Вы тут

Як мадэрнізуецца Смаргонская гімназія


Некалькі гадоў таму ў сценах будынка Смаргонскай гімназіі выявілі расколіны, якія паступова павялічваліся. Тады быў падрыхтаваны і праект капітальнага рамонту. Мясцовыя ўлады выдзелілі сродкі на ўмацаванне сцен, а вось далейшая мадэрнізацыя прыпынілася. І толькі сёлета у рамках інвестпраекта з'явілася магчымасць завяршыць гэтую справу. Работы пачаліся ў жніўні, і даволі актыўна. Праведзена пакрыванне мінеральнай ватай, паступова вядзецца тынкоўка, а ўвесь працэс завершыцца афарбоўкай будынка. У канчатковым выглядзе гімназія набудзе персікавы колер з розным адценнем.


Зараз увесь будынак — і асноўны і прыбудова — у будаўнічых рыштаваннях. Адразу відаць, што праект па капітальным рамонце сапраўды маштабны. Але трэба крыху спыніцца на самой гімназіі, бо гэта ўнікальная ўстанова. Некалькі гадоў таму тут далучыліся да міжнароднай ініцыятывы «Зялёныя школы». Гэты рух прапагандуе ахову навакольнага асяроддзя як у тэорыі, так і на практыцы.

Першае, што кідаецца ў вочы на тэрыторыі гімназіі, — гэта безліч ровараў на стаянцы. Колькі — і не палічыш адразу. Здаецца, сотня. Падумалася: які зручны і разам з тым экалагічны транспарт выбіраюць цяпер падлеткі. Пакуль у холе чакаю дырэктара, звяртаю ўвагу на кантэйнеры з батарэйкамі і накрыўкамі ад ПЭТ-бутэлек. Аказваецца, такі збор — частка акцыі па экалагічнай адукаванасці насельніцтва. Высвятляю, што ПЭТ-накрыўкі таксама трэба ўтылізаваць асобна.

Але самае цікавае чакала на тэрыторыі гімназіі. Разам з дырэктарам Ірынай Дурэйкай падыходзім да школьнай аўтаматычнай метэастанцыі. Такіх у Гродзенскай вобласці толькі дзве. Ёсць яшчэ перанасны газааналізатар, які вымярае састаў паветра. Абсталяванне закуплена праз праект ПРААН. Цяпер школьнікі самі праводзяць аналіз чысціні, сочаць за надвор'ем. Дарэчы, гэтыя даныя перадаюцца ў рэспубліканскі гідраметэацэнтр.

Крыху далей заўважаю навес з лаўкамі і сталом. Як растлумачыла дырэктар, гэта клас пад адкрытым небам для вывучэння прыроды «дзікага лугу». Ёсць на тэрыторыі гімназіі і такі запаветны куток, які спецыяльна не выкошваецца. Тут дзеці вывучаюць прыродную экасістэму. Сёлета для гэтых мэт у рамках праекта набыты якасныя мікраскопы і магутныя аптычныя біноклі. Усё гэта актыўна выкарыстоўваецца на ўроках.

Пры гэтым сам будынак за 40 гадоў стаў набываць аварыйны стан.

— Спецыялістамі быў абследаваны стан будынка і выяўлены расколіны ў сценах. Паступова яны павялічваліся, і трэба было прымаць меры. Да таго ж дзе-нідзе пачала сыпацца цэгла. Таму быў падрыхтаваны план капітальнага рамонту. Найперш трэшчыны ў сценах змацавалі металічнымі скобамі. Гэта было зроблена за сродкі мясцовага бюджэту. Але мы разумелі, што трэба давесці праект да канца. Сёлета з'явілася такая магчымасць, — уводзіць у курс справы Ірына Анатолеўна.

Смаргонская гімназія, у шэрагу яшчэ дзвюх сярэдніх навучальных устаноў горада, увайшла ў інвестыцыйны праект матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь», які рэалізуецца Сусветным банкам. Праект закране і «зялёны» аспект гімназіі. Новае абсталяванне з'явіцца ў кабінеце біялогіі. Але асноўныя сродкі выдаткаваны на капітальны рамонт — 670 тысяч рублёў. Яны накіраваны на мадэрнізацыю аб'екта, бо галоўная праблема — гэта страты цяпла. Часткова палепшыць справу ўдалося за кошт замены вокнаў. Працэс ажыццяўляўся за ўласныя сродкі, таму расцягнуўся на некалькі гадоў і завяршыўся летась. Але сцены прамярзаюць, дрэнна трымаюць цяпло, таму тут вельмі рады магчымасці адзець школу ў «шубу». Работы пачаліся літаральна месяц таму, хоць тут разлічвалі, што будаўнікі прыйдуць у пачатку лета. Аказалася, што зацягнуліся пошукі падрадчыка.

— Падрадчыкаў выбіраў банк, гэта быў даволі працяглы працэс, які пачаўся ў красавіку і завяршыўся ў жніўні. Агучвалася шмат патрабаванняў. Гэта павінна быць прыватная арганізацыя, мець вялікія аб'ёмы, добра зарэкамендаваць сябе на рынку, — тлумачыць сітуацыю Ірына Дурэйка. — У выніку падрадныя работы стала выконваць прадпрыемства «Будаўнік» з Ашмян.

Па словах дырэктара, пачалі з самага праблемнага ўчастка — прыбудовы, дзе назіраюцца значныя страты цяпла. Работы вядуцца даволі актыўна. Усе сцены ў будаўнічых рыштаваннях і ўжо апрануты ў «шубу». У гімназіі спадзяюцца, што да зімовага перыяду рамонт завершыцца. Літаральна за месяц зроблены асноўныя работы, застаецца тынкоўка і афарбоўка. Колер выбралі персікавы — некалькіх адценняў. А вось прыбудова будзе балотна-блакітная.

Няма сумненняў, што хутка гарадская гімназія будзе выглядаць па-новаму і радаваць вока сваім вонкавым выглядам. А галоўнае, тут будзе цёпла і ўтульна вучням, якіх у навучальнай установе займаецца каля тысячы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Персікавая «шуба» для «зялёнай» гімназіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.