Вы тут

«Гэта вяртанне дабра, якое я некалі ў жыцці зрабіла». Расказваем пра тое, як працуюць медыцынскія сёстры міласэрнасці


Васіль Антонавіч прывык дабівацца свайго. Ён абавязкова хацеў, каб яго пад сваю апеку ўзяла яна, міласэрная сястра Чырвонага Крыжа Тамара Беразоўская. І справа была не толькі ў тым, што жанчына — мясцовая знакамітасць у гэтым невялікім горадзе. Пра яе залатыя рукі ходзяць легенды: уколы робіць небалюча, можа падняць на ногі ляжачага, своечасова заўважыць нядобрае са здароўем і акажа дапамогу, у яе падапечных з'яўляецца ўпэўненасць, што жыццё працягваецца і ўсё яшчэ будзе. Васілю Антонавічу ўжо больш за восемдзесят, і яму патрэбны былі не толькі прафесійная медыцынская дапамога, але і сацыяльныя паслугі, і догляд, і проста чалавек, які паслухае пра яго жыццё за кубачкам цёплай гарбаты.


У Тамары Аляксандраўны  залатыя рукі.

Калі дакументы былі аформлены, Васіль Антонавіч не хаваў свайго задавальнення. Задача Тамары Аляксандраўны была дапамагаць мужчыну, бо яна не звычайная медсястра, а медыцынская міласэрная сястра медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога». Дарэчы, гэта ўнікальная служба, якая аказвае ў рамках адной структуры паслугі медыцынскія, сацыяльныя і індывідуальнага догляду дома. Мэта службы — дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу ў доглядзе, не трапіць у інтэрнат для састарэлых, а застацца дома і быць там настолькі доўга, наколькі гэта магчыма, з максімальна высокім узроўнем незалежнасці і якасці жыцця.

Увогуле, першыя міласэрныя сёстры Чырвонага Крыжа пачалі працаваць на Беларусі яшчэ ў другой палове XІX стагоддзя. Працуючы ў абшчынах міласэрных сясцёр мясцовых упраўленняў Расійскага Чырвонага Крыжа ў Мінску, Віцебску, Гродне і Магілёве, яны дапамагалі ў бальніцах, клапаціліся аб цяжкахворых, працавалі ў ачагах інфекцый. У 1964 годзе ў Беларускім Чырвоным Крыжы была сфарміравана Служба міласэрнасці для забеспячэння догляду дома ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. У хуткім часе дзейнасць службы была пашырана да забеспячэння медыцынскай і сацыяльнай дапамогі адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў.

Колькасць міласэрных сясцёр даходзіла да тысячы ставак за кошт дзяржаўнага фінансавання. Медыцынскія міласэрныя сёстры былі заўважаныя на сваіх тэрыторыях і ў цэлым вырашалі патрэбы пажылога насельніцтва ў медыка-сацыяльнай дапамозе дома.

Дзяржаўнае фінансаванне службы было спынена яшчэ ў 2002 годзе ў сувязі са змяненнем заканадаўства, таму склад службы скараціўся. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пачало забяспечваць заробак міласэрным сёстрам за кошт членскіх узносаў, ахвяраванняў і ўнутранай спонсарскай дапамогі, а з 2013 года і праз удзел у дзяржаўным сацыяльным заказе.

Сёння ў Беларусі працуе 199 работнікаў службы — гэта 153 кваліфікаваныя медыцынскія міласэрныя сястры, малодшыя міласэрныя сёстры, а таксама псіхолагі і сацыяльныя работнікі. Тамара Аляксандраўна адзіная медсястра гэтай службы ў Старых Дарогах. Пад яе апекай адначасова знаходзяцца да шасці састарэлых людзей і тых, што маюць інваліднасць. Гэта няшмат для горада з 11-тысячным насельніцтвам.

