Вы тут

У Магілёве абмеркавалі развіццё эканомікі і стварэнне спрыяльнага дзелавога асяроддзя


Сваімі меркаваннямі падзяліліся кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікі бізнесу, навукі — усе тыя, хто непасрэдна працуе з нормамі заканадаўства і сутыкаецца з праблемамі ў іх прымяненні. Вельмі важна было пачуць іх заўвагі і ўзяць «на аловак». Гэта — частка работы на месцах над новай Канстытуцыяй. Спікеры звярталі ўвагу на змяненні, якія патрэбны ў заканадаўстве, у падыходах да планавання, у рэалізацыі мер дзяржавай для забеспячэння ўстойлівага развіцця.


Перад пачаткам размовы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар азнаёміў прысутных з вынікамі развіцця краіны за папярэднюю пяцігодку. У сусветным рэйтынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця Беларусь выйшла на 18 пазіцыю сярод 166 краін, інфляцыя ў адносінах да 2015 года паменшылася ў 2,5 раза, вынікам мэтанакіраванай палітыкі па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці стала аб'ектыўнае скарачэнне адміністрацыйнай і кантрольнай нагрузкі. Наша краіна зарэкамендавала сябе надзейным партнёрам на сусветным рынку, падтрымлівае гандлёвыя адносіны больш чым з 200 дзяржавамі свету. Разам з тым дагэтуль узровень прадукцыйнасці працы ў Беларусі застаецца ніжэйшым, чым у краінах Еўрапейскага саюза, не ліквідаваны бар'еры, якія стрымліваюць прадпрымальніцкую ініцыятыўнасць, не вырашана праблема эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі, нізкія тэмпы эканамічнага росту. Захоўваецца нявызначанасць у дынаміцы знешніх фактараў, што можа аказваць негатыўны ўплыў на беларускую эканоміку.

— Таму дзейнасць дзяржавы ў новым пяцігадовым перыядзе будзе накіравана на вырашэнне праблем і зніжэнне ўразлівасці эканомікі ў дачыненні да знешніх кан'юнктурных ваганняў, — падкрэсліў Руслан Страхар. — Галоўнай асаблівасцю эканамічнага развіцця краіны на 2021—2025 гады стане накіраванасць на стварэнне ўмоў для дабрабыту грамадзян краіны. Чым багацейшы народ,тым багацейшая краіна і тым больш яна прывабная для інвестараў. Пункты росту — экспарт, інвестыцыі, новыя рабочыя месцы, лічбавізацыя, эфектыўная сістэма кіравання эканомікай.

Роля кіраўніка, яго права на рызыку, падтрымка ініцыятыўнай моладзі, праблема маладзёжнага прадпрымальніцтва, рэалізацыя праектаў — на гэтыя і іншыя тэмы разважалі і выказваліся спікеры.

— Для любога прадпрыемства вельмі важныя мадэрнізацыя, новыя тэхналогіі, пашырэнне асартыменту выпускаемай прадукцыі, павышэнне прадукцыйнасці працы, — заўважыў генеральны дырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно» Пётр Руднік. — Важна знайсці рашэнне, пры якім любое прадпрыемства атрымала б другое дыханне, выйшла на новы ўзровень і стала канкурэнтаздольнае. Першая чарга мадэрнізацыі нашага прадпрыемства прайшла, сёння мы вырабляем поліэфірнае валакно па двух тэхналогіях: старой — з параксілолу і новай — з тэрэфталевай кіслаты, якая дазваляе на тоне эканоміць каля 300 долараў. Зараз на прадпрыемстве рэалізуецца другая чарга праекта. Ёсць планы пасля завяршэння мадэрнізацыі стварыць на базе «Магілёўхімвалакна» навукова-вытворчы кластар, каб вырабляць поліэфірную прадукцыю з большай дабаўленай вартасцю. Пётр Руднік нагадаў, што неабходна прыблізіць навуку да эканомікі рэальнага сектара. Раней пры прадпрыемствах былі своеасаблівыя НДІ, якія працавалі над новымі тэхналогіямі, новай прадукцыяй. Зараз такога практычна няма, таму трэба прыцягваць універсітэцкую навуку. Можна было б прывязаць дыпломныя работы да канкрэтных распрацовак на прадпрыемствах.

— Патрэба ў зменах ёсць, — пераканана доктар эканамічных навук, прафесар МДУ імя Куляшова, прарэктар па навуковай рабоце Наталля Макоўская. — Я эканаміст у вобласці даследавання і прасоўвання новых эканамічных ідэй у Беларусі. Перш за ўсё неабходна мяняць пазіцыю нашых паводзін. Дзяржаве трэба адпавядаць новым паводзінам спажыўца, прасоўвацца ў кірунку інфарматызацыі і фарміравання больш прагрэсіўных ІT-рынкаў. Інакш эканоміка будзе тармазіць і мы будзем менш канкурэнтаздольныя. Тым больш крыўдна, што ў нас ёсць вялікі патэнцыял. Рабіць паспешлівыя і радыкальныя крокі не трэба. Эканоміка павінна стаць больш адкрытай для замежных партнёраў, для канкурэнтаў. Адпаведна ўзрасце наша канкурэнтаздольнасць. Трэба менш давіць на бізнес, неабходна ствараць больш празрыстыя каналы яго вядзення. Мне здаецца, гэта прывядзе нас да больш актыўнага эканамічнага развіцця і эфектыўнасці. Гэта нашы даходы, наш дабрабыт.

