02 снежня, серада

Вы тут

Дырэктар музея Якуба Коласа Аляксандр Храмы: Па крупінках імкнёмся сабраць і стварыць штосьці адметнае


Паказаць, што Якуб Колас сучасны пісьменнік — адна з асноўных мэт Дзяржаўнага літаратурна-мемарыльнага музея Якуба Коласа, лічыць яго дырэктар Аляксандр Храмы. Крыху больш за год ён кіруе ўстановай, але бачанне таго, якім павінен быць музей, ужо склалася. Карэспандэнту «ЛіМа» Аляксандр Храмы распавёў крыху пра «Каласавіны», даволі шмат пра разнастайную дзейнасць супрацоўнікаў і вельмі шмат пра перспектывы музея.


— Аляксандр Васільевіч, ці ўдзельнічалі ў леташніх «Каласавінах»? Якія ўражанні?

— Яны сталі для мяне фактычна першымі, бо на пасаду дырэктара музея Якуба Коласа я быў прызначаны ў верасні 2019 года. Тыя «Каласавіны» ж прайшлі 1 лістапада, таму я  збольшага назіраў. Атрымалася даволі сціпла: паўгода музей жыў без дырэктара, навуковыя супрацоўнікі ладзілі мерапрыемства сваімі сіламі. Ды і  сам я ў той час быў заклапочаны надыходзячым святам у гонар 60-годдзя музея... З аб’ектыўных прычын сёлета мы таксама адзначылі «Каласавіны» без адпаведнага размаху, але мне падабаецца, што падчас падрыхтоўкі канферэнцыі добра папрацавалі з выступоўцамі.

— Што найперш абмяркоўвалі ў новым для вас калектыве?

— Як толькі «прыняў» музей, супрацоўнікі распавялі, што плануюць усталяваць на тэрыторыі музея сувенірны кіёск. Адразу ўзнікла пытанне, дзе яго можна было б размясціць, бо, калі музей мемарыяльны, усе дзеянні на яго тэрыторыі павінны быць суадноснымі з традыцыямі, якія панавалі пры жыцці творцы: фасад будынка мусіць быць нязменным, гаспадарчыя пабудовы не могуць быць нікуды перанесены… Адзінае — можна эксперыментаваць з агародам, які быў у часы Песняра, але ўсё ж гэта музей… Між тым сёлета адрадзілі коласаўскую купіну з азімымі на тым самым месцы, дзе яна была некалькі дзесяцігоддзяў таму. Дзякуючы дапамозе сям’і першага дырэктара музея, старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча, знайшлі замалёўкі з умоўнымі адзнакамі, дзе якое дрэва было пасаджана ў часы Коласа. Такім чынам мы высветлілі для сябе, дзе дрэвы мемарыяльныя, а дзе самасеі. На коласаўскую зямлю вярнуліся, дарэчы, і  вавёркі. Спачатку прывабілі адну і назвалі Сымонкай, вясной з’явіўся і Сымон. Цяпер, між тым, пасялілася недзе тут і куніца… Таму вяртаецца сюды не толькі Коласава слова, але і Коласава жыццё.

— Ці магчыма рэалізаваць ідэю з кіёскам дзе-небудзь у філіялах?

— Калі я толькі пачынаў працаваць у музеі Коласа, з’ездзіў у філіялы. Не магу сказаць, што мае папярэднікі нешта зрабілі не так — усё было дагледжана, — але дакладнай інфармацыі, дзе тэрыторыя пачыналася, а дзе заканчвалася, не знайшлося. А  геалакацыя павінна быць дакладнай. Хаця  б дзеля таго, каб ведаць, на якім кавалку зямлі што можна зрабіць. Таму ідэя з кіёскам пакуль застаецца ідэяй. Але працу пачаў з пашпарта ахоўнай зоны  — у  гэтым быў дасведчаны, бо, калі пачаў працаваць у музейнай сферы ў Нясвіжы, праводзілі міжнародны семінар па аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны сусветнага значэння. І першае, што прыйшло ў галаву на новым месцы,  — неабходнасць у  дыялогу са спецыялістамі, каб ведаць, як выкарыстоўваць і паляпшаць помнікі архітэктуры. У выніку ўзнікла ідэя крыху змяніць фармат сёлетняй канферэнцыі. Спецыялісты з Акадэміі навук, Міністэрства культуры, Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і  культуры ды іншых устаноў абмеркавалі перспектыўныя кірункі захавання аб’ектаў драўлянага дойлідства. Бо для нашага філіяла патрэбны канкрэтныя парады.

