Вы тут

Камран Назірлі. Калі ападае лісце


Столь працякала. Кроплі вады падалі ў вядро, якое стаяла пасярэдзіне пакоя, а звонку ў акно стукаў дождж. Нечакана адключылася электрычнасць. Цішыню ў цёмным памяшканні парушалі не толькі манатонны стук кропель і шолах дажджу, але і казка, якую з цікавасцю слухаў унук, прытуліўшыся да дзеда.


Ледзь пачаўся дождж, як столь пачала працякаць. Гаспадыня разнервавалася, буркнула нешта сабе пад нос, прынесла вядро і паставіла яго на сярэдзіну пакоя. Затым апранулася ў зялёную сукенку, узяла чорны парасон і звярнулася да мужа:

— Пакладзі дзіця, — нахілілася яна да паўсоннага ўнука, і, пазіраючы стомлена на дзверы, дадала: — Пайду спытаю, ці ў хаце сын Анаханум? Няхай бы залез на дах і паглядзеў, дзе зноў прасела…

Дзед неахвотна лёг у пасцель. Калі вярнулася гаспадыня, ён ужо ляжаў пад коўдраю разам з унукам. З кухні даносіўся незадаволены голас жонкі — яна сярдзіта вымаўляла сыну па тэлефоне:

— Зноў пакінулі дзіця і пайшлі! Знайшлі час на гулі. Святла няма, столь працякае, — скардзілася яна. — Хутка вяртайцеся.

Дзед і ўнук маўчалі. Нечакана ўнук абняў старога і пачаў прасіць:

— Дзядулечка, раскажы казку, калі ласка! Новую, а не тую, што ў кніжцы!

А дзеду было не да казак: у апошні час у яго вельмі хутка цярплівасці не хапала. Стамляўся, падаў духам, рабіўся маўклівы. Калі прыходзіў унук, дзед распавядаў яму старыя казкі, якія ледзьве ўспамінаў. Такая доля пенсіянера — ні на што жадання няма, хочацца адно сядзець у адзіноце і жыць мінулым. Але мінулым, а не ўспамінамі…

Сапраўды, колькі можна расказваць пра Чырвоную Шапачку ці Малікмамеда? І варта было толькі крыху сказіць сюжэт, як унук абураўся, павісаў на ім як дамоклаў меч:

— Не так, ты няправільна расказваеш! Учора расказваў зусім па-іншаму! Ну, давай, паспрабуй успомніць, што ты расказваў учора…

Дзед задумаўся. Раптоўна ён ажывіўся: а што, калі прыдумаць штосьці новае, распавесці дзіцяці нешта лірычнае? Той жа сам напрасіўся. Мазгі ўключыліся з грукатам, як матор старой лядоўні, і ён пачаў аповед:

— Я ўбачыў яе, калі ападала лісце. Мы зірнулі адно на аднаго, нашы пагляды сустрэліся, твары лашчыў халодны подых прыбярэжнага ветру. Мы моўчкі гулялі ўдваіх, спыняліся, глядзелі адно на аднаго і зноў працягвалі шлях. Нашы позіркі то цалаваліся, то хаваліся пад павейкамі, то гарэлі яркім полымем. Мы ішлі і не стамляліся, а пад нагамі шапацела апалае лісце. Восень з любоўю лашчыла нашу вясну жыцця.

Нечакана яна сказала:

— Я люблю дождж… А ты?

— А я люблю сонца, — адказаў я…

— Дзядуля, а хто яна была? — паспешліва спытаў унук.

— Твая бабуля.

— Бабуля? — хлопчык паклаў локці на стол і пачаў слухаць яшчэ з большай цікаўнасцю.

Прагрымеў гром — пачалася навальніца. Мы прамоклі да нітачкі — але паблізу не знайшлося месца, дзе б мы маглі схавацца ад дажджу, і ў глыбіні душы радаваліся гэтаму. Каб было якое сховішча, мы б пабеглі туды, каб не мокнуць. Але мы крочылі пад дажджом і верылі, што навальніца хутка скончыцца і выгляне сонца. Таму мы працягвалі брысці па вуліцы, пазіралі адно на аднаго, усміхаліся, ішлі далей, павольна, радасна, закахана… Міма прайшла пажылая жанчына з парасонам, зірнула на нас і незадаволена прамармытала: «Во, вар’яцтва!» Так, сапраўды, яна мела рацыю — мы з’ехалі з глузду!

Унук не стрымаўся, відаць, гэтыя словы зачапілі яго.

— Гэта яна сама вар’ятка! — гучна ўсхліпнуў ён.

Дзед прамаўчаў, і маўчанне было доўгім. Ён глядзеў на мокрую столь.

— А што потым? — унук ткнуў локцем дзеда ў бок. — Што было потым? Дзе вы прасушыліся?

— Нідзе!

— Чаму?

— Таму што сонца так і не паказалася. Мы да гэтага часу не прасушыліся. Не бачыш, у нас усё адзенне мокрае?

Дзіця задумалася, памацала вопратку дзеда. Затым хлопчык устаў, адчыніў шафу і дакрануўся да зялёнай бабулінай сукенкі. Суха. Вярнуўся ў ложак, лёг пад коўдру і, павярнуўшыся да дзеда спінай, буркнуў, нібыта стары мудрэц:

— Табе не надакучыла распавядаць усялякія казкі?

Абодва маўчалі. Дзед глядзеў на цень лямпавага святла, што трымцела на кухні. А ўнук салодка пасопваў у сне.

З азербайджанскай. Пераклад Людмілы КЕБІЧ

 

Прачытаць іншыя апавяданні Камрана Назірлі ў перакладах Людмілы Кебіч і Дзмітрыя Радзівончыка можна ў № 2 «Полымя», 2020

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».