29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Фармакалогiя vs спартыўныя прынцыпы. Барацьба з допiнгам — утопiя цi агульная мэта?


У вераснi ад удзелу ў спаборнiцтвах на некалькi гадоў былi адхiлены лёгкаатлеты Вiкторыя Колб I Дзмiтрый Набокаў, цяжкаатлетка Дар'я Вежнавец. Прычыны —  забароненыя прэпараты ў допiнг-пробах —  самая вялiкая праблема сучаснага спорту. Пра тое, што ўяўляе сабой допiнг i як з iм змагацца, расказаў дырэктар Нацыянальнага антыдопiнгавага агенцтва Рэспублiкi Беларусь Дзянiс Мужжухiн.


Ворага трэба ведаць у твар

Насамрэч, допiнг —  гэта не толькi забароненыя ў спорце прэпараты. А, у першую чаргу, парушэнне розных правiлаў —  прыёму i захоўвання прэпаратаў, месцазнаходжання i iншых. Сусветнае антыдопiнгавае агенцтва (WADA) прапаноўвае дзесяць азначэнняў допiнгу. У 2021 годзе ўводзiцца яшчэ адно, звязанае з утойваннем iнфармацыi аб парушэннi антыдопiнгавых правiлаў.

Прэпарат становiцца забароненым для спартсменаў, калi ён паляпшае спартыўныя вынiкi, наносiць шкоду здароўю, i яго прымяненне парушае этычныя прынцыпы спорту. У чорны спiс ён трапляе пры выкананнi мiнiмум двух крытэрыяў. Некаторыя прэпараты забаронены поўнасцю, некаторыя —  толькi на час спаборнiцтваў. Спартсменам забараняецца прымаць рэчывы, якiя паляпшаюць утварэнне клетак i тканак (анабалiзм), метабалiчныя i мачагонныя рэчывы, апошнiя маскiруюць прымяненне допiнгу. Для сумленнай спартыўнай барацьбы забаронены практычна ўсе вядомыя гармоны, стымулятары фактараў росту i рэцэптараў да адрэналiну i iншых гармонаў.

Разнастайнасць вiдаў спорту i медыцынскiх прэпаратаў не дазваляюць вылучыць самае папулярнае забароненае рэчыва. Па словах Дзянiса Мужжухiна, усё залежыць ад спецыфiкi спорту: «У хуткасна-сiлавых вiдах, напрыклад у лёгкай атлетыцы, часцей за ўсё прымяняюцца анабалiчныя стэроiды. Яны дапамагаюць там, дзе патрэбна сiла. Дарэчы, з гэтымi прэпаратамi звязана больш за ўсё парушэнняў. У веласпорце, лыжных гонках, дзе важная вынослiвасць, дапамагаюць прэпараты, якiя паляпшаюць перанос кiслароду ў крывi —  эрытрапаэцiн i iншыя. Гэта сусветная статыстыка. У Беларусi колькасць парушэнняў не такая вялiкая, каб стварыць агульную карцiну. Важна, што забароненыя прэпараты ў нас не зарэгiстраваныя, таму легальна купiць iх нельга».

Першы сярод роўных

Самым вядомым допiнгам сёння з'яўляецца мельдонiй —  метабалiчны прэпарат, якi спрашчае засваенне кiслароду, танiзуе i абараняе клеткi сэрца. З 1 студзеня 2016 года WADA прызнала яго забароненым. Агенцтва палiчыла, што ён павышае вынослiвасць арганiзма пры фiзiчных i нервова-псiхiчных нагрузках. У сакавiку таго ж года пачаўся «парад» спартсменаў, абвiнавачаных у прымяненнi мельдонiя i за гэта адхiленых ад спаборнiцтваў. Адной з першых стала вядомая расiйская тэнiсiстка Марыя Шарапава. Многiя спартсмены сцвярджалi, што прымалi прэпарат, калi ён быў яшчэ дазволены. Гэта выклiкала шмат спрэчак. Непрыемнасцi, звязаныя з мельдонiем, закранулi i беларускiх спартсменаў. У 2016 годзе напярэдаднi Алiмпiйскiх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Мiжнародная федэрацыя веславання на байдарках i каноэ абвiнавацiла беларусаў у прымяненнi гэтага прэпарату. Пазней з весляроў знялi абвiнавачваннi, але ў Рыа яны не выступiлi.

Спрэчкi вакол мельдонiю не сцiхаюць i сёння. Сярод спецыялiстаў разгараюцца дыскусii аб эфектыўнасцi прэпарату. «Многiя ўрачы лiчаць мельдонiй пустышкай. Канешне, вытворцы будуць сцвярджаць, што ён добра ўплывае на сардэчную мышцу, гэта ж iх грошы. Па сутнасцi, мельдонiй —  гэта агульнаўмацавальны сродак для сардэчна-сасудзiстай сiстэмы. Яго прымаюць пры аднаўленнi пасля аперацый, пры стрэсах. Але не даказана, што ён уплывае на спартыўны вынiк. Перш чым уключыць прэпарат у забаронены лiст, яго манiтораць. I WADA затурбавалася тым, што яго аб'ёмы ў пробах спартсменаў зашкальваюць, што ненармальна. Сярод пераможцаў i прызёраў I Еўрапейскiх гульняў у Баку было 40 % спартсменаў з мельдонiем у пробах», —  расказвае Дзянiс Мужжухiн.