Тамара Аляксандраўна прыходзіла і адразу бралася за справу: мерала ціск, праводзіла неабходныя хірургічныя маніпуляцыі, сачыла за катэтарам, выконвала прызначэнні дактароў, сачыла, каб падапечны прымаў прапісаныя доктарам лекі, каб у яго заўсёды была прыгатаваная ежа і ўвогуле мелася ўсё неабходнае для гаспадаркі пажылога чалавека. Як глытка свежага паветра ён чакаў прыходу сваёй любімай «сястрычкі». Калі ўсё было добра, і не прыспешвалі іншыя падапечныя, Тамара Аляксандраўна з задавальненнем прымала запрашэнне папіць разам гарбаты. Гэта быў самы любімы час Васіля Антонавіча. Ён расказваў жанчыне аб сваіх радасцях і горы, аб марах і расчараваннях. Міласэрная сястра разам з падапечным нібыта пражывала яго жыццё.

— А потым мне пазванілі раніцай і сказалі, што Антонавіч памёр, — Тамара Аляксандраўна адвяла позірк, каб я не заўважыла яе слёзы. — Я працую ў службе больш за сорак гадоў, але ніяк не магу прывыкнуць да смерці. Разумею, што мае падапечныя людзі найчасцей сталыя і адзінокія, якія нярэдка ўжо не могуць абслугоўваць сябе. Але я бачу не бездапаможных, а менавіта людзей — цікавых, добрых і няпростых, з усімі іх недахопамі і вартасцямі. Яны становяцца «сваімі», і са смерцю кожнага з іх я адчуваю, што страчваю частку «свайго». Гавораць, што пажылыя людзі забіраюць энергію. Няпраўда! Яны аддаюць яе, вучаць цаніць кожны момант свайго жыцця.

Мы некаторы час сядзім моўчкі за сталом ў офісе Чырвонага Крыжа ў Старых Дарогах. Будынак стары і халодны, але ў ім зроблены сціплы касметычны рамонт. Яго зрабіў муж Тамары Аляксандраўны, бяззменны валанцёр міласэрнай сястры, каб яго любая магла адчуваць сябе там як мага больш камфортна. Раніцай дома яны разам снедаюць, п'юць зялёны чай, потым мужчына адвозіць Тамару Аляксандраўну на работу. На працягу дня ён можа пад'ехаць у патрэбнае месца да жонкі, каб дапамагчы данесці прадукты яе падапечным.

Мы дапіваем каву і збіраемся выходзіць з Тамарай Аляксандраўнай. Яна спяшаецца. Тлумачыць, што людзі хвалююцца, калі яна затрымліваецца. Тэлефануе дзевяностагадовай Алене Іванаўне, каб папярэдзіць, што будзе праз 10 хвілін.

Заходзім у кватэру, у якой добра прыбрана. Алена Іванаўна чакае нас на канапе. Яна дрэнна бачыць, і ў яе баліць нага. Нядаўна ў жанчыны здарыўся гіпертанічны крыз, і адна нага моцна распухла. Жанчына тады вельмі напалохалася. Гаворыць, ледзь дапаўзла да тэлефона, каб выклікаць хуткую. Родных у яе няма, таму, акрамя ўрачоў, аб тым, што здарылася, паведаміць не было каму.

— Напэўна, Тамара Аляксандраўна —  гэта вяртанне дабра, якое я некалі ў жыцці зрабіла, — гаворыць Алена Іванаўна. — Памятаю, калі яна маладзенькай пташачкай прыехала да нас у Старыя Дарогі, галоўны ўрач не хацеў браць яе — вельмі маладзенькая. Я тады як другі сакратар райкама кампартыі паклапацілася, і яе аформілі. Ну так, у Чырвоны Крыж. А што такое Чырвоны Крыж? Ніхто толкам не разумеў, навошта ён! А вось цяпер, калі стала старая і бездапаможная, то зразумела: гэта і лячэнне, і догляд, і парады, і добрыя адносіны.

Вяртанне дабра Алене Іванаўне.

Пакуль падапечная расказвае пра жыццё, Тамара Аляксандраўна шчыруе вакол Алены Іванаўны. Мерае тэмпературу, ціск, узровень цукру і кіслароду ў крыві, намазвае хворую нагу маззю, закапвае вочы...

А потым радасна абвяшчае падапечнай, што сёння ў яе ўсе паказчыкі ў норме. Жанчыны задаволены вынікам.

— Тамара ж мяне не толькі лечыць, — раптам нібыта па сакрэце гаворыць мне Алена Іванаўна. — Яна мяне навучыла і каву смачную піць, мне для ціску трэба. Я раней толькі распушчальную піла, а цяпер вось сапраўдную італьянскую з кавалкам чорнага шакаладу. Гэта ж такая асалода!

