Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем цікавыя спартыўныя навіны.


1. Дар'я Кісель заняла другое месца на Еўрапейскім юнацкім турніры ТОП-10 па настольным тэнісе. На спаборніцтвах у Берліне выступалі дзесяць першых нумароў еўрапейскага юніёрскага рэйтынга. Усяго спартсменкі сыгралі па восем матчаў, Дар'я прайграла толькі двойчы. У шасці сустрэчах беларуска аказалася мацнейшай за сваіх саперніц, што і прынесла ёй сярэбраны медаль. Пераможцай турніру сталі францужанка Прыціка Паўдэ, лідар еўрапейскага рэйтынга, якая ў Берліне не прайграла ні аднаго матча.

Аматараў настольнага тэніса парадаваў і Уладзімір Самсонаў. Легендарны спартсмен перамог на адкрытым чэмпіянаце Заграба. У вырашальным паядынку беларус аказаўся мацнейшы за харвата Франэ Коіцэ з вынікам 3:1. Гэта пятая перамога беларускага майстра малой ракеткі ў харвацкай сталіцы.

2. Хакеісты мінскага «Дынама» ўзялі рэванш у аднаклубнікаў з Рыгі. 1 кастрычніка ў латвійскай сталіцы «зубры» ўступілі «Дынама Рыга» з вынікам 4:3. Так перапынілася шасціматчавая пераможная серыя мінскай каманды. 11 кастрычніка на дамашняй «Мінск-Арэне» з такім жа вынікам 4:3 (па булітах) перамаглі хакеісты беларускага клуба. Закінутымі шайбамі сярод гульцоў «Дынама-Мінск» адзначыліся Аляксей Протас, Дзмітрый Буйніцкі, Ягор Шаранговіч. А ў серыі пасляматчавых кідкоў найлепшымі былі Аляксандр Кагалёў, Дзмітрый Буйніцкі і Роб Клінкхамер. Пасля гэтай перамогі ва ўзаемаадносінах «Дынама» Рыгі і Мінска ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі абсалютная роўнасць — у абедзвюх камандаў па 23 перамогі.

У актыве «Дынама-Мінск» 21 бал, пасля 14 перамог каманда займае трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, уступаючы толькі маскоўскаму ЦСКА і СКА Санкт-Пецярбурга. На «Мінск-Арэне» дынамаўцы 16 і 18 кастрычніка сустрэнуцца з яраслаўскім «Лакаматывам» і маскоўскім «Спартаком» адпаведна.

3. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе прайграла камандзе Грузіі з вынікам 0:1 у паўфінале плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы. Адзіны гол матча быў забіты на сёмай хвіліне. Торніке Акрыяшвілі паспяхова рэалізаваў пенальці. Беларусы не нанеслі ніводнага ўдару ў вароты саперніка. Гэты пройгрыш не пакінуў беларусам ніводнага шанцу выступіць на чэмпіянаце Еўропы.

4. Беларусы выступілі на чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні ў Польшчы. У вырашальным заездзе двоек двухлопасцевых лёгкай вагі экіпаж Алены Фурман і Настассі Янінай заняў чацвёртае месца, іх вынік на фінішы — 7 хвілін 0,880 секунды. Яна Цупа і Таццяна Клімовіч у гонках двоек парных прыйшлі да фінішу сёмыя. Ксенія Раманоўская і Дзіна Галуц — на восьмым месцы ў спаборніцтвах двоек бязрульных.

У мужчын сярод двухлопасцевых дуэтаў Дзяніс Суравец і Мікалай Шаралап апынуліся на дзявятай пазіцыі выніковага пратакола. У спаборніцтвах двоек парных Іван Брынза і Ягор Шлюпскі занялі 11-е месца. Двухлопасцевая чацвёрка, якая складалася з Сяргея Валадзько, Дзмітрыя Фурмана, Дзмітрыя Выберанца і Вадзіма Ляліна, скончыла выступленне на 12-й пазіцыі.

5. У Маладзечне адбыўся чэмпіянат Беларусі па боксе. На турніры выступілі 28 дзяўчат і 59 мужчын з усіх рэгіёнаў Беларусі. Чэмпіянат краіны стаў адным з этапаў адбору на старты алімпійскай кваліфікацыі да Гульняў у Токіа і чэмпіянату свету, якія адбудуцца ў 2021 годзе.

Сярод мужчын у сваіх вагавых катэгорыях перамаглі Дзяніс Салоцкіх (52 кг), Антон Чарнамаз (57 кг), Артур Туніеў (60 кг), Дзмітрый Асанаў (63 кг), Аляксандр Радзівонаў (69 кг), Віталь Бандарэнка (75 кг), Аляксей Алфёраў (81 кг), Уладзіслаў Смяглікаў (91 кг) і Дзмітрый Макарэвіч (звыш 91 кг).

Сярод жанчын найлепшымі былі Вольга Лушчык (48 кг), Юлія Апанасовіч (51 кг), Аляксандра Карповіч (54 кг), Ульяна Есіпенка (57 кг), Ала Старадуб (60 кг), Арына Данільчык (64 кг) і Аліна Вебер (69 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».