Вы тут

Крыўда


Галіна Пшонік

 

Курыца Стракатка

Ва ўтульным цёплым куратніку жыла маладзенькая курыца Стракатка. Добра жылося Стракатцы: заўсёды ўдосталь смачнага зерня, побач руплівыя, таварыскія суседкі, і самае галоўнае — надзейная сяброўка Чубатка.

Аднаго разу прыкмеціла Чубатка побач з куратнікам тлустага ружовага чарвяка, пачала цягнуць з зямлі. Ужо і які ён смачны, уявіла, і як са Стракаткай падзеліцца, размеркавала, а чарвяк не выцягваецца ды не выцягваецца. Стамілася Чубатка, папрасіла Стракатку крыху патрымаць дзюбкай чарвяка, пакуль сама адпачне. Згадзілася Стракатка, ухапіла сваёй дзюбкай чарвяка, трымае. Неспадзявана ў другім канцы двара руды пеўнік заспяваў. Заслухалася Стракатка і — выпусціла чарвяка.

— Вось варона! — не стрымалася Чубатка.

Не стрымалася — і тут жа пашкадавала.

Папрасіла прабачэння ў Стракаткі, але не схацела дараваць Стракатка. Дзень крыўдавала, два крыўдавала, а на трэці ад крыўды вырашыла зусім збегчы з куратніка — збегчы ў Далёкі лес.

Дабегла Стракатка да Далёкага лесу, а забягаць у яго баіцца: цёмна, сыра, зямля калючая, спрэс у ігліцы. Забілася пад куст на ўзлеску і сядзіць-дрыжыць.


Варона Чарнотка

У гаманкой варанячай сям’і жыла маладзенькая варона Чарнотка. Добра жылося Чарнотцы: штодня захапляльныя прыгоды, побач — адчайныя кемлівыя сяброўкі, і самае галоўнае — надзейная прыяцелька Хвастатка.

Неяк наважылася Хвастатка ўцяпліць гняздо. І вось удача: знайшла два шматкі заечай поўсці! Адзін учапіла сама, другі даручыла даставіць у гняздо Чарнотцы. Схапіла Чарнотка шматок поўсці, паляцела хутчэй — і зачапілася ношай за галіну. Паспрабавала зняць — не здолела. Затое здолеў вецер: падзьмуў і сарваў з галіны заечую поўсць. Памкнулася наўздагон Чарнотка, але дзе ж ты вецер дагоніш!

— Ну проста курыца! — пагарачылася Хвастатка.

Пагарачылася — і тут жа пашкадавала.

Папрасіла прабачэння ў Чарноткі, але не схацела дараваць Чарнотка. Дзень крыўдавала, два крыўдавала, а на трэці ад крыўды вырашыла зусім уцячы ад своёй сям’і — уцячы ў Далёкі лес.

Даляцела Чарнотка да Далёкага лесу, а залятаць у яго баіцца: дрэвы густыя, высачэзныя, чужыя птушкі па-незнаёмаму перагукаюцца. Апусцілася на куст на ўзлеску і сядзіць-дрыжыць.

Сава Сафія

Пачула Стракатка над сабой нейкае варушэнне, яшчэ больш задрыжэла. Чарнотка праз яе дрыжыкі ледзь з куста не звалілася і ад страху пракаркала:

— Ты хто?!

— Я курыца Стракатка, — ціхенька праквохкала Стракатка. — А ты хто?

— А я варона Чарнотка, — крыху паспакайнела Чарнотка, але на ўсялякі выпадак спытала: — І што ты тут робіш?

Стракатка спярша разгубілася, ды потым палічыла, што не адказаць на пытанне будзе няветліва.

— Я пакрыўдзілася на сяброўку сваю Чубатку і вырашыла збегчы ў Далёкі лес, — чыстасардэчна прызналася яна.

— Вось цікава! — узмахнула крыламі Чарнотка. — Я таксама зляцела сюды ад крыўды на сваю сяброўку Хвастатку.

— Чым жа яна цябе пакрыўдзіла? — спагадліва пацікавілася Стракатка.

— Абазвала… курыцай, — раптам рассмяялася Чарнотка. — А цябе твая сяброўка?

— А мяне абазвала варонай! — ледзь здолела вымавіць з-за смеху Стракатка.

Ад іх вясёлага рогату нават паветра на ўзлеску закалыхалася. І невядома, колькі яшчэ працягвалася б гэтая шалёная весялосць, каб аднекуль зверху, зусім побач, не пачулася чыёсьці гучнае вухканне:

— Вух-ху-ху, сакатухі, разбудзілі заўчасна занятую птушку, вух-ху-ху!

Стракатка і Чарнотка ўзнялі ўверх свае дзюбкі і ўбачылі два вялізныя вокі ў вялізным дупле на вялізным дрэве.

— А вы хто? — спыталі яны ў адзін голас.

— Я сава Сафія, — з годнасцю прадставілася птушка і трохі буркліва дадала: — У гэтым дыхтоўным дупле мая спальня, таму мне замест таго, каб выспацца перад доўгай ноччу, давялося слухаць усю вашу балбатню. Але я не крыўдую, бо крыўдаваць з кожнай нагоды — значыць згадзіцца, што ты запальчывая і надаеш занадта вялікае значэнне дробязям. Зрэшты, мяркуючы па вашым нядаўнім рогаце, вы таксама гэта зразумелі.

— Мы яшчэ пра гэта не падумалі, — шчыра прызналіся Стракатка і Чарнотка.

— Можаце пачынаць ужо думаць, — параіла Сафія. — Тады, пэўна, за час, што будзеце дабірацца дамоў, вы дадумаецеся і да таго, што дараваць — шчасце не толькі для таго, каму даруюць, але і для таго, хто даруе.

— Мы абавязкова падумаем пра гэта, — паабяцалі вандроўніцы.

— А цяпер, пакуль сонца не схавалася за лесам, — у дарогу! — строга ўзняла магутнае крыло сава Сафія.

Сама яна зручна ўладкавалася на краі дупла і пільна сачыла за Стракаткай і Чарноткай, пакуль тыя не апынуліся на бяспечнай адлегласці ад Далёкага лесу.

Малюнак Ліліі Абразей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.