Цi ўсе сродкi добрыя?

Для ўдасканалення вынiкаў любой цаной спартсмены прыбягаюць не толькi да медыцынскiх прэпаратаў, але i да разнастайных манiпуляцый. У ХХ стагоддзi многiх спартсменак абвiнавачвалi ў тым, што яны спецыяльна цяжарылi перад важнымi спаборнiцтвамi. Урачамi даказана, што цяжарнасць на трэцiм месяцы пашырае фiзiялагiчныя здольнасцi арганiзма, жанчына становiцца больш вынослiвай. Сваю лепту ўносiць i гармон харыянiчнага ганадатрапiну (ХГЧ), якi актыўна выпрацоўваецца падчас цяжарнасцi, асаблiва ў першыя месяцы. Ён жа ўплывае на павышэнне ўзроўню тэстастэрону, што i робiць арганiзм мацнейшым. Падобны ўплыў аказваюць i анабалiчныя стэроiды. «Допiнгавыя» цяжарнасцi былi акружаныя скандаламi i плёткамi.

Акрамя такога цяжкага па многiх параметрах метаду, знайшлiся i iншыя. Напрыклад, пералiванне ўласнай крывi. WADA забараняе любыя манiпуляцыi з крывёю i яе кампанентамi. Па словах Дзянiса Мужжухiна, уся справа —  у фiзiялогii: «Гэты метад прымяняецца ва ўмовах высакагор'я. Пры недахопе кiслароду арганiзм выпрацоўвае больш гемаглабiну. Кроў становiцца больш насычанай чырвонымi цельцамi, хутчэй пераносiць кiсларод. Яе захоўваюць i перад спаборнiцтвамi вяртаюць у арганiзм. Штучным чынам павышаюць узровень гемаглабiну, ствараючы дадатковы прыток кiслароду да мышцаў. Уласную кроў пералiваюць, каб пазбегнуць праблем з сумяшчальнасцю. Але гэта вельмi небяспечны метад. Арганiзм ведае, колькi яму патрэбна гемаглабiну, i выпрацоўвае яго ў залежнасцi ад умоў. А калi яго зашмат, пачынаюцца збоi».

Бязмежныя здольнасцi чалавечага розуму i хiтрасцi. Некаторыя спартсмены нават iдуць на змяненне структуры генаў i клетак. Гэта манiпуляцыя называецца «генным допiнгам», вельмi небяспечны i дарагi метад. Прэпараты геннага допiнгу могуць «уключаць» i «выключаць» гены, прымушаць клеткi працаваць хутчэй за кошт змянення iх малекулярнай асновы.

Лепей позна, чым нiколi

У 2018 годзе беларуская пяцiборка Настасся Пракапенка атрымала бронзавы медаль Алiмпiйскiх гульняў 2008 года. Гэтаму садзейнiчала пераправерка проб удзельнiкаў Алiмпiяд 2008 i 2012 гадоў. У аналiзах украiнкi Вiкторыi Церашчук, якая апярэдзiла Настассю ў Пекiне, знайшлi анабалiчны стэроiд турынабол i анулявалi яе вынiкi. Аказваецца, допiнг-пробы захоўваюцца дзесяць гадоў i ў любы момант iх могуць праверыць зноў, каб устанавіць справядлiвасць. «Ёсць такое паняцце як «атыповая проба», у якой няма нiчога забароненага, але параметрам нормы яна не адпавядае. Прычыны могуць быць розныя —  суадносiны пэўных рэчываў, наступствы допiнгу цi асаблiвасцi арганiзма. Але за такiмi спартсменамi пiльна назiраюць, параўноўваць iх розныя пробы. З развiццём лабараторнага абсталявання, методык iх дасканала вывучаюць. Старыя пробы могуць праверыць па выпадковай выбарцы цi падымаюць пробы таго, чый трэнер мае шмат парушэнняў», —  гаворыць дырэктар Нацыянальнага антыдопiнгавага агенцтва.

Узнiкае лагiчнае пытанне, калi тады нiчога не знайшлi, навошта варушыць мiнулае, пераможцаў жа не судзяць. Дзянiс Мужжухiн лiчыць, што да гэтага трэба адносiцца спакайней: «Калi спартсмен нi ў чым не вiнаваты, яму няма чаго баяцца. А парушальнiкi будуць дакладна ведаць, што праўда абавязкова праявiцца. Па сутнасцi, пераправерка проб абараняе тых, хто невiнаваты. У сучасным спорце iдзе своеасаблiвая гонка ўзбраенняў. Як няма краiны без злачыннасцi, так няма i краiны без допiнгу. Асаблiва цяпер, калi ў спорце круцяцца вялiкiя грошы».

