Вы тут

Цi паспеюць з рэканструкцыяй храма на Вайсковых могiлках у Мiнску да 800-гадовага юбiлею святога Аляксандра Неўскага?


Храм у гонар святога Аляксандра Неўскага пабудаваны больш за 120 гадоў таму i маштабных рэканструкцый не ведаў з моманту сваёй пабудовы. Цяпер адбываюцца аднаўленчыя работы, але за кошт ахвяраванняў вернiкаў i розных суб'ектаў гаспадарання. Грошы з боку дзяржавы, здаецца, запланаваны, але пакуль не задзейнiчаны ў працэсе рэканструкцыi. Чаму? З гэтым пытаннем спрабуем разабрацца разам з кiраўнiком апякунскага савета храма Уладзiмiрам ДРАЖЫНЫМ.


Наша даведка

Святы князь Аляксандр Неўскi нарадзiўся 13 мая 1221 года ў горадзе Пераслаўль-Залескi (цяпер гэта горад у Яраслаўскай вобласцi Расiйскай Федэрацыi). Быў другiм сынам князя Яраслава Усеваладавiча, князя Пераслаўля-Залескага.

Святы карыстаўся любоўю народа, баяр i дружыны. Яго дзейнасць як вялiкага дзяржаўнага мужа, вайскоўца, хрысцiянiна, яго пакора дзеля перамогi, народнага дабрабыту сталi прычынай яго шанавання.

I хай увесь свет пачакае...

З Уладзiмiрам Несцеравiчам i ключнікам храма айцом Дзiмiтрыем сустракаемся на Вайсковых могiлках, дзе знаходзiцца храм. Мяне i маiх суразмоўнiкаў вiтае не самы сонечны кастрычнiцкi дзень, наперадзе зiма з яе халадамi i маразамi, восеньская лiстота няспешна ападае пад ногi i круцiцца ў сваiм апошнiм вальсе... На могiлках гэтая карцiнка выглядае асаблiва сумна-шчымлiва. Тут усё нiбыта замiрае, i звычайная штодзённая мiтусня застаецца дзесьцi па-за брамай разам з роем iмклiвых думак-матылёў. Заходзiш сюды i трапляеш у iншы свет: спакою, няспешнасцi i сузiрання. Але гэтая няспешнасць не заўсёды на руку, калi гаворка iдзе аб звычайных зямных справах, да якiх можна аднесцi i пытанне рэканструкцыi.

Перш-наперш заходзiм у невялiчкую царкву роўнаапостальнага князя Уладзiмiра, дзе зараз праводзiцца хрышчэнне. Яна цалкам прыведзеная ў парадак, здаецца нават, што гэта навабуд, аднак не — з нуля пабудаваная толькi купель. У аблiцаванай мармурам ванне можна хрысцiць нават дарослых з поўным апусканнем у ваду, чаго раней тут не было. У цэнтральнай частцы вернiкаў сустракае iкона Матроны Маскоўскай з часткай мошчаў святой. На другiм паверсе месцяцца кабiнет настаяцеля i канцылярыя прыхода.

Гэты храм-дублёр быў асвечаны два гады таму мiтрапалiтам Паўлам, цяпер тут штодзённа адбываюцца службы, пакуль у галоўным iдуць аднаўленчыя работы. А па выхадных вернiкi збiраюцца ў храме Святога Аляксандра Неўскага (нават у перыяд рэканструкцыi ён не спыняе сваёй дзейнасцi).

Не спыняцца на палове шляху

Першая стадыя рэканструкцыi, у якую i патрапiла хрысцiльня, закранула добраўпарадкаванне прыходскiх збудаванняў. Наступным крокам сталi работы ў галоўным храме. Ужо ўзноўлены дах, два купалы, званы на званiцах, вокны i дзверы заменены на новыя. Зараз асноўныя работы адбываюцца ўнутры царквы: яе белыя сцены падрыхтаваныя да роспiсу, замацаваныя на сваiх гiстарычных месцах памятныя дошкi, алтарная частка ўжо мае мармуровую падлогу, наперадзе — заканчэнне ўнутраных работ i пераход да вонкавых.

— Аднаўленне царквы Святога Аляксандра Неўскага да 800-гадовага юбiлею з моманту нараджэння святога князя можа стаць адной з найважнейшых падзей у беларуска-расiйскiх адносiнах, — лiчыць былы Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Рэспублiкi Беларусь у Лiтве (званне, дарэчы, пажыццёвае. — Заўв. аўт.) Уладзiмiр Дражын. — Юбiлей ужо хутка, а наперадзе яшчэ шмат чаго неабходна зрабiць...

На думку суразмоўнiка, тэма аднаўлення павiнна аб'яднаць памкненнi ў адзiнстве праваслаўнага свету. А калi больш дакладна, то на прыкладзе аднаго храма прадэманстраваць згуртаванасць у дасягненнi мэты.

На цяперашнi момант работы выконваюцца iнтэнсiўна, але без задзейнiчання бюджэтных сродкаў. Па словах суразмоўнiка, грошы на гэтыя мэты ахвяравалi «Прамагралiзiнг», «Мiнгаз» i «Мiнэнерга», сталiчныя прадпрыемствы «Слодыч», «Камунарка», «Завод пенных вiн» i iншыя. Сапраўды, рэканструкцыя можа доўжыцца гадамi, з кожнага, як кажуць, сабраць па нiтцы...

Але ж для горада гэты аб'ект не з лiку шараговых — царква адна з найстарэйшых у Мiнску, ды i могiлкi, над якiмi апякуецца прыход, — хутчэй можна аднесцi да катэгорыi нацыянальнага пантэона: тут пахаваныя героi-вайскоўцы, выдатныя дзеячы культуры, навукi, прадстаўнiкi палiтычнай элiты.

