Вы тут

Ружа і рагоз: для здароўя, прыгажосці і смачных страў


Каралева саду

«Мая дочка ў садочку ружу, ружу поліць, белы ручкі коліць», — спяваецца ў любімай беларусамі народнай песні «Купалінка». Няпростая гэта кветка, што дзеля яе прыходзілася і рукі параніць! Ружа са старажытных часоў лічыцца каралевай саду, аднак не толькі з-за чароўнай прыгажосці бутонаў розных адценняў і форм. Самае цэннае — яе раслінны духмяны алей, што па сваім кошце параўноўваўся нават з золатам, бо гэта быў і ёсць галоўны кампанент для шматлікай парфумерыі. Таксама алей і экстракт ружы вельмі запатрабаваныя ў медыцыне і кулінарыі.

Ружа для ўсіх славян — кветка-сімвал, якая была ўведзена ў народную культуру ў глыбокай старажытнасці. Здаўна яна лічылася сімвалам жаночай прыгажосці, а калючыя галінкі атаясамліваліся з перашкодамі, якія заўсёды ёсць на шляху ў дасягненні нечага высокага, дасканалага, надзвычай прыгожага.

У фальклорнай спадчыне беларусаў квітнеючая ружа атаясамліваецца з юначым хараством і цнатлівай дзявоцкасцю. З ружай параўноўваюць нявесту: «У гародчыку, на прасотчыку не мак, ружа расцвітала, красна паненка пахаджала». У сімволіцы вясельнага вянка абавязкова ўплеценыя ружы: «У чырвонай ружы — жаніх прыгожы». Галоўны атрыбут вяселля — каравай, і амаль заўсёды ён упрыгожваецца выпечанымі з цеста ружамі.

Ружа дала назву ружоваму колеру, але вось у беларускай народнай традыцыі галоўным колерам для ружы лічыўся чырвоны. Гэта адлюстравана ў колеравай сімволіцы тканых і вышываных народных убораў, у купальскіх, валачобных, лірычных песнях. Архаічная беларуская назва кветкі — рожа, таму ў фальклорных тэкстах іншым разам сустракаецца: «Чырвоная рожа, не стой пры дарозе! Хто йдзе, той ламае…» або «Як гэта рожа чырвона, прыгожа!»

Парфум і лекі

Ружа — сонечная кветка. Бутоны распускаюцца вельмі рана, прыкладна а 4-5 гадзіне, і закрываюцца ў 19-20 гадзін. Таму, каб атрымаць паўнацэнны духмяны раслінны алей, пялёсткі ружы падчас цвіцення пачынаюць збіраць на досвітку, паколькі ў сярэдзіне дня ў іх значна менш каштоўных эфірных масел.

Нам найперш вядомая розная прадукцыя з кампанентамі ружы вытворчасці Балгарыі. Звычайны традыцыйны падарунак пасля адпачынку на балгарскіх курортах — ружовая вада, бальзам і губная памада, крэмы і мыла, салодкія ласункі. У Балгарыі можна нават запісацца на экскурсію на ружовыя фермы і самім паўдзельнічаць у зборы дамаскай ружы.

Як ужо мы ўзгадвалі, ружовы алей па цане параўноўвалі з золатам, сёння таксама ён мае вельмі высокі кошт. Натуральны ружовы алей атрымліваецца метадам дыстыляцыі, змяшчае звыш 300 неацэнных каштоўных кампанентаў. На вытворчасць 1 літра чыстага ружовага алею патрабуецца да 3-х тон пялёсткаў! Па аб’явах Балгарскай нацыянальнай асацыяцыі, за 1 кг такога алею высокай якасці прапануюць 4200-6000 еўра. На аснове яго вырабляюць дарагую парфуму, элітную касметыку, ружовы лікёр, шакаладныя вырабы вышэйшай пробы, а таксама знакамітае сочыва з ружаў. Дарэчы, натуральны ружовы алей у чыстым выглядзе нельга наносіць на скуру.

