Вы тут

Алесь Кажадуб. Як я зрабіўся пісьменнікам


Гэта адбылося са мной у далёкiм дзяцiнстве. Мы жылi ў Ганцавiчах, гарадскiм пасёлку ў палескай глушы.


Але глушшу Ганцавiчы былi толькi для Якуба Коласа, якi настаўнiчаў у гэтых мясцiнах да рэвалюцыi, i адну з частак трылогii «На ростанях» назваў «У палескай глушы». Пасля вайны Ганцавiчы змянiлiся, зрэшты, як i ўвесь Савецкi Саюз. На працу ў Заходнюю Беларусь прыехалi тысячы юнакоў i дзяўчат, сярод якiх былi i мае мацi з бацькам. Як мне зараз здаецца, для iх не iснавала задач, якiя нельга было вырашыць. Перад вачыма ляжаў вялiзны сусвет, у якi трэба было ўвайсцi i ўзяць сваё. I яны ўваходзiлi i бралi.

Бацька працаваў бухгалтарам, мацi — пашпартысткаю ў мiлiцыi. Яны пабралiся, бацька ўступiў у партыю, атрымаў пасаду галоўнага бухгалтара мiжкалгасбуда, i ўсё было б добра, каб не яго перакананне, што рабiць трэба не так, як загадвае партыя, а па сумленнi. На выбарчым сходзе камунiстаў ён устаў i сказаў, што кандыдат у дэпутаты, якога прыслалi з райкама, поўная нiкчэмнасць — бацька выкарыстаў iншае слова — i трэба выбраць таго, каго яны добра ведаюць. Сход падтрымаў бацьку i прагаласаваў за iншага кандыдата.

Гэта быў сапраўдны бунт на караблi, i бацьку з трэскам выкiнулi спачатку з партыi, потым з працы. На той момант ужо нарадзiлiся мы з сястрой, часы ў нас наступiлi не самыя простыя. Але я расказваю не пра лёс маладых камунiстаў у пасляваенным Саюзе.

Менавiта ў гэты нялёгкi год са сваiм лёсам вызначыўся i я. Адбылося гэта ў нашым хляве, куды я паклiкаў суседа Ваньку. Ён быў на год старэйшы за мяне, а значыць, разумнейшы i мацнейшы.

Я не хадзіў яшчэ ў школу, але ўжо чытаў дарослыя кнiгi, i адна з iх моцна ўразiла мяне. Яна была пра рыцараў-крыжакоў. Закаваныя ў браню ваяры ўсхвалявалі мяне да глыбiнi душы, i я захацеў стаць падобным да iх.

Я знайшоў у хляве ржавае вядро i доўга стараўся пракалупаць у iм дзiрку для вачэй. Аднак не было зручнага iнструмента, ды i рукi былi слабаватыя. Я здагадваўся, што ў гэтыя рукi яшчэ рана ўкладваць жалезны двухручны меч. Але меч можна было лёгка памяняць на абструганую палку, што я i зрабiў.

Iншая справа шлем, то бок вядро. Усё-ткi трэба было бачыць, куды ты iдзеш i з кiм ваюеш. Я ўзяў вядро i пайшоў да суседа Толiка Шабанава, старшакласнiка. Толiк быў харошы хлопец. Не задаючы лiшнiх пытанняў, ён узяў зубiла i малаток i прабiў у вядры крывую дзiрку.

— Сыдзе? — спытаў ён.

— Канечне, — сказаў я. — За гэта я табе дам пачытаць кнiжку пра рыцараў.

— Не трэба, — адмахнуўся Толiк. — Ваюй так.

Я адвалок вядро назад у хлеў i надзеў яго на галаву. На жаль, вядро было не зусiм як шлем. Пры жаданнi я мог бы ўцiснуцца ў яго з плячыма, але як тады махаць мячом? Так, трэба было набiраць вагу. А я кепска еў.

«Добра, — вырашыў я, — пакуль паваюю ў вядры».

I паклiкаў Ваньку. Але Ванька надзяваць вядро на галаву рашуча адмовiўся.

