Вы тут

Старонкі братняй дружбы. Беларуская літаратура ва Узбекістане


Ведаючы пра тое, што з Узбекістанам, узбекскай літаратурай з беларускіх пісьменнікаў найперш звязаны імёны Якуба Коласа, Эдзі Агняцвет, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Аркадзя Мардвілкі, мы неяк губляем астатнюю інфармацыю пра прысутнасць беларускага мастацкага слова ва Узбекістане. А між тым гісторыя сувязей — гэта і гісторыя публікацый многіх іншых аўтараў. У тым ліку — і публікацый у перыёдыцы, калектыўных зборніках. Адным з першых ва Узбекістане чытачу на роднай мове стаў вядомы беларускі пісьменнік Андрэй Александровіч — па выступленні ў калектыўным зборніку ў 1931 г.


Аскад Мухтар

Яркі прыклад увагі да беларускай літаратуры ва Узбекістане — дарога народнага паэта Беларусі Максіма Танка да ўзбекскага чытача. Першыя вершы таленавітага творцы былі надрукаваны ў Ташкенце ў 1951 г. — у адным з калектыўных зборнікаў. Перакладчыкі — А. Мухтар, Міртэмір. З творчай біяграфіі Аскада Мухтара. Нарадзіўся ўзбекскі празаік, паэт і перакладчык 23 снежня 1920 года ў Фергане. У 11 гадоў застаўся сіратою. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Сярэднеазіяцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1942 годзе. З 1957 па 1969 гг. — сакратар Саюза пісьменнікаў Узбекскай ССР. Працаваў у літаратурна-мастацкіх часопісах «Шалк юлдузі» і «Гулістан». Загадваў кафедрай узбекскай літаратуры ў Андзіжанскім педагагічным інстытуце. Першыя творы Аскад Мухтар надрукаваў у 1938 годзе. Першым буйным празаічным творам узбекскага пісьменніка стаў раман «Сёстры» (1954). Пазней напісаў і выдаў раманы «Нараджэнне», «Час у маім лёсе», «Чынара», «Аму». Рэвалюцыйную тэму закрануў у «Каракалпацкай аповесці» і паэме «Далучаны да бяссмерця». Пераклаў на ўзбекскую мову творы А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, М. Горкага, У. У. Маякоўскага, А. А. Блока. Т. Р. Шаўчэнкі. За творчую, педагагічную працу, грамадскую дзейнасць адзначаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, медалём «За працоўную адзнаку», Дзяржаўнай прэміяй Узбекскай ССР імя Хамзы (за раман «Чынара», 1973), ордэнам «Буюк хізматлары учун» (пасмяротна, 2003). Памёр у 1997 годзе.

Міртэмір

Міртэмір (1910—1978) — узбекскі паэт. Народны паэт Узбекістана. Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга. Адукацыю атрымаў у Педагагічнай акадэміі ў Самаркандзе, дзе ў 1932 годзе закончыў грамадска-літаратурны факультэт. Быў рэпрэсіраваны ў 1930-я гг., але ў хуткім часе вызвалены. Працаваў у розных кніжных выдавецтвах і Саюзе пісьменнікаў Узбекскай ССР. Першыя творы Міртэміра былі надрукаваны ў 1926 годзе. У 1928-м выдаў першы паэтычны зборнік «У абдымках прамянёў». Аўтар вершаваных зборнікаў «Зафар», «Усхваляванасць», «Камуна», «Сталіца», «Помста», «Новыя вершы» і іншых кніг. Міртэмір пераклаў на ўзбекскую мову паэмы М. А. Някрасава «Каму на Русі добра жыць», Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай скуры», творы А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, Абая, Рабіндраната Тагора і іншых пісьменнікаў свету.

