Вы тут

Сціпласць і разняволенасць Махавікова


Раман «Міленіум» (Мінск, «Кнігазбор», 2019) — завяршэнне сямікніжжа «Прыдняпроўская хроніка» — спроба пісьменніка і публіцыста Леаніда Левановіча звязаць два тысячагоддзі, узнаўляючы падзеі 2000 года. Чытач, які адкрые заключную частку эпапеі, што лічыцца галоўным творчым дасягненнем аўтара, даведаецца пра яго погляды на некаторыя з’явы рэчаіснасці ды на жыццё ўвогуле. Магчыма, для поўнай карціны трэба было б пазнаёміцца з усімі часткамі сямікніжжа, але пакуль паразважаем пра асобны твор.


«Аднаму з герояў рамана Пятру Махавікову падарылі на Новы год нататнік-штодзённік, ён даў сабе слова штодня рабіць занатоўкі, бо год 2000 незвычайны. Слова Пятро стрымаў, у выніку нарадзіўся адмысловы дзённікавы раман з 12 раздзелаў, які стаў стрыжнем кнігі, вакол яго, нібы вінаградная лаза, абвіваюцца астатнія 16 раздзелаў твора» — такія словы змешчаны ў анатацыі і, па шчырасці, дадаць да іх няма чаго, бо сюжэт існуе ў кнізе толькі фармальна. Сачыць за ім на працягу 300 друкаваных старонак амаль немагчыма. Розныя героі, якіх даволі шмат, узнікаюць у розныя перыяды жыцця ва ўспамінах, сваіх ці чужых. Пэўным чынам яны ўсе ўзаемазвязаны, але на самім сюжэце гэта не адбіваецца. Чытачу проста распавядаюцца гісторыі жыццяў у перапынках паміж дзённікавымі запісамі.

Галоўныя героі — Андрэй Сахута, Уладзімір Бравусаў і аўтар вышэйзгаданага дзённіка — на працягу рамана разважаюць збольшага пра мінулае, бо ўсе яны, як і пераважная частка персанажаў, людзі сталага веку. Па прынцыпе «пра што чалавек шмат гаворыць, тое яго больш хвалюе» можна звярнуць увагу на некаторыя акцэнты «Міленіума».

Мінулае. Менавіта ім прасякнуты ўвесь твор. Гэта і невыпадкова: аўтар напісаў пра падзеі дваццацігадовай даўнасці. У гэтым плане не ўзнікае моцнага адчування нейкай «гістарычнасці», бо, хутчэй за ўсё, значная частка рамана была створана яшчэ ў той час, не зусім далёкі, але ўжо і няблізкі. Калі ж казаць пра 80–90-ыя гады мінулага стагоддзя, якім таксама нададзена вельмі шмат увагі, пэўны «гістарызм» назіраецца.

Падзеі ў творы цалкам рэальныя. У якасці ключавой, якая згадваецца на працягу твора неаднаразова і займае амаль 7 старонак у самым пачатку, — трагедыя на Нямізе ў маі 1999 года. «П’яны натоўп» — асноўнае словазлучэнне, што выкарыстоўваецца ў гэтым рэчышчы. Аўтар — адэпт тэорый кшталту «нельга гуляць, дзе некалі нехта паміраў»: «На касцях продкаў наладзілі піўное шоу. Ды на Сёмуху. Вялікае рэлігійнае свята. Вось Неба і адпомсціла». Ён неаднаразова настойвае на тым, што існуюць сатанінскія дні і не дае адказу, што ж увогуле можна рабіць з іх прыходам: «У нядзелю 30 мая 1999 года па ўсіх календарах быў пазначаны сатанінскі, злы дзень. У рэках і азёрах Беларусі патанула 17 (сямнаццаць!) чалавек». Між тым побач з абвінавачваннямі ды разважаннямі пра перадумовы і прычыны такіх здарэнняў, думаецца, чытачу хацелася б бачыць абгрунтаваныя высновы.

