Вы тут

«Калі ў вачах вясна плыве…»


Кажуць, назва кнігі — гэта ледзь не палова поспеху. Трапны ці няўдалы, канкрэтны ці абстракты, загаловак у многім вырашае далейшы лёс кнігі, бо чытач усё ж павінен хаця б прыблізна ведаць, што чакае яго на старонках. Так ці інакш, сустракаюцца кнігі, дзе не толькі назва, але і вокладка гаворыць сама за сябе. Сярод такіх — «Вайна. Подзвіг. Юнацтва» Уладзіміра Вавулы і Міколы Чарняўскага (Мінск, «Народная асвета», 2020).


Зборнік складаюць творы аб юнаках і дзяўчатах, чыё сталенне прыпала на ваенны час. Ён падзелены на дзве часткі ў адпаведнасці з аўтарствам. У першай — «Шляхамі ваенных гадоў» — Уладзімір Вавула дае хранікальна-дакументальныя звесткі аб юных героях Беларусі, у другой — «Навечна з сонцам» — увазе чытачоў прадстаўлены паэмы Міколы Чарняўскага, прысвечаныя подзвігам юных змагароў. Кніга таксама ўтрымлівае ўнікальныя фотаматэрыялы з асабістага архіва Уладзіміра Васільевіча, архіва музея батальёна беларускіх арлянят СШ № 67 і пакоя баявой славы «Юныя абаронцы Айчыны» гімназіі № 7 горада Мінска. Упісваюцца ў канцэпцыю выдання і малюнкі Яўгена Шавякова.

 Трэба сказаць, што абодва аўтары зборніка не ўпершыню выступаюць з творамі пра вайну. Для Міколы Чарняўскага, напрыклад, тэма вайны заўсёды была адной з асноўных. Цэлая кніга вершаў, паэм і балад «На плошчы памяці маёй», што выйшла ў 2014 годзе, прысвечана гераічнаму мінуламу народа. Невыпадковая гэтая тэма і для Уладзіміра Вавулы, які ў свой час стаў аўтарам і ўкладальнікам дакументальна-гістарычнай кнігі «Маленькія салдаты вялікай вайны».

Першая частка кнігі «Вайна. Подзвіг. Юнацтва» поўныя падрабязнасцей і дэталей 25 апавяданняў пра маладых удзельнікаў вайны. Тут звесткі пра тое, дзе і калі нарадзіўся чалавек, як сустрэў вайну, праз што давялося прайсці, каб здабыць Перамогу, як склаўся лёс потым, калі застаўся жывы... Гэтая частка кнігі каштоўная менавіта дэталямі. Так, адметны аповед пра Фёдара Осіпава, які ва ўзросце 15 гадоў быў накіраваны на ваенны карабель Чарнаморскага флоту. «Калі Федзю паставілі за штурвал, прыйшлося падставіць пад ногі скрыню з-пад бульбы, каб будучы боцман добра бачыў нос судна. Лейтэнант Архангельскі, убачыўшы маніпуляцыі юнгі, даў каманду зрабіць спецыяльную падстаўку для хлапца», — расказвае Уладзімір Вавула. Не можа не крануць гісторыя чатырнаццацігадовага Кастуся Будніка, які ў 1942 годзе трапіў у партызанскі атрад пад камандаваннем капітана Нікіціна: «Як і ўсе ў атрадзе, Кастусь пераносіў цяжкія грузы, рабіў маршы па сорак — пяцьдзясят кіламетраў за ноч, знемагаў ад смагі і голаду ў час блакады Налібоцкай пушчы. Неаднаразова разам з дарослымі хадзіў у атаку, прарываючыся з акружэння, прымаў удзел у разгроме фашысцкіх гарнізонаў і паліцэйскіх пастоў, праводзіў дыверсіі на чыгунках і шасэйных дарогах Загінуў юны змагар у канцы 1942 г. ужо за лініяй фронту, так і не дачакаўшыся ўрадавых узнагарод, да якіх быў прадстаўлены».

Выдатна дапаўняе дакументальную паэтычная частка, што складаецца з трох паэм Міколы Чарняўскага: «Вяртанне ў вясну маленства», «Шчымлівая зорка» і «Сын Паліка». З неверагоднай павагай і дабрынёй аўтар расказвае пра кожнага з герояў. Так, гледзячы на фотаздымак Антона Губарава, ён імкнецца зразумець, якім быў хлапчук, у будучыні — піянер-партызан, які загінуў на вайне:

Ці ж будзеш строгі ў чатырнаццаць,

Калі ў вачах

Вясна плыве,

Калі спяваць,

Калі смяяцца

Гукае сонца ў сіняве?

Паэма «Шчымлівая зорка» ўражвае пачуццёвасцю і шчырасцю. Мікола Чарняўскі распавядае пра дванаццацігадовага Марата Казлова, які загінуў у 1942 годзе. Героя ён прадстаўляе ў вобразе разведчыка ў палоне. Хлопец трызніць і размаўляе з матуляй, з камандзірам, з Маратам Казеем… Традыцыйныя вобразы, што выкарыстоўвае аўтар, даволі кантрастныя:

Ён рукамі —

Падбітымі крыламі —

Нібы ўзмах развітальны зрабіў,

І з муроўкі,

Сабраўшыся з сілаю,

У світанак —

У сонца —

Ступіў!..

Гэткім узнёслым настроем прасякнута ўся кніга, якая, паводле складальнікаў, адрасуецца дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Сапраўды, выданні такога кшталту маюць шанс стаць цікавым дапаўненнем да школьнай праграмы, і асабліва — па гісторыі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».