Вы тут

У Магілёве адкрылі «разумную» інтэграваную паліклініку


Аналагаў ёй у рэспубліцы няма.

Установа разлічана на абслугоўванне болей чым 30 тысяч дзяцей і дарослых. Тут жа знаходзіцца падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі на чатыры брыгады. Сяміпавярховік цалкам узброены сучасным медыцынскім абсталяваннем, укаранёная сістэма «разумная паліклініка». На ўваходзе стаяць тэрміналы для электронных медыцынскіх картак, а медыцынскі персанал дысцыплінуе фотарэгістратар уліку працоўнага часу. Створаны ўсе ўмовы для безбар’ернага асяроддзя. Паліклініка пачне працаваць заўтра, а сёння, ў дзень яе адкрыцця, была магчымасць для ўсіх жадаючых азнаёміцца з яе магчымасцямі. Убачанае сапраўды ўражвала.


— Паліклініка з’яўляецца яркім увасабленнем таго, чаго мы хочам і куды мы рухаемся, — адзначыў выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Гэта інтэграваная паліклініка — ад нараджэння да залатога ўзросту. Тут вельмі магутнае забеспячэнне рознымі відамі спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, дзённым стацыянарам, што называецца стацыянаразамяшчальнай тэхналогіяй. З прыняццем новых нарматыўных актаў, у тым ліку Закона аб ахове здароўя, спадзяемся забяспечыць ператок пацыентаў стацыянараў у дзённыя стацыянары паліклінічных устаноў. Сёння няма неабходнасці, асабліва ў буйных гарадах, забяспечваць паліклінікі магутнымі дыягнастычнымі або хірургічнымі комплексамі – для гэтага трэба рабіць калектыўныя цэнтры. У гэтай паліклініцы зможа абслугоўвацца палова Магілёва і, напэўна, палова Магілёўскага раёна. Змены адбыліся пачынаючы ад запісу пацыента на прыём да ўрача да тэрміналаў электронных карт – правобраза інтэграванай медыцынскай карты. Краіна плануе з 1 студзеня 2023 года перайсці на адзіную інтэграваную медыцынскую прастору, і ў паліклініцы абыгрываецца адзін з элементаў інтэграванай паліклінікі. Наведванне медыцынскай ўстановы ў любым куточку нашай рэспублікі будзе заносіцца ў медыцынскую карту пацыента.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што гэтай падзеі жыхары горада чакалі даўно.

— Дапамагло тое, што было прынятае валявое рашэнне Прэзідэнта краіны наконт фінансавання аб’екта, — паведаміў ён. — Моцнымі прадпрыемствамі Магілёва і вобласці была аказана спонсарская дапамога ў памеры 1,25% ад выручкі. Такім чынам будавалі вось гэтую паліклініку на абслугоўванне 850 пацыентаў у змену, Асіповіцкую раённую бальніцу, раддом у Магілёве, такім чынам будуем кардыяхірургічны цэнтр пры Магілёўскай абласной бальніцы. У гэтую паліклініку і ў мадэрнізацыю тых аб’ектаў, якія рэалізавалі, укладзена 53 мільёна рублёў.

 — Такая медыцынская ўстанова, якую мы адкрылі сёння ў Магілёве, паліклініка сучаснага і будучага, такія ў нас павінны быць паўсюды, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сяргеенка. — Пачынаючы з уваходу чалавек трапляе ў цэнтр увагі — сучаснае абсталяванне, высакакласныя спецыялісты, усё зроблена з любоўю і падыходам. Наогул у Магілёўскай вобласці развіццю сістэмы аховы здароўя надаецца вялікая ўвага. Летась і сёлета здадзены цэлы шэраг медыцынскіх аб’ектаў не толькі ў Магілёве, але і ў Глуску, Асіповічах, Бабруйску. Ёсць перспектыва развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, за гэтым стаіць удасканаленне прафесіяналізму медыкаў. Сёння ў Магілёўскай вобласці выконваецца шэраг аперацый на ўзроўні рэспубліканскіх устаноў. Гэта гаворыць пра тое, што на рэгіянальным узроўні сістэма аховы здароўя не саступае тым медыцынскім цэнтрам, якія працуюць сёння ў Мінску.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.