01 снежня, аўторак

Вы тут

Прабежка, хваляванне i жах, цi Гiсторыя з'яўлення сiвых валасоў


Кажуць, дзецi — гэта радасць, але ў мяне гэтая фраза час ад часу выклiкае нервовы смех. У маiм выпадку дзецi — сукупнасць шчасця, гонару i радасцi разам з клопатам, цяжкасцямi i нервамi. Наша сям'я лiчыцца шматдзетнай, значыць, па iдэi, мае дзецi нiбыта раней за iншых становяцца самастойнымi. Згодна, але толькi i бацькi ў такiх сем'ях хутчэй становяцца сiвымi. Прывучыць дзяцей хадзiць самастойна ў школу цi гурток — сапраўдны жыццёвы хорар!


Пра тое, што мае малыя гатовы да самастойных «паходаў», звычайна паведамляюць яны самi. Старэйшая дачка стала прасiцца хадзiць адна ў школу ў другiм класе. Я сумнявалася, але вырашыла не перашкаджаць яе iмкненню. У той дзень Аляксандра была настолькi ўзрушаная тым, што я дазволiла ёй паехаць на тралейбусе два прыпынкi да школы, што прапусцiла патрэбны. Яна так расхвалявалася, што, калi паведамляла гэтую навiну па мабiльным тэлефоне, гучна расплакалася. Я так хацела iмгненна спынiцца побач з ёй, супакоiць i абняць... Сама ж пасадзiла яе ў гэты няшчасны тралейбус, добра яшчэ, што не паспела далека адысцi ад прыпынку. У той момант не хвiлiны — секунды доўжылiся вечна! Я не змагла чакаць наступнага i... пабегла! Нiколi ў жыццi я так шпарка не бегала. Хутка ўжо моцна трымала ў сваiх абдымках спалоханую дачку. Яна прасiла прабачэння, i, паверце, на наступны дзень мне было вельмi няпроста паддацца на яе ўгаворы даць ёй другi шанц. Калi пасадзiла яе ў транспарт, то не пайшла спакойна дадому, а накiравалася пешшу за тралейбусам. Супакоiлася, калi ўбачыла, як малая выйшла на патрэбным прыпынку i весела пабегла ў бок школы.

Сын мой прыкладна ў тым жа ўзросце стаў прасiцца хадзiць адзiн у басейн. У школу яму не было сэнсу хадзiць самастойна, бо заўсёды выходзiлi i iшлi з дому разам, бо побач са школай знаходзiўся садок, у якi я адводзiла яго малодшую сястру. Да басейна трэба было iсцi ад нашага дома прыкладна кiламетр. Але самае страшнае — дарога! Таму, нават калi я пагадзiлася, то вырашыла не рызыкаваць i цiхенька пайсцi за сынам, каб паглядзець цi дастаткова ён будзе ўважлiвы, пераходзячы вулiцу. Памятаю, была зiма, даволi сур'ёзны мароз. I вось бяжыць мой Мiша ў басейн прыскокам i раптам спыняецца. Некалькi хвiлiн разглядае высокую гурбу — i скача ў яе. Яму так спадабалася куляцца ў снезе, што ён ужо вырашыў не iсцi па тратуары, а так i кацiўся да самай дарогi. Я нервавалася! Было ж холадна, i ён пасля сваёй забавы, па маiм уяўленнi, увесь мокры прыйдзе ў басейн, а потым пасля трэнiроўкi апране мокрую куртку, i зноў на мароз. Да таго ж ён такiм чынам дакладна згубiць тэлефон. Ледзь стрымлiвала сябе, каб не кiнуцца да сына i не адчытаць яго за безадказнасць. Дарогу ён перайшоў выдатна: усё па правiлах i так смешна круцiў галавой на пераходзе, каб пераканацца, што ўсе машыны ўсё ж спынiлiся. У басейн з-за свайго спосабу рухацца ён спазнiўся, а па тэлефоне пераконваў мяне, што куртка сухая. Цяпер ён у нашай сям'i самы загартаваны, нiякi мароз яму не страшны.

Уля прасiлася быць самастойнай з першага класа, але я рашылася паспрабаваць адпусцiць яе лiтаральна за пару тыдняў да канца навучальнага года другога класа. Я рыхтавала яе да гэтага дня: быў абгавораны кожны крок, усе варыянты развiцця непрадказальных падзей. I вось у пэўны дзень забрала Улю з «прадлёнкi», пасадзiла ў тралейбус, а сама ў краму пайшла. Хутка адправiлася следам за ёй. Па дамове Уля павiнна была прыйсцi дадому i адразу мне патэлефанаваць, але мой апарат усё маўчаў. Я не вытрымала, стала набiраць дзiця — не адказвае! Ужо дрыжачымi рукамi набрала дамашнi нумар — i там яе не аказалася. Вось тут я даведалася, што такое панiчная атака. Зусiм не ўяўляла, што мне рабiць. Думкi i фантазii не давалi спакою: выкралi, забiлi, праехала прыпынак, па дарозе сустрэла сяброўку i пайшла ў iншы двор (яна можа!)... Выходжу з тралейбуса, галава балiць, у вушах гудзе, ногi ватныя, крокi няўпэненыя. Тэлефаную iзноў дамоў — няма! Разумею, што пара звяртацца ў мiлiцыю i раптам заўважаю бакавым зрокам знаёмую куртачку... Дзяўчынка толькi выйшла з маршруткi i збiралася пераходзiць дарогу. Першая думка — лепш сама прыб'ю, потым — спалох, — чаму з маршруткi i наогул не з боку гiмназii? Аказалася, што Уля заснула ў тралейбусе i праспала свой прыпынак. Калi прачнулася i зразумела, што адбылося, вырашыла мне не тэлефанаваць, каб я не турбавалася. Перайшла дарогу i стала чакаць свайго тралейбуса. Але хутчэй прыехала маршрутка, i яна папрасiла кiроўцу давезцi яе бясплатна, расказаўшы яму, як азалася на тым прыпынку. На званкi мае не адказвала, бо зрабiла цiхiм гудок. Дачка не выглядала напалоханай, расказвала мне гэта, як смешную гiсторыю. Канешне, у тым годзе яна больш самастойна не ездзiла. Сёння ўжо ездзiць, але ўсведамляе, што калi не пазвонiць своечасова, то на тыдзень пазбавiцца гэтай прывiлеi. Зараз са страхам паглядваю на Маланню, самую малодшую ў нашай сям'i i... трошкi нервова чакаю час iкс.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля. 

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава.