Вы тут

Як родны дом. Да 75-годдзя адкрыцця першай экспазіцыі музея Янкі Купалы


Купалаў дом заўжды быў вельмі гасцінны — гаспадары прымалі творчую багему, усе таленты імкнуліся сюды. Адбываліся неафіцыйныя літаратурныя імпрэзы, тут шугалі іскрамётныя спрэчкі, гучалі «свежаспечаныя» творы — кожнаму паэту не цярпелася пачуць жывы, шчыры водгук сяброў па пяры, тым больш самога мэтра Янкі Купалы!.. Міхась Лынькоў прыгадваў, што ў горадзе складалі прымаўкі пра тое, як частавалі ў гэтым доме... Праўда, потым чэкісты паставілі паэтаву гасціннасць яму ў віну: маўляў, контррэвалюцыйная кватэра, дзе ўвесь час немаведама што адбывалася…


Больш чым музей

Стваральнікі Купалавага музея захавалі найлепшыя традыцыі гэтага месца. Ад адкрыцця першай экспазіцыі 20 верасня 1945 года паэтаў музей значыў нашмат больш, чым проста музей. Першым яго дырэктарам стала жонка Купалы, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Да яе маглі прыйсці тыя паэтавы сябры, хто вярнуўся з ГУЛАГа (як раней яны прыходзілі да самога Купалы). За час дзейнасці мемарыяльная ўстанова двойчы пераязджала ў іншыя будынкі, дзе ствараліся новыя экспазіцыі. Першым з адведзеных пад музей стаў Дом прафсаюзаў на плошчы Свабоды, 23 (музей змясціўся на трэцім паверсе). Пасля пераехаў у сутарэнні тагачаснага Дома пісьменніка на вуліцы Энгельса. І гэта былі месцы, якія для сяброў Янкі Купалы сталі домам. Многія з іх згадвалі тое... Так, Сяргей Грахоўскі распавядаў, што калі вярнуўся з высылкі, не ведаў, куды падацца. Калі ж завітаў у Дом пісьменніка, то пабачыў Уладзіславу Францаўну. Яна і павяла даўняга знаёмца ў музей. Двойчы ўладкоўвала, дапамагала. З яе рэкамндацыі ўдалося вярнуцца да пісьменніцкага асяродка, адправіцца ў Дом творчасці ў Каралішчавічах.

У экспазіцыі музея прадстаўлены сціплы, невялічкі партфельчык карычневага колеру. «Купалаўцы жартуюць: менавіта тут і змяшчаўся музей, бо ў партфельчыку калісьці знаходзіліся ўсе матэрыялы пра паэта», — распавядае вядучы навуковы супрацоўнік Павел Каралёў. Справа ў тым, што на момант гібелі Купалы рэчаў у яго было зусім мала — архіў у Мінску згарэў (вялізная калекцыя кніг, шмат уласных рукапісаў).

Экспанаты, якія Уладзіслава Францаўна прывезла ў Мінск у згаданым партфелі, і сталі пачаткам музейных калекцый. А калі была прынята пастанова аб стварэнні музея Янкі Купалы, Уладзіслава Францаўна прывезла асабістыя рэчы паэта, якія былі з ім у Маскве (валёнкі, зімовае паліто, чамадан, які Янка Купала прыдбаў у Чэхаславакіі, прыбор для галення, лыжка для абутку фірмы Salamandеr таго часу; цяпер гэтыя адны з самых каштоўных экспанатаў упрыгожваюць музейную вітрыну). Затым Уладзіслава Францаўна пачала пісаць лісты ўсім знаёмым і сябрам Купалы, каму ён мог пакінуць свае кнігі з дарчымі надпісамі і рукапісы.

Сёння ў музеі самая вялікая калекцыя рукапісаў песняра. А адным з першых з прынятых у музей быў Купалаў аўтограф з вершам «Мая доля». Цікава, што на адвароце маецца яшчэ і польскамоўны верш «Кабеце», як напамін аб спробах Купалы пісаць па-польску. Шмат у музеі і асабістых рэчаў, і фотаздымкаў Янкі Купалы. Адначасова са зборам рукапісаў і кніг паэта Уладзіслава Францаўна пачала замаўляць мастакам партрэты Янкі Купалы і работы па яго творах. Яна кантактавала з рознымі літаратарамі, прасіла іх пісаць успаміны пра паэта. Такім чынам склалася буйная калекцыя ўшанавання памяці. Па тых успамінах можна прасачыць пэўныя перыяды жыцця Янкі Купалы: дзе і калі ён бываў, з кім сустракаўся. «Гэта адна з самых цікавых калекцый», — прызнаецца вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навуковафондавай работы Марына Плаўская.

