Вы тут

Як і чым мы пішам


З 24 верасня ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстаўка «Тайны канцылярыі», створаная сумесна з даследчыкам, лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым. Наведвальнікі могуць убачыць, чым пісалі нашы продкі ў XV—XX стагоддзях: першыя алоўкі і асадкі, пер’ечысткі, пясочніцы, чарніліцы, а таксама пісьмовыя прылады знакамітых асоб.


Пісьмовы прыбор. Мяжа ХІХ—ХХ стст

Частку экспазіцыі займае хадавы тавар айчынных і замежных вытворцаў мінулага: можна даведацца, які тавар быў у продажы ў канцылярскіх і папяровых крамах Мінска і Гродна ў старыя часы, як і што рэкламавалі на канцылярскіх прадметах пачатку ХХ ст., якія адмысловыя пісьмовыя прылады бралі з сабой падарожнікі. Школьная тэма экспазіцыі адкрые змесціва ранца гімназістаў розных эпох (сшыткі, алоўкі, асадкі, тачылкі, закладкі, пеналы…), а таксама прадэманструе, як выглядала парта ліцэіста Аляксандра Пушкіна.

Спачатку было слова і слова гэтае было прагаворана кімсьці вусна. І настолькі даўно, што сучаснаму чалавеку, які жыве з хуткасцю абнаўлення стужкі ў сацыяльнай сетцы або на навінавым сайце, такую колькасць часу нават цяжка ўявіць. Ды і не трэба, па вялікім рахунку, бо ўменне мысліць у глабальных гістарычных маштабах — навык спецыфічны і можа спатрэбіцца толькі ва ўнікальных абставінах. Але яшчэ больш складана сучаснаму чалавеку ўявіць, што нашы продкі далёка не адразу прыйшлі да таго, што свае думкі, казкі, гісторыю і іншае можна захоўваць для будучых пакаленняў пры дапамозе пісьма. Мы настолькі прызвычаіліся ператвараць усе аспекты нашага жыцця ў тэкст (асабліва гэта актуальна ў святле вядомай формулы, якую вывелі постмадэрністы, — «свет ёсць тэкст»), што ў галаве не ўкладваецца, як гэта можна перадаваць веды і дзяліцца інфармацыяй, ствараць творы мастацтва ва ўмовах, калі нішто не існуе на носьбітах больш надзейных, чым чалавечая памяць.

 Але нягледзячы на тое, якое важнае месца тэкст займае ў жыцці, мы парадаксальна мала задумваемся аб сродках, якія выкарыстоўваем для яго стварэння. Шмат хто кожны дзень карыстаецца смартфонамі або камп’ютарамі (радзей — звычайнымі шарыкавымі ручкамі ці (ужо зусім рарытэт) друкаванымі машынкамі) для адпраўкі паведамленняў, падрыхтоўкі рабочых тэкстаў: ці то журналісцкі рэпартаж, ці то лекцыя, ці то звычайная SMS сябру. І гэты пастаянны паток мікратэкстаў здаецца абсалютна натуральным, з-за чаго мы значна часцей задумваемся пра сутнасць тэкстаў, пра тое, што напісаць, а не пра тое, пры дапамозе чаго. І гаворка цяпер нават не пра інтэрнэт або тэхналогію паўправаднікоў. Ёсць нешта, што мы ўспрымаем сёння выключна як належнае, і гэтае нешта — пісьменнасць, сама пісьменнасць як феномен чалавечай культуры.

Пісьмовыя прылады вышэйшых слаёў грамадства

Выстаўка «Тайны канцылярыі» прымушае сучасніка спыніцца, рассунуць шторы бесперапынных патокаў інфармацыі, падобных на тыя, што мы ўбачылі ў фільме «Матрыца» дзякуючы працы дызайнера Саймана Уайтлі, і паглядзець у акно. Тады наведвальнік здолее ўбачыць увесь велізарны шлях, што прайшлі тэхнікі пісьменнасці на тэрыторыі нашай краіны. Вядома, прылады для пісьма з каменнага стагоддзя на выстаўцы не прадстаўлены, што нядзіўна, бо іх захавалася даволі мала (да таго ж нельга забываць: вялікая частка экспанатаў — гэта асабістая калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава, а знайсці настолькі старажытныя экспанаты нават для такога буйнога калекцыянера — справа няпростая), але вось пра тое, чым пісалі ў ВКЛ, дзякуючы экспазіцыі, даведацца можам. Выстаўка выдатна спраўляецца з дзвюма асноўнымі задачамі, якія пазначыў Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці: прымусіць задумацца сучаснага чалавека аб важнасці самой сутнасці такой з’явы, як пісьменнасць, і прадставіць гісторыю Беларусі праз развіццё сродкаў для пісьма ды розных пісьмовых тэхнік.

