Вы тут

Як Беларусь і Расія могуць павысіць эканамічнае ўзаемадзеянне?


Абмеркавалі ў Дзяржынскім раёне ў рамках VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

На мінулым тыдні ў Дзяржынскім раёне ў рамках VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбылося пасяджэнне секцыі, на якой суразмоўцы гаварылі ў тым ліку і аб шляхах павышэння эфектыўнасці эканамічнага ўзаемадзеяння тэрыторый дзвюх краін.


Атмасфера на Форуме рэгіёнаў заўсёды дзелавая і сяброўская адначасова.

Адны карані — адзін лёс

Хоць мерапрыемства было запланавана ў рэжыме відэа-канферэнцыі, яно атрымалася не менш выніковым. Аб гэтым і сказаў пры падвядзенні вынікаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін, які, у прыватнасці, адзначыў, што размова была цікавая, дастаткова прафесійная і карысная. Удалося абмеркаваць шмат важных кірункаў для сумеснай дзейнасці, напрыклад, у развіцці бізнесу, лічбавізацыі вытворчых працэсаў у аграрна-прамысловым сектары і іншыя.

Тэзіс аб тым, што Беларусі і Расіі неабходна актывізаваць супрацоўніцтва ў эканоміцы, палітыцы, у сферы адукацыі і культуры, гучаў неаднойчы і на секцыях VІІ Форуму рэгіёнаў, і на яго пленарным пасяджэнні. Дарэчы, у Дзяржынскім раёне на гэту тэму ў ходзе работы секцыі № 4 выказаліся адразу аж два прадстаўнікі Лёзненскага раёна. Факт ужо сам па сабе характэрны — гэты раён мяжуе, моцна сябруе і актыўна супрацоўнічае ў розных галінах са Смаленскай вобласцю. Таму, відаць, і прапанавалі старшыні Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамары Дрылёнак падзяліцца досведам гэтай работы.

Тамара Леанідаўна лаканічна сфармулявала сутнасць добрасуседскіх адносін, назвала падмурак шматвяковай дружбы народаў: адны карані — адзін лёс. У раёне з удзелам дэпутатаў вядзецца мэтанакіраваная работа па падтрымцы і развіцці пабрацімскіх сувязяў Лёзна з гарадамі Смаленскай і іншых расійскіх абласцей — Пскоўскай, Разанскай і Маскоўскай. Старшыня райсавета паведаміла расійскім суразмоўцам і аб зробленым у раёне для павышэння сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці сельскай моладзі, яе замацавання ў аграрным сектары. У прыватнасці, яна расказала аб узвядзенні ў Віцебскай вобласці прыгожых, утульных, добраўпарадкаваных і камфортных дамоў для маладых сем'яў у аграгарадках.

Старшыня маладзёжнай палаты пры Лёзненскім райсавеце Вераніка Гарунова ў сваю чаргу дапоўніла інфармацыю аб раёне. На яе думку, у моладзі сёння з'я-
віўся рэальны шанец не толькі заявіць свае прапановы, але і пры ўдалым збегу абставін ажыццявіць іх на практыцы. Але з рэалізацыяй фінансаваёмістых праектаў, якія запатрабуюць значных інвестыцый, прыйдзецца пачакаць.

Свой плён прынеслі і намаганні па папулярызацыі сярод маладых людзей ідэй мясцовага кіравання і самакіравання, выяўленне лідараў маладзёжнага руху, даванне юнакам і дзяўчатам магчымасці ўдзелу ў распрацоўцы, а затым і ў рэалізацыі раённых праграм і праектаў. Асобная тэма дзейнасці палаты — супрацоўніцтва з партнёрамі з расійскіх маладзёжных арганізацый. Трывалыя сувязі падтрымліваюцца з моладдзю смаленскіх гарадоў Ельня і Рудня. Мэта сустрэч — абмен досведам, правядзенне сумесных патрыятычных, спартыўных і культурных мерапрыемстваў, рассказала Вераніка Гарунова.

Так, сёння спартыўныя спаборніцтвы, турыстычныя злёты, мастацкія выстаўкі і конкурсы, а заўтра — буйныя сумесныя міжрэгіянальныя эканамічныя праекты. Аднак з апошнім атрымліваецца не так хутка, як хацелася б. Але ў пабрацімскіх сувязяў многіх дзясяткаў беларускіх і расійскіх гарадоў вялікія магчымасці. Яны пакуль застаюцца, так бы мовіць, эканамічным патэнцыялам, які недастаткова выкарыстоўваецца.

Ад пабрацімства да партнёрства

У Дзяржынскім раёне ўдзельнікі форуму наведалі цэнтр экалагічнага турызму «Станькава».