— Гэта ж твой шлем, — сказаў ён. — Я лепш мячом.

— Меч таксама мой, — сказаў я.

— I я яго стругаў.

Гэта было праўдаю, меч мы майстравалi разам.

Мне не спадабаўся яго ўладарны тон, але я ўсё ж надзеў шлем на галаву. Ванька радасна ўсмiхнуўся i ад усёй душы ўпляжыў мячом па вядры.

З вачэй у мяне пасыпалiся iскры. Але разам з iскрамi з галавы вылецела i ўся дурасць, якая там назбіралася. Я раптам зразумеў, што лепей пiсаць пра рыцараў, чым быць iмi.

Спалоханы Ванька дапамог мне зняць з галавы вядро.

— Жывы? — спытаў ён i памацаў гузак, які, як я адчуваў, iмклiва ўспухаў на макаўцы.

— Не чапай! — узвыў я. — Мы ж гуляем у рыцараў!

— А ты не сказаў, што трэба знарок, — пацiснуў плячыма Ванька. — Зiрнi, меч зламаўся.

Мы агледзелi зброю. Сапраўды, яна ўжо была нi на што не здатная, у адрозненне, дарэчы, ад вядра.

— У наступны раз трэба зiмовую шапку пад вядро надзець, — сказаў Ванька.

«Дудкi, — падумаў я. — У наступны раз рыцарам будзе нехта iншы».

I я пакрысе пачаў пiсаць. Спачатку кароткiя, на паўстаронкi, апавяданнi, потым даўжэйшыя. У восьмым класе я ўжо дарос да рамана. Ён называўся «Анты» — аб праславянскiм племенi, якое ваявала з Вiзантыяй.

Але «Анты» я пiсаў у Навагрудку, дзе заканчваў школу iмя Адама Мiцкевiча. Там я ўжо быў цалкам саспелы аўтар, якi не лiчыў чымсьцi неверагодным заваёву свету. Анты для гэтага падыходзiлi. Яны таксама амаль што заваявалi Усходнерымскую iмперыю.

Бацька ў Навагрудку выкладаў у гандлёва-эканамiчным тэхнiкуме бухгалтарскi ўлiк, аднак пра Ганцавiчы не забываўся. Памятала пра iх i мацi.

— Якi ж ты быў дурань, што паехаў з Ганцавiч, — сказала яна неяк бацьку.

— Дык раён жа расфармiравалi! — вытарашчыў той вочы. — Не мог на працу ўладкавацца!

Калi бацька спрачаўся, ён заўсёды вытарашчваў вочы.

— А Прасвiраў застаўся, — сказала мацi. Iншы раз у спрэчках яна была нязноснаю.

Хведар Пятровiч Прасвiраў быў сябрам бацькi. Яны разам пачыналi працаваць у Ганцавiчах, Прасвiраў — старшынёй райспажыўсаюза, бацька — бухгалтарам. Але потым Прасвiраў пайшоў па журналiсцкай сцяжыне i цяпер узначальваў раённую газету ў Ганцавiчах, якiя на той час зноў зрабiлiся райцэнтрам.

— Такой кватэры, як там, у нас ужо нiколi не будзе, — уздыхнула мацi. З гэтым згадзiўся i бацька. Па ганцавiцкiх мерках хата панскага падлоўчага, то бок ляснiчага, якую мы займалi папалам з дырэктарам школы Сычовым, была сапраўднымi харомамi. Я ўжо не кажу пра сад. Нашым грушы бэры i яблынi мядоўцы зайздросцiлi ўсе мае сябры, i асаблiва Ванька.

Але ў Ганцавiчы мы з бацькам паехалi не па бэру цi мядоўку. Бацька склаў у стос дробна спiсаныя лiсты майго рамана, уцiснуў iх у папку i завязаў тасёмкi. Як сапраўдны бухгалтар, ён умеў працаваць з дакументамi.

— Пакажам Хведару, — сказаў бацька. — Ён таксама пiсьменнiк.

Я ўжо разумеў рознiцу памiж пiсьменнiкам i журналiстам, але змоўчаў. Мне i самому хацелася з’ездзiць у Ганцавiчы.