Дыялог назаўжды

Скульптура Льва Гумілеўскага «А хто там ідзе?.. Янка Купала». Фрагмент экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Калі мы гаворым «Купалаў дом», нельга забываць пра тое, хто стварыў у ім утульную атмасферу і надзейны бяспечны прытулак для паэта, хатні ачаг. А гэта зазвычай робіць жанчына... Многія ведаюць жонку Купалы як музейшчыка і педагога, а Уладзіслава Францаўна была яшчэ і паэтэсай. Вершы яе друкаваліся ў «Нашай Ніве», у «Беларускіх календарах». Купала прысвячаў ёй вершы... Між імі адбываўся паэтычны дыялог. У экспазіцыі прадстаўлены рукапісы не толькі Купалы, але і Уладзіславы Францаўны.

І Купала, і яго на той момант каханая Уладзіслава былі студэнтамі ўніверсітэта Шаняўскага ў Маскве. Білет Уладзіславы, які можна пабачыць у экспазіцыі, мае нумар 517. Янкаў білет быў выдадзены пад нумарам 516. Цікава, што ўніверсітэт заснаваў вельмі адукаваны чалавек Альфонс Шаняўскі. За што б ні браўся, усё яму ўдавалася. Так, аднойчы заняўся золаташукальніцтвам і моцна разбагацеў. Багацце ўклаў ва ўніверсітэт, дзякуючы чаму таленавітыя людзі, якія не мелі сродкаў на адукацыю, маглі вучыцца.

Вучыўся Янка Купала і ў СанктПецярбургу. Фрагмент музейнай інсталяцыі ўзнаўляе куток піцерскай кватэры паэта: стол, кнігі, рукапісы, сакваяж. За акном — той від Пецярбурга, якім цешыўся паэт, калі глядзеў на вуліцу. Рама адноўленага акна спецыяльна для музейнай экспазіцыі прывезена з Санкт-Пецярбурга, з таго самага дома, дзе жыў Янка Купала. У Санкт-Пецярбургу Купала выдаў сваю першую кніжку «Жалейка». Адзін са знакавых вершаў зборніка «А хто там ідзе?» быў адразу пакладзены на музыку і стаў неафіцыйным беларускім гімнам. Верш перакладзены на 100 моў свету — творчасць Янкі Купалы не страціла актуальнасці і праз стагоддзе.

Частка музейнай экспазіцыі ўзнаўляе тое месца, дзе паэту лепш за ўсё пісалася і адпачывалася, дзе жыла яго маці — хутар недалёка ад Мінска, — у Акопах. Трэці Купалаў зборнік «Шляхам жыцця» склаўся ў асноўным з вершаў, створаных тут. У экспазіцыі музея прадстаўлены зборнік, напісаны рукой паэта, у электронным варыянце — кожны можа пагартаць яго, спыніцца на любым з твораў. Экскурсаводы распавядаюць адметную гісторыю выдання зборніка. Прысвечаны ён доктару Ярэмічу, ёсць там і яго здымак. Дырэктар адной з пецярбургскіх бальніц — адзін з вынаходнікаў унутрывеннага наркозу, за што і атрымаў званне доктара медыцыны і прэмію. На грошы вырашыў выдаць зборнік вершаў якога-небудзь паэта з народа. Прапанавалі на выбар Сяргея Ясеніна і Янку Купалу. Доктар выбраў апошняга. Магчыма, таму, што сам быў беларусам.

Паўлінка: прататып і сапраўднасць

Партфель, з якога пачынаўся музей. Фрагмент экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Адна з залаў музея прысвечана Купалу-драматургу. Тут экспануюцца матэрыялы, датычныя чатырох п’ес, напісаных у Акопах. Гэта пастаноўкі «Паўлінкі», «Раскіданага гнязда», «Прымакоў» і «Тутэйшых». Цікава, што героі «Паўлінкі» мелі сваіх прататыпаў. Прыгажуня Ядзя, якая жыла ў Акопах, закахалася ў простага настаўніка і хацела выйсці за яго замуж. Бацькі ж марылі знайсці багацейшага жаніха — гэтыя акалічнасці і паслужылі сюжэтам твора. П’еса «Тутэйшыя», альбо «Трагічна-смяшлівыя сцэны з менскага нядаўняга жыцця», напісаная ў 1922 годзе, адметная тым, што яе знялі з рэпертуру адразу пасля прэм’еры ў 1926 годзе (тады на сцэне тэатра БДТ-1), а шмат пазней, у 1990 годзе, пастаноўка атрымала дзяржаўную ўзнагароду.

Дамінантай у гэтай зале з’яўляецца стылізаваная сцэна, а для стварэння сапраўднай тэатральнай атмасферы ёсць і кулісы. На экране, быццам на сцэне, можна паглядзець усе спектаклі, пастаўленыя па творах Янкі Купалы.

Многія фотаздымкі, багата прадстаўленыя ў экспазіцыі, адлюстроўваюць асаблівасці таго часу, калі ствараўся музей. На адным з іх — пастаноўка «Паўлінкі» ў 1913 годзе ў Пецярбургу, там зацёртыя два абліччы: адно, Аркадзя Смоліча, — цалкам, другому чалавеку, Вацлаву Іваноўскаму (які падчас вайны быў бургамістрам Мінска) дамалявалі бараду. Здымак гэты здавала Паўліна Мядзёлка, а пасля ўбачыла на ім змены... Мусіць, музейшчыкі, якія прынялі фота ў калекцыю, перасцерагаліся. Ёсць гэткі ж здымак з іншых паступленняў — усе абліччы на месцы.

Дарэчы, з успамінаў Паўліны Мядзёлкі можна меркаваць, што Уладзіслава Францаўна была вельмі ўладнай жанчынай, кантралявала ўсе справы Купалы. Калі падчас застолляў паэта прасілі пачытаць вершы, ён адчыняў свой сейф і гартаў рукапісы, каб нешта выбраць. Уладзіслава Францаўна заўжды стаяла побач і падказвала: той чытай, а гэты не чытай... Калі ж прыгадаць, які тады быў час, задумваешся: а ці не была ў яе паводзінах абачлівасць і мудрасць? Ёсць успаміны Алеся Ульянава, які ўвайшоў у давер да Янкі Купалы і даносіў чэкістам на паэта і яго сяброў. Ульянаў пісаў, што «ў Купалы ёсць злы геній, яго жонка, Купаліха, якая не дае яму ніколі гучна сказаць і якая баіцца, што ў выпадку якіх-небудзь змен яго савецкія выступы яму выйдуць бокам...»

 Сучасны будынак музея ўзвялі ў 1960 годзе на тым месцы, дзе знаходзіўся дом паэта да вайны. Першых наведвальнікаў новая экспазіцыя прыняла ў 1961-м. Уладзіслава Францаўна памерла за некалькі месяцаў да адкрыцця экспазіцыі. «Ёсць тут нейкі сімвалізм: адышла яна толькі тады, калі ўжо ведала, што ў музея будзе стацыянарны будынак — амаль што ўсё было гатова...» — дзяліўся ўражаннямі падчас экскурсіі Павел Каралёў.

Пра гісторыю праз сучаснасць

Музейнае жыццё, нягледзячы на працяглы перыяд пандэміі, не спыняецца. Супрацоўнікі ўстановы вынайшлі новую форму працы з наведвальнікамі: анлайн-выстаўкі, адкрыцці, прэзентацыі. Ствараецца шмат ролікаў з нагоды розных выставак і мерапрыемстваў: на сайце музея, на канале YouTube Купалаўскага тэатра, на старонках сацыяльных сетак у Facebook і Instagram можна паглядзець нават тыя з іх, якія ўжо адбыліся.

З апошніх паступленняў у фонды ўстановы — серыя работ Васіля Шаранговіча да твораў Янкі Купалы, якая цяпер экспануецца. Экспертная камісія адзначыла, што работы ўнікальная, бо ствараліся яны ў незвычайнай для мастака тэхніцы.

З апошніх набыткаў і скульптура паэта пад назвай «А хто там ідзе?» работы мастака Льва Гумілеўскага. Адносна яе можна сцвярджаць, што твор — як застылы ў імгненні крык на ўвесь свет аб народзе — настолькі трапна мастак перадаў ідэю верша. «Збіраем мы і кнігі, прысвечаныя Купалаўскаму тэатру. Прыносяць шмат нам рэчаў таго часу, дзеляцца ўспамінамі. Для нас важна ўсё, што можа раскрыць «белыя плямы» ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. Іх насамрэч яшчэ шмат, — распавядала Марына Плаўская. — Гэта ж датычыць і смерці паэта. Мы спадзяваліся, што архівы будуць адкрытыя для таго, каб больш падрабязна даведацца пра апошнія хвіліны творцы. Неаднойчы пісалі лісты ў архіў КДБ, але штораз нам адказвалі, што ніякіх дакументаў няма, акрамя копіі паведамлення на імя Берыі аб смерці Купалы, дзе нават імя яго напісана з памылкай (з дакументам можна азнаёміцца ў экспазіцыі)...»

 ...Мінае час, усё ў музеі асучасніваецца, але мемарыяльныя пакоі застаюцца тымі самымі. У рабочым кабінеце Купалы — штучны пляж. Паэт прывозіў з мора каменьчыкі і рассыпаў іх дома на падлозе, калі яму было асабліва сумна, перабіраў іх, успамінаючы дні адпачынку... Усё застаецца такім, як было пры жыцці паэта, — не хапае толькі яго самога (экспазіцыя адноўлена па фотаздымках, мастацкае вырашэнне Аляксандра Давідовіча). Але тыя, хто прыходзіць у Купалаў дом, падчас экскурсіі могуць паслухаць у запісе сапраўдны голас паэта — ён чытае верш... Можна ўявіць, што Купала недзе побач — і зараз ты зазірнеш у яго вочы, каб падзякаваць за цеплыню і гасціннасць дома. За тое, што ён — Янка Купала —быў...

Яна БУДОВІЧ

Фота аўтара і Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.