Вы тут

Людміла Рублеўская. «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі». Раздзел з рамана


Раздзел восьмы

Гульня Святога Пятра


Фота irl.by

У Швабіі, кажуць, на Масленіцу ладзяць такое відачынства: доктар Жалезная Барада пускае хвораму кроў, той памірае. А тады доктар нібыта яго ажыўляе, дзьмучы ў рот праз трубку.

А ў гарах Гарца на тое ж свята кладуць каго-небудзь у ночвы і нясуць хаваць з усімі належнымі жальбінамі. Праўда, хаваюць не чалавека, а бутэльку з добрым заборыстым пітвом. Каб праз год выкапаць і выпіць, прычым пакаштаваць напой, які год праляжаў у магіле, мусяць усе месцічы.

І значыць гэта, што адкупіліся ўдзельнікі рытуалу ад смерці да наступнай Масленіцы…

Ну не верыць чалавек, што можна пазбегнуць чагосьці дужа кепскага без ахвяры… Дык няхай ахвярай будзе тое, чаго не шкада.

Напрыклад, выпадковыя госці, за якіх ніхто не заступіцца.

Раніцай кожнаму з будучых удзельнікаў таямнічай гульні Святога Пятра выдалі накідку з бялюткага лёну — палатно з дзіркай для галавы — ды вяроўку канапляную падперазацца.

Месца, якое назвалі імем біблейскага грэшнага горада Іерыхона, аказалася зусім побач. Не горад, не вёска — проста высокі адхон, пад якім павольна паўзла чорная бліскучая змяя ракі, яшчэ нядаўна закаваная ў ледзяны панцыр. Чаіцы мітусіліся над хвалямі, нібыта нехта нябачны драпаў белымі кіпцямі паветра, і пранізліва лаяліся адна на адну, а можа, на нахабных людцаў.

Перад адхонам знаходзілася роўная пляцоўка з зялёнымі дзюбкамі першай травы, а далей пачынаўся узгорак, парослы соснамі. Там, дзе сосны прарэдзілі, быў зладжаны сапраўдны амфітэатр на пару соцень чалавек, ужо амаль запоўнены. Некаторыя гледачы яшчэ рассаджваліся, выкарыстоўваючы хто што прыхапіў — крэслы, лаўкі, падушкі. Публіка чыстая, заможная, амаль усе з прыслугай. Шмат сямейных пар. Многія штосьці жуюць, той-сёй прыкладаецца да біклажкі. А вунь і гандляры піражкамі, медавухай, пражаным гарохам са сваімі скрынкамі… Не раўнуючы кірмаш. Не хапае балагана.

З’яўленне вязняў у белых накідках выклікала нядобрае ажыўленне: паказвалі пальцамі, перашэптваліся… То бок вось і балаган з’явіўся. Пранціш заўважыў, што некалькі спрытных малойцаў забегалі між публікі, заблішчэлі манеты, на чорных дошчачках у іх руках крэсліліся нейкія пазнакі… Стаўкі, як у байцоўскім клубе? Іх што, біцца прымусяць?

З’явіліся і музыкі — высокі падслепаваты маладзён з доўгімі цёмнымі патламі ды ягоны круглатвары напарнік з лупатымі блакітнымі вачыма — вочы яшчэ нядаўна сузіралі пену чорнага піва і ад таго былі рамантычна замглёныя. Адзін з музыкаў забрынгаў на мандаліне, другі падтакваў бразготкай… Па галасах — дакладна тыя самыя студыёзусы, што гарлалі нядаўна ў карчомцы, а   мяркуючы па песнях — будучыя медыкусы.

Так здарылася аднойчы — цямнела сонца, як медзь.

На полі бойкі сустрэліся Забойца, Доктар і Смерць.

Сакавіцкае сонейка, якое мусіла абуджаць лірычныя пачуцці, таксама заняло сваё глядацкае месца ў прасвеце між аблокаў.

І шнарыўся дым над трупамі чарвей празрыстым кублом.

Кінжалам мізарыкордыя Забойца, нібы стылом,

Закрэсліваў лёс параненых, а Доктар ім нёс вады.

А смерць з абодвух смяялася — яна смяецца заўжды.

Дакладна самі выканаўцы складалі радкі за куфлем піва.

Пранціш азірнуўся на панылы шэраг таварышаў па выпрабаванні: выглядалі не тое каб баявіта. Саслоўяў самых розных: вунь той таўстун, магчыма, купчына… А худэча ў лахманах, якія вызіраюць з-пад ільнянога балахона, з дробным хітрым тварам, напэўна, кашалькі на кірмашы зразаў. А вось зусім падлетак, спалоханыя наіўныя вочы, востры нос… Трасецца ад холаду, хаваючы скалелыя рукі ў занадта кароткія рукавы кашулі. А ён чым правініўся? Дзве жанчыны… Адна — бабця, амаль удвая сагнутая, з кавенькай, з такім носам, які абавязкова прыпісваецца ведзьмам. Другая — яшчэ не старая і прыгожая, у чорнай хустцы, перабірае ружанец і моліцца… Ці не тая Мельхіёрава ўдава, пра якую казалі жаўнеры?

Маліліся, дарэчы, усе. Хто з адчаем, хто з надзеяй, той-сёй дужа горача, пры гэтым паглядаючы на іншых пагардліва: мусіць, упэўненыя ў сваёй невінаватасці і хуткім вылучэнні з шэрага нявартых злачынцаў. Лёднік шыбуе, нібы каралеўскую дзіду праглынуў, у белым прасцірадле падобны да суворага старасвецкага прарока. Карусь набычаны, рукі сціснутыя ў кулакі. Так проста не дасца. Саламон з адсланёным выглядам шукае ў паветры нябачныя сферы.

Жаўнеры, гайдукі, арбалеты, пісталеты… Вязні — як прусакі на абрусе. Дый ніхто з удзельнікаў таямнічай гульні Святога Пятра не парываецца здабыць волю. Нават звераватага выгляду малойчыкі з перабітымі насамі жагнаюцца ды не страляюць вачыма ў пошуках магчымых шляхоў адыходу, як у такой публікі прынята. Можа, нічога страшнага не адбудзецца? Ці мала якіх рытуалаў-цырымоній давялося пабачыць… Помніцца, у Дракошчыне, які мусіць быць не так далёка адсюль, Пранціш па маладосці забіў сапраўднага цмока, якога месцічы трымалі ў сутарэннях гарадской ратушы… Запэўнівалі, што пачвара зжырае прынесеных у ахвяру дзяўчат. А пасля высветлілася, што старога яшчара адмыслова злавілі ў балотах, каб завабліваць гасцей на кірмаш, а цмокава «ахвяра» ўсяго толькі аддавала вяночак для ўпрыгажэння цмокавай пячоры… Можа, і тут якое бясшкоднае спаборніцтва з застрашлівымі дэкарацыямі?

Гэх, дзе ж верны Гіпацэнтаўр, прадзедава шабля?

Зблізу на пляцоўцы, куды іх прывялі, убачылася нешта дзіўнае… Выкладзеныя з укапаных у зямлю камянёў кругі. Глыжы вытыркаліся дзесь на даланю над паверхняй, іх шэрагі закручваліся спіраллю. Пранціш прыгледзеўся: не проста кола ў коле, нагадвае лабірынт… У дзяцінстве з задавальненнем пабегаў бы па гэтых дарожках…

А мандаліншчык-студыёзус з напарнікам працягваў занудную баладу. Доктар паспрачаўся са Смерцю на жыцці параненых, што заб’е дужага ды ўзброенага забойцу. Марадзёр, аднак, доктара тут жа прырэзаў...

Ды Смерць прастагнала ў роспачы: «Усё-ткі ён перамог! —

Забойца над мёртвым доктарам нічога ўцяміць не мог.

А потым яму зблажэла так, як молатам па ілбе.

Ён бачыў, што хоць нязначная, крывавіць рана ў цябе.

Калі б на лязо не кінуўся — цябе б ён уратаваў! —

Ну што, у мяне пабачымся. Без вас дастаткова спраў».

У ролі самаахвярнага доктара так і ўяўляўся Лёднік.

«Туман адпаўзаў ад выжылых, нібы вялізны павук.

Вучы ж, мой брат, анатомію — карыснейшую з навук!»

— Загарлалі студыёзусы на два галасы мараль балады, і, каб не напружанасць сітуацыі, можна было б пасмяяцца.

Музыкі яшчэ раз прагарлалі з асаблівым стараннем:

— Вучы ж, мой брат, анатомію — карыснейшая з навук! — і пабеглі збіраць манеты з удзячных, а збольшага няўдзячных, слухачоў. Што ж, дзеўцы — вяселле, а карове — смерць.