Здаўна таксама культывуюць ружу ў Францыі, Швейцарыі, Грэцыі, Турцыі, Марока, у Крыме. Акрамя парфумы, вырабляюць шмат лекаў. Дамаскую ружу з чырвонымі пялёсткамі выкарыстоўваюць як антысептык пры запаленчых працэсах страўнікава-кішэчнага тракту, пры ангінах і каньюнктывітах. Пялёсткамі белай ружы, якія ўтрымваюць слізістыя рэчывы, у невялікіх дозах лечаць гельмінтоз, а ў Арменіі — захворванні сэрца. У Францыі ружы выкарыстоўвалі як вітамінны і танізуючы сродак. Таксама ўжывалі пры дыярэі, гемароі і як супрацьгельмінтны прэпарат.

У Салерна з глыбокай старажытнасці, яшчэ ад Старажытнага Рыма, ружа ўваходзіла ў склад большасці лекавых мазей. Так, ёю у спалучэнні з воцатам лячылі інфікаваныя раны; пялёсткамі, настоенымі на віне, лячылі дыярэю і жаночыя захворванні; пялёсткамі, змяшанымі з мёдам, лячылі захворванні дзёснаў; пялёсткі,змяшаныя з мядовай вадой, выкарыстоўвалі як гарачкапаніжальны сродак.

На нашых землях культурныя ружы з’явіліся ў часы Вялікага Княства Літоўскага, іх прывозілі з Еўропы і вырошчвалі ў магнацкіх парках і ля шляхецкіх фальваркаў. І не толькі дзеля прыгажосці: беларускія лекары таксама добра ведалі пра лекавыя ўласцівасці расліны і шырока выкарыстоўвалі прэпараты з пялёсткаў ружы. Ружовы алей меў супрацьзапаленчае дзеянне пры абсцэсах, гангрэне. Ужывалі яго і пры лячэнні бранхіяльнай астмы, гепатыце, грыпе, іншых прастудных захворваннях. Дробна стоўчаным парашком з пялёсткаў кветкі пасыпалі язвы, накладвалі на месцы, пашкоджаныя рожыстым запаленнем.

  • Як зрабіць ружавую ваду? У мінулыя часы ў аптэках з пялёсткаў ружы гатавалі ружавую ваду, яе рабілі часта на замову. Але нам і самім можна парупіцца! Дробна нашаткаваць 5-10 г пялёсткаў ружы, заліць 400 мл кіпячай вады, астудзіць да пакаёвай тэмпературы. Выкарыстоўваць у выглядзе прамыванняў і кампрэсаў для вачэй і твару.

Дэсерты з ружы

Памешчыца і аўтар кулінарна-гаспадарчай энцыклапедыі «Літоўская кухарка» Вінцэнта Завадская ў першай палове ХІХ ст. вучыла нашых жанчын гатаваць сухое варэнне з пялёсткаў ружы, а таксама апісвала прыгатаванне канфіцюра. Ружавы мёд, кансервы, ружавы сіроп, ружавы алей — усё гэта ўмела выкарыстоўвалі нашы прапрабабулі для паляпшэння смаку страў і з касметычнымі мэтамі. Вядома ж, спажывалі і ў кулінарыі, калі варылі розныя віды варэнняў, кісялёў і іншай слодычы, выпякалі пірагі і пячэнне.

Вось некалькі цікавых рэцэптаў слодычы з пялёсткаў ружы, што вы можаце прыгатаваць самастойна, каб адчуць смак старадаўняй беларускай кухні ад Вінцэнты Завадскай. Ружавыя пялёсткі трэба збіраць вельмі акуратна!

Варэнне з пялёсткаў

Інгрэдыенты: 1 кг пялёсткаў ружы; 2 кг цукру; 650 мл вады; 1 лімон.

Як гатаваць: 1 кг пялёсткаў ружы апарыць кіпячонай вадой і некалькі разоў абліць халоднай вадой, пакуль вада не стане празрыстай. Пасля гэтага пакласці пялёсткі ў кіпячы сіроп з цукру і варыць на малым агні. Пад канец варкі выціснуць у варэнне сок лімона, каб яно набрала колеру, і яшчэ трошкі праварыць.

Ружа па-манастырску

Інгрэдыенты: 100 г пялёсткаў; 400 г цукру; 2 лімоны; 250 мл вады.

Як гатаваць: пялёсткі ружы з паловай цукру (200 г) расцерці ў гліняным гаршчку ў аднародную масу, выціснуць туды сок аднаго лімона. Зрабіць сіроп з другой паловы цукру і шклянкі вады; калі закіпіць, уліць ружавую масу, перамяшаць і варыць, выціснуўшы сок яшчэ аднаго лімона. Далей варыць як звычайнае варэнне да гатоўнасці.

