03 снежня, чацвер

Вы тут

Агародных спраў майстры


У апошнi час стала модна мець лецiшча. Выдатна, калi захаваўся бацькоўскi дом, яшчэ лепш — калi ў iм жывуць родныя людзi. Многiя радуюцца i просценькай хатцы, якую за невялiкiя грошы набылi на нейкiм аддаленым хутарку на тым жа Палессi. Але галоўнае не гэта. Многiя падалiся на вёску не толькi дзеля таго, каб адпачыць ад гарадской мiтуснi, падсмажыць на прыродзе шашлык цi проста пачытаць кнiгу, гойдаючыся ў гамаку пасярэдзiне напоўненага птушынымi спевамамi i дзiвоснымi водарамi садка…


Усё часцей выбiраюцца далей ад горада, каб паварушыць зямельку, кiнуць у яе зярняткi агурка, бурачка, морквачкi... А потым старанна збiраюць гароднiну — без нiтратаў, а, галоўнае, вырашчаную ўласнымi рукамi. Напэўна, каб потым з задавальненнем з'есцi, кагосьцi пачаставаць (маўляў, вось якая/якi я малайчына!) альбо проста сфатаграфаваць, каб было чым здзiвiць сяброў у сацыяльных сетках.

Прызнаюся, былi такiя «персанажы» для фотасюжэтаў сёлета i ў мяне. Нешта трапiла i ў фотастужку, але ненаўмысна. Чаму б i не, скажаце? А таму, што агарод у маiм жыццi — справа звычайная, не дзеля хайпу, як цяпер прынята казаць. Нарадзiлася i вырасла ў вёсцы, таму пасябравала з градкамi з маленства. Спачатку глядзела, як шчыруюць над ураджаем бацькi, потым сама садзiла, палола i дапамагала вызваляць градкi. Мама з татам заўважалi, што ў мяне лёгкая рука, а я ж разумела, што iначай нi на якую дыскатэку можна нават не разлiчваць.

Расла я — пашыралiся i мае «агародныя» абавязкi. Пасля школьных экзаменаў праполка стала своеасаблiвым рэлаксам. Такая «разрадка» ў мяне была i пасля iнстытуцкiх будняў у Мiнску, адкуль я праз выхадныя спяшалася на радзiму. I скажу шчыра, рэдка калi мне ўсё гэта было цяжарам.

«Навошта корпацца на тых градах, марнаваць свой час, выпрабоўваць здароўе, калi сёння ўсё можна купiць?!» — абураецца мая сяброўка, калi яе матуля просiць дапамагчы выкапаць бульбу. Так-то яно так, купiць можна. Толькi навошта? Маiм бацькам, якiя прызвычаiлiся рабiць на зямлi, гэта нават уявiць складана. Мы нiколi ў жыццi не куплялi нi той бульбы, нi тых буракоў, нi нават марынаваных агуркоў. Ураджай, канешне, быў усякi, але неяк абыходзiлiся. Ратаваў «стратэгiчны запас», як любiць жартаваць мая мама. Сёння гэта вялiкая шафа-купэ, усе палiцы якой застаўлены слоiкамi з гуркамi ды памiдорамi, кампотамi ды варэннем, усялякiмi салатамi ды iншымi прысмакамi. Сучасная гаспадыня выкарыстала б гэтую немалую плошчу пад гардэробную, мая ж мацi нават слухаць не хоча аб пераносе свайго «багацця» ў падвал: усё павiнна быць пад рукой.

Сёлета яна, майстар агародных спраў, ад любiмых градак крыху была ўбаку — падвяло здароўе. Таму ўвесь клопат па пасадцы, доглядзе i зборы ўраджаю быў на мне. Не, хлушу. З палiвам дапамагаў бацька, а з усiм патроху — Цёмiк. Мой двухгадовы сынок не па карцiнках ведае, як выглядае морква, перчык цi гарбуз. Штодзень ён хадзiў з намi ў гарод, аглядаючы будучы ўраджай, i, бы той экскурсавод, расказваў, што i дзе расце. Увесну мой хлопчык дапамагаў мне кiдаць у зямлю зярняткi, улетку з задавальненнем збiраў клубнiцы, малiны ды парэчкi (праўда, што ў вядзерца, а што i ў роцiк), кiдаў у кошык агурочкi, без разбору выцягваў з зямлi морквачку, iрваў яшчэ зялёныя перчыны. Увосень маленькi памочнiк палiваў маладзенькiя клубнiчныя флянцы, якiя я толькi пасадзiла, збiраў асеннiя малiны i капаў бульбу — падбiраў, канешне, усю запар i кiдаў у свой маленькi кошычак, сплецены яшчэ маiм дзедам. Сёння ўжо са сваiм дзедам, маiм бацькам, Арцёмка выбiрае моркву: якое шчасце, калi на цябе нiхто не крычыць, калi ты выцягваеш нават малую!

Спадзяюся, калi Цёмiк вырасце, то будзе ездзiць на вёску не толькi дзеля таго, каб падсмажыць шашлык альбо пагрэцца ў лазнi. Добра будзе, калi мода на лецiшча захаваецца. Цi тут справа не ў модзе?..

Веранiка КАНЮТА

Прэв’ю: ivd.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.

Грамадства

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Пра асаблiвасцi абароны правоў дзяцей-правапарушальнiкаў (затрыманне, прымяненне мер стрымлiвання, следчыя дзеяннi) расказалi эксперты падчас аднаго з вэбiнараў, якiя сумесна з Рэспублiканскай калегiяй адвакатаў Дзiцячы фонд ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi арганiзаваў яшчэ летам. 

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.