Вы тут

Шоу «Кіданне нажоў»: Прамахнуцца цяжэй, чым папасці


З самага дзяцінства ў свядомасці чалавека закладваецца думка, што гуляць з вострымі прадметамі небяспечна, бо можна парэзацца. Аднак гэта не аргумент для нашага суразмоўніка. Андрэй Гоманаў не толькі сам «забаўляецца» з такімі прадметамі, але і кідае іх у жывую мішэнь — чароўную асістэнтку Дар'ю Шарамет. Мы пагаварылі з адзіным прафесійным дуэтам у Беларусі ў шоу «Кіданне нажоў» і высветлілі ўсе тонкасці іх работы.


— Гэтым заняткам я захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, — расказвае Андрэй. — Спачатку ў мяне быў звычайны кішэнны сцізорык, і я кідаў яго ў розныя дрэвы. Але потым на пэўны адрэзак часу адмовіўся ад свайго захаплення, атрымаў юрыдычную адукацыю, стаў працаваць па закліку сэрца танцорам. Падчас сваёй танцавальнай кар'еры адчуваў, што мне чагосьці не хапае, і вырашыў сваё дзіцячае хобі зрабіць прафесійным заняткам. Пайшоў у клуб «Шалёны зубр» і пад пільным кіраўніцтвам свайго трэнера Алега Паўлавіча Мартынчука хутка асвоіўся і літаральна праз пару месяцаў прыняў удзел у чэмпіянаце Беларусі, пачаў займаць прызавыя месцы.

Але ўсё адно: пачуццё незадаволенасці захоўвалася, як быццам чагосьці не хапала ў жыцці нашага героя. Тады ён вырашыў сумясціць сваю прафесію паводле адукацыі з любімым заняткам і стаў арганізоўваць шоу «Танец на лязе нажа», дзе спалучае творчасць з прафесійным кіданнем вострых прадметаў па розных мішэнях.

— Спачатку трэніраваўся толькі з неадушаўлёнымі прадметамі, але потым зразумеў, што гатовы перайсці да «жывой» мішэні. Першым такім асістэнтам быў мой дзядзька Пётр Мяхедзька, які бясстрашна пагадзіўся паўдзельнічаць у рэпетыцыі трукаў. Але я падумаў, што для выступленняў на сцэне ён не зусім падыходзіць. (Смяецца.) Тады размясціў аб'яву ў інтэрнэце аб пошуку напарніцы.

У першую чаргу мне было важна, каб мая асістэнтка была ў добрай фізічнай форме, умела добра танцаваць і прыцягваць увагу гледачоў. Ну і апошняе ў спісе патрабаванняў, але, напэўна, самае галоўнае на практыцы, каб яна была бясстрашная, бо не кожная дзяўчына зможа стаяць і ўсміхацца ў той момант, калі ў яе запускаюць нажы. Дар'я