Раптам усе сціхлі, выйшаў чалавек у біскупскім адзенні. Ого, цырымонія не з шараговых… Пасля малітвы біскуп з пачуццём прамовіў наконт таго, што Гасподзь заўсёды аддзеліць грэшнікаў ад бязвінных, расказаў прыпавесць, як Святы Пётра падарожнічаў на караблі, і, каб суцішыць буру, падарожныя мусілі кідаць жэрабя, і каму не пашанцавала, таго аддавалі хвалям…

Пасля выявілася, што выратаваліся ўсе пачцівыя хрысціяне, а юдэі, паганцы, злачынцы згінулі.

Вырвіч не мог прыпомніць такога эпізоду з Бібліі… Але сэнс быў уцямны. Саламон сустрэўся горкім позіркам з падкаморым: маўляў, бачыш, мне не выбрацца.

Сорак чалавек змусілі выстраіцца вакол першага круга. Стаялі шчыльна, амаль плячо да пляча.

— З кожным ударам звона ўдзельнік гульні мусіць зрабіць крок наперад,

у         наступны круг, ад каменя, ля якога стаіць, да іншага каменя.

Дзіўна, але ў голасе мажнога вусача, што кіраваў цырымоніяй, чулася сапраўднае хваляванне — мусіць, рытуал вельмі шанавалі.

— Нагадваю: нельга штурхацца, мяняцца з кімсьці месцамі, сыходзіць са свайго шляху, рабіць больш аднаго кроку, спрабаваць сысці з кола. Крычаць таксама забаронена. Кожны, хто паспрабуе так зрабіць, будзе адразу прызнаны вінаватым. Той, хто дойдзе да цэнтра лабірынта, выратуецца!

Пранціш нават дазволіў сабе скептычную ўсмешку. Усяго толькі? Ну й дурні.

Зараз жа і ўдарыў звон — яго прымацавалі на галіну адной з соснаў. Вырвіч азірнуўся на змрочнага Лёдніка і зрабіў крок, дакладней, палову кроку — адлегласць паміж кругамі была невялікай… І ўсвядоміў, у чым сэнс гульні Святога Пятра. Кожны круг меншы за папярэдні. Камусьці з гульцоў проста няма куды ступіць наперад, і не мела значэння, хто каго апярэдзіць, бо незаўважныя здаля дарожкі, якія віліся да цэнтра і па якім належала ісці, таксама былі лабірынтамі.

Гэты хтосьці адразу і выявіўся… Той, каго Пранціш палічыў купчынай. Таўстун дарэмна спрабаваў ушчаміцца паміж бабулькай і тыпусам з паламаным носам. Яго падхапілі пад рукі — вось тут купчына залямантаваў пра сваю недатычнасць да патрушчанага шкла ў прададзеным ім меху солі — і павалаклі на адхон пад ухвальныя крыкі публікі…

Да лямантуючага наблізіўся каржакаваты волат з такімі рукамі, што ў кагосьці сцёгны танчэйшыя. Ваўняная шапачка на лысай галаве здавалася недарэчна маленькай. З аднаго боку да гандляра соллю са шклом падскочыў мніх, тыцнуў яму ў вусны крыж, затым волат у ваўнянай шапачцы абхапіў далонямі галаву купчыны, павярнуў… Пранцішу падалося, што ён чуе агідны гук пераламаных пазванкоў. А потым — плёх — цела паляцела ў рэчку. Усе перахрысціліся, той-сёй з гледачоў неахвотна палез за кашальком — мусіць, не на таго паставіў…

Самая распаўсюджаная стаўка ў свеце — чужыя жыцці.

Менскаму падкамораму здавалася, што ён бачыць страшны сон… Перапіў такайскага, бывае… Збляднелы Лёднік трывожна азірнуўся на Каруся, які апынуўся побач з ім.

— Шаноўны, вы не ведаеце, колькі чалавек дойдуць да цэнтра круга? — шэптам папытаўся Вырвіч у суседа, прыгорбленага ды худога спадара, вузкія вусны якога хваравіта ссінелі. Той нават вачэй ашклянелых не перавёў на цікаўніка.

— Двое.

Што? Двое з сарака? Выходзіць, з іх кампаніі нават пры найвялікшым шанцаванні палова не ацалее?

Пранціш адчайна падаваў знакі Бутрыму, але той, мусіць, і сам усё вылічыў, мяркуючы па гнеўным выглядзе.

І зноў ударыў звон.

