Вы тут

У Брэсце адкрылi пяцiкiламетровую экалагiчную сцяжыну ўздоўж Мухаўца


Пачаткам гiсторыi гэтага маршруту можна, вiдаць, лiчыць 2012 год. Менавiта тады гараджане звярнулiся ў гарвыканкам з просьбай абмежаваць рух машын на ўчастку дарогi ў лясной зоне ўздоўж паўднёвага берага Мухаўца — ад Брэсцкай крэпасцi да Чырвонага двара. Так паступова i пачала фармiравацца сцяжына ў цяперашнiм яе выглядзе.


Праўда, дарожку ўздоўж маляўнiчых азёр Соя брастаўчане аблюбавалi вельмi даўно. Мясцiны тут надзвычай прыгожыя. Напрыклад, у карце-буклеце, якi не так даўно паявiўся ў свабодным доступе ў сецiве, гэты ўчастак апiсваецца даволi паэтычна: «Соя Малая, Соя Вялiкая — дзве вёскi. Брэсцкая Атлантыда. Сышла пад ваду ў 1974 годзе. Да гэтай пары можна палазiць па адзiчэлых фруктовых садах. Некалькi гадзiн у цiшы на беразе. Рака, астравы, клiчнiк трубы ТЭЦ, баржы, парк, пяцiпавярховiкi выглядваюць... Рэдкi па разнастайнасцi выгляд. Стоячы каля краю дарогi, з вышынi насыпу можна глядзець у бяскрайняе чаротавае поле. Найлепшы вiд на гарадскую набярэжную з зарэчча. Кiламетр рэлiктавай сцежкi...»

Лепей, пэўна, i не скажаш пра кавалак прыроды ў гарадской рысе. Ён, гэты кавалак працягласцю ў пяць кiламетраў, атрымаў у мiнулую суботу афiцыйны статус экасцяжыны. На адкрыццi падкрэслiвалi, што ўнiкальнасць праекта заключаецца ў комплексным падыходзе да вырашэння пытання. Над рэалiзацыяй працавалi актывiсты руху «За вела — Брэст», гарвыканкам, мiнскiя спецыялiсты Цэнтра экалагiчных рашэнняў. Iнiцыятыва ўладкавання маршруту была падтрымана Еўрапейскiм саюзам. Вясной на аб'екце паявiлiся велапаркоўкi, былi ўстаноўлены шлагбаумы, якiя абмяжоўваюць рух аўтамабiляў, праведзены работы па добраўпарадкаваннi.

Увесь маршрут абсталяваны прыгожымi iнфармацыйнымi стэндамi. На iх змешчана iнфармацыя пра розныя вiды раслiн i жывёл, якiя сустракаюцца на сцяжыне. Веласiпедную экскурсiю па маршруце правяла брэсцкая гарадская ляснiчая Алена ШТЫК-БАЖКО. На працягу гэтага маршруту можна было не толькi палюбавацца раскошнымi карцiнамi восенi, але i даведацца шмат новага.

Уздоўж сцяжыны сустракаецца нямала чырванакнiжнiкаў як сярод прадстаўнiкоў флоры, так i фаўны. Напрыклад, малы бугай — самая маленькая еўрапейская чапля, малы пагонiч — птушка, якую лягчэй пачуць, чым убачыць, бо яна знаходзіцца ў гушчары чароту i рагозу ў пойме Мухаўца. Тут таксама жывуць такiя рэдкiя насякомыя, як мураўiны леў i тыгровы жук. У аб'ектывы камер летам траплялiся аса-адзiночка бембекс насаты i некалькi рэдкiх вiдаў стракоз.

Пра iх можна пачытаць на iнфармацыйных стэндах. Тут жа расказваецца аб бiяразнастайнасцi нашых шырот, зменах клiмату, экалагiчных праблемах сучаснасцi.

— Брэсту пашанцавала з унiкальным водна-зялёным ландшафтам, — лiчыць Алена. — Горад раздзяляе Мухавец. А тэрыторыя паабапал ракi мае свае непаўторныя асаблiвасцi. Каштоўнасць гэтага месца нават не ў тым, што тут растуць рэдкiя раслiны цi трапляюцца ўнiкальныя птушкi ды казяўкi, а ў натуральным стане экасiстэмы. Можна браць дзяцей, збiрацца невялiкай кампанiяй i адпраўляцца ў мiнi-паход па экасцяжыне, дыхаць чыстым паветрам, назiраць за птушкамi — тут iх вялiкае мноства.

Маршрут вельмi карысны ў асветнiцкiм плане. Таму на адкрыццё прыйшло нямала настаўнiкаў, работнiкаў устаноў дадатковай адукацыi. Для iх экскурсiю правёў супрацоўнiк Цэнтра экалагiчных рашэнняў Сяргей ЮШКЕВIЧ. Падчас прагулкi экскурсавод даў рэкамендацыi па правядзеннi пазакласных заняткаў з дзецьмi, расказаў аб варыянтах выкарыстання сцяжыны ў справе навучання. Важнасць новага аб'екта ў асветнiцкай дзейнасцi як з дзiцячай, так i з дарослай аўдыторыяй падкрэслiў дырэктар Цэнтра экалагiчных рашэнняў Мiнска Яўген ЛАБАНАЎ.

А вось загадчыца сектара спорту i турызму Брэсцкага гарвыканкама Алеся ОКРУГ зрабiла акцэнт на празаiчнай жыццёвай праблеме. Тут часта праводзяцца суботнiкi па прыборцы тэрыторыi, i многiя жыхары горада праяўляюць актыўнасць, разуменне, калi трэба прыбраць. Але ж iншыя адпачывальнiкi, на жаль, пакiдаюць пасля сябе горы смецця. I гэта засмучае. Пластыкавыя, папяровыя, шкляныя адходы наносяць урон прыродзе. Ад чалавечай неахайнасцi церпяць пастаянныя насельнiкi маляўнiчай сцяжыны, асобныя ж суайчыннiкi нiяк не прывучацца да культурнага знаходжання на прыродзе. Але ж чым больш свядомых i сапраўдных аматараў прыроды будзе праходзiць па сцяжыне, тым больш станоўчых прыкладаў для нехлямяжых наведвальнiкаў. Таму на экасцяжыну лепш хадзiць сем'ямi альбо класам, студэнцкай групай. Ну i закаханым там будзе рай.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Па лесе ўздоўж рэчкi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.