Прасвiраў пакорпаўся ў папцы з маiм раманам, перагарнуў некалькi старонак i штосьцi прачытаў. Здаецца, яму не спадабаўся мой почырк.

— Малайчына, — сказаў ён. — Пiшы далей. Аднак пiсьменнiцкая справа няпростая. Пiшучая машынка патрэбна.

— Машынку мне дадуць у тэхнiкуме, — запэўнiў бацька. — Якраз нядаўна адну спiсалi.

— Друкуе? — спытаў Прасвiраў.

— Дзве лiтары не прабiвае, але заўхоз сказаў, што адрамантуе. Ён у нас мужык з рукамi.

Мяне якасць пiшучых машынак пакуль што не хвалявала. Пра што пiсаць — вось у чым пытанне.

— А вы пра што пiшаце? — спытаў я Прасвiрава.

— Аповесць скончыў, — Хведар Пятровiч азiрнуўся. — Сказаць, пра што?

— Канечне, — дазволiў я.

— Пра экскаватаршчыка!

Я ледзь не сеў мiма крэсла, што стаяла побач. Экскаватаршчык у ролi галоўнага героя твора не мог мне прыснiцца нават у страшным сне.

— Ты слухай, слухай! — ускочыў з месца Хведар Пятровiч. — Гэта ж не просты экскаватаршчык. У нас тут да вайны яўрэi жылi, увесь цэнтр пасёлка займалі. Потым немцы прыйшлi, гебiтскамiсарыят, гета... Частка яўрэяў з гэтага гета збегла, астатнiх расстралялi немцы, i пасля вайны яўрэйскiя дамы пачалi зносiць.

— Калi гэта было? — спытаў бацька.

— Адразу пасля вайны, яшчэ да таго, як мы з табою прыехалi. Ну, экскаватаршчык зламаў сцяну дома, бачыць — гаршчок вывернуўся. Ён вылез з кабiны, узяў у рукi — а там золата!

— Брэшаш! — стукнуў далонню па стале бацька.

— Далібог!

Хведар Пятровiч перажагнаўся. Мiж iншым, у адрозненне ад бацькi, з партыi яго не выганялi.

— Зрэшты, у яўрэяў заўсёды было золата, — сказаў бацька. — Нават у Калмановiча, сам бачыў.

— Калмановiч з’ехаў у Свярдлоўск, а тут цэлы гаршчок у сцяне замураваны!

Расказваючы, Хведар Пятровiч вялiкiмi крокамi мераў пакой, у якiм нас прымаў. Гэта быў кабiнет з дзвюма кнiжнымi шафамi, пiсьмовым сталом, кушэткаю i чатырма крэсламi. Я з цiкавасцю глядзеў па баках. Некалi ж i самому давядзецца вiць пiсьменнiцкае гняздо. Але для гэтага патрэбен як мiнiмум уласны пакой. А ў нас у Навагрудку два пакоi на чатырох у доме для выкладчыкаў тэхнiкума.

— Уяўляеш, схапiў ён гаршчок з золатам, — перабiў мае думкі Хведар Пятровiч, — i пабег, не спыняючыся, у Брэст!

— Гэта ж колькi кiламетраў? — спытаў бацька. — Трэба было сесцi ў цягнiк i паехаць, хоць у Брэст, хоць у Лунiнец. А там шукай ветру ў полi.

— Косця, ён жа з глузду з’ехаў! Цэлы гаршчок з золатам!

Прасвiраў перайшоў на крык. Вiдаць, гаршчок з золатам сапсаваў нешта i ў ягонай галаве. Я заклаў пальцам правае вуха, яно ў мяне чула лепей, чым левае.

«Навошта крычаць пра нейкi гаршчок? — падумаў я. — Анты з Вiзантыi золата вазамi везлi. Мусiць, i нявольнiц бралi. Цi ў iх не было рабства? У рамеяў дакладна было...»

— Уяўляеш, да самага Брэста бегма бег! — зноў, падобна варвару, уварваўся ў стройную фалангу маiх думак голас Прасвiрава. — Нi разу не спынiўся!

