Вы тут

«Нясу адказнасць за сваю Айчыну...»


Ёсць паэты, да творчасці якіх не станеш звяртацца, калі хочацца гарманізаваць душэўны стан, знайсці страчаны пункт апоры, вярнуць пэўную ўнутраную раўнавагу. Бо іх вершы прымусяць вынаходзіць новыя аргументы ў дыялогу «я — краіна» і «я — грамадства», расшкуматаюць і без таго парушаныя знешнімі абставінамі рэшткі прымальнай карціны свету. У ліку такіх творцаў — Міхась Башлакоў, лірыка якога вызначаецца моцным грамадзянскім пачаткам. Чарговы раз можна ў тым пераканацца, азнаёміўшыся з кнігай паэзіі «На зветраных шляхах», што сёлета пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь».


Найперш кранае ў вершах і паэмах грамадзянскага кірунку смеласць і часам нават дзёрзкасць, калі лірычны герой, як хірург скальпелем, выкрывае ўсе заганы, што бачыць вакол сябе:

Згадзіцца з шэрасцю грамадства,

З ягоным брудам і маной?..

Паэт звяртаецца да вобраза Янкі Купалы і ўкладае ў яго вусны тое, аб чым стагнала тады і баліць цяпер душа («Маналог Янкі Купалы»). Паглыбляючыся ў праблематыку твора, разумееш: творца падкрэслівае, што спрадвеку перад народам стаялі адны і тыя ж задачы, ад вырашэння якіх залежаў і залежыць лёс нацыі. Ёсць пэўная паралель паміж перыядамі ў гісторыі пачатку ХХ і ХХІ стагоддзяў, і, магчыма, лірычны герой Міхася Башлакова праводзіць паралель і паміж духоўнымі аўтарытэтамі народа тады і цяпер, калі гаворыць:

Я — беларус,

І перш за ўсё паэт:

Нясу адказнасць

За сваю Айчыну,

За свой народ,

Які я не пакіну

Прад бляскам

Вашых грозных эпалет…

«Маналог Янкі Купалы» з’яўляецца адным з самых моцных вершаў у зборніку. А як жа велічна, з высокім эмацыянальным напалам гучыць прамова Купалы, у якой ён абараняе народ! І гэта той выпадак, калі паэт транслюе праз сябе пазіцыю ўласную і сваіх суайчыннікаў без спроб стварэння складанай вобразнасці і тонкай пачуццёвай гамы: яно тут без патрэбы, усё мусіць быць ясна, проста і зразумела.

Стаіць побач, але ўсё ж трохі саступае ў плане ўнутранай энергетыкі паэма «Беражыце сваю душу»:

Як сумленне — ваша душа…

І не варта яна ні граша,

Калі вы за свае хаценні

Прадалі сатане сумленне…

Напальванне нерва і нарастанне ўнутранай энергетыкі ў паэме адбываецца паступова, ад страфы да страфы. У першай частцы энергетыка радка павольная, нават трохі замаруджаная, узмацняецца ў другой частцы і ў трэцяй дасягае свайго эпагею (а ў плане апавядальнасці паэт ідзе ад разважанняў пра тое, што варта рабіць, каб душа (а ў дадзеным выпадку ёй тоесна і сумленне) заставалася незаплямленай, потым выкрывае здрадніцтва і ўрэшце акрэслівае ўласную пазіцыю):

Пакіньце ўсе свае забавы,

Калі Радзіма на мяжы

І крумкачы ля пераправы

Крычаць над рэшткамі душы…

…Хай будзе дрэнна — не схілюся,

Нічога ў вас не папрашу…

Не вам, а любай Беларусі

Аддам і талент, і душу…

Ёсць у зборніку і іншыя перагуканні з Янкам Купалам, і яўныя, і няяўныя адсылкі да яго вершаў. Вось — адна з іх:

Мая паэзія не для палацаў,

Дзе ёсць шыкоўная ляпніна…

…Мая паэзія для шчырых,

Душой адкрытых і сумленных —

 Як гукі непадкупнай ліры,

Як словы ціхага малення…

Згадваецца

***Я не для вас, паны, о не!.. —

і па рытміцы, і сэнсава. Яскравым прыкладам грамадзянскай бескампраміснасці выглядае і «Ода з нагоды ўзнагароды», і паэма «Радзіму зберажы...» Другі вектар лірыкі Міхася Башлакова — пейзажны, прыродаапісальны. Прычым вельмі часта ён перасякаецца з грамадзянскім. Паэт супрацьпастаўляе здрадніцтву, ненадзейнасці, карысталюбству, прадажнасці і іншым заганам, уласцівым чалавеку, веліч прыроды. Ад размоў з сябрамі, якія абавязкова чымсьці засмуцяць душу і абвінавацяць у самых неверагодных грахах, лірычны герой уцякае ў поле, лес, на рэчку, у вёску. І вось тут у Міхася Башлакова сустракаюцца проста шэдэўральныя радкі і па вобразнасці, і па трапнасці назірання:

Шэрых качак чароды.

