Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


ВЕЧНЫ КЛIЧ

«КАРМIЛЕЦ»

Я прыехаў у сталiцу да былой суседкi Кацярыны Сяргееўны. Некалi жылi ў адным доме ў Гомелi, нават кватэры нашы былi побач, а потым яна пад уплывам — я так разумею — свайго сына Вiктара, якi скончыў у Мiнску акадэмiю мастацтваў i лiчыўся неблагiм маладым скульптарам, прадала сваю двухпакаёвую кватэру i набыла ў сталiцы, канешне ж, аднушку. Больш за ўсiх радаваўся Вiктар — цяпер у яго ёсць кут, а ў Мiнску работа для скульптара знойдзецца.

Ёсць у Кацярыны Сяргееўны i яшчэ адзiн сын — Санька, якi з'явiўся на свет Божы, калi мацi яго было крыху за сорак. Так атрымалася, што ўжо тут зробiш. З першым мужам жыццё не склалася, выпiваў i распускаў рукi, таму шлюб давялося скасаваць. Добра яшчэ, што ў таго на другiм канцы абласнога цэнтра жыла мацi — то вярнуўся да яе, не стаў лiшнi ў кватэры. Там зусiм распiўся i неўзабаве сканаў.

Жыццё працягвалася, Кацярына Сяргееўна працавала лабаранткай на заводзе, а ў вольны ад работы час хадзiла ў мясцовы тэатр на прэм'еры — не прапускала нiводнай. А калi спектакль «браў» за сэрца, калi надта спадабаўся, то праз колькi часу зноў набывала бiлет на яго прагляд.

У тэатры яна i пазнаёмiлася з чалавекам, iмя якога сёння не любiць называць. Быццам прыехаў ён з Вiльнюса па чарнобыльскай праграме (а так, хутчэй за ўсё, i было) у рэабiлiтацыйны цэнтр, назваўся доктарам. Успыхнула каханне. Ад яго i нарадзiўся Санька. А вось замежнiк у белым халаце знiк, як толькi даведаўся, што жанчына цяжарная.

На месцы работы Кацярыну Сяргееўну не асуджалi, наадварот, шкадавалi, i нават знайшлiся жынчыны, якiя дапамагалi ёй усiм, чым только можна было. Прыбягуць, пацiкавяцца: што трэба, Каця, не саромейся, кажы, усё зробiм. Гасцiнцаў прынясуць. Аб справах у калектыве раскажуць.

Санька вырас дужым i разумным хлопцам. Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Вiктар на той час жыў асобна, у яго нарадзiлася двое дзяцей, у сям'i быў лад i дастатак, чым асаблiва ганарылася мацi. Сама ж яна неўзабаве стала пенсiянеркай. Саньку ў армiю не забралi — адзiн жа кармiлец у сям'i. Апора i надзея. Тыл.

I ў той дзень я ўбачыў Саньку ў катушку аднапакаёвай кватэры. Ён сядзеў за камп'ютарам. Пачакайце, дык я калi нi зазiрну да былой суседкi, той усё ў адной позе. Цi ўстае хоць з-за столiка, каб схадзiць на тую ж кухню цi па iншай патрэбе куды? Цi не прырос? На маё пытанне, дзе працуе сын, Кацярына Сяргееўна махнула рукой i паўшэптам адказала: «Нiдзе. Нi дня яшчэ не працаваў. На маю пенсiю жывём. Лепш бы ў армiю забралi...»

Пакiдаючы кватэру Кацярыны Сяргееўны, я пажадаў «усяго добрага» i Саньку.

«Кармiлец» не зрэагаваў.

Ён быў надта заняты...


РАЗУМНIЦА

Ведаеце беларускую народную казку «Верабей i мыш»? Калi не супраць — нагадаю.

Жылi па суседстве верабей i мыш: верабей пад страхою, а мыш у норцы пад падрубаю. Жывiлiся тым, што ад гаспадароў перападала. У асноўным галадалi. Надакучыла iм так жыць, задумалi яны збажыну сеяць. Назбiралi зерня ды пасеялi пшанiцу.

— Што тваё будзе? — пытаецца мыш у вераб'я. — Карэнне цi вяршкi?

— Сам не ведаю.

— Бяры карэнне, — параiла мыш.

— Добра, няхай будзе карэнне.

Прыйшло лета. Паспела пшанiца. Мыш зжала каласы, а вераб'ю пакiнула салому. Напякла яна пiрагоў ды есць сабе зiмою. А верабей пакаштаваў салому — нясмачная!

Давялося яму на сметнiку галоднаму зiмаваць.

Потым яны моркву пасадзяць. На гэты раз вяршкi возьме верабей — i зноў прагадае, недарэка.

А ўспомнiлася мне гэтая казка, калi пачуў надоечы ад адной маладой жанчыны, якая, мабыць, толькi-толькi выйшла замуж, аповед. На прыпынку гэта было. Чакаючы транспарт, тая хвалiлася сяброўцы, раз-пораз кiдаючы на мяне шматзначныя позiркi, — хацела,
вядома ж, каб i мне было чуваць яе, бо «вам, мужчынам, гэта карысна будзе»:

— А з Толiкам, як толькi пажанiлiся, рашылi так... Я ж дзеўка не дурная, ты ж ведаеш — мяне не так проста ашукаць. Рашылi легкавiк набыць. Набылi. Запiсалi на Толiка. Ён рады-радзёшанькi. Набылi потым i гараж. Прытым — гараж-цуд! Цагляны. З падвалам. На каго, думаеш, запiсалi? На мяне! А Толiк i радуецца — падумаеш, гараж, у мяне вунь машына, гэта рэч, а гараж — так сабе... На iм жа не паедзеш. Ды не, Толiчак, дарэмна ты радуешся, дурненькi. Машына праз тры-чатыры гады згнiе, купiш ты новую цi не — гэта яшчэ пытанне, а гараж у мяне навечна. Што з iм зробiцца? Якая карозiя яго возьме?..

Падышоў аўтобус, жанчынкi скокнулi ў салон, а я застаўся на прыпынку чакаць свой. А сам падумаў: «Бач ты, якая разумнiца! I не паспрачаешся з ёй!»


СЁСТРЫ

Сёстры Лiдка i Ганна, а яны амаль равеснiцы, дажывалi свой век. Дажывалi адны, бо жыццё склалася так, што замуж афiцыйна яны не выходзiлi, хоць з прымакамi справу мелi. Ганна нават нарадзiла сына. Ён жыў у суседняй вёсцы i нядаўна памёр. У Лiдкi ж, акрамя пляменнiц, дачок старэйшай сястры Вольгi, раднi не было, ды i тыя жылi далёка. Наведвалiся, праўда, не забывалi цётку, асаблiва калi абжывалiся, станавiлiся на ногi: Лiдка ўмела сэканомiць капейку-другую i, што дзiўна, не шкадавала грошай для сваячак. Чаму дзiўна? Бо ўсе ў вёсцы ведалi яе як добрую жмiнду, якая шмат у чым сабе адмаўляла. А, бач ты, у дачыненнi да пляменнiц прачыналася ў яе пачуццё роднасцi. Мусiць, таму, што блiжэй па крывi ў жанчыны нiкога не было.

Лiдка жыла ў цэнтральнай частцы калгаса, а Ганна ў аддаленай вёсачцы, у якой — сама не заўважыла як — засталася зусiм адна. Нявыгадна адной. I ў краму трэба, i на фельчарска-акушэрскi пункт зазiрнуць iншым разам, каб на здароўе паскардзiцца i атрымаць неабходныя лекi. А ногi не ходзяць. Гады ж. За восемдзесят. Не жартачкi.

Тады i параiла Лiдка сястры:

— Перабiрайся да мяне, Ганначка, месца ж хопiць. Выбiрай любы ложак. Ды i весялей нам будзе разам. Весялей i лягчэй.

Ганна пагадзiлася, вядома ж, i неўзабаве перавезла свае клункi да сястры.

Толькi пражылi яны пад адным дахам мала. Неўзабаве Ганна прыдбала сабе невялiкую хатку ў самым цэнтры вёскi, а суседцы, якая пацiкавiлася, чаму сёстры разбеглiся, адказала шчыра:

— Ай, адной лепей! А то купiм той батон у краме, i кожная з нас баiцца, каб лiшнi кавалак не з'есцi. А так я куплю батон, павiдлам намажу ўздоўж... як Тоська ў кiно пра дзяўчат... i так адвяду душу, што ажно спяваць хочацца...