— Адкуль вы ведаеце, што ён не спынiўся нi разу? — спытаў я. Прасвiраў з бацькам у здзiўленнi ўтаропiлiся на мяне. Вiдаць, яны забылi

пра маё iснаванне.

— Дык жа гаршчок з золатам у руках, — сказаў Прасвiраў. — З гэтым не спыняюцца.

— А я б на цягнiку паехаў, — сказаў бацька. — З Лунiнца проста ва Уладзiвасток. А лепш у Сочы.

Ён цмокнуў. Здаецца, Сочы спадабаўся яму больш за Уладзiвасток. Мне таксама.

— Косця, якi цягнiк?! — пляснуў рукамi Прасвiраў. — Я ў аповесцi так i напiсаў: бег, не спыняючыся, да самага Брэста!

— Цiкава, што ён з гэтым золатам зрабiў? — паглядзеў на мяне бацька. — Гэта ж яўрэйскае золата. А яно нашага брата шчаслiвым не зробiць.

Здаецца, аповесць Хведара Пятровiча займала яго нашмат меней, чым гаршчок з золатам. Але бацька заўсёды быў абыякавы да лiтаратуры, з паэтаў ведаў аднаго Ясенiна. На падпiтку мог прачытаць на памяць «Чорнага чалавека».

— Вялiкая аповесць? — спытаў я Хведара Пятровiча.

— Дзевяноста старонак на машынцы! — горда адказаў той. — Паўгода адным пальцам кляпаў.

— Трэба было машынiстцы аддаць, — умяшаўся ў нашую размову пра лiтаратуру бацька.

— Гэта ж аповесць! — паглядзеў на яго, як на немаўля, Прасвiраў. — Тут трэба самому.

Я з iм быў цалкам згодны. Пiсьменнiцкая справа святая.

— Жонку трэба навучыць друкаваць, — сказаў бацька. — Цi адну з дачок. Колькi iх у цябе?

— Чатыры.

«Ого! — падумаў я. — Чатыры дачкi плюс жонка. Як яму ўдаецца пiсаць у такiх умовах?»

— А я на працы, — прызнаўся Хведар Пятровiч. — Там спакойней. Ён раптам уважлiва паглядзеў на мяне. Мне зрабiлася няёмка.

— Валя таксама восьмы клас скончыла, — сказаў Прасвiраў. — Трэба вас пазнаёмiць.

— Канечне, — згадзiўся бацька. — Навошта шукаць сякеру пад лаўкаю? «Якая яшчэ сякера? — падумаў я. — Бацька тупы, але гэты яшчэ тупейшы».

— Валя! — гучна паклiкаў Хведар Пятровiч.

— Пайшла на вулiцу, — пачулася з-за дзвярэй. «Дзякуй богу!» — ледзьве не перажагнаўся я.

— Ну, тады давай па грамульцы, — адчынiў дзверцы адной з шафаў Прасвiраў. — Марыя, нясi закусь!

— Нясу, — адказала з-за дзвярэй жонка.

Я зразумеў, што i мне пара на вулiцу.

Тады мне прачынiлiся дзверы ў святая святых, i я зазiрнуў у шчылiну. Там я ўбачыў стос чыстых лiстоў паперы на стале, пiшучую машынку i невыразны абрыс машынiсткi. Яна магла быць i пекнай дзяўчынаю.

«Анты, наперад!» — скамандаваў я.

Але раман «Анты» так i застаўся напiсаным ад рукi чарнавiком. Вiдаць, для яго напiсання трэба было атрымаць па галаве не драўляным мячом, а жалезным. Аднак, як я ўжо сказаў, яшчэ раз надзяваць на галаву вядро я катэгарычна адмовiўся. Значыць, i жалезны меч застаўся ў нейкiм iншым жыццi.

Пазней я пiсаў апавяданнi, аповесцi i нават раманы, аднак любiмым жанрам засталося менавiта апавяданне. Тое самае, што выскачыла з вядра.

Цалкам публікацыю чытайце ў «Полымі» № 10 за 2019 год.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».