На гэты раз не пашчасціла адразу дваім — хлапцу ў лахманах і суседу Вырвіча з сінімі вуснамі. Сусед дык толькі яшчэ больш прыгорбіўся і пакорліва пайшоў да месца пакарання, не раўнуючы баранчык. А малады злодзей лаяўся на трох мовах, пакуль валаклі на страту, кляў ды кляў ненавісны гарадок… Схітрыўся нават ката за палец укусіць…

Плёх… Яшчэ двое выбылі з гульні.

Чаіцы кружлялі над смяротным лабірынтам усё хутчэй і ніжэй, быццам замаскаваныя вароны, ласыя да паху смерці.

Вырвіч азірнуўся на публіку — пухлявы, багата апрануты хлапец, не старэйшы за таго, каго зараз скінулі з пераламанай шыяй у хвалі, прагна закусваў хвалюючае відовішча піражком.

Зноў удар звона… Крык паскудных белых птахаў…

Цяпер не пашанцавала траім. Здаровы мужык, падобны да палыселага бабра, штурхануў плячом кабету з ружанцам і спрытна стаў на яе месца.

Вусач-кіроўца зараз жа падаў знак, і спрытнюгу павалаклі на адхон… Дакладней, панеслі за рукі, за ногі, бо адбіваўся.

Хрусь… Плёх…

А на тварах ацалелых палёгка, амаль шчасце. Трэба на нешта наважвацца… Звон.

Цяпер, відаць, з лабірынта забяруць адразу чацвярых…

Карусь застыў на месцы… Лясному дзікуну не было куды ступіць. Хлопец

пастараўся не выказаць страху, толькі выпрастаў спіну ды сціснуў кулакі…

І раптам падаўся наперад ад моцнага штуршка Лёдніка, які паставіў слугу на сваё месца.

А Карусь пасля імгнення разгубленасці павярнуўся ды тузануў гаспадара за плячо:

— Ты што творыш, пан! Табе яшчэ дачку вызваляць!

Напэўна, відовішча было смешнае, балаганнае — старэйшы ды малодшы ўпарта не давалі адзін аднаму сябе ратаваць.

А вось і карнікі падбягаюць… Схапілі абодвух. Дакладней, паспрабавалі схапіць — Бутрым прыгнуўся, як рысь, кінуўся наперад і няўлоўным ударам адправіў на зямлю здаравучага мужыка, узброенага дручком. Той відавочна не займаўся ні з адным старым кітайцам, знаўцам баявога майстэрства, як у свой час Полацкі Фаўст. Таму вельмі здзівіўся, калі дручок выпаў са знямелай рукі, падбітай пад локаць, а перад вачыма загайдалася неба з белымі чайкамі. Карусь падхапіў дручок і счапіўся з другім наглядчыкам… Ну і падкаморы менскі далучыўся да бойкі, канчаткова парушыўшы ход гульні. Ён не ўмеў перці з голымі рукамі супраць зброі, як Бутрым, але і наглядчыкі не мелі ні шабляў, ні пісталетаў, толькі свае дзеравяшкі — відаць, лічылася, што забіваць гульцоў трэба згодна рытуалу. Так што дрэўка ад харугвы таксама сышло за зброю…

Вядома, усё было ад адчаю… Можна падумаць, за стагоддзі ў гэтым фальшывым Іерыхоне ніхто не спрабаваў вызваліцца, учыніўшы бойку. Гледачы толькі прыемна ажывіліся, зноў заблішчэлі манеты, і сур’ёзна ўзброеныя жаўнеры, а іх прысутнічала, можа, з сотню, не спяшаліся ўмяшацца... Толькі аднаму з вязняў, якому, скарыстаўшыся тлумам, удалося адбегчыся трохі далей, усадзілі ў спіну некалькі арбалетных балтоў — відаць, выхад за межы пляцоўкі даваў дазвол на хуткі прысуд. А яшчэ адзін з адчайным крыкам разбегся ды сам сігануў з адхону.

Пранцішу неяк было не да лёсу патэнцыйнага тапельца. Але наўрад той выжыў — два жаўнеры зірнулі ўніз ды спакойна адышліся.

Урэшце войт Кішка махнуў рукой, зноў ударыў звон, і на вязняў ашчэрыліся арбалеты, злосна зірнулі рулі. Безнадзейная бойка сціхала. Карусь з цяжкасцю спрабаваў узняцца, Лёднік стаяў над ім, гатовы прыкласці кожнага, хто наблізіцца да ягонага слугі.

— Усе, хто не вернецца на свае месцы, будуць лічыцца вінаватымі, — гучна прамовіў біскуп, але банда Чорнага Доктара не спяшалася выконваць загад. Паміраць, дык з гонарам. Aut sors, aut mors[1].