У 1962 годзе вершы беларускага паэта выходзяць у калектыўным зборніку беларускай паэзіі на ўзбекскай мове. Перакладчык — Маўлон Ікрам. У гэтым жа годзе ва Узбекістане выдаецца і асобны зборнік вершаў і паэм Максіма Танка. І надалей творчасць Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай прэміі, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі з зайздроснай сістэмнасцю прадстаўляецца ўзбекскаму чытачу на яго роднай мове — у 1967, 1972, 1973, 1974, 1978, 1981, 1982, 1983 гадах у газетах і часопісах «Узбекистон маданияти», «Узбекистон адабиёти ва санъати», «Ёш ленинчы», «Тошкентокшоми», «Совет Узбекистони», іншых літаратурна-мастацкіх і грамадскапалітычных перыядычных выданнях. Перакладчыкі — С. Рахман, Ю. Эшбекаў, Т. Убайдуло, Р. Мукімаў, З. Камілаў, Х. Салах… Была і публікацыя пра творчасць Максіма Танка ва ўзбекскай перыёдыцы — артыкул у газеце «Комунна» 17 верасня 1982 г.

Чатыры кнігі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава пабачылі свет у Ташкенце ў перакладзе на ўзбекскую мову — у 1966—1987 гадах. Перакладчыкі — Х. Турабекаў, Х. Эргашаў, М. Фазілаў. Дарэчы, асноўным перакладчыкам з’яўляецца Х. Эргашаў.

 Тройчы выступаў ва Узбекістане з апавяданнямі беларускі празаік Васіль Хомчанка: у газеце «Ташкент окшомі» 20 верасня 1979 года, у майскім нумары часопіса «Гунча» за 1982 год і ў калектыўным зборніку ў 1982 годзе. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін быў сярод аўтараў, якіх добра ведаў узбекскі чытач. Многія яго празаічныя кнігі прыходзілі ў Ташкент на рускай мове, як і многія яго творы ўзбекскі чытач адкрываў па публікацыях у «Роман-газете», «Дружбе народов», іншых цэнтральных, усесаюзных літаратурна-мастацкіх часопісах. А ў 1966 і 1988 гадах ва Узбекістане асобнымі выданнямі выйшлі раманы Івана Шамякіна. «Атланты і карыятыды», у прыватнасці, пераклаў Э. Мусаеў. Друкаваліся і асобныя апавяданні Івана Шамякіна на ўзбекскай мове. Іх перакладчыкі — Р. Алімаў, Ф. Ганіхаджаеў. З вершам у газеце «Ёш ленинчи» 29 сакавіка 1974 года выступіў беларускі дзіцячы паэт Станіслаў Шушкевіч. У 1974 г. для калектыўнага зборніка адно з апавяданняў Алеся Якімовіча пераклаў на ўзбекскую мову Э. Мірабідаў. З 1962 па 1979 гг. шмат выступала з вершамі ва ўзбекскай перыёдыцы беларуская паэтэса Еўдакія Лось — у газетах і часопісах «Совет Узбекистони», «Узбекистон маданияти», «Гулистон», «Шарк Юлдузи», «Тошкент окшоми». Сярод перакладчыкаў твораў беларускай паэтэсы — легендарная паэтэса Зульфія, якая была цесна звязана з Беларуссю праз сяброўства з Якубам Коласам, Эдзі Агняцвет і двойчы, а мо і болей, гасцявала ў Мінску, у Беларусі.

У газетах і часопісах Узбекістана было змешчана нямала твораў паэта Валянціна Лукшы, адрасаваных дзецям, — у перакладах Р. Таліба, А. Кучымава. А ў 1986 годзе выйшла ў Ташкенце і асобная кніга Валянціна Лукшы ў перакладзе на ўзбекскую мову. 3 снежня 1982 года ў газеце «Узбекистон адабиёти ва санъати» быў надрукаваны пераклад верша Петруся Макаля (пераўвасабленне на ўзбекскую ажыццявіў К. Рахімбаеў).

У 1985 годзе ў Ташкенце выйшла ў перакладзе на ўзбекскую мову кніга прозы Вольгі Іпатавай «Дваццаць хвілін з Немезідай». А яшчэ Вольга Іпатава друкавалася ў часопісе «Ёшлик» (сакавіцкі нумар за 1983 год) і газеце «Тошкент окшоми» (16 лютага 1983 года быў надрукаваны яе верш у перакладзе С. Джабара). Дарэчы, творы Вольгі Іпатавай друкаваліся ва Узбекістане і на рускай мове, у прыватнасці ў «Ферганской правде». Перакладчык — І. Маткарымаў. Маскоўскае выданне зборніка прозы Вольгі Іпатавай «Узелок Святогора» (1986) не абышлося без удзелу ўзбекскага пісьменніка І. Маткарымава як перакладчыка прозы беларускай пісьменніцы на рускую мову.