Гатоўнасць вызначаюць так: калі кропля сіропу не расцякаецца лёгка па талерцы, то варэнне гатова.

=========

Ля балота рос рагоз

Рагоз — добра знаёмая нам усім расліна, з яе доўгімі карычневымі плюшавымі шышкамі-суквеццямі многія любілі гуляць у дзяцінстве, а таксама рабілі з імі зімовыя букеты. Але не толькі для фларыстыкі прыдатны рагоз. Аказваецца, чалавек вельмі даўно прыстасаваў гэтую расліну для сваіх патрэб у гаспадарцы і народнай медыцыне.

Часам рагоз памылкова называюць або камышом, або трыснягом, але ён, хоць і сусед гэтых раслін па балоце, усё ж ім не сваяк. Рагозавыя маюць толькі адзін род і, як сцвярджаюць навукоўцы, больш за 20 відаў, якія рассяліліся амаль па ўсім свеце. У нашай краіне гэты травяністы мнагалетнік да 2 метраў вышынёй сустракаецца паўсюль: па берагах вадаёмаў, на лясных балотах, у канавах і паабапал азёр. Расце там, дзе кіслая глеба і шмат сонца. Заўважана, што рагоз не дае размывацца берагам, а ў зарасніках гэтай расліны заўсёды вада чыстая. У рагозе хаваюцца качкі і іншыя птушкі з вывадкамі падчас лінькі. Яго сакавітым тоўстым і даволі галінастым карэнішчам любяць ласавацца дзікі.

Аб даўняй распаўсюджанасці расліны па ўсёй тэрыторыі Беларусі сведчаць старажытныя назвы вёсак: Рагозна, Рагозніца, Рагазы, Рагозін і іншыя.

У нашай краіне найчасцей сустракаецца шырокалісны і вузкалісны рагоз, пажыўныя каштоўнасці якіх амаль аднолькавыя. Карэнішчы ўтрымліваюць бялок, цукар і тлушч, дубільныя рэчывы, шчаўева-кіслы кальцый, слізь. А крухмалу столькі ж, колькі ў бульбе. У наземнай частцы расліны пазначаны высокі працэнт пратэіну. Увогуле ж у травяністай частцы рагозу, як і ў карэнішчах, ёсць аскарбінавая кіслата, карацін, солі жалеза, калію, марганцу, цынку, медзі і іншыя карысныя кампаненты.

На Каўказе з тоўстых каранёў рагозу робяць муку або ядуць іх печанымі. Маладыя парасткі вараць, яны па смаку нагадваюць спаржу. Іх можна таксама марынаваць на воцаце і ўжываць як салату. Пажыўная каштоўнасць рагозу вагаецца ў межах ад 72 да 87 ккал. на 100 грам. А яшчэ з высушаных і здробненых каранёў рыхтуюць падбадзёрлівы напой, які нагадвае сурагат кавы.

Дарэчы, муку з рагозу пачалі вырабляць вельмі даўно, ёсць звесткі вучоных, што гэты адбылося каля 30 тыс. гадоў таму, значна раней чым са збожжавых культур. Цэлыя палеткі рагозу меліся і на тэрыторыі нашай краіны, бо мы на балоты і азёры багатыя.

У гаспадарцы таксама рагоз знайшоў прымяненне. З лісця плялі кошыкі, цыноўкі і вяроўкі. Сцёблы выкарыстоўвалі як будаўнічы матэрыял. Пухам з суквеццяў можна было набіваць падушкі. Сёння пух дадаюць пры вырабе выратавальных паясоў, бо ён мае высокую плавучасць. А яшчэ пух выкарыстоўваюць у кераміцы: з ім матэрыялы становяцца водаўстойлівымі, гідраізаляцыйнымі і лёгкімі.

Калі нарыхтоўваць рагоз

У якасці лекавага сродку ўжываюць карэнішчы, лісце, кветкі, шышкі (або пачаткі). Карэнішча нарыхтоўваюць восенню, пасля заканчэння вегетацыі, ад верасня па лістапад. Маладыя парасткі і кветканосы збіраюць у маі, лісце і кветкі — у чэрвені.

