. Франца i Францiшку крыху пазней расстралялi ў турме, да якой iх амаль тры кiламетры валаклi па дарозе, прывязаўшы да хвастоў коней. Хату спалiлi. Дзяцей Баброўскiх — дзвюх дачок i трох сыноў — адправiлi ў канцлагер Грос Грозэн на мяжы Польшчы i Германii. Марыя, Янка, Мiхась i Стэфан выжылi, Антэк загiнуў. Двухгадовую дачку Шыфры Гаркавi, Хадашку, якая яшчэ не ўмела гаварыць i не магла назваць сваё iмя, праз што дзяўчынку палiчылi дачкой Баброўскiх, адправiлi ў дзiцячы дом на вулiцы Гродзенская ў Навагрудку, дзе запiсалi як Галiнку Баброўскую. Яна i дагэтуль жыве ў Iзраiлi. Франц i Францiшка пахаваныя ў Навагрудку на старых могiлках, а iх нашчадкi — унук Марыi Баброўскай Дзмiтрый з жонкай Жаннай — засталiся на Навагрудчыне. Яны захопленыя iдэяй ушанаваць подзвiг сваiх продкаў у памятным знаку i мяркуюць устанавiць яго на месцы папялiшча хаты Баброўскiх.


Праведнiкi i ахвяры

У Навагрудскiм раёне праводзяць сур'ёзную работу па ўвекавечаннi памяцi аб Вялiкай Айчыннай вайне. У горадзе з 2007 года дзейнiчае Музей яўрэйскага супрацiўлення з пастаяннай экспазiцыяй. На базе ўстановы мэтанакiравана працуюць над гiсторыяй яўрэйскага народа на тэрыторыi Навагрудка. Не так даўно тут адкрылi помнiк у выглядзе дзяўчынкi-анёла, расказала Наталля ЖЫШКО, начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы i па справах моладзi Навагрудскага райвыканкама:

— На Навагрудчыне была самая вялiкая барочная сiнагога, i да вайны значную частку насельнiцтва складалi яўрэi, таму гэтая тэма для нас вострая i запатрабаваная. У яўрэяў, якiя жывуць тут здаўна, нават ёсць уласны сiмвал — шасцiканцовая зорка з пальмай унутры, — якi азначае смутак яўрэяў па сваёй страчанай Радзiме. Традыцыйна на нашай тэрыторыi беларусы, яўрэi i палякi жылi разам. Вайна заспела ўсiх, аднак не ў аднолькавых умовах. Яўрэяў змясцiлi ў два гета: на Пярэсецы i ў гета са статусам працоўнага лагера на вулiцы Карэлiцкая (цяпер — Мiнская). Так пачалася гiсторыя Халакосту на Навагрудчыне.

22 снежня 1942-га з працоўнага лагера збеглi 14 вязняў-падлеткаў, у тым лiку Iдэль Каган, ураджэнец Навагрудка, якi ў эмiграцыi ўзяў сабе iмя Джэк. З сям'ёй Баброўскiх яго звязвае даўняя гiсторыя. Хату, дзе пасялiлiся Франц i Францiшка, яны атрымалi ад Каганаў. Калi было арганiзавана гета, усе яўрэi ведалi, што да гэтай польскай сям'i можна звярнуцца па ежу цi часова схавацца ў iх. Менавiта да Баброўскiх прыйшлi ўцекачы. Яны павiнны былi сысцi ў лес да партызан, але спазнiлiся — апошнiя ўжо сышлi. Баброўскiя не маглi хаваць у сябе столькi людзей, але ўсё ж накармiлi iх гарачым супам, талерку якога Каган памятаў усё жыццё. Пасля вязнi рушылi ў лес, дзе партызан трэба было чакаць трое сутак. Яшчэ па дарозе да хаты Баброўскiх Iдэль правалiўся пад лёд на рацэ i моцна абмарозiў ногi, таму быў вымушаны вярнуцца ў гета. Там такi ж вязень, як i ён, зубны ўрач па прафесii, ампутаваў хлопцу пальцы на нагах, калi тыя ўжо пачалi гнiсцi. Iдэль чатыры месяцы не мог хадзiць, але дажыў да дня ўцёкаў з лагера — 26 верасня 1943-га. У той дзень праз 220-метровы тунель, якi вязнi рылi на метровай глыбiнi цягам чатырох месяцаў, збегла больш за 220 чалавек. Палова з iх выжыла, сярод iх i Джэк Каган. На той момант хаты Баброўскiх ужо не было.

Джэк вярнуўся ў Навагрудак у 1992-м i пачаў шукаць нашчадкаў Баброўскiх. У той час з дзяцей Баброўскiх у жывых засталася толькi Марыя, цяпер няма i яе. Каган дапамог стварыць Музей яўрэйскага супрацiўлення i аднавiць гiстарычныя звесткi пра той час. Ён таксама засведчыў у iзраiльскiм музеi Катастрофы i Гераiзму «Яд ва-Шэм», што Баброўскiя дапамагалi яўрэям. Тое ж самае зрабiла i Хадашка Гаркавi. 17 лiпеня 1997-га сям'я Баброўскiх атрымала званне Праведнiкаў народаў свету, якое прысвойваюць неяўрэям, якiя ратавалi iудзеяў у гады нямецкай акупацыi ў Еўропе.

Подзвiг Баброўскiх адметны яшчэ i тым, што сям'я была польскай, а на той час адносiны памiж яўрэямi i палякамi былi досыць складаныя, аднак на навагрудскай зямлi насуперак розным перакананням людзi ратавалi адзiн аднаго, i гiсторый змагання за найбольшую каштоўнасць у свеце — жыццё — злiчыць цяжка.

Насуперак страху смерцi

Знак, якi ствараецца, становiцца не проста данiнай памяцi подзвiгу адной сям'i. Гэта грамадскi праект, якi ўшануе ўсiх Праведнiкаў Навагрудчыны, упэўнена Наталля Жышко:

— Навагрудак становiцца цiкавы ўжо не толькi сваiм замкам, музеем Адама Мiцкевiча, але i гiсторыяй супрацiўлення яўрэяў падчас вайны i iх падтрымкi з боку мясцовага насельнiцтва. Мне давялося сустракацца са сведкамi тых часоў, якiм пашчасцiла выжыць. Джэк Каган казаў, што такi вялiкi працэнт выжывання яўрэяў на беларускiх землях, у прыватнасцi на Навагрудчыне, звязаны з тым, што нягледзячы на страх смерцi, на вусцiш, у людзей знаходзiлася жаданне ратаваць яўрэяў. Хоць яны ведалi, што за гэта iх пакараюць смерцю. Баброўскiя па некалькi дзён а, здаралася, i тыдняў хавалi яўрэяў у сябе за хатай, на гародзе, паказвалi iм маршруты да партызан.

Калi ў 2018-м на месцы выхаду з тунэлю ўстанаўлiвалi мемарыяльную сцяну ў памяць аб тых уцёках, на месцы сядзiбы Баброўскiх яшчэ былi крыху вiдаць камянi з рэшткаў фундамента хаты. Цяпер аб жытле нагадвае толькi калодзеж, якi, на жаль, ужо не пiтны. Непадалёк ад яго i плануюць паставiць знак.

Аўтар праекта — мiнскi скульптар Алег Купрыянаў, якi стварыў бетонную птушку, што ахiнае крыламi шэсць птушанятаў, намагаючыся iх схаваць. Лебедзь не надта вялiкi — яго можна ахапiць рукамi, а ўсе птушаняты розныя, як сiмвал таго, што чужых дзяцей не бывае. На памятным знаку не будзе тэксту, а побач з iм усталююць шыльдачку з гранiту — дакладную копiю Ганаровай граматы Марыi Баброўскай аб прысваеннi ёй звання Праведнiка народаў свету.

— Хата Баброўскiх стаяла ў нiзiне, таму мы захавалi з'езд да гэтага месца з дарогi непадалёк ад месца расстрэлаў. Аднак сам помнiк будзе крыху вышэй за ўзровень, на якiм была хата, каб кожны падарожнiк мог убачыць яго. I вельмi хацелася б зрабiць падсветку, каб птушку было вiдаць лепш. Мы запрашаем усiх нераўнадушных прыняць удзел у стварэннi народнага помнiка жыхарам Навагрудчыны, якiя ратавалi жыццi, — заклiкае Наталля Жышко.

Жанна i Дзмiтрый Баброўскiя, а таксама нераўнадушныя месцiчы робяць усё магчымае, каб помнiк з'явiўся. Прывозяць зямлю i камянi, расчышчаюць тэрыторыю, аднак для ўсталявання i стварэння памятнага знаку патрэбныя грошы, якiх катастрафiчна не хапае. Таму ўсе, хто хоча дапамагчы ва ўшанаваннi подзвiгу сям'i Баброўскiх, могуць пералiчыць грошы на рахунак:

ЦБП № 416 ААТ «ААБ Беларусбанк», г. Навагрудак, вул. Мiцкевiча, 22А. УНП 500191715 МФА АКВBY21413; транзiтны рахунак № BY33АКВВ3134000011493422041 на дабрачынны рахунак № BY09АКВВ313400001193422041; прызначэнне плацяжу — будаўнiцтва мемарыяльнага знаку.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: Бетонны лебедзь на месцы папялiшча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».