Вы тут

Лукашэнка: Я не намераны закрываць краіну. Прэзідэнт правёў нараду па сітуацыі з каранавірусам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную гатоўнасці сістэмы аховы здароўя да новага эпідэміялагічнага пад’ёму сезонных інфекцый, у тым ліку каранавіруснай.


«Відавочна, што яна зноў увайшла ў інтэнсіўную фазу распаўсюджвання, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы пра COVID-19. — Ідзе другая хваля. Частка нашых суседзяў набліжаецца па захваральнасці да пікавых вясновых узроўняў. Падобная тэндэнцыя адзначаецца ва ўсім свеце… Не застаемся ў баку і мы».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў да разгляду некалькі блокаў пытанняў.

Першы. Наколькі хутка вірус распаўсюджваецца гэтым разам? Як ідуць справы з магчымасцямі і абсталяваннем бальніц, медыцынскімі прэпаратамі, сродкамі абароны?

«Ключавое пытанне — кадры, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мне дакладаюць, нягледзячы на жорсткія бюджэтныя абмежаванні бягучага года, ужо выплачана больш за 300 мільёнаў рублёў у якасці мер падтрымкі медыцынскага персаналу, які працуе з хворымі на COVID-19. Урачоў тут ні ў якім разе крыўдзіць нельга».

Не павінна быць і перагібаў, як «зазірнуў у палату — атрымаў надбаўку», адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І справа не ў тым, што гэта бюджэтныя грошы — павінна быць справядліваcць, патлумачыў ён.

Другі блок пытанняў нарады прысвечаны папярэджанню некантраляванага ўсплёску колькасці заражаных.

«Той вопыт, які мы атрымалі, бясцэнны»

За вясновы перыяд, калі назіраўся пік захваральнасці, мы, па словах Аляксандра Лукашэнкі, напрацавалі добрую медыцынскую практыку ў барацьбе з каранавірусам.

«Той вопыт, які мы атрымалі, бясцэнны. І той шлях, які мы абралі, ён таксама сёння бясцэнны для ўсяго свету, — адзначыў ён. — Так, ніхто вам „дзякуй“ не скажа за той шлях, які мы прайшлі, за тыя метады, якімі мы лячылі нашых людзей. Што не ізалявалі, не закрывалі іх. Што мы рэкамендавалі ім быць на свежым паветры. Так, не трэба натоўпамі хадзіць... Гэта ўсім зразумела. Але людзі, пры гэтым, усіх узростаў, і перш за ўсё, старэй за 65 гадоў, павінны бываць на вуліцы».

Прэзідэнт нагадаў, што менавіта за гэта Беларусь крытыкавалі ўсе, але зараз з такім падыходам усе пагаджаюцца. Ён таксама папрасіў медыкаў не даваць бессэнсоўныя альбо невыканальныя рэкамендацыі.

«Хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю, я яе выказваю публічна: я на сённяшні дзень, як складаецца сітуацыя, не намераны ізаляваць і закрываць краіну», — заявіў Прэзідэнт.

Ён упэўнены, калі б улады гэта зрабілі вясной, эканоміка Беларусі павалілася б.

«І зноў жа, гэта не выбар паміж дрэнным і зусім дрэнным, альбо паміж дрэнным і добрым, — сказаў ён. — Жыццё перад намі не ставіць такіх праблем».

На жаль, не атрымліваецца забыць пра гэту праблему, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Хутчэй за ўсё, з ковідам прыйдзецца навучыцца жыць. І галоўнае тут — навучыцца берагчы сябе і сваіх блізкіх.

«Заставацца здаровым, не дапускаць хваробы — гэта не праблема ўрачоў і не іх галаўны боль»

«Тое, што адбываецца, скажам, зараз на вуліцах па выходных — зразумела, якія будуць наступствы. І захваральнасць у Мінску вышэй, чым у іншых рэгіёнах. Вось вынік. Я нікога не запалохваю, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — …Мы выкарыстоўваць гэта не збіраемся, каб спыніць гэтыя хаджэнні. Людзі самі зразумеюць, куды яны ўляпаліся. Каранавірус — самая небяспечная для іх хвароба, якую яны могуць атрымаць. Таму тут няма ніякай палітыкі».

Прэзідэнт падкрэсліў: "Усё ў нашых руках, каб не зваліцца ў некантраляваны эпідэміялагічны штопар. Заставацца здаровым, не дапускаць хваробы — гэта не праблема ўрачоў і не іх галаўны боль! Работа медыкаў — дапамагаць тады, калі па волі лёсу адбылося няшчасце. Усё астатняе за намі».

Нам неабходна вучыцца слухаць і строга выконваць рэкамендацыі ўрачоў, дадаў Прэзідэнт і параіў, самае малое, хаця б зрабіць прышчэпку ад грыпу і вытрымліваць правілы гігіены.

«Павінна быць разумнае сацыяльнае дыстанцыраванне, пра якое кажуць… Самае галоўнае — не перагрузіць сістэму аховы здароўя. Пакуль, па той інфармацыі, якой валодаю, у нас сітуацыя нармальная. Таму трэба, каб запас медыцынскіх ложкаў, які ў нас маецца, застаўся незадзейнічаны. Няхай яны лепш пустыя прастойваюць», — выказаў ён пажаданне.