Дазволiць нельга забаранiць

Забароненыя рэчывы ёсць нават у звычайных леках, вiтамiнах. Як тлумачыць дырэктар антыдопiнгавага агенцтва, галоўнае, каб утрыманне рэчыва ў арганiзме не перавышала сутачную норму. Але калi па стане здароўя спартсмен вымушаны прымаць забароненыя прэпараты, гэта можна ўзаконiць. Iснуе сiстэма тэрапеўтычных выключэнняў —  дазвол на ўжыванне рэчыва з забароненага спiса WADA. Такi дазвол выдаецца, калi дактары даказваюць, што альтэрнатыўнага лячэння не iснуе. Яго маюць многiя зоркi сусветнага спорту: тэнiсiсты Рафаэль Надаль i сёстры Уiльямс, велагоншчык Фабiян Канчэла, гiмнастка Сiмона Байлз. Дазволы часта атрымлiваюць спартсмены, хворыя на астму, у асноўным гэта лыжнiкi i бiятланiсты.

Сiстэма тэрапеўтычных выключэнняў стала прадметам спекуляцый i скандалаў. Дзянiс Мужжухiн лiчыць гэта няправiльным: «У нас слаба выкарыстоўваюць механiзм атрымання дазволаў. А ён усiм вядомы i аднолькавы для ўсiх. Нiхто не забараняе атрымаць заключэнне ад урача i дазвол. Iншае пытанне ў тым, што ў нас дактары не хочуць гэтым займацца. У рэгiёне да мяне падышоў трэнер i паскардзiўся, што спартсмен на трэнiроўках задыхаецца ад астмы. А ўрач адгаворвае iх ад атрымання дазволу, маўляў, гэта немагчыма. Дактарам патрэбна падцягнуць свае веды. Многiя скардзяцца, што нарвежскiя бiятланiсты прыкрываюцца астмай i прымаюць допiнг. Але гэта хвароба i развiваецца ў людзей, якiя бегаюць на лыжах ва ўмовах перападаў тэмператур i цiску. Гэта аб'ектыўна, у iх такi клiмат. Нацыянальнае антыдопiнгавае агенцтва выдала беларускiм спартсменам каля дзесяцi такiх дазволаў, i ўсё нармальна. Правiлы для ўсiх аднолькавыя, i спекуляваць на тым, што хтосьцi iмi карыстаецца, а хтосьцi не, на мой погляд, круцельства».

Хто вiнаваты i што рабiць?

Адназначнага адказу на пытанне, чаму спартсмены ўжываюць допiнг, няма —  халатнасць, няведанне, спадзяванне на ўдачу. Пры разглядзе кожнага парушэння разглядаецца i матыў. «У любым грамадстве абавязкова знойдзецца спартсмен, якi захоча абысцi сiстэму i ўжыць штосьцi забароненае. Будзе ўтопiяй сказаць, што мы калiсьцi гэта зменiм», —  адзначае дырэктар антыдопiнгавага агенцтва.

Дзянiс Мужжухiн лiчыць, што расказваць аб допiнгу i яго наступствах для здароўя i кар'еры трэба ў першую чаргу спартсменам-пачаткоўцам: «Маладыя спартсмены павiнны адразу разумець, што яны мусяць выконваць антыдопiнгавыя правiлы. Гэта важна, каб яны працавалi над сабой, а не думалi, якую таблетку прыняць. Нацыянальнае антыдопiнгавае агенцтва пачынае актыўна супрацоўнiчаць са спартыўнымi школамi».

Адказнасць за парушэнне правiлаў павiнен несцi не толькi спартсмен, але i яго трэнер. У Беларусi яго могуць прыцягнуць нават да крымiнальнай адказнасцi. Трэнер аднолькава датычны да перамог i няўдач спартсмена. «Калi падчас расследавання даказана, што вiнаваты трэнер, ён атрымае пакаранне ўдвая большае, чым спартсмен. А калi спартсмен не ведаў, што яму даваў трэнер, з яго ўвогуле могуць зняць дысквалiфiкацыю. Нацыянальнае антыдопiнгавае агенцтва разглядае не толькi прэпарат, а як пабудавана барацьба з допiнгам у спартыўнай федэрацыi цi школе. Мы цесна з iмi супрацоўнiчаем i даём свае рэкамендацыi», —  расказвае Дзянiс Мужжухiн.

Развiццё допiнгавай iндустрыi, з'яўленне новых спосабаў нелегальна палепшыць вынiкi выводзяць на спартыўныя пляцоўкi яшчэ аднаго ўдзельнiка спаборнiцтваў —  фармакалогiю. Але пакуль галоўнымi там застаюцца спартсмены, за iмi i апошняе слова. Усiм з дзяцiнства вядома, што ўсё тайнае становiцца яўным. Ды i таблетак для спакойнага сну сумлення пакуль няма.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: kubnews.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.