— Дзікуны! — пагардліва прагучаў голас за спінай. Саламон, які прадказальна не біўся, але стаяў ды зацята маліўся, таксама далучыўся да кампаніі бунтаўнікоў. — Няма мяжы чалавечай жорсткасці, ёсць мяжа чалавечаму цярпенню.

Знайшоў калі філасофію плесці.

— Я патрабую справядлівага суда паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага, права шляхціца — звярнуцца да каралеўскага трыбунала!

Крыкі Вырвіча, трохі невыразныя з-за пашкоджанай сківіцы, выклікалі дружны смех. Каб вы жалезным гарохам плакалі!

Біскуп і войт пачалі аб нечым шаптацца, да іх падышлі кат і вусач. Пэўна, вырашаюць, каго зараз забіваць.

Пранціш азірнуўся: удзельнікі гульні Святога Пятра пакорліва стаялі

ў         коле, прагна пазіраючы ў цэнтр, на невялікую выратавальную пляцоўку. Ну так, зараз адразу некалькі канкурэнтаў выбыла, шанцы ацалець павялічваюцца.

Няўжо вось ён, недарэчны канец?

Чаіцы кружлялі над галавамі, ці аплакваючы, ці насміхаючыся… Усё гучней ды гучней…

Вырвіч задраў галаву: а-ёй, птаства як машкаты! І круцяцца, як расцярушаныя зёлкі ў шклянцы, калі памешваць лыжкай.

Чайкі накручвалі кругі ўсё хутчэй, бы навязаныя на нябачныя ніткі, зніжаліся… Паветраны карагод усё большаў, гусцеў. Нарэшце і іншыя людцы заўважылі няладнае. Паказвалі пальцамі… Палохацца не спяшаліся: каб вароны ці крумкачы — дык хтось загарлаў бы ўжо пра д’ябальшчыну. Чаіцы, канешне, не галубы, але ж белыя, нячысцікаў не нагадваюць.

Раптам адзін з варты загарлаў, замахаў рукамі: божая птушка на ўсёй хуткасці ўрэзалася яму ў твар і, падобна, пацэліла дзюбай у вока. Няшчасны дарэмна спрабаваў адарваць ад сябе ашалелую істоту, паваліўся на зямлю… Зараз жа пачуўся яшчэ адзін крык болю і яшчэ… Чайкі, аж паветра свістала, кідаліся на людзей, іх моцныя дзюбы захрасалі ў плоці, прабівалі каптаны і жупаны, кіпці драпаліся, як нажы. Лілася кроў. Біскуп спрабаваў быў адмахвацца штандарам з выявай святога Пятра — але з чаек верніцы былі ніякія.

Каб прыдумаў хто, як рабіць рухомыя карціны, дык абавязкова такую трэба было б стварыць тут і назваць «Птушкі».

Хутка Іерыхон апусцеў — толькі двое ўдзельнікаў гульні, кабета з ружанцам і падлетак, стаялі на каленях у цэнтры праклятага каменнага лабірынта і маліліся. Іх чамусьці птушкі не чапалі. Як і банду Чорнага Доктара.

Зрэшты, банда на месцы не стаяла… Далі лататы, зрываючы з сябе белыя накідкі смяротнікаў. Але варта было адбегчыся пад сосны…

— Пан Баўтрамей! Карусёк! Радасны Сцяцко пераняў уцекачоў.

— Хадземце да коней! Толькі… паніча забяром… Сцяцко кінуў палахлівы погляд убок.

А вось і ён, птушыны (і пацучыны) уладар. Алесь Лёднік нерухома стаяў

пад каржакаватай сасною і не адрываў немігучага цёмнага пагляду ад неба. Звычайны малады хударлявы шляхцюк з трохі дзюбатым носам, у сціплым дарожным строі.

Але падкаморы Вырвіч не наважыўся яго гукнуць.

Гэта зрабіў Баўтрамей, асцярожна абняўшы за плечы.

— Сынок, родны, усё… Хопіць… Перасілішся…

Алесь нібыта прачнуўся — і абсунуўся, каб не бацька — паваліўся б на зямлю.

Бутрым зараз жа ўскінуў яго на плячо.

— Рушылі!

Пранціш усё-ткі азірнуўся, бо быў нічым не лепшы ад біблейскай жонкі Лота, якая з-за цікаўнасці ператварылася ў саляны слуп.