Мікалай Цыкуноў, старшыня Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, дырэктар акцыянернага таварыства «Ольса», казаў пра ролю кіраўніка і яго права на камерцыйную рызыку:

— Маленькае прадпрыемства «Ольса» само сябе выцягнула з банкруцтва, да яго далучаны яшчэ шэсць такіх жа, як яно, па вытворчых плошчах, блізкіх да банкруцтва прадпрыемстваў. Роля дырэктара вялікая, павінна быць абарона кіраўніка ад тых рызык, якія існуюць.

Ілья Макавецкі, дэкан эканамічнага факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, лічыць, што для павышэння маладзёжнай прадпрымальніцкай актыўнасці павінна быць канкурэнцыя:

— З 2015 года ў нас пры ўніверсітэце працуе бясплатная стартап-школа. Штогод сумесна з аблвыканкамам мы праводзім з нашымі студэнтамі «Магілёўінвестдэй». Ёсць пляцоўка, эксперты, інвестары, але няма праектаў, у якія можна было б укласціся. Прычым такая праблема са стартапамі не толькі ў Магілёве, але ва ўсёй Беларусі. З Магілёўскай вобласці я не памятаю ніводнага ІT-стартапа. ВНУ рыхтуюць шмат такіх спецыялістаў, але сярод іх чамусьці няма стартапераў.

Аляксандр Бадзяка, дырэктар высокатэхналагічнага прадпрыемства «Тэхналіт», дзе вельмі шмат маладых супрацоўнікаў, лічыць, што трэба стварыць здаровае канкурэнтнае асяроддзе:

— Мы сёння ў маштабах усёй краіны баімся зрабіць памылку. Пра якое развіццё можна казаць? Я б не стварыў на «Тэхналіце» тую школу інжынераў, калі б заганяў іх у вузкія рамкі. Задача кіраўніка — перасцерагчы работнікаў менавіта ад сур'ёзнай памылкі.

Віктар Пашкевіч, прарэктар БРУ, закрануў балючую тэму ўзнаўлення навуковых кадраў для тэхнічнай ВНУ:

— Не менш як 40 % нашага персаналу павінна мець вучоныя ступені і званні. Мы тэхнічная ВНУ, тут павінны быць задзейнічаны пераважна мужчыны. Сёння з гэтым праблемы, бо ўчарашні студэнт, які падаваў надзеі, павінен быць вырваны з навуковага асяроддзя на перыяд службы ў арміі. Назад вяртаюцца не ўсе, шмат хто страчвае цікавасць. У нас з 40 магістрантаў мужчынскага полу 30 атрымалі павесткі, пра што тут можна казаць? Наспела неабходнасць перагледзець нормы. І яшчэ, мы робім распрацоўкі, якія прапаноўваем на рынку. Але некалькі гадоў таму пасля ўступлення ў дзеянне новага Падатковага кодэкса мы сутыкнуліся з тым, што павінны плаціць падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ) яшчэ да таго, як атрымалі грошы. І мы вымушаны адмаўляцца ад сур'ёзных кантрактаў, дзе велічыня ПДВ значная. Я ўжо не кажу пра тое, што мы гэтых грошай яшчэ можам і не ўбачыць. Таму ёсць сапраўды вялікая патрэба ў карэкціроўцы нормаў Падатковага кодэкса, каб мы не вымывалі абаротныя сродкі.

Андрэй Цімаеў, дырэктар ТАА «Тэхнапарк «Горкі», казаў пра цяжкасці маладзёжнага прадпрымальніцтва, адсутнасць яго фінансавай падтрымкі:

— Наш тэхнапарк створаны на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і з'яўляецца эксперыментальным для моладзі. Імкнёмся яшчэ на этапе вучобы не загубіць жаданне развівацца, нешта спрабаваць. Каб у той жа час, калі былыя студэнты прыйдуць на вытворчасць, яны маглі б сваю ініцыятыўнасць праявіць. Мы гаворым пра ўніверсітэт 3.0 — навука, адукацыя і прадпрымальніцкая ініцыятыва. Каб ланцужок «навучылі, распрацавалі, камерцыялізавалі» быў на карысць нашай краіне. Сёння шмат праектаў і праграм развіваецца з выкарыстаннем грошай таго ж Еўрасаюза або Расіі. Было б карысна распрацаваць праграму грантаў для стартапаўскіх праектаў. І ініцыятыва б развівалася, і прадпрымальніцкія схільнасці.

Усе канструктыўныя прапановы, якія прагучалі падчас размовы на дыялогавай пляцоўцы, будуць сістэматызаваны Магілёўскім аблвыканкамам і перададзены на разгляд ва ўрадзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Дыялог на карысць устойлівасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля. 

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава.