Вы тут

У Нацыянальным гістарычным музеі пачынае працаваць выстаўка «Археалагічны помнік: фіксацыя мінулага ў мінулым»


Сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі пачынае працаваць выстаўка «Археалагічны помнік: фіксацыя мінулага ў мінулым».

Напярэдадні нам удалося пазнаёміцца з цікавосткамі экспазіцыі.


Дакрануцца да вытокаў

Стратыграфіі, зробленыя Язэпам Драздовічам у Свіры.

— Гледзячы на гэту назву, можна падумаць, што знаёміць яна будзе са старажытнасцямі, знойдзенымі на нашай зямлі ці іх візуальнымі выявамі, — заўважае навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Вікторыя Тарасевіч. — Але храналагічны перыяд гэтага выставачнага праекта ахоплівае пачатак ХХ стагоддзя, і звязаны ён у асноўным з дзейнасцю такіх археолагаў, як Аляксандр Ляўданскі, Сяргей Дубінскі, Канстанцін Палікарповіч, Ісаак Сербаў і іншых, у тым ліку тых, хто вялі даследаванні на землях Заходняй Беларусі, якія ў 1920—1930-х гадах належалі Польшчы.

На жаль, імёны «мастадонтаў беларускай археалагічнай навукі», як ахрысцілі супрацоўнікі музея даследчыкаў 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, сёння вядомыя толькі вузкаму колу людзей, пераважна іх паслядоўнікам — археолагам і гісторыкам. Але ні ў якім падручніку сёння ніхто не прачытае пра здзяйсненні і адкрыцці тых людзей. І гэта пры тым, што іх напрацоўкамі мы карыстаемся і сёння. Менавіта яны стаялі каля вытокаў сучаснай археалагічнай навукі і не толькі. Абуджэнне цікавасці да ўласнай гісторыі і культуры, актыўнае развіццё археалагічных даследаванняў у 20-я гады цесна звязана з дзяржавастваральнымі працэсамі. У той час, можна сказаць, модна было ўдзельнічаць у краязнаўчых гуртках, зараджаўся попыт на інфармацыю, звязаную з гісторыяй. Даследаванні бясспрэчна спрыялі фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

У пачатку мінулага стагоддзя ладзіліся шматлікія экспедыцыі — прычым дакументы сведчаць, што на вывучэнне краю выдзяляліся добрыя грошы. Менавіта дзякуючы тым напрацоўкам мы ведаем, калі першыя людзі засялілі беларускія землі. Верхнепалеалітычная Бердзежская стаянка вывучалася шматлікімі даследчыкамі. І па сёння гэта адзін з нешматлікіх помнікаў на беларускіх землях, якія адносяцца да настолькі даўніх часоў. Навука ідзе наперад, адкрываюцца новыя помнікі, але даследаванні, зробленыя сто гадоў таму, застаюцца эталоннымі. Вялікія сілы былі кінутыя і на вывучэнне Банцараўскага гарадзішча, знойдзенага пад Мінскам. Менавіта з ім звязана ўзнікненне такога паняцця, як банцаравіцкая археалагічная культура. Варта адзначыць, што з 20—30-х гадоў работы археолагаў становяцца профільна скіраванымі на вывучэнне помнікаў пэўных перыядаў.

— Калі мы, сучасныя археолагі, чуем «даваенная археалогія», «даваенныя помнікі», адчуваем гонар, што мы займаемся тым, чым займаліся гэтыя людзі да нас, працягваем іх працу, — заўважае Вікторыя Тарасевіч. Тое, на якім узроўні праводзіліся экспедыцыі сто гадоў таму, уражвае і сёння. Тагачасныя археолагі былі ўсебакова развітыя асобы, жывыя энцыклапедыі. Напрыклад, раскопкі, што праводзіў Аляксандр Ляўданскі, адпавядалі самым перадавым методыкам, ён маляваў планы, замалёўваў прадметы, рабіў фотафіксацыю, у яго было вельмі шмат здымкаў (але, на жаль, многія з іх прапалі ці знішчаны). Даследчыкі вялі палявыя дзённікі. Да таго ж работы былі мультыдысцыплінарныя, комплексныя. Побач з археолагамі працавалі гісторыкі, музейшчыкі, геолагі. Зараз мала якая экспедыцыя можа пахваліцца такім наборам спецыялістаў, што выязджаюць на адны раскопкі.

Даследчыкі падказваюць, як сэканоміць падчас экспедыцыі.

На выстаўцы прадстаўлены арыгіналы і копіі графічных замалёвак, выкананыя адным з найбольш выдатных мастакоў Беларусі Язэпам Драздовічам. Гэты ўнікальны чалавек вядомы нам як пісьменнік, астраном-аматар, настаўнік, этнограф, а часам некаторыя энцыклапедыі падаюць яго і як археолага. Насамрэч раскопак Язэп Драздовіч не праводзіў, але археалогіяй сапраўды цікавіўся.

«Магчыма, гэтая блытаніна ўзнікла, бо ў некаторых музейных фондах захоўваюцца археалагічныя матэрыялы, падпісаныя як калекцыя Драздовіча. У тым ліку і ў нашым музеі маюцца скрыні, унутры якіх змешчаны планшэты з падшытымі на іх археалагічнымі знаходкамі. Яны падпісаны Язэпам Драздовічам, і на выстаўцы дэманструецца адна з такіх яго калекцый, — расказвае Вікторыя Тарасевіч. — У нас захоўваюцца матэрыялы яго паверхневых збораў, якія ён здзяйсняў у той час, калі ў Навагрудскім замку праводзіліся работы па кансервацыі руін. Архітэктары працавалі менавіта над гэтымі аспектамі, іх не цікавіў культурны слой і тое, што там знаходзіцца. Драздовіч, які там выкладаў у свой навагрудскі перыяд жыцця, сабраў гэтыя рэчы, нашыў на планшэты, некаторыя з іх аздобіў, зрабіў графічныя замалёўкі і рэканструкцыі — і ў такім выглядзе яны дайшлі да нас. Ёсць помнік — гарадзішча Свір, яно знаходзіцца ў цэнтры пасёлка. У даваенны час атрымалася так, што нейкую частку гарадзішча з паўднёвага боку проста зрэзалі. Драздовіч у той час там адпачываў і бачыў, як знішчылі палову помніка, зрабіў некалькі замалёвак. Да нас дайшлі малюнкі яго стратыграфій і помнікаў.

Вярнуць страчанае

На выстаўцы ў Нацыянальным гістарычным музеі будуць прадстаўлены фотаздымкі помнікаў археалогіі, якія даследаваліся ў тыя часы. Праводзіліся не толькі раскопкі, але і шырокамаштабныя разведкі. Каштоўнасць старых дакументаў яшчэ і ў тым, што сто гадоў таму археолагі паспелі зафіксаваць вельмі многія помнікі, які не дажылі да нашых часоў. У тым ліку імі была праведзена і вялікая фотафіксацыя.

Захавалася інфармацыя, што яны ладзілі настолькі буйныя разведкі, што атрымалася каля васьмі тысяч картак з фотаздымкамі і апісаннямі помнікаў. Вось толькі з-за пэўных абставінаў у 30-я гады і вайну дакументы, справаздачы і фотаздымкі археолагаў зніклі. А тое, што захавалася, даводзіцца па калеву збіраць — аднаўляць інфармацыю па фотаздымках, фрагментах дакументаў, публікацый, якія яны паспелі зрабіць. Адна з такіх крыніц, дзякуючы якой можна вяртаць гістарычныя веды — тры тамы работ па археалогіі, што выйшлі ў даваенныя гады, дзе на вельмі высокім узроўні апісаны названыя раскопкі і тое, што было на іх атрымана. І гэтай крыніцай актыўна карыстаюцца сучасныя даследчыкі, бо старыя публікацыі мала таго што вельмі добра напісаны, але яшчэ і маюць выявы прадметаў, якія былі знойдзены ў тыя часы. Самі ж знаходкі археолагаў у час Другой сусветнай вайны былі вывезены з тэрыторыі Беларусі. Калі ж яны вяртаюцца, часам даводзіцца праводзіць сапраўдныя расследаванні, каб высветліць, адкуль пэўныя прадметы, супастаўляць даваенныя публікацыі і параўноўваць з выявамі ў іх. Сёння такая праца па пошуку прадметаў і вяртанні апошніх у навуковы ўжытак праводзіцца на базе Нацыянальнага гістарычнага музея і Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Дарэчы, наведвальнікі выстаўкі змогуць пазнаёміцца з некаторымі фотаздымкамі і знаходкамі экспедыцый першай паловы ХХ стагоддзя, якія ўдалося зберагчы.

Паглыбіцца ў прафесію

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў могуць выклікаць побытавыя фотаздымкі з археалагічных экспедыцый тых часоў: як людзі гатавалі ежу, спалі ў паўзямлянках, сплаўляліся на лодках па рацэ.

— Археалогія — гэта не толькі рамантыка, але і даволі цяжкая праца. Калі мы зараз уяўляем лясныя выезды, разумем, што можна узяць боты, намёты, парасоны, тэнты, спецыяльную вопратку для дрэннага надвор'я. Сто гадоў таму такога не было. І калі бачыш старыя фотаздымкі, дзе пад сонцам з рыдлёўкай стаяць мужчыны ў касцюмах, альбо дзяўчаты ў капялюшыках, гэта цікава, але разумееш, як ім было нязручна, — заўважае навуковы супрацоўнік экспазіцыйнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Данута Грынь.

Сёння ў Беларусі крыху больш за 50 дзеючых археолагаў, і гэта вельмі мала для нашай тэрыторыі і той колькасці археалагічных помнікаў, якія на ёй знаходзяцца. Толькі ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі на сёння больш за дзве тысячы археалагічных аб'ектаў. І гэта невялікая колькасць помнікаў археалогіі, якія вядомыя па навуковых крыніцах. Работа па ўключэнні ў спіс новых помнікаў вядзецца вельмі марудна. Усё часцей сустракаюцца сумныя навіны пра знішчэнне ці пашкоджанне помнікаў, якія не знаходзяцца пад аховай. І таму адна з мэт выстаўкі — прыцягнуць увагу грамадскасці да захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Што, як не знаёмства з работай археолага, наогул з археалагічнай навукай, можа стаць найлепшай прышчэпкай ад абыякавасці?

Трэба сказаць, што выстаўка — складнік надзвычай вялікага музейнага праекта, «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі», у межах якога ладзіцца шэраг разнастайных мерапрыемстваў па папулярызацыі археалагічнай дзейнасці.

Данута Грынь згадала, як засмучалася з нагоды таго, што ў Гальшанах падчас будаўнічых работ было знішчана сярэдневекавое пахаванне (знаходкі былі проста выцягнуты з-пад трактара), на што пачула ў адказ: «Ну і ў чым праблема? Вы ж усё роўна дасталі прадметы з гэтай кучы зямлі». На жаль, людзі не разумеюць, што важна і тое, дзе і як ляжаў пэўны прадмет, і што па розных дробных дэталях можна чытаць гісторыю. А галоўнае, такая інфармацыя можа быць больш каштоўная, чым сама знаходка.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: План наведвання адной выстаўкі, або З якімі «мастадонтамі» будзе знаёміць Нацыянальны гістарычны музей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.