Адзін з найлюбімейшых прыёмаў аўтара — перакідванне ў часе, як правіла, не вельмі значнае, але істотнае. Так, у дзённіку ад сучаснасці Пятро вяртаецца не некалькі дзясяткаў гадоў назад і разважае пра трагічны лёс дзяцей самарскага двараніна Ільі Ульянава. Але, як і многія героі, ён раздае парады, накіраваныя ў мінулае. Пра будучыню гаварыць не бярэцца.

Мова. Якую б тэму аўтар ні пачынаў, яна можа плаўна перайсці ў пытанне занепакоенасці станам беларускай мовы. Так, героя кнігі можа нават узлаваць перадача па радыё, дзе, напрыклад, рэспандэнт распавядае, што ведае англійскую, нямецкую, французскую, польскую, сербскую мовы, а беларускай не валодае, бо гаворыць па-руску, ці нататнік ад беларускага банка, у якім няма ніводнага беларускага слова. На думку галоўнага героя, на папулярнасць (ці непапулярнасць) уплываюць розныя інстытуты, у тым ліку царква. Але, як ужо згадвалася раней, канкрэтных прапаноў пасля такіх роздумаў не сустракаецца. Між тым Леанід Левановіч здольны паказаць багацце беларускай мовы, выкарыстоўваючы словы і выразы пэўных мясцовых гаворак. Дэманструе аўтар і веданне рускай мовы. Так, яго Пятро, у прыватнасці, мякка звяртае ўвагу на стылістычныя недарэчнасці Дастаеўскага ў творы «Ідыёт» і заўважае пры гэтым, што сам піша коратка, суха. З гэтым можна і паспрачацца, бо зацягнутасць і паўторы ўласцівыя Леаніду Левановічу не ў меншай ступені.

Каханне. Яно ў творы ці вечнае, ці позняе. У рамане збольшага паказваецца не як платанічнае пачуццё ці моцная эмацыянальная сувязь, а праз інтымныя стасункі. Аўтар нават не між радкоў, а напрасткі нібы імкнецца даказаць, што Пятро ў 60+ гадоў, як і некаторыя іншыя персанажы, — «малады дзед». Нібыта саромеючыся ўсё жыццё спытаць у сына пра інтымнае жыццё, ён аднойчы адважыўся. Ацаніць гэты дыялог па пэўных прычынах даволі складана, хоць, з іншага боку, у жыццёвасці такіх размоў ёсць свая каштоўнасць. Але ж неабходна крытычна ацэньваць некаторыя парады, якія дае сапраўдны сапернік Маркеса (калі гаварыць пра раман «Каханне падчас халеры»). І ўсё ж пра ролевыя гульні «сексуальнага Дзеда Мароза» і «гламурнай Снягуркі», эратычны масаж і гэтак далей мы звыклі чытаць у маладзейшых аўтараў і пра маладзейшых герояў, таму Леанід Левановіч кідае выклік пэўнаму табу. У цэлым жа для дзённікавых запісаў некаторыя моманты, напрыклад, выглядаюць нават занадта сціпла.

На працягу чытання кнігі неаднаразова ўзнікала пытанне наконт жанравай прыналежнасці «Міленіума». Аўтар быццам амаль не імкнуўся па-мастацку адлюстраваць рэчаіснасць, адсюль і можа ўзнікнуць абвінавачванне падманутага чытача, які ўбачыць у творы не раман (важна адзначыць, што справа не ў каноне ці эксперыменце), а накіды да публіцыстычных артыкулаў. Нашмат болей Леанід Левановіч здолеў сказаць у апавяданнях — «пра сучаснікаў, іхнія клопаты, трывогі, пра іхнюю любоў да жыцця». Яны, між іншым, ідэйна і тэматычна нічым не адрозніваюцца ад «Міленіума», таму тым, хто ўпершыню звернецца да творчасці пісьменніка, лепш пачаць з малой прозы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.