Узбекскіх перакладчыкаў заўжды прыцягвала творчасць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. У 1963 годзе выйшла яго ўзбекская кніга. Сярод перакладчыкаў народнага паэта Беларусі — М. Бабаеў, Г. Гулям, Мірмухсін, Ш. Курбан і іншыя ўзбекскія творцы. Дзве кнігі паэзіі народнага песняра Беларусі Янкі Купалы выдадзены ў Ташкенце ў 1953 і 1983 гг.

Многія вершы Янкі Купалы надрукаваны на старонках часопісаў і газет «Шарк Юлдузи», «Совет Узбекистони», «Узбекистон адабиёти ва санъати», «Тошкент окшоми», «Тошкент хакикати», іншых перыядычных выданняў. Перакладчыкі паэзіі беларускага класіка — Зульфія, Хамід Гулям, М. Бабаеў, згаданы ўжо Міртэмір…

У Ташкенце выдадзены на ўзбекскай мове і дзве кнігі вершаў Васіля Віткі — у 1966 і 1979 гг. Перакладчыкі паэзіі Васіля Віткі — М. Бабаеў, П. Мумін, літаратары, якія і самі шмат пісалі для юнага чытача. Вядомы ўзбекскаму чытачу і Анатоль Вярцінскі — па публікацыі ў газеце «Тошкент хакикати» 8 красавіка 1980 года (перакладчык — Н. Мухтараў). Друкаваўся з вершамі ва Узбекістане і народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. У дзіцячай газеце «Ленин учкуни» болей як у дзесяці нумарах публікавалася на ўзбекскай мове адна з аповесцей Міхася Герчыка (у 1960 годзе).

Шкада, што ўсяго толькі адным вершам адкрыты, знаёмы ўзбекскаму чытачу класік беларускай літаратуры, вялікі сын зямлі беларускай Максім Багдановіч — размова пра публікацыю «Санета» ў газеце «Узбекистон адабиёти ва санъати» («Узбекская літаратура і мастацтва») 11 снежня 1981 года. Перакладчык — С. Рахман.

У розныя гады ў Ташкенце выдадзены калектыўныя, анталагічнага характару зборнікі беларускай паэзіі і прозы, дзе на ўзбекскай мове былі прадстаўлены творы класікаў і сучаснікаў — Андрэя Александровіча, Эдзі Агняцвет, Ніны Тарас, Тараса Хадкевіча, Міколы Хведаровіча, Станіслава Шушкевіча, Кандрата Крапівы, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Алега Лойкі, Максіма Лужаніна, Еўдакіі Лось, Міхася Лынькова, Петруся Макаля, Міхася Машары, Івана Навуменкі і іншых вядомых аўтараў. Відавочна, што да гэтага бібліяграфічнага зрэзу, да гэтага бібліяграфічнага эсэ варта было б дадаць веданне пра тое, як гэтыя кнігі, іншыя публікацыі былі ўспрыняты ў свой час узбекскімі крытыкамі, чытачамі.

Ва Узбекістане развіваецца і багатая нацыянальная літаратура на каракалпацкай мове. Усяго агульны лік каракалпакаў сягае да 600 тысяч чалавек. З іх недзе ад 390 да 500 тысяч чалавек жыве ў Рэспубліцы Каракалпакстан ва Узбекістане. Найболей — у Хівінскім аазісе і Ферганскай даліне. Існуе і каракалпацкая нацыянальная літаратура. На каракалпацкую мову перакладзены творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Івана Калесніка. Перакладчыкі — В. Піржанаў, Х. Жумашаў, Л. Даўлен, Ю. Аймуратаў.