Першая задача вырашаецца, хутчэй, праз эстэтычны бок экспазіцыі. Многія наведвальнікі, напэўна, будуць здзіўлены тым, з якой фантазіяй падыходзілі майстры мінулага да вырабу пісьмовых прылад, а пакупнікі — да выбару інструмента, з якім ім давядзецца працаваць кожны дзень. Разнастайнасць канцылярскіх прадметаў сапраўды ўражвае. Усё-такі да эпохі сучаснага прамысловага дызайну, які імкнецца ўніфікаваць і спрасціць усе вырабы, людзі стараліся нават у побыт прыўнесці хоць нейкую эстэтыку: ці тое асадка, ці то пяро. І гэта выразна перасякаецца з нашым часам, калі людзі зноў пачынаюць надаваць увагу дробным бытавым рэчам, імкнучыся ўпрыгожыць жыццё, таму выстаўка як нельга дарэчы. Пачынаючы ад «рускага шыку», паводле правілаў якога нажы для папер, чарніліцы і астатнія прыборы абавязкова павінны быць творамі ювелірнага мастацтва з інкрустацыяй, эмаллю і залачэннем, і заканчваючы чарніліцамі або пісьмовымі прыборамі эпохі мадэрн, якія ўражваюць тым, як лёгка суровы метал у руках майстроў набывае любыя, нават самыя «прыродныя», формы, экспазіцыя дазваляе ўбачыць у звычайных, самых натуральных працэсах стварэння лістоў або подпісу дакументаў нешта, падобнае на мастацтва. Бо, як пісаў Оскар Уайльд у сваім рамане «Партрэт Дарыяна Грэя», прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць, і калі чалавек захоча зрабіць са сваёй штодзённасці нешта прыгожае, то знойдзе спосаб. І, як дэманструе выстаўка, беларусы сапраўды знаходзілі мноства такіх спосабаў.

 Драўляныя пісьмовыя прылады з анімалістычнымі матывамі.

Калі ж казаць пра другую задачу, то мы пераходзім да інфармацыйнага аспекту выстаўкі. Алесь Суша адзначыў, што экспазіцыя паказвае дзіўнае кола часу праз эвалюцыю пісьмовых прылад. Калі спачатку людзі ўспрымалі тыя ж пісала і сцілус выключна як рэчы ўтылітарныя, а таму не імкнуліся індывідуалізаваць, то пасля, наадварот, зрабілі спосабам самавыяўлення, даступным спачатку толькі адукаваным і багатым. Так, у экспазіцыі мы можам убачыць і пісьмовыя прылады сваякоў Станіслава Манюшкі або пісьмовы прыбор вядомага прадпрымальніка Палякова, і калекцыйныя асадкі на пер’і, выпушчаныя да юбілеяў значных культурных дзеячаў: у нейкі момант у свядомасці людзей адбыўся пералом, і яны сталі ўспрымаць пісьмо не проста як бытавую неабходнасць, але і як працэс, які ў нейкай ступені можна назваць сакральным. І гэты пераход заўважны па выстаўцы. Але мінуў час, і на змену індывідуальным вынаходкам рускага дваранства або адмысловым вынаходкам мадэрну прыйшла эпоха прамысловага дызайну. І паліцы крам запаўняюць аднолькавыя алоўкі, ручкі, сшыткі і гэтак далей. З’ява ніколькі не негатыўная, але, тым не менш, гэта яркая і важная характарыстыка часу і той дзяржавы, у складзе якой практычна ўсё ХХ стагоддзе была Беларусь.

 І цяпер мы бачым прыкладна тое ж, што і ў Савецкім Саюзе: тысячы тыпавых канцылярскіх прадуктаў, якія адрозніваюцца толькі па ўмоўных характарыстыках. Аднак час не стаіць на месцы, робіць свой віток. Мы ведаем, што, напрыклад, ручкі Паркер становяцца своеасаблівым сімвалам дастатку і прыналежнасці да ўмоўнай эліты, а дзеці заляпляюць тыпавыя вокладкі сшыткаў стыкерамі, каб індывідуалізаваць прамысловы прадукт. Гэты віток адбываецца на нашых вачах, але мала хто звяртае на яго ўвагу. А вось арганізатарам выстаўкі «Тайны канцылярыі» ўдалося пабудаваць экспазіцыю такім чынам, што яна актуалізуе гэтыя працэсы, дае магчымасць асэнсаваць прадметы, дзякуючы якім мы сёння можам пастаянна генерыраваць новыя тэксты.

Поўны пісьмовы набор, які складаецца з некалькіх асадак, пячатак, канцылярскіх нажоў і футляраў для іх

Каштоўнасць выстаўкі становіцца відавочнай, калі глядзець на яе ў перспектыве, калі паспрабаваць ахапіць поглядам усе эпохі, што прадэманстраваны праз эвалюцыю пісьмовых прылад. Гэта своеасаблівы таймлайн нашай гісторыі і ў нейкай ступені цэласнае завершанае выказванне аб развіцці нашай культуры да ХХІ стагоддзя. Выстаўка «Тайны канцылярыі» будзе працаваць да 15 лістапада.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?