Вырвіч слупам не застыў… Хаця, можа, і падставы былі. Птахі болей не кружлялі над фальшывым Іерыхонам, толькі іх мёртвыя цельцы святлелі на зямлі, і людзі ляжалі там-сям, занурыўшыся тварамі ў кволую траўку і прыкрываючы рукамі галовы, хто енчыў, хто маліўся…

Калі ад’ехаліся падалей па лясной дарозе — ніхто і не думаў іх даганяць, відаць, страху нагнала нябёснае войска на аматараў гульні Святога Пятра — Лёднік загадаў спыніцца. На прыветнай палянцы, белай ад кветачак кураслепу, ён заняўся сынам, які ўсё яшчэ не апрытомнеў.

Між тым Саламон дастаў з-за пазухі запаветныя рукапісы і пяшчотна гладзіў старонкі. А Пранціш з радасцю пачаў разбіраць уласныя дарожныя куфры, пакінутыя ў карчме, — верны Сцяцко прыгледзеў за дабром гаспадароў. А вось і Гіпацэнтаўр!

Сцяцко з гонарам падкруціў чорны вус.

— Карчмар, зладзюга, прыўлашчыў быў шаблі паноў, цяпер у яго на два зубы менш.

Пранціш дастаў з похваў клінок, які два стагоддзі паілі варожай крывёю Вырвічы, пачціва пацалаваў.

Побач пачуўся стогн. Алесь Лёднік, паціраючы лоб, прыўзнімаўся з прымятых белых кветачак, названых па-вучонаму анемонамі, альбо дочкамі ветру, Чорны Доктар падтрымліваў сына за плечы.

— Як ты наважыўся? Гэта вельмі небяспечна… І… грэх…

Венскі механік усеўся, страсянуўшы галавой, якая, відаць, балела нялітасціва.

— А што было рабіць? Я ж за вамі ніяк угнацца не мог… Некалькі разоў след губляў. Тут пачуў, як два бэйбусы жаліліся адзін аднаму, што грошай няма заплаціць, каб гульню Святога Пятра паглядзець, а ў карчме апошніх неабходных для Божага суда злачынцаў схапілі... Ведзьмакоў. Ну, дзе чараўніцтва, там Лёднікі, — хмыкнуў Алесь. — Я ў карчму... А там хтось у каморы лаецца на ўкраінскай мове ды дзверы спрабуе выламаць. Сцяцка вызваліў… Сюды дабраліся… Сам не верыў, што змагу…

Апошнія словы хлопец прамовіў, зноў трацячы прытомнасць. Карусь перасіліў сябе — да маладога пана ці баяўся, ці грэбаваў набліжацца, і хуценька сунуў яму пад галаву сваю скручаную світку. Ну дык нават Пранцішу было непамысна ад усведамлення таго, што нядаўна ўчыніў доктараў сын.

Саламон заўважыў насцярожаныя позіркі на паніча.

— Гэта вы дарэмна, пан Франтасій. Амаль усё, што прымаюць за чарадзейства, мае цалкам навуковае тлумачэнне. Можа, якому дзікуну падасца чарадзействам сакалінае паляванне... Ці мядзведзі князя Радзівіла, якія слугуюць замест лёкаяў.

Светлыя вочы філосафа ўпарта бліснулі.

— У маленстве я знайшоў у бацькавай шафе трактат па астраноміі Давыда Ганса. Чытаў па начах, крадма, пры агеньчыку лучыны, бо бацька хацеў, каб я раскрываў толькі Талмуд. Я сплёў з лазы армілярную сферу, што паказвае рухі планет… Дык мая бабуля, угледзеўшы, вырашыла, што я займаюся чорнай магіяй. Гвалту было…

Вырвіч хмыкнуў, але сам прыпомніў, як ягоны Яначка, старэйшы сынок,

у пяць гадоў схітрыўся сцягнуць бацькаў пісталет італьянскага вырабу ды зарадзіў яго па ўсіх правілах. І яны з Дамінікай стаялі ўнізе лесвіцы, што вяла на другі паверх, і ўгаворвалі вісуса пакласці цікавую цацку, а той на верхняй пляцоўцы размахваў забаўкай і сцвярджаў, што ён сапраўдны шляхціц і зараз пойдзе і ўпалюе тую лісіцу, якая задрала ўначы іхняга фазана… І пісталет стрэліў… На шчасце, толькі ў партрэт Пранцішава цесця, пана Гараўскага, якога Дамініка адлюстравала для вечнасці ў турэцкім строі і з кальянам. Дзірку ў намаляваным турбане Дамініка пасля сама заклеіла і выявіла там паўлінавае пяро, як сапраўднае.

