Вы тут

На Віцебшчыне стартаваў праект па ўкараненні новых падыходаў у рабоце з людзьмі з праблемамі зроку


На поўначы краіны стартаваў праект па ўкараненні новых падыходаў у рабоце з людзьмі з праблемамі зроку. Рэгіён для навацый у гэтым пытанні выбраны не выпадкова. Перадавы вопыт Віцебшчыны па стварэнні ўмоў роўнасці ў грамадстве для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, з праблемамі зроку, у тым ліку рабочых месцаў для іх, ужо вывучалі. І цяпер яшчэ больш будуць напрацаванае пераймаць у іншых абласцях.


У вобласці прыблізна 60 тысяч інвалідаў. Каля пяці тысяч — інваліды па зроку.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, нагадаў, што ў краіне рэалізуецца адпаведная дзяржаўная праграма падтрымкі.

А нацыянальны план у рамках падпісанай Канвенцыі аб правах інвалідаў дае новыя магчымасці. Шэраг мерапрыемстваў намечана ажыццявіць у наступную пяцігодку. Па распараджэнні губернатара Мікалая Шарснёва створана рабочая група, у складзе якой і кіраўнікі грамадскіх арганізацый інвалідаў, у тым ліку і па зроку...

Пра гэта нядаўна ў Віцебску гаварылі на канферэнцыі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны. Яна была прысвечана сацыяльнаму партнёрству і усебаковаму ўзаемадзеянню згаданага вышэй камітэта і арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму, з абласной арганізацыяй «БелТІЗ».

Паводле слоў старшыні цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Алега Шэпеля, рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны заключылі партнёрскае пагадненне.

Спецыялістаў па рабоце з інвалідамі па зроку будуць вучыць таму, чаму яны далей змогуць навучыць невідушчых. У прыватнасці, на вуліцах арыентавацца ў рамках безбар'ернага асяроддзя, самастойна весці хатнія справы, рабіць плацяжы з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу, карыстацца смартфонам.

Між іншым, сёлета для жыхароў Віцебшчыны з праблемамі зроку набылі 150 спецыяльных «мабільнікаў», 90 гадзіннікаў з сінтэзатарам мовы, больш за сорак прылад для праслухоўвання агучанай літаратуры. Студэнт ВНУ атрымаў дыктафон-плэер для навучання.

Прыдзвінцы маюць перадавы вопыт у стварэнні безбар'ернага асяроддзя нават у невялікіх населеных пунктах. І там ёсць дактыльныя ўчасткі на вуліцах, таблічкі з шрыфтам Брайля на дзвярах устаноў, у якіх працуюць з інвалідамі, маўленчыя інфарматары.

Цікавы вопыт і па арганізацыі вольнага часу. У Прыдзвінні нават функцыянуюць пяцьдзясят дамашніх гурткоў. 29 аддзяленняў дзённага знаходжання наведваюць 1300 чалавек. Працуе больш за 80 лячэбна-працоўных майстэрняў, 60 камп'ютарных класаў

У Аршанскім раёне адпрацавалі стварэнне валанцёрскага цэнтра падрыхтоўкі персанальнага асістэнта інваліда. Вопыт будзе распаўсюджаны ў іншых раёнах вобласці.

Дырэктар Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Святлана Саннікава расказала пра перадавы ў краіне вопыт функцыянавання аддзялення рэабілітацыі. Там 25 чалавек раз у год на працягу месяца могуць адначасова атрымаць кансультацыі псіхолагаў, медыкаў, спецыялістаў, якія навучаць рабіць хатні рамонт, кухарыць і гэтак далей. Для вучобы ёсць усе неабходныя прыстасаванні. У прыватнасці, каля ста цеплатэхнічных сродкаў.

Алега Шэпеля, які шмат разоў быў госцем аналагічных устаноў за мяжой, дарэчы, уразіў аб'ём і багаты выбар паслуг. Ён прызнаўся, што раней такога не бачыў. Сказаў, што вопыт будзе выкарыстоўвацца пры адкрыцці рэспубліканскага цэнтра...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».