Вы тут

Жыццё без антракту. Вядомы акцёр Андрэй Дударэнка быў каменярэзам на Алтаi


Андрэй Дударэнка — адзiн з найстарэйшых i самых паважаных акцёраў беларускай сцэны. А нарадзiўся ён далёка ад Беларусi — на Алтаi, у сяле з пяшчотнай назвай Савушка. У прафесiю прывёў, як нярэдка бывае, выпадак. У вольны ад работы на Калыванскiм каменярэзным заводзе час ён кiраваў хорам. У сакавiку той самадзейны хор перамог на конкурсе ў Змяiнагорску, i малады Дударэнка ў якасцi ўзнагароды быў адпраўлены ў Ленiнград, але не па «музычнай частцы», а ўдасканальваць сваё каменярэзнае майстэрства. У Ленiнградзе Андрэй Дударэнка выпадкова прачытаў аб'яву пра набор у тэатральны iнстытут... I ў хуткiм часе ўжо быў студэнтам на курсе народнага артыста СССР Леанiда Макар'ева.


Далей былi тэатры Яраслаўля, Новасiбiрска, Алма-Аты, Талiна, Барнаула... А з 1988 года Андрэй Дударэнка працуе, цi дакладней, як кажуць акцёры, служыць на сцэне Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Максiма Горкага ў Мiнску. Усяго ж ён увасобiў больш за 100 роляў на тэатральных сцэнах Расii, Беларусi i iншых краiн СНД, а таксама больш за 50 роляў у кiнафiльмах, сярод iх такiя вядомыя, як «Капiтан Фракас», «Мой сябар Iван Лапшын», «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга», «Плач перапёлкi», «У жнiўнi 44-га». Андрэй Сцяпанавiч працаваў з многiмi знакамiтымi рэжысёрамi, сярод якiх Аляксей Герман, Валерый Рубiнчык, Мiхаiл Пташук. На жаль, напярэдаднi 90-годдзя акцёра пагаварыць з iм самiм не атрымалася, але мы звярнулiся да яго калег з Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Максiма Горкага, каб пазнаёмiць вас з асобай, якая натхняе, захапляе i не стамляецца ззяць на творчым небасхiле.

Валерый Шушкевiч, заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь, акцёр НАДТ iмя Максiма Горкага:

— Мы з Андрэем Сцяпанавiчам сядзiм у адной грымёрцы. У нас там трыа — я, ён i Эдуард Гарачы. I заўсёды ўсе мы асаблiва чакаем тыя спектаклi, у якiх задзейнiчаны ўтрох. Бо ведаем, што тады нас чакае цудоўны вечар. Наш калега выдатна ведае гiсторыю, яго можна слухаць гадзiнамi. Таксама i ў рускай, i ў замежнай класiчнай лiтаратуры арыентуецца, нiбы ў сябе дома. Можа i вершы чытаць, i любiмыя цытаты згадаць сходу. Асаблiва любiць Чэхава i з задавальненнем яго перачытвае, а потым дзелiцца з намi ўражаннямi. Ён вучыўся ў Ленiнградзе з вядомым Сяргеем Юрскiм. Яны сябравалi i перапiсвалiся да апошняга. Бывала, нам Андрэй Сцяпанавiч нават зачытваў урыўкi з лiстоў. Не адзiн тэатр змянiў наш калега, таму на яго долю выпала шмат цiкавых сустрэч. Ён таксама часам дзелiцца з намi яскравымi гiсторыямi, дэманструе некаторыя тыпажы... Дарэчы, усiх акцёраў, касцюмераў, рэквiзiтараў ведае па iмёнах. Для сваiх гадоў Андрэй Сцяпанавiч мае выдатную фiзiчную форму, кожны дзень аблiваецца халоднай вадой. Сапраўдны прыклад таму, як не страцiць любоў да жыцця.

Аксана Лясная, заслужаная артыстка Беларусi, актрыса НАДТ iмя Максiма Горкага:

— Я ведаю Андрэя Сцяпанавiча без малога трыццаць гадоў, мне пашчасцiла iграць у некаторых спектаклях разам з iм. I я проста захапляюся яго акцёрскай сцiпласцю i працавiтасцю, бо ён не прапускае нiводнай рэпетыцыi. Памятаю, аднойчы напярэдаднi спектакля ён меў высокi цiск, але пры гэтым толькi сказаў: «Нiчога страшнага, зараз усё нармалiзуецца!» — i мужна выйшаў на сцэну. Я ведаю, у яго вельмi добрая акцёрская школа, але пры гэтым у iм наогул адсутнiчае акцёрскi снабiзм. Умее, можа, дзякуючы мудрасцi, якая прыходзiць з узростам, глядзець на ўсё стрымана, ацэньваючы перспектыву. Наш тэатр i я асабiста ганарымся тым, што Андрэй Сцяпанавiч сёння з намi.

Сяргей Кавальчык, заслужаны дзеяч культуры Рэспублiкi Беларусь, рэжысёр, мастацкi кiраўнiк НАДТ iмя Максiма Горкага:

— Наш Андрэй Сцяпанавiч — легенда. Ён вучыўся разам з Сяргеем Юрскiм i Аркадзем Кацам. Памятаю, мы неяк рэпецiравалi «Гора ад розуму» на малой сцэне, а Аркадзь Кац ставiў у нашым тэатры «Пiгмалiёна», потым заходжу да сябе ў кабiнет, а там сядзяць i размаўляюць гэтыя тры таварышы. Была вельмi цiкавая i нечаканая сустрэча. Аказалася, Юрскi проста быў у Мiнску i вырашыў сустрэцца са сваiмi сябрамi.

Скажу вам, Андрэй Сцяпанавiч выдатны акцёр. Ён умее iграць у вельмi гратэскнай форме. Гэта вельмi рэдкi дар, калi акцёр умее трымаць форму гратэску, прычым праўдзiва настолькi, што ты яму верыш. Яшчэ Андрэй Сцяпанавiч вельмi разумны i iнтэлiгентны чалавек, якi выдатна валодае ўсiмi тонкасцямi прафесii i адданы тэатру. Адзiн яго афарызм чаго варты, калi ён кажа: «Цела просiцца ў труну, а душа ляцiць у тэатр!» Заўсёды ўражваюць яго прыроднае пачуццё гумару i гераiзм.

У дзень нараджэння хочацца Андрэю Сцяпанавiчу пажадаць жыць доўга i працягваць радаваць нас сваiм майстэрствам. Бо ў тэатры мы яго цэнiм i вельмi шчаслiвыя, што такi акцёр, як ён (а такiя майстры сцэны патрэбны любому тэатру), застаецца з намi!

Алена ДРАПКО

Фота з архiва НАДТ iмя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».