Лісце сушаць пад навесам, выкладаючы іх тонкім слоем. Карані выкопваюць, мыюць, здымаюць скурку і сушаць у сушылках або печы пры тэмпературы 50-60°С. Кветкі сушаць у цёмным памяшканні з добрай вентыляцыяй — напрыклад, на гарышчы. Карычневыя пачаткі пры неабходнасці падсушваюць у цёплых памяшканнях.

Тэрмін захоўвання карэнішчаў — 1-1,5 гады. Тэрмін захоўвання кветак — 6-12 месяцаў. Тэрмін захоўвання лісця і пачаткаў — 1 год. Захоўваюць сыравіну толькі ў папяровых мяшочках.

Найбольшую каштоўнасць расліна мае ў перыяд з’яўлення карычневага суквецця, верхняя частка якога ўтворана бурымі мужчынскімі кветкамі (тычынкамі), а ніжняя, больш тоўстая, карычневая — жаночымі (песцікамі). Шышкі ці пачаткі рагоза можна збіраць да першых маразоў.

Выкарыстанне ў народнай медыцыне

Рагоз лечыць авітаміноз, анемію, цынгу, слабасць цягліц і ператамленне. Лекі з яго выкарыстоўваюць пры лячэнні дызентэрыі, калітаў, стамацітаў, парадантозу, бранхіяльнай астмы, як мачагоннае і інш. Вонкава адвар з каранішчаў і лісця ўжываюць, каб спыніць кроў і як гаючы сродак у выглядзе кампрэсаў. Здробненае лісце або кветкі прыкладаюць да апёкаў, ран, сінякоў, фурункулаў. Сухім парашком з суквеццяў прысыпаюць кроватачывыя раны.

Калі перамяшаць пух рагозу з топленым маслам або салам, то атрыманай маззю можна лячыць апёкі і абмаражэнні. Адкрыццём у апошнія гады стала прымяненне павязак з попелу ад лісця рагозу ў якасці адсарбенту таксічных рэчываў і радыянуклідаў, гною з паверхні ран. Цікава, што такі спосаб лячэння цяжкіх ран быў вядомы яшчэ запарожскім казакам.

Звычайна, калі няма алергіі на пыл квецені, супрацьпаказанняў для прымянення рагозу таксама няма, але ўсё ж ужываць яго трэба асцярожна, пакрысе, і абавязкова раіцца з доктарам. Да ўсяго, нарыхтоўваючы сыравіну, важна добра ведаць, як выглядае рагоз у розны час года, каб не пераблытаць яго з іншай раслінай, якая можа быць таксічнай.

Народныя рэцэпты

Попел з лісця рагозу. Вымытае лісце прасушыць і спаліць на пракаленай патэльні або іншай металічнай паверхні. Асцярожна, каб не разбурыць сетчаты астатак, сабраць попел. Выкарыстоўваюць як накладку на раны пры перавязках.

Пры ангіне. 1 ст. лыжку здробненага сухога лісця заліць шклянкай кіпеню, настаяць 2 гадзіны і працадзіць. Паласкаць горла пасля ежы.

Пры парадантозе і дэрматыце. 20 г здробненых каранёў рагозу заліць шклянкай вады і кіпяціць на слабым агні 10 хвілін. Пасля настаяць 2 гадзіны і працадзіць. Пры парадантозе паласкаць рот на ноч. Пры дэрматыце рабіць кампрэсы або ўціраць настой у скуру.

Пры каліце і дызентырыі. 1 ст. лыжку здробненага сухога лісця заліць шклянкай кіпеню, настаяць 2 гадзіны, пажадана ў тэрмасе, працадзіць. Выпіваць за 40 хвілін перад ежай 3-4 разы на дзень.

Пры дыябеце. Сцвярджаюць, што пры дыябеце 2-га тыпу адвар рагозу нармалізуе ўзровень цукру ў крыві. Бяруць 1 ч. лыжку сушанага лісця і заліваюць шклянкай вады. Даводзяць да кіпення, затым на маленькім агні томяць 5 хвілін, дзеляць на 3 часткі і прымаюць 3 разы на дзень за 30 хвілін перад ядой. Курс — 2 тыдні.

Мазь супраць апёкаў і абмаражэнняў. Для прыгатавання мазі бяруць 100 г топленага сметанковага масла або жывёльнага тлушчу, пух аднаго ці двух пачаткаў (шышак), старанна перамешваюць. Захоўваюць у халадзільніку.

  • Этнограф Ларыса Мятлеўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».