Тым часам вядуцца перамовы, каб у  Ластку была арганізавана мабільная сувязь. А ў Смольні плануем зрабіць музейную кавярню.

— Чым была цікавая літаратурная частка канферэнцыі?

— Літаратурную секцыю мы прымеркавалі да канкрэтнай даты. 15 мая споўніцца 100 гадоў з таго часу, як Якуб Колас прыехаў у БССР. У гэтым рэчышчы вырашылі, што трэба будзе папрацаваць над стварэннем новай экспазіцыі. Музейныя экспазіцыі ўвогуле павінны быць не толькі цікавыя, але і  сучасныя, бо наш асноўны наведвальнік — школьнік. Арыентуючыся на іх і  трэба рабіць пастаянную экспазіцыю. На жаль, Якуб Колас не становіцца больш папулярнай асобай, бо час ідзе. Таму заўсёды трэба неяк нагадваць, што ёсць такая вялікая постаць у беларускай літаратуры. Колас актуальны і сёння!

— Нагадваць якім чынам?

— Па-рознаму. «Каласавіны» штогод збіраюць літаратараў і навукоўцаў, каб быў дадзены штуршок да новай працы. Імкнёмся абнаўляцца: у фае з’явілася мультымедыйная сістэма, якая шмат у чым дапаможа наведвальніку, створаны новы сайт, на ўваходзе арганізаваны сувенірныя кіёскі… І гэта яшчэ далёка не ўсё...

Што да новай экспазіцыі, то пакуль ёсць толькі эскізы. І жаданне, напрыклад, праз інсталяцыю паказаць сапраўдную снежную зіму, якой захапляўся Колас і якую мы не назіраем цяпер. Шмат перспектыў у выдавецкай дзейнасці. Аднойчы Міхась Канстанцінавіч параіў узяцца менавіта за дзіцячую літаратуру. І на сённяшні час невялічкім тыражом мы выдалі дзве кнігі. Яны не могуць пайсці ў продаж, але ў нас ёсць дызайн-макет, шукаем магчымасць дадрукаваць тыраж. Праз розныя выдавецтвы, у тым ліку Выдавецкі дом «Звязда», паспрабуем выпусціць кнігі на камерцыйнай аснове. А якраз да канферэнцыі зрабілі выстаўку «Якуб Колас — дзецям», дзе прадстаўлены ілюстрацыі да выданняў «Міхасёвых прыгод» розных гадоў. Таксама ў  музея ёсць вялікае жаданне выдаць адной кнігай успаміны двух сыноў Коласа — Данілы Канстанцінавіча і Міхася Канстанцінавіча.

— Якім вам, як спецыялісту з досведам у музейнай справе, бачыцца месца музея Якуба Коласа сярод іншых?

— Няхай музей Якуба Коласа ў Мінску існуе 60 гадоў, аднак, напэўна, высілкаў было недастаткова, каб ён быў на слыху, як мастацкі ці гістарычны. Дарэчы, падчас 5-гадовай працы ў НГМ у Коласаўскі музей завітаў адзін ці два разы. Як гісторык па адукацыі, ніколі не задумваўся, што магу быць дырэктарам літаратурнага музея. Дый супрацоўнікам бывае цяжка са мной, асабліва калі пачынаем абмяркоўваць канцэпцыю музеефікацыі. Я бачу яе з  пазіцыі храналогіі падзей гісторыі, а яны ўпэўнены, што экспазіцыю трэба будаваць, грунтуючыся на творах Якуба Коласа. Для мяне гэта нелагічна, бо такія разнастайныя творы пісьменніка вельмі няпроста скласці ў нейкую зразумелую паслядоўнасць. Але, здаецца, мы паціху прыходзім да згоды. Не магу сказаць, што сёння ў нас ёсць комплекснае бачанне новай экспазіцыі, але па крупінках імкнёмся сабраць і стварыць штосьці адметнае.