І Пранціш употай ганарыўся, што пасля першага стрэлу ягоны спадчыннік не выпусціў пісталет, нягледзячы на аддачу. А стрэліў яшчэ разок, на гэты раз прыцэліўшыся. І падараваў бясслаўны канец кітайскай вазе, распісанай сінімі цмокамі.

Пасля тлумачыў — раз усё адно лупцоўкі не пазбегнуць, дык хоць пастраляць у ахвоту. Мудры сынок расце. Як бацька.

Між тым Баўтрамей спехам перабіраў змесціва сваёй валізкі, шукаючы патрэбныя мікстуры. Знайшоў, рушыў да сына…

Што змусіла Пранціша крыкнуць «Ляж!» — нячутны гук, няўлоўны рух? Калі часта бываў на полі бойкі, з’яўляецца такая вось нечалавечая чуйнасць…

Бутрым таксама паваяваў. Таму кінуўся на зямлю, не перапытваючы і не азіраючыся. Над ім прасвістала бліскучая кароткая страла, уторкнулася ў зямлю амаль цалкам. Сэрца працяла б наскрозь.

Доктар імгненна перакаціўся ўбок… Туды, дзе ён толькі што ляжаў, уторкнулася яшчэ адна страла.

Вырвіч схапіў адзіны зараджаны пісталет і, прыгінаючыся, кінуўся туды, адкуль, верагодна, стралялі. Карусь і Сцяцко, ламаючы кустоўе, беглі за падкаморым.

Нікога. Дарэмна азіраліся, прыслухоўваліся, паглядалі на дрэвы, абшуквалі зарасці.

— Чорная Меланхолія, — працадзіў праз зубы Лёднік.

А        мясцовыя птушачкі, якім не прыходзіла ў іх птушыныя галовы кідацца на двухногіх пачвар, шчабяталі і праўда падобнае да «А ў лядзе, лядзе мужык сала пек-пек-пек»…

Заставацца на месцы было непамысна — у кожным перапляценні галля, яшчэ амаль голага, мсціліся бяздонныя вочы забойцы. З належнай асцярогай перасунуліся трохі далей, на пагорак, з якога добра праглядалася прастора.

— Галоўнае, Бутрым, меней вытыркайся, хавайся за што-небудзь, — толькі мог параіць Пранціш.

Бо як далей ратаваць раскаянага алхіміка? У жалезныя латы закаваць? Ды хто ведае тую Чорную Меланхолію — і праз латы дабярэцца. Чума, карацей.

Саламон крануў за плячо Лёдніка, які прытуліўся да дрэва і тужліва паглядаў на сына.

— Вам, пан доктар, таксама не перашкодзіла б сур’ёзна заняцца Кабалой... Каб рабіцца нябачным. А то не ведаю, ці яшчэ сустрэнемся на гэтым свеце... Зноў разыходзяцца нашы шляхі.

Бутрым кіўнуў галавой.

— У Берлін усё-ткі сабраўся... Але ўзваж добра, Саламоне, ці медыцына — тваё пакліканне? Як практык і прафесар, магу выказаць меркаванне, што — не. Ты занадта нецярплівы. І хутка спыняешся на выснове, якая здаецца табе адзіна слушнай.

Майман натапырыўся як вожык.

— Паспрабую абвергнуць словы пана тым, што ўсё-ткі здабуду залаты ланцуг на шыю. А пакуль...

Саламон дастаў з-за пазухі запаветны рукапіс, аддзяліў некалькі старонак.

— У палацы ў Опсе жыве мой даўні знаёмца, Ёсель Бярковіч. Мы некалі разам у Нясвіжы штудзіравалі таемныя навукі...

Саламон зрабіў пальцамі левай рукі нейкі знак у паветры, які Пранцішу ні аб чым не сказаў, ну а Лёднік пасуровеў: таемнымі ведамі таксама быў наладаваны.

— Ёсель прасунуўся далей за мяне, — з адценнем зайздрасці працягваў Майман. — Але спакусіўся залатым пернікам, згадзіўся навучаць графа Мануцы. Граф махляр, чалавек бессаромны і жорсткі… Але і ў самага лепшага махляра заўсёды ёсць слабасць. Мануцы марыць пра філасофскі камень, алхімічныя мудрасці... Вось Ёсель у яго за хатняга алхіміка. Дурыць галаву італьянцу, грошы выманьвае. То прывіда ў шкляным шары пакажа, то чырвоных духаў з колбы. Ёсель і мне прапаноўваў графа паскубці — той аж млее ад усялякіх таемных ведаў ды здольнасцей. Я адмовіўся.

