Вы тут

Як будуць рыхтаваць для медыцыны «вузкіх» спецыялістаў?


Падрыхтоўка ўрачоў у рэзідэнтуры будзе праходзіць па 63 спецыяльнасцях. Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Міністэрства аховы здароўя Вольга КАЛЮПАНАВА падчас круглага стала, прысвечанага пытанню павышэння якасці медыцынскай адукацыі, які прайшоў у прэс-цэнтры БелТА. Увядзенне ў краіне такой формы падрыхтоўкі, як рэзідэнтура, плануецца з 2023 года. Гэта замацавана ў новай рэдакцыі Закона аб ахове здароўя, якая праходзіць падрыхтоўку да другога чытання. У прыватнасці, зведае змены артыкул закона, які датычыцца клінічнай ардынатуры.


Фота bstu.by

Вырасціць прафесіянала

«Яна будзе змененая на рэзідэнтуру. Але гэта не аналаг клінічнай ардынатуры, не адно і тое ж», — адзначыла Вольга Калюпанава. Паводле яе слоў, імклівае развіццё сферы медыцынскай дапамогі патрабуе ад службаў аховы здароўя стварэння сучаснай сістэмы падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў. Гаворка ідзе аб асваенні высокатэхналагічных умяшанняў, далейшым удасканаленні і павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі з улікам сучаснага стану і перспектыў развіцця аховы здароўя, інтэграцыі з сусветнай сістэмай медыцынскай адукацыі.

Рэзідэнтура будзе накіравана на індывідуальную паслядыпломную падрыхтоўку ўрачоў-спецыялістаў, паглыбленне іх прафесійных ведаў і ўдасканаленне практычных навыкаў, асваенне перадавых медыцынскіх тэхналогій, падрыхтоўку высокакваліфікаваных канкурэнтаздольных спецыялістаў для аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі.

На сёння ў клінічнай ардынатуры вядзецца падрыхтоўка па 63 спецыяльнасцях. Мяркуецца, што яны ўсе застануцца ў рэзідэнтуры, але пры гэтым будуць прадугледжаны розныя тэрміны падрыхтоўкі. Дадзенае пытанне яшчэ абмяркоўваецца, адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення. Кожная ўстанова адукацыі будзе адказваць за пэўныя спецыяльнасці. Напрыклад, за падрыхтоўку ў галіне хірургіі, акушэрства і гінекалогіі — БелМАПА, кардыялогіі і кардыяхірургіі — РНПЦ «Кардыялогія», нейрахірургіі — РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, стаматалогіі — Віцебскі медуніверсітэт, БДМУ, транспланталогіі — БДМУ, дыягнастычных даследаванняў — Гомельскі медуніверсітэт.

У гэтым працэсе таксама будуць задзейнічаны адукацыйныя цэнтры ўсіх РНПЦ па розных кірунках. «Мы глыбока перакананыя, што кардыяхірургі, нейрахірургі, хірургі, трансплантолагі, стаматолагі высокага ўзроўню — гэта спецыялісты, якія павінны прайсці сур'ёзную падрыхтоўку ў рэзідэнтуры», — дадала Вольга Калюпанава.

Паводле яе слоў, у многіх краінах базавая медыцынская адукацыя ўключае шэсць гадоў падрыхтоўкі ў медуніверсітэце, пасля чаго прысвойваецца кваліфікацыя ўрача агульнай практыкі. А каб стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, неабходна прайсці паслядыпломную падрыхтоўку ў рэзідэнтуры. У залежнасці ад спецыяльнасці яна можа доўжыцца ад аднаго да пяці гадоў. Пасля гэтага спецыяліст высокага класа атрымлівае допуск у прафесію і можа аказваць медыцынскую дапамогу, прымяняючы высокатэхналагічныя методыкі.

Рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар СТОМА перакананы, што больш працяглая, глыбокая падрыхтоўка па высокатэхналагічных спецыяльнасцях вельмі неабходная. «Адбываецца не толькі фарміраванне ключавых спецыялістаў з высокім узроўнем кампетэнцый, а яшчэ і нейкае «выхаванне» сучаснага доктара, — адзначыў ён. — На першым курсе мы атрымліваем часцяком маладых і няспелых людзей, у тым ліку ў маральным плане. І нават атрымаўшы дыплом аб вышэйшай медыцынскай адукацыі, маладому спецыялісту неабходна рыхтавацца далей, расці, знаходзіцца і развівацца ў асяроддзі прафесіяналаў. Рэзідэнтура якраз і дапамагае сфарміраваць больш падрыхтаванага спецыяліста і больш сталага чалавека».

Вучоба на сімулятарах

Між іншым, да 2025 года ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце плануюць пабудаваць новы лабараторны сімуляцыйны комплекс. Пра гэта падчас круглага стала паведаміў рэктар універсітэта Сяргей РУБНІКОВІЧ. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе аб стварэнні паўнавартаснага еўрапейскага цэнтра, дзе можна будзе навучаць беларускіх студэнтаў і маладых спецыялістаў вузкім навукаёмістым практычным напрамкам, а таксама аказваць адукацыйныя паслугі на экспарт.