Вывучаючы беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі, нельга абысці ўвагай і тыя факты вандровак, творчых сустрэч, якія ладзілі ў Ташкенце, Узбекістане беларускія літаратары. Так, лёсы Якуба Коласа, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Эдзі Агняцвет, Аркадзя Мардвілкі ў сувязі з Ташкентам — эпізоды вядомыя. А ў Ташкенце і Андзіжане жыў і працаваў у Вялікую Айчынную вайну крытык, тэатразнавец Міхась Модэль. У 1943—1944 гг. ён займаў пасаду дырэктара тэатра імя У. Маякоўскага ў Андзіжане. У адным з тэатраў Ташкента на пачатку 1950-х гг. галоўным рэжысёрам працаваў беларускі драматург Віктар Галаўчынер. Агледзіны па коласаўскіх мясцінах Ташкента праводзіў (і пасля шмат пісаў пра гэта ў беларускай перыёдыцы) публіцыст, літаратуразнаўца, краязнаўца Мікола Жыгоцкі. У фестывалі паэзіі ў Ташкенце прымала ўдзел паэтэса Галіна Каржанеўская.

…Народны паэт Рыгор Барадулін, наведаўшы Ташкент, Узбекістан у сакавіку 1981 г., пакінуў пра сваю паездку цікавыя дзённікавыя запісы. Літаратар згадвае сустрэчы з узбекскімі пісьменнікамі — Ібрагімам Рахімам (1916— 2001), Мухамадам Алі (нарадзіўся ў 1942 годзе), Шарафам Рашыдавым (1917—1983; на той час — першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана), Абдулою Арыпавым (нарадзіўся ў 1941 годзе) і іншымі. Сапраўдны мастак слова Рыгор Барадулін вобразна, рэльефна замалёўвае прыроду, ландшафт Ташкента і іншых гарадоў, дзе давялося пабываць. Дзеліцца ўражаннямі ад знаёмства з простымі ўзбекамі: «А ралля і першая трава, сад цвіце, і раптоўна жабы, як перапонкі не лопнуць. Зямля стала ўмомант хатняй.

Канцэрт. Дзеткі цікава на дзвюх мовах — славяне паўзбекску, а ўзбек маленькі па-руску. У Андзіжане нарадзіўся Султан Джура (пахаваны ў нас на Гомельшчыне).

Значыць, усё ў парадку, калі ўспыхвае авацыя пры імені Абдулы Арыпава, значыць, эстафета ёсць — на ўзбекскай мове Арыстоцель, Гётэ, Дантэ…»

Старонкі братняй дружбы беларускай і ўзбекскай літаратур працягваюць пісацца і сёння. Нядаўна гасцяваў у Ташкенце, удзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай узбекскай літаратуры, паэт, празаік з Мінска Ганад Чарказян. Беларускі паэт Казімір Камейша надрукаваў у газетах «Звязда» і «Літаратура і мастацтва» новыя пераклады з паэзіі легендарнага Алішэра Наваі. А ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы ў Мінску зусім нядаўна прайшоў круглы стол, прысвечаны беларускаўзбекскім літаратурным і гуманітарным сувязям. Праца пляцоўкі, прысвечанай дыялогу творчай дружбы, праходзіла ў анлайн-рэжыме. З беларускага боку ўдзел у размове прынялі намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», перакладчык Аляксей Чарота, галоўны рэдактар часопіса «Нёман», паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца Юлія Алейчанка, дырэктар Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Храмы. З узбекскага — празаік, перакладчыца, літаратурны крытык Рысалат Хайдарава, паэт, празаік, публіцыст, драматург Кучкор Наркабіл, саветнік па палітычных пытаннях Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь доктар палітычных навук Даніяр Абідаў, саветнік міністра замежных спраў Рэспублікі Узбекістан Рахматула Назараў і іншыя зацікаўленыя асобы.

Рысалат Хайдарава

Дарэчы, круглы стол па беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязях прайшоў у Мінску ў Літаратурным музеі Янкі Купалы і ў 2019 годзе. Тады да ўдзелу ў яго рабоце спрычынілася і вялікая дэлегацыя ад Саюза пісьменнікаў Узбекістана, у складзе якой быў старшыня нацыянальнага творчага аб’яднання Сіражыддзін Саід, а таксама — узбекскі літаратуразнаўца, сын Сцяпана Ліхадзеўскага, які доўгі час жыў і працаваў у Ташкенце, доктар філалагічных навук Анатоль Ліхадзіеўскі. Сярод беларускіх удзельнікаў былі дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, колішні дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч, нашчадкі народнага песняра Беларусі Якуба Коласа — унучка паэта Марыя Міцкевіч і праўнучка літаратуразнаўца, галоўны захавальнік фондаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа кандыдат сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.