Вы тут

Калі трэба дзіцяці даваць кішэнныя грошы?


А вы даяце свайму дзiцяцi кiшэнныя грошы? З аднаго боку, уласныя матэрыяльныя сродкi — важны элемент сталення, дзякуючы якому дзiця пазнае цану грашам i вучыцца правiльна iмi карыстацца, а ў вынiку — прымаць самастойныя рашэннi. З другога — тут непазбежна ўзнiкае мноства пытанняў.

З якога ўзросту даваць кiшэнныя грошы дзiцяцi? Колькi даваць i як часта? Цi «плацiць» за дапамогу ў дамашнiх справах i добрыя адзнакi? I нарэшце — а калi яно ў адзiн дзень спусцiць вашы «кроўныя», выдадзеныя яму на месяц, на ўсю гэтую мiлую дзiцячаму сэрцу лухту, якой сёння шмат у вiтрынах крам?.. Спусцiць абавязкова — i, магчыма, нават не адзiн раз. Але кiшэнныя грошы дзiцяцi ўсё ж патрэбныя. Таму давайце разбiрацца.

Пачнём з таго, што ж такое кiшэнныя грошы. Гэта не грошы на праезд, не грошы на харчаванне, не грошы на падручнiкi i дапаможнiкi, не грошы на экскурсii i не грошы на дадатковае навучанне — курсы, студыi i секцыi. Гэта менавiта тыя сродкi, якiя дзiця можа трацiць як хоча.

Не рана i не позна

З якога ўзросту iх павiнен мець маленькi чалавек? Гэта заўсёды iндывiдуальна. Псiхолагi звычайна раяць даваць дзiцяцi кiшэнныя грошы ўжо ў малодшай школе. Але i шасцiгадовы «выпускнiк» дзiцячага садка можа быць гатовы мець кiшэнныя грошы. У той жа час некаторыя «першаклашкi» могуць быць да гэтага яшчэ не падрыхтаваныя.

— Крытэрый просты: дзiця павiнна ўмець само купляць у краме (хай нават мама цi тата стаіць побач з iм). Калi малое ўмее падысцi да касы з абраным таварам, не забывае забраць рэшту i можа яе палiчыць, яму пара мець кiшэнныя грошы, — адзначае псiхолаг Кацярына Алёхiна. — Яшчэ лепш, калi яно ўжо настолькi дасведчанае, што можа даць разумны адказ на пытанне, на што збiраецца выдаткаваць выдадзеную яму суму.

Карэкцiраваць адказ фразамi накшталт «Ой, ды не патрэбна табе ўсё гэта!» — не варта. Гэта грошы дзiцяцi, i яно мае права iмi распараджацца. Але малое павiнна разумець: калi яно патрацiць усе грошы, разлiчаныя на пэўны прамежак часу, яму прыйдзецца чакаць наступнай «палучкi» ад бацькоў.

Ганна, мама дваiх дзяцей:

— Наша сям'я — з вельмi сярэднiм дастаткам, грошы дастаюцца нялёгка. Асабiста мне складаней за ўсё было прыняць тое, што выдадзеныя кiшэнныя грошы мой сямiгадовы сын можа патрацiць на ўсе гэтыя «рознакаляровыя соплi», «лiпучкi», жавальны мармелад у выглядзе чарвячкоў i iншую драбязу. I сапраўды, некалькi разоў такое бывала. Але я падумала: хай лепш ён здзейснiць усе гэтыя памылкi зараз, чым у дарослым узросце, калi неапраўданыя выдаткi i звычка «жыць не па сродках» прывядуць да сур'ёзных жыццёвых праблем — крэдытаў i пазык. Галоўнае ў дадзеным выпадку — не «дадаваць» раней за ўстаноўлены час грошы наўзамен патрачаных. Тут трэба праявiць цвёрдасць.

Частата i аб'ём

Як часта трэба выдаваць дзiцяцi кiшэнныя грошы — яшчэ адно важнае пытанне. Псiхолагi раяць на пачатковым этапе асваення малым «фiнансавай адукацыi» выдаваць грошы часта i невялiкiмi сумамi. У малодшай школе — раз на тыдзень, пяцiкласнiкам — раз на два тыднi. А пачынаючы з 12—13 гадоў — раз у месяц, адразу ўсю ўстаноўленую на месяц суму.

— Тэрмiны i частату выдачы кiшэнных грошай лепш абмеркаваць i ўстанавiць разам з дзiцем, — раiць Кацярына Алёхiна. — I потым дакладна прытрымлiвацца гэтага графiка. Так дзiця асвоiць навуку планавання сваiх выдаткаў. Калi ж дадаваць грошы ў пазаўрочны час, разуменне, што сродкi заўсёды абмежаваныя i трэба трацiць iх з розумам, прыйдзе да дзiцяцi пазней — магчыма, толькi ў дарослым узросце, калi жыццёвыя «ўрокi» ўжо значна больш сур'ёзныя, чым у дзяцiнстве.

Якую суму даваць дзiцяцi на месяц? Тут дакладных рэкамендацый, напэўна, быць не можа — усё залежыць ад бюджэту сям'i. Грошай не павiнна быць зашмат, iнакш губляецца сэнс — навучанне дзiцяцi карыстанню фiнансамi. З iншага боку, занадта маленькая сума, на якую немагчыма «надазваляць» сабе нiякiх радасцяў, гэта, вядома, таксама не варыянт. Арыентуйцеся на тое, якую суму вы не будзеце вельмi моцна шкадаваць, калi дзiця проста згубiць кашалёк — а такое магчыма, асаблiва калi гэта малодшы школьнiк.

А вось у шматлiкiх еўрапейскiх краiнах на гэты конт iснуюць выразныя правiлы. Напрыклад, у Германii ўпраўленне па справах непаўналетнiх выпусцiла з гэтай нагоды рэкамендацыi. Дзецям пяці гадоў у гэтых рэкамендацыях належыць выдаваць 50 еўрацэнтаў у тыдзень, падлеткам 11 гадоў — ужо 14 еўра ў месяц, а маладым людзям 16-17 гадоў — 45 еўра ў месяц. У Нiдэрландах таксама iснуе падобны дакумент. Там прапiсана, што дзiцяцi 6-8 гадоў належыць два еўра на тыдзень, дванаццацiгадовым — 20 еўра ў месяц, а юнакам i дзяўчатам 17-18 гадоў — 30 еўра на 30 дзён. Хоць, паводле апытанняў, у той жа Германii на кiшэнныя грошы сваiм дзецям бацькi звычайна выдаюць значна больш за рэкамендаваныя сумы.

Фiнансавы стымул

Дарэчы, аб пакараннi грашыма i аб заахвочваннi iмi ж. Псiхолагi не раяць «плацiць» дзiцяцi за добрыя адзнакi, а таксама за дапамогу ў дамашнiх справах. Матывацыя да вучобы павiнна быць iншай. Калi ўжо вельмi хочацца ўзнагародзiць школьнiка за дзявяткi-дзясяткi ў чвэрцi, можна купiць яму нешта, пра што ён даўно марыў. А дапамога дома — гэта абавязак кожнага з членаў сям'i, i плацiць за яе дзiцяцi таксама непедагагiчна. Але можна заплацiць сыну або дачцэ за работу, якая выконваецца членамi сям'i рэдка або пры ўдзеле спецыяльна нанятых людзей — напрыклад, дзецям можна даручыць i аплацiць мыццё машыны. Караць дзiця пазбаўленнем кiшэнных грошай за дрэнныя адзнакi або паводзiны, псiхолагi не раяць, i памяншаць устаноўленую суму з гэтай нагоды таксама не варта. Адчуванне стабiльнасцi — адна з найважнейшых умоў фармiравання ў дзiцяцi даверу да свету. Не варта яго разбураць.

Пра каштоўнасць скарбонкi

— А вось iмкненне дзiцяцi збiраць на нейкую вялiкую пакупку трэба заахвочваць. У ЗША, напрыклад, ёсць такая практыка: за кожны сзэканомлены з кiшэнных грошай долар, адпраўлены ў скарбонку, бацькi дакладваюць туды ж яшчэ адзiн — так дзiця бачыць, як працуюць банкаўскiя працэнты i iнвестыцыi, i iмкнецца разумна распараджацца сваiмi сродкамi, — адзначае суразмоўнiца.

Лепш за ўсё, кажа спецыялiст, калi скарбонка будзе празрыстая — каб можна было бачыць, як яна напаўняецца. Але бацькам вельмi важна, як бы фiнансава цяжка нi было, не браць з дзiцячай скарбонкi грошы на сямейныя выдаткi. У крайнiм выпадку дапушчальна пазычаць грошы ў дзiцяцi — але i гэта непажадана.

Сяргей, бацька траiх дзяцей:

— Часам нам з жонкай даводзiцца залазiць у скарбонку малодшага сына — але ў гэтым выпадку я выдаю яму «даўгавую распiску», дзе дакладна прапiсана сума, якую мы ўзялi, i тэрмiн, у якi я мушу яе аддаць. I свае «даўгавыя абавязацельствы» я заўсёды выконваю. Мне здаецца, гэта правiльна. Таму што да грошай, якiя дзiця збiрае на сваю мару, трэба ставiцца з павагай.

I апошняе пытанне — аб картках. Ужо малодшыя школьнiкi ў нашы днi могуць мець сваю асабiстую банкаўскую картку i ўмеюць ёю карыстацца. Многiя бацькi iдуць па гэтым шляху, таму што так прасцей кантраляваць выдаткi дзiцяцi. Але псiхолагi ўсё ж раяць пачынаць навучанне правiльна карыстацца грашыма менавiта з фiзiчных грошай — манетак i «паперак». Абмен з прадаўцом электроннымi iмпульсамi, якiя спiсваюцца з карткi, даюць дзiцяцi няправiльны пасыл: грошы з'яўляюцца нiадкуль i сыходзяць у нiкуды. А калi дзiця аддае манеты за пакупку, то бачыць, што грошай у яго становiцца менш. Толькi калi з'явiцца дакладнае ўсведамленне, што грошы трэба шанаваць i правiльна iмi распараджацца, дзiця зможа разумна карыстацца сродкамi на банкаўскай картцы. I, усвядомiўшы каштоўнасць грошай, хлопчык (або дзяўчынка) будзе матываваны ў далейшым iх зарабляць — працаваць i атрымлiваць прэстыжную i запатрабаваную адукацыю, якая прадугледжвае добрую зарплату.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.