— І над чым ідзе праца зараз?

— Над наступнай цікавай тэмай. Вядома, што на тэрыторыі сучаснага парку Горкага знаходзіўся даваенны дом Коласа, які ў 1941-м згарэў. Засталося літаральна пару фотаздымкаў і паказваюць яны гэты будынак толькі пэўнымі кавалкамі. Галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Міцкевіч, унучка Міхася Міцкевіча, шмат даведалася ў яго пра той дом. Супрацоўнікі музея адшукалі ў архівах карты Мінска з 1800 года, якія тычацца гэтай тэрыторыі. Знайшліся таксама зробленыя з вышыні нямецкія фота. Збіраецца інфармацыя пра рэльеф мясцовасці ў даваенны час. Зараз робім 3D-інсталяцыю, узнаўляючы першы дом Якуба Коласа, у якім ён жыў пасля вяртання ў БССР. Некалі быў зроблены макет гэтага дома, які дайшоў да нас вельмі пашкоджаны. Рыхтуем новы макет, каб паказаць два даваенныя дамы Канстанціна Міцкевіча.

У наступным годзе — стагоддзе выдання кнігі «Казкі жыцця» Якуба Коласа. Маем на мэце зрабіць дзве кнігі: першую — як рэпрынт выдання 1921 года, другую — як сучасную інтэрпрэтацыю класікі. Наша задача — спалучыць коласаўскае слова і сённяшняе яго бачанне, паднесці гэта больш прывабна. Тыя дзіцячыя кнігі, што пабачылі свет сёлета, друкаваліся якраз з рукапісаў Якуба Коласа, то-бок з  першай версіі. Ва ўсіх наступных перавыданнях хоць мінімальныя змены, але былі, у тым ліку, рэдактарскія. Дарэчы, мая любімая кніга ў Коласа — «Новая зямля», не таму, што, як у падручніках пішуць, гэта «энцыклапедыя сялянскага жыцця», а таму, што там ёсць перапляценні з маёй біяграфіяй, з успамінамі маіх бацькоў.

— Нельга не заўважыць, што таго ж Янку Купалу цытуюць больш, пра яго здымаюць кіно. Ці не склалася сітуацыя, што сябар Колас застаецца ў цені?

— Так атрымалася, што нават у музея Купалы, з якім у нас вельмі добрыя стасункі, дасягненняў значна больш. Добра, калі музей і тэатр ідуць побач, асабліва пры арганізацыі мерапрыемстваў. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа знаходзіцца ў Віцебску і з’яўляецца тэатрам абласнога падпарадкавання. На жаль, у нас пакуль няма плённых стасункаў. Здаецца, коласаўскі музей увогуле ў нечым заўсёды даганяў купалаўскі… Цяжка сказаць, чаму так адбываецца, як і адказаць на пытанне, чаму хтосьці папулярны больш. Кожны музей самабытны, у кожным павінны здзяйсняцца сур’ёзныя ўласныя праекты. За час пандэміі назапасілася шмат ідэй, быў час агледзецца і ацаніць свае здольнасці. Аднак калі казаць пра нейкую звышзадачу, асабіста для мяне важна, каб для новага пакалення словазлучэнне «родны кут» асацыіравалася не з крамамі, а  з  тым куточкам, які для чалавека павінен быць самым дарагім,  — з бацькаўшчынай.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.

Грамадства

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

За дзесяць месяцаў бягучага года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 600 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх.

Грамадства

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваў для педагогаў рэкамендацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый.

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.