Безумоўна, кантакты пабрацімаў увогуле садзейнічаюць фарміраванню станоўчага іміджу Беларусі ў замежных краінах, у гэтым выпадку ў Расіі, у цэлым спрыяюць пашырэнню і ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва. З такой мэтай пры садзейнічанні пабрацімаў праводзяцца Дні культуры Беларусі, прысвечаныя знамянальным датам у жыцці нашай краіны вечарыны, выстаўкі і фотавыстаўкі, іншыя мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай культуры.

Здаецца, пасля VІІ Форуму надышоў час рэгіёнам Беларусі і Расіі больш актыўна пераходзіць ад пабрацімскіх сувязяў да паўнавартаснага партнёрства ў сферы эканомікі. І тут сваё слова могуць і павінны сказаць дэпутаты Саветаў розных узроўняў. Народных выбраннікаў у краіне больш як 18 тысяч. Сярод іх шмат людзей, здольных знайсці агульную мову з партнёрамі, прапанаваць цікавы сумесны праект прадстаўнікам расійскага горада-пабраціма і садзейнічаць яго рэалізацыі на ўсіх этапах. Тым больш што няма неабходнасці пачынаць з чыстага ліста.

Блізкасць беларускіх і расійскіх гарадоў — гэта не прыгожыя словы. Перыядычна пад кіраўніцтвам грамадскай арганізацыі «Пародненыя гарады», якая працуе ў Мінску, ладзяцца каардынацыйныя сустрэчы прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў. Такія кантакты спрыяюць не толькі культурнаму, але і эканамічнаму і дзелавому супрацоўніцтву. Дык чаму б дэпутатам не ўзначаліць гэтую работу?

У іх сілах надаць адпаведны імпульс і дынамізм развіццю кааперацыйных сувязяў, выкарыстаць новыя падыходы ў рэалізацыі сумесных праектаў, унесці пэўны крэатыў і ў выніку зрабіць эканамічныя стасункі дзвюх краін больш трывалымі і плённымі. Тым больш што, відаць, нарэшце, будзе вырашана пытанне аб адмене роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй.

Як дэпутатам знайсці партнёра ў Расіі?

Пры жаданні нескладана. На VІІ Форуме, дакладней, яго пленарным пасяджэнні былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-культурнай сферах з Башкартастанам, Рэспублікай Комі, Самарскай і Курскай абласцямі, іншымі рэгіёнамі. Значыць, будуць узаемныя крокі бакоў насустрач, цікавыя прапановы ад расіян. Мяркуецца, што гэты працэс будзе суправаджацца распрацоўкай і рэалізацыяй буйных праектаў, напрыклад, будаўніцтвам высакахуткаснай чыгуначнай магістралі з Санкт-Пецярбурга ў Мінск і надалей у еўрапейскія краіны, аўтамагістралі «Мерыдыян», іншых знакавых інтэграцыйных аб'ектаў.

Беларусь займае першае месца сярод знешнегандлёвых партнёраў Расіі ў СНД і гэтыя пазіцыі нельга страчваць. На жаль, існуюць яшчэ абмежаванні на экспарт нашай мяса-малочнай прадукцыі, шэрагу прамысловых вырабаў. Але бакі дамовіліся ў найбліжэйшай перспектыве ліквідаваць гэтыя штучныя бар'еры, хутчэй аднаўляць сувязі, інтэнсіўнасць якіх апошнім часам скарацілася. Тым не менш, як сказала на форуме старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, на рэгіёны Расіі арыентаваны знешнеэканамічныя інтарэсы вобласці: 35 працэнтаў яе экспарту ідзе на расійскі рынак. Толькі за першае паўгоддзе туды пастаўлена прадукцыі больш як на два мільярды долараў ЗША.

У пошуку расійскага партнёра дэпутатам можна зазірнуць на сайт Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Там у раздзеле расійска-беларускае супрацоўніцтва можна знайсці цікавыя прапановы. Напрыклад, ААТ «Фармацэўтычная фабрыка Санкт-Пецярбурга» зацікаўлена ў пошуку партнёраў у Беларусі. Таксама гатовыя да супрацоўніцтва з намі ліцейна-механічны завод «Зорка» з Валгаградскай вобласці, АТ «Авангард» са Смаленскай вобласці (выпускае гумавыя і пластмасавыя вырабы), аб'яднанне «Спецыяльны тэкстыль» з Іванаўскай вобласці, прадпрыемства «Будаўнік» з Новасібірскай вобласці, яно спецыялізуецца на прадукцыі для будаўніцтва. На сайце можна знайсці іншыя слушныя прапановы.

Думаецца, з імі як мінімум варта азнаёміцца, а калі зацікавяць, дакладна вывучыць на прадмет мэтазгоднасці будучага супрацоўніцтва і рэальнай узаемнай выгады.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.