— Правільна зрабіў… — Бутрым зусім спахмурнеў. — Я калісь насёрбаўся тых алхімічных спраў. Пісаў Альберт Вялікі: «Трэба быць вельмі асцярожным, асабліва тады, калі працуеш на вачах у тваіх гаспадароў. Дзве бяды падсцерагаюць цябе. Калі табе даручаная золаташукальніцкая справа, яны не перастануць мучыць цябе роспытамі: «Ну, майстра! Як ідуць твае справы? Калі, нарэшце, мы атрымаем прыстойны вынік?» І, не дачакаўшыся заканчэння працы, яны пачнуць усяляк здзекавацца з цябе. У выніку цябе спасцігнуць вялікае расчараванне і вялікія беды. Калі ж, наадварот, ты будзеш мець поспех, яны пастараюцца затрымаць цябе ў палоне, дзе ты будзеш працаваць ім на карысць, не маючы магчымасці сысці».

— Так і ёсць, — кіўнуў Саламон. — Але прыяцель мой упэўнены, што з ім нічога падобнага не здарыцца. А на гэтых старонках… — Саламон патрос аркушамі з рукапісу, — рашэнне адной хітрай задачкі, над якой мы разам з Ёселем калісьці біліся, і ён так і не рашыў. І дасюль не рашыў, я дакладна ведаю, — у голасе вандроўнага філосафа гучала сапраўдная гордасць. — Іначай не спакушаў бы мяне графскімі грашыма ў спадзеве, што я аддзячу разгадкай таямніцы. Ёсель за гэтыя аркушы душу закладзе, калі яна ў яго, вядома, засталася.

Вырвіч зірнуў з цікавасці: не, не матэматыка. Нейкія значкі незразумелыя.

Лёднік узяў аркушы, нібыта вагаючыся.

— Палінгенезіс… Яшчэ адзін міф…

— Перавёў зашыфраваную старонку з трактата Аўраама бен Эзры, — з гонарам паведаміў Саламон. — Ніхто б не змог! А я змог! Я ўсе мовы адчуваю, калісь чытаць на нямецкай вывучыўся з дапамогай пагінацый, пазначэнняў старонак — бацька забараняў ведаць мовы, акрамя габрэйскай.

Вырвіч хацеў удакладніць наконт палінгенезісу і падазронага бен Эзры… Але тут застагнаў Алесь і Бутрым кінуўся да сына.

Маладзён прыўзняўся, выпіў бацькаву мікстуру. Патрос галавой. Расцёр вушы, шчокі, нібыта абмарозіўся. Азірнуўся навокал… Неяк разгублена.

— Не чую…

— Нешта са слыхам? — Лёднік суправадзіў занепакоенае пытанне жэстамі. Алесь заматаў галавою.

— Не, звычайны слых застаўся. Я больш не чую… істот…

Запнуўся, шукаючы словы.

— Я… заўсёды адчуваў, калі побач ёсць якая птушка ці звярок… Не магу патлумачыць як. Але калі засяроджуся — мог зразумець іх пачуцці. Голад, страх… Мог як бы… пачапіць звера на нейкую нябачную нітку... А цяпер…

Алесь яшчэ раз азірнуўся.

— Пуста… Ціха… Хаця вось яны, птушкі…

Лёднік і Вырвіч сустрэліся позіркамі… Ясна, перасіліўся маг-пачатковец, кіруючы такім вялізным птаствам.

— Можа, яно і да лепшага, сынок, — мякка прамовіў Бутрым. — Ты і без таго валодаеш выбітнымі талентамі. А гэта… таемнае… грахоўнае… — пацёр лоб, прыкрашаны амаль ужо незаўважным шнарам. — Давай памолімся святому Кіпрыяну, які таксама быў вызвалены ад чарадзейскае спакусы.

І Вырвіч шчыра парадаваўся за малодшага Лёдніка. Не належыць чалавеку і добраму хрысціяніну ўмець тое, што Алесь сёння ўчыніў.

Але каб не ўчыніў, ды перабілі трыццаць восем удзельнікаў гульні Святога Пятра з бандай Чорнага Доктара разам? Ці правільней было б?

Вырвіч падумаў, перажагнаўся і вырашыў, што адказу не ведае.

Цалкам раман чытайце ў «Полымі» №№ 8-10.

 

[1] Або ўдача, або смерць (лац.).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.