— Мы не стаiм на месцы, прыцягваючы сродкi адкуль магчыма, але для заканчэння рэканструкцыi яшчэ неабходна каля двух мiльёнаў рублёў, — тлумачыць Уладзiмiр Дражын.

Ён сцвярджае, што паразуменне з уладамi ў згаданым пытаннi знайшлi: на гэтыя мэты былi запланаваныя сродкi ў рэспублiканскай iнвестпраграме на 2020 год, але год хутка скончыцца, а грошай так i няма. Як высветлiлася, Беларускi экзархат не можа выступаць у якасцi заказчыка работ, бо ў яго няма адпаведнай службы. Гэтыя функцыi на сябе павiнна ўзяць упраўленне капiтальнага будаўнiцтва Мiнгарвыканкама. Здаецца, усё проста — бяры i рабi. Але... год наблiжаецца да заканчэння, сродкi могуць застацца неасвоеныя.

— Першага жнiўня я сустракаўся з кiраўнiком нашага ўрада Раманам Галоўчанкам, ён паабяцаў падтрымку. Даручэнне пайшло ў горад, але змянiўся мэр, i зрухаў пакуль нiякiх. З аднаго пункту гледжання, пiсьмовай адмовы няма, а з другога — i вынiку няма таксама, — тлумачыць занепакоенасць суразмоўнiк. — Я не хацеў бы спыняцца па налове шляху…

Патрэбны пантэон

Трэба сказаць, што ўсе работы ў храме (нават вонкавыя) праходзяць узгадненнi на ўзроўнi Мiнкульта, бо гэтае збудаванне адносiцца да помнiкаў архiтэктуры другой катэгорыi. Увага да яго асаблiвая, бо 123-гадовая царква нiколi не змяняла свайго прызначэння — нават у савецкiя часы тут хрысцiлi мiнчан, расказвае айцец Дзiмiтрый.

Прайшоўшы па ўсiх закутках храма, мы трапляем на вулiцу. А тут, на могiлках, сустракае свая гiсторыя — гiсторыя вялiкага горада, яго перамог i адпаведнай цаны за гэта.

Царква Святога Аляксандра Неўскага i хрысцiльня, лiчы, знаходзяцца ў цэнтры могiлак, памер якiх 4,5 гектара. Тут, па падлiках прыхода, налiчваецца 8 253 пахаваннi, 35 брацкiх пахаванняў, у якiх знайшлi спачын вызвалiцелi Мiнска ў 1944 годзе, 745 пахаванняў вайскоўцаў, 154 з якiх невядомыя... Iдэнтыфiкаванымi лiчацца
3 882 пахаваннi.

Жалобная карцiна, калi бачыш невялiчкi ўзгорак без апазнавальных знакаў: нi крыжа, нi каменя — з часам усё сцiраецца, нават успамiны. Могiлкi, дарэчы, знаходзяцца на балансе мясцовай камунальнай гаспадаркi, i некалькi гадоў таму нават была спроба iх добраўпарадкаваць: на месцы страчаных пахаванняў устанавiлi невялiчкiя каменныя плiты-падгалоўнiкi, але няшмат. На тым i спынiлiся. Зараз абкошваецца, падмятаецца — i хопiць.

Мае суразмоўнiкi лiчаць, што работы па добраўпарадкаваннi неабходна працягваць: i ўзнавiць, калi гэта неабходна, надмагiллi, i правесцi асвятленне ўздоўж цэнтральнай алеi, i зрабiць прывабнае азеляненне.

— Я бачыў розныя месцы такога кшталту ў свеце. У Хельсiнкi, напрыклад, могiлкi iмя маршала Манергейма — гэта помнiк архiтэктуры, мастацтва. Фiны змаглi зрабiць свой нацыянальны пантэон, — пераконвае Уладзiмiр Дражын. — У беларускай сталiцы таксама павiнен з'явiцца свой унiкальны комплекс накшталт пантэона. Могiлкi знаходзяцца зусiм
блiзка ад плошчы Перамогi, а рэальная перамога была дасягнута гэтымi людзьмi, што знайшлi свой спачын тут.

Складана не пагадзiцца з такiм пунктам гледжання. I яшчэ адна прапанова, агучаная суразмоўнiкам, — устаноўка помнiка Аляксандру Неўскаму, у гонар якога пабудавана царква. А вось гэта, падаецца, цалкам залежыць ад вернiкаў.

Неабходны каментарый

Вiктар ЛIСКОВ, старшыня Пастаяннай камii Савета Рэспублi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi:

— Я перакананы ў тым, што неабходна прыкласцi ўсе магчымыя намаганнi з боку органаў дзяржкiравання да таго, каб садзейнiчаць завяршэнню рэканструкцыi храма да юбiлейнай даты. Хачу сказаць, што на гэтым аб'екце ўжо шмат зроблена, але наперадзе яшчэ дастаткова работы. Тое самае датычыцца i ўвагi да добраўпарадкавання Вайсковых могiлак. Таму што памятаць сваю гiсторыю, шанаваць i захоўваць яе — святы абавязак нас, жывых, бо атрымалi мы ў спадчыну неацэнны дар — мiр i свабоду. Дар, якi каштаваў вельмi дорага — цаною жыццяў людзей, якiя ахвяравалi сабой дзеля вольнасцi нашага краю. Знайшлi тут спачын i выдатныя палiтычныя дзеячы, навукоўцы, прадстаўнiкi элiты, ды i звычайныя гараджане. Наша задача — захаваць памяць аб iх, каб прыклад такога самаадданага ахвяравання ў гiсторыi нашай краiны больш нiколi не спатрэбiўся.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Захаваць i ганарыцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.