У БДМУ ўжо ёсць сімуляцыйная лабараторыя даволі высокага ўзроўню, якая дазваляе праводзіць заняткі па розных кірунках — тэрапіі, хірургіі, акушэрстве і гінекалогіі, неадкладных станах. «Я лічу, што гэта падмурак, аснова для падрыхтоўкі нашых студэнтаў. Але калі мы хочам ісці далей і фарміраваць высокакваліфікаванага вузкага спецыяліста, неабходнае высокапрафесійнае абсталяванне, пэўныя сімуляцыйныя апараты, якія б максімальна імітавалі клінічныя станы і захворванні», — адзначыў рэктар, дадаўшы, што такія цэнтры ёсць за мяжой, у тым ліку ў Расіі.

Пры гэтым, як заўважыў Сяргей Рубніковіч, адукацыйныя курсы не абавязкова павінны доўжыцца месяцы, яны могуць быць кароткатэрміновыя. Напрыклад, артапеду-траўматолагу на адпрацоўку нейкай маніпуляцыі на каленным або плечавым суставе можа спатрэбіцца максімум пару дзён. Добры ўзровень практыка-арыентаванай падрыхтоўкі студэнтаў і маладых спецыялістаў у выніку забяспечыць неабходную якасць аказання высокакваліфікаванай дапамогі насельніцтву, адзначыў рэктар.

Клініка не толькі для пацыентаў

Сучасны сімуляцыйны цэнтр з'явіцца і ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Як адзначыла яго рэктар Алена КРАТКОВА, зараз вядзецца рэканструкцыя памяшканняў, работы павінны завяршыцца да канца снежня, а ў пачатку студзеня плануецца яго адкрыццё. Таксама Алена Краткова паведаміла, што новы вучэбны корпус ГрДМУ плануюць пабудаваць побач з універсітэцкай клінікай.

Ёсць рашэнне аб выдзяленні зямельнага ўчастка, ВНУ прыступае да праектных работ. Пасля таго як будзе пабудаваны новы корпус, усе клінічныя кафедры размесцяцца не ў аддзяленнях, як цяпер, а будуць вынесены ў асобны корпус. Студэнты змогуць пры неабходнасці наведваць клінічныя аддзяленні, не парушаючы лячэбны працэс.

Што датычыцца ўніверсітэцкай клінікі, то гэты пілотны праект дазваляе адпрацаваць акадэмічныя веды на практыцы яшчэ падчас навучання ў ВНУ. Алена Краткова лічыць, што сімуляцыйныя цэнтры неабходныя, але вельмі важна навучыць студэнта кантактаваць з пацыентам, развіць навыкі збору анамнезу, агляду, правядзення дыягностыкі. Дзякуючы ўніверсітэцкай клініцы гэта магчыма.

Практычна за год (праект гэты стартаваў у 2019 годзе) атрымалася рэалізаваць многае. Праводзілася вялікая работа па распрацоўцы нарматыўнай базы, без якой існаванне ўніверсітэцкай клінікі было б немагчымае. Створаны клінічныя аддзелы, якія прыступілі да работы. Зараз вярстаюцца планы па навуковай, адукацыйнай і лячэбнай рабоце. Праводзяцца мерапрыемствы па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Стварэнне ўніверсітэцкай клінікі ёсць, дарэчы, і ў планах Віцебскага медуніверсітэта.

«Гэта сусветная сусветная тэндэнцыя, — падкрэслівае рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль ШЧАСНЫ. — На мой погляд, дзейнасць універсітэцкай клінікі — вельмі важная і запатрабаваная, бо ўніверсітэт будзе працаваць без адрыву ад практыкі. Лячыць, вучыць і займацца навукай — усё гэта на сваёй базе, са сваімі кадрамі і сваім бюджэтам. Больш за тое, гэта новыя магчымасці для аказання экспартных адукацыйных паслуг».

Таксама ў Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце плануюць стварыць навукова-вытворчы вучэбны цэнтр. Па словах Анатоля Шчаснага, зараз праводзіцца перадпраектная падрыхтоўка да будаўніцтва цэнтра, які будзе займаць 7,5 тысячы квадратных метраў. Там будзе рэалізаваны пасыл кіраўніка дзяржавы, данесены ім на ІІ З'ездзе вучоных, — Універсітэт 3.0: каб навуковыя адкрыцці, якія стануць магчымыя дзякуючы рабоце гэтага цэнтра, маглі як найхутчэй прайсці шлях да іх укаранення.

Анатоль Шчасны дадаў, што ўніверсітэцкая навука патрабуе пэўных пераўтварэнняў і фінансавай падтрымкі. Рэктар упэўнены, што ў выніку будзе вельмі хуткая і якасная аддача як у плане развіцця навукі, так і ў плане падрыхтоўкі дасведчаных кадраў. «Мы прывыклі больш гаварыць аб акадэмічнай навуцы, але ўклад універсітэцкай навукі зусім не меншы. Да таго ж яна звязаная з вельмі актуальным пытаннем — падрыхтоўкай кадраў для ўніверсітэта. Толькі праз навуковую работу, абарону дысертацый мы можам казаць пра падрыхтоўку ўніверсітэцкіх кадраў з навуковымі ступенямі — дацэнтаў, дактароў навук», — растлумачыў ён.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Вышэйшы пілатаж у прафесіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.