З другога пакоя пачуўся бой гадзінніка. Тамара Аляксандраўна паглядзела на тэлефон — трэба ісці. Паабяцала падапечнай вярнуцца ўвечары, і мы сышлі. Жанчына спяшалася да шасцідзесяцігадовай Таццяны Георгіеўны. Жанчына год таму злегла пасля інсульту. Муж яшчэ не пансіянер, працуе. Дачка прыходзіць, але не ведае, як дапамагчы ляжачай маці... Жанчыне станавілася ўсё горш, пакуль у жыцці не з'явілася міласэрная сястра Чырвонага Крыжа.

Дзверы дома адчынены, гэта значыць, нас чакалі. Мы ішлі на голас Таццяны Георгіеўны па доўгім калідоры і заўважылі, як на кухні кошка корміць сваё кацяня, пяшчотна падцягваючы яго да сябе. Гэтак жа пяшчотна нас сустрэла гаспадыня дома. Жанчына ляжала на ложку ў маленькім пакойчыку і, убачыўшы нас, нібыта пацягнулася ўсім целам у наш бок. Паклікала мяне, каб расказаць, што яшчэ год таму яна ўвогуле не рухалася, ляжала як «бервяно». А цяпер вось згінае калені, варушыць нагамі, прыўзнімае спіну... Навучылася сама падымацца з дапамогай спецыяльнай вяроўкі і сядзець. Гэтыя змяненні адбыліся за год апекі над ёй Тамары Аляксандраўны. Кожны дзень тая рабіла спецыяльнае практыкаванне ЛФК з падапечнай, клапацілася аб ёй, усяляла надзею.

— Я сама па прафесіі медсястра, — прызнаецца Таццяна Георгіеўна. — Ніколі не бачыла такіх людзей, як Тамара. Напішыце пра яе — яна ж анёл. Ды ўвогуле ў яе сям'я ўся такая. Яны з мужам ходзяць па горадзе ды дапамагаюць! Думала — маё жыццё пасля інсульту скончана. Але не! Цяпер веру, што буду хадзіць. Як толькі ўстану, пачну сама хадзіць па прадпрыемствах, каб людзі не забываліся пра Чырвоны Крыж, ахвяравалі. Пра гэта не думаеш, пакуль не сутыкнешся з бядой.

Таццяна Георгіеўна ўжо навучылася самастойна садзіцца.

Жанчына старалася і нам паказаць свае дасягненні. Вось пацягнула за вяроўку, прывязаную да сцяны, і села, вось старанна сціскае палец міласэрнай сястры і абедзве задаволены, што атрымалася. Гляджу, як шчыра радуецца Тамара поспехам сваёй падапечнай, як непрыкметна папраўляе ёй коўдру, як акуратна прычэсвае валасы, каб тая на фота добра выглядала. Здаецца, што перад табой звычайныя сяброўкі, калі б не ціcк, падгузнікі, масаж...

Сёння такія «сяброўкі» ёсць у 1017 чалавек, якія пражываюць у Беларусі. З іх большасць — гэта людзі, якім за 80 гадоў. Адзінокія, пажылыя ці з інваліднасцю, якія поўнасцю ці часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння, з цяжкімі хранічнымі захворваннямі. Дапамогу ў год атрымліваюць прыкладна 1,5 тысячы чалавек. Усе медыцынскія міласэрныя сёстры Чырвонага Крыжа пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень не толькі на курсах павышэння кваліфікацыі, але і на тэматычных трэнінгах і семінарах. Тамара Аляксандраўна лічыць, што ў медыка-сацыяльную службу Чырвонага Крыжа «Дапамога» ідуць працаваць невыпадковыя людзі. Яны нават могуць не ўсведамляць, што па прызванні не звычайныя медсёстры, а менавіта міласэрныя. Гэта адбываецца ў працэсе работы. Так здарылася і з ёй, калі стала даглядаць сваіх першых падапечных — інвалідаў вайны. Жанчыне ўдалося адразу ўбачыць у іх «сваіх» і сэрцам адчуць, што ім патрэбна, чаго чакаюць, аб чым мараць... Медыцынская міласэрная сястра — гэта лад жыцця, які нараджаецца ў глыбіні сэрца.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.