Шапацяць чараты.

І такой адзінотай

Палыхне ад вады.

Альбо:

Дзень асенні, празрысты,

З гэтым летнім цяплом.

Цень бяроз жаўталістых

Птах зразае крылом…

Ці:

На ватмане густых бяроз

Вясна лісткі надрукавала.

І акунуўся нечы лёс

У мітусню і шум вакзала.

Скарыстаўшы мінімальныя сродкі выяўлення, лаканічна, без складанай вобразнасці і мудрагелістасці, паэт дасягае яснасці ў стварэнні настрою і перадачы эмоцыі. Адразу бачыш намаляваную карцінку — нічога ні адняць, ні дабавіць.

Але калі чытаць кнігу запар, не прапускаючы ні радка, то бліжэй да сярэдзіны пачынаеш лавіць сябе на тым, што здагадваешся, за якім прадметам (ці з’явай) якія будуць характарыстыкі, параўнанні і эпітэты. Так, пры апісанні восені ў кожным другім-трэцім вершы не абыдзецца без залатых бяроз і срэбных павуцін; пры стварэнні летня-весняга настрою абавязкова будзе трапятаць-звінець у вышыні і песня, і жаўрук, «удаль» будзе клікаць дарога, а з ёю ў большасці выпадкаў зрыфмуюцца «ногі». Ствараецца ўражанне, што, як у фізічным свеце паэт ходзіць па знаёмых сцяжынах, дзе ўжо шмат разоў бываў і ўсё ведае на памяць, так і яго лірычны герой у свеце паэзіі вандруе шляхамі, ужо добра сходжанымі і зведанымі, дзе нішто не можа ні спалохаць, ні здзівіць. Але варта яму хаця б на крок збочыць, і… атрымліваецца нешта лёгка-напаўжартоўнапразрыстае, зусім ненапружлівае і мілае ў сваёй прастаце:

Спіць кот ляны…

Мне ж сняцца сны,

Што найразумны Эліёт

Цікуе,

Як за мышкай кот…

Асобна стаіць у паэзіі Міхася Башлакова інтымная лірыка. У выданні яна прадстаўлена лічанымі вершамі. Магчыма, лірычны герой ужо ўсё сказаў, што хацеў і што мог сказаць на гэтую тэму. Таму неабгрунтаваным падаецца завяршэнне верша «***Ах, гады…»: строга зададзеная мінорна-тужлівая лінія ўспамінаў аб юнацтве абрываецца высновай, што палягае ў зусім іншай плоскасці каардынат:

Толькі плакаць

Давай мы не будзем —

Аб пражытым

Не варта тужыць…

Мы ж у Мінску жывём,

Не ў Бейруце…

Цэнтр Еўропы…

Чаго слёзы ліць?..

Тэма восені скразная ў кнізе лірыкі Міхася Башлакова. Да яе паэт вяртаецца і ў вершах, і ў паэмах. Прычым гэта не толькі і не столькі пара года, колькі восень жыцця. Яна набывае рысы суддзі, што падвядзе вынікі і спакуе рэчы, а ўласны лёс лірычны герой параўноўвае з доляй лістка. Калі ж уявіць лісток, ён падуладны волі ветру: ляціць, куды яго нясе, трапечацца ў тым баку, дзе яго шкуматае скавыш. Калі ж назіраць за асобай лірычнага героя, то падаецца, што ён насамрэч не збіраецца схіляцца ў той бок, куды патрабуюць розныя абставіны, якія могуць увасабляцца ў вятрах ды завірухах. Ён ідзе туды, куды яго кліча сумленне, абавязак, доўг. Але хай бы ён дазволіў сабе якую-небудзь вольнасць, сапраўдную свабоду, скінуўшы панцыр дабрачыннасці і правільнасці, зрабіў тое, чаго яшчэ не рабіў, пабываў там, дзе яшчэ ніхто не быў да яго… Ці не атрымала б другое дыханне і паэзія, што выйшла б з-пад пяра Міхася Башлакова, ці не расцвілі б неверагоднейшымі кветкамі яго радкі?

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.