НЕЧАКАНЫ ПРЫЁМ

Была субота. Цёплы летнi сонечны дзень. Вольга Якаўлеўна, настаўнiца-пенсiянерка, вырашыла праведаць сваю сяброўку i равеснiцу Вольгу Кандратаўну, з якой некалi разам пачыналi працаваць у мясцовай васьмiгодцы. Будынка школы, праўда, тады не было, класы размяшчалiся ў хатах вяскоўцаў, калi яны цi не ў адзiн дзень прыехалi на працу ў Iскань. На iх вачах пабудавалi школу, на iх вачах яе i разбурылi — на дровы, кажуць. Вёска амаль што вымерла, старыя дажываюць тут век, то адкуль набярэцца школьнiкаў? Тыя рэдкiя вучнi, што засталiся, ходзяць з заплечнiкамi ў суседнiя Абiдавiчы, туды ж перавялi i некалькi настаўнiкаў.

Вольга Якаўлеўна i Вольга Кандратаўна гаманiлi пра ўсё, што хвалявала. Даўно не бачылiся, хоць i жывуць побач. Не абмiнулi i школу, у якой прайшло ўсё iх працоўнае жыццё. Пашкадавалi, што тая вымерла. Нядоўгi аказаўся яе век. Хаця, калi заглянуць у летапiс, ёй магло б споўнiцца дзевяноста гадоў...

Не споўнiлася.

— Мне ўчора Мiша з Масквы патэлефанаваў, пра сваю ўнучку Аню распавёў, — пахвалiлася Вольга Якаўлеўна. — Разумная, кажа, дзяўчынка расце. Любiць яна мульцiк пра паштальёна Печкiна, пра Прастаквашына. Штораз глядзiць — не адарваць ад тэлевiзара. А каб не пераключылi праграму, узяла i цiшком выкiнула пульт у вядро са смеццем. Гэта ж трэба даўмецца да такога! Я нiколi б не здагадалася.

Вольга Кандратаўна пагаджаецца:

— Малая-малая, а глядзi ты!.. Праўда, разумныя цяпер дзецi, нiчога не скажаш.

— Не гавары, маладзiца.

А Юрый Трафiмавiч, муж Вольгi Якаўлеўны, зачакаўся сваю палавiну. Ужо б i абедаць пара, а яе ўсё няма i няма. Раз-пораз паглядаў ён у акно: не вiдаць. Можна было б i самому залезцi ў печ, выцягнуць гаршчок з варывам, аднак не адважыўся, рашыў усё ж пачакаць кабету. Адзiн не прывык сiлкавацца. За кампанiю, лiчыў, страва заўсёды смачнейшая.

Ён бы мог схадзiць да Вольгi Кандратаўны, тут жа блiзка, аднак прыдумаў нечаканы прыём. Яго малодшыя сыны-блiзнюкi жылi ў Мiнску, але яшчэ перад армiяй пасля заканчэння будаўнiчага вучылiшча працавалi на газавым промысле ў Расii i няблага зараблялi, таму прыдбалi для сябе магнiтафон i вялiкiя — як панесцi — дзве калонкi. Калi iх уключыць на поўную моц — чуваць далёка. Пасля службы асвойталiся хлопцы ў Мiнску, а музычную апаратуру ўсё неяк у iх не атрымоўвалася забраць. Але ўжо калi прыедуць ды запусцяць яе, то ўся вёска ведае: Воўка з Сашкам прыехалi, i сцякаецца тады адвячоркам да iхняй хаты з розных куткоў вёскi моладзь.

Юрый Трафiмавiч падключыў магнiтафон да калонак...

У самы разгар бяседы Вольга Якаўлеўна пачула мелодыю, якая даносiлася з яе хаты, устрапянулася:

— Чаго гэта я сяджу?! Хлопцы ж прыехалi!..

I яна подбегам пашыбывала да падворка.

Вось бачыш ты, стары — а даўмеўся... Не горш за тую малую з пультам.

Васiль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.