Піневіч: Інфекцыя стала больш маладой

«Мы ўступілі ў другую эпідэміялагічную хвалю, — пацвердзіў жуналістам пасля нарады выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Пасля яўнага зніжэння захваральнасці ў ліпені-жніўні, з пачатку верасня мы ўбачылі невялікі, але дастаткова ўстойлівы трэнд па яе павышэнні».

Ён адзначыў, што гэта было чакана, бо супадае з класічным восеньска-зімовым пад’ёмам узроўню захваральнасці звычайнымі віруснымі хваробамі, таму сістэма аховы здароўя прыведзена ў больш высокую ступень падрыхтаванасці, лабараторная сетка ўжо працуе ў эпідэміялагічным рэжыме, стацыянарная — у змешаным (адбываецца планавае перапрафіляванне ложкавага фонду).

«Мы маем свой напрацаваны вопыт, у тым ліку па мабілізацыі персаналу, работы рэанімацыйных аддзяленняў, кантактнай брыгады, дапамозе навуковых кансультантаў. У нас няма зараз праблем з лекавым забеспячэннем, забеспячэннем сродкамі індывідуальнай абароны, фінансаваннем. Разам з тым мы надаем асаблівую ролю правядзенню супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў», — падкрэсліў кіраўнік міністэрства.

Гэта датычыцца арганізаваных калектываў, работы камунальных службаў, сістэм адукацыі, аховы здароўя і свядомасці саміх людзей, удакладніў ён. Размова, у прыватнасці, пра выкарыстанне масак у грамадскіх месцах.

Ён нагадаў, што асаблівую асцярожнасць у гэты час трэба захоўваць людзям старэйшага пакалення. Дзеля гэтага медыцынскія ўстановы зноў пераходзяць на дыстанцыйную выдачу рэцэптаў, урачы наведваюць пацыентаў дома.

«Але гэта датычыцца і працаздольнага ўзросту, — працягнуў выконваючы абавязкі міністра. — Мы ў гэтым не моцна адрозніваемся ад іншых краін, дзе дакладна адсочваецца, што гэта інфекцыя стала больш маладой і ахоплівае ўжо ўзрост значна больш малады, чым 65+».

Міністэрства аховы здароўя ўжо размясціла адпаведныя рэкамендацыі на сваіх інтэрнэт-рэсурсах і будзе іх дэталізаваць, паведаміў Піневіч.

Ён праінфармаваў, што прыкладна траціну насельніцтва прышчапілі ад грыпу. «Сёлета прышчэпім амаль чатыры мільёны нашых жыхароў, гэта будзе ўжо вельмі добрае ўкладанне ў зніжэнне эпідэміялагічнай захваральнасці», — дадаў Піневіч.

Па меркаванні кіраўніка міністэрства, цяперашняя дынаміка вакцынацыі сведчыць, што людзі сталі больш адказна ставіцца да свайго здароўя.

Абмежавальныя меры будуць уводзіцца кропкава

Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла эфектыўнасць абранай раней айчыннай мадэлі абмежавальных мер, пачынаючы ад перасячэння мяжы і заканчваючы транспартнымі калідорамі, заявіў Дзмітрый Піневіч. 

«Мяркуем, што захады будуць уводзіцца кропкава, — дадаў ён. — Мы маем магчымасць штодня змяняць тыя альбо іншыя меры». 

Навацыяй стане скарачэнне тэрмінаў ізаляцыі для тых, хто прыбывае з краін з небяспечнай эпідэміялагічнай абстаноўкай, і для тых, хто лічыцца кантактам першага узроўню з хворым на COVID-19, паведаміў Дзмітрый Піневіч. Гэта тлумачыцца, па яго словах, тым, што людзі, якія заразіліся, як правіла, захворваюць на сёмы дзень. Таму на дзясяты дзень, калі няма клінічных прыкмет хваробы, чалавек, які кантактаваў з хворым, ужо не нясе небяспеку перадачы інфекцыі для іншых. 

Зменяюцца і прынцыпы аднясення асоб да кантактаў першага ўзроўню, яны стануць больш дакладнымі і ўпарадкаванымі, сказаў выконваючы абавязкі міністра. 

На пытанне «Звязды» пра тое, ці вялікая рызыка паўторнага захворвання, Дзмітрый Піневіч адказаў: «Па нашых дадзеных, фарміраванне імунітэта пасля вясновай хвалі дзейнічае»

Ён лічыць, што шматлікія публікацыі пра тое, што імунітэт тых, хто перахварэў, няўстойлівы, не дастаткова пераканаўчыя. 

Што тычыцца дыстанцыйнага навучання ў школах і вышэйшых навучальных установах, то гэта павінна выкарыстоўвацца індывідуальна, дадаў Піневіч. Ён лічыць, што вясновы вопыт барацьбы з распаўсюджваннем інфекцыі ў арганізаваных калектывах і сацыяльных кругласутачных інтэрнатах у Беларусі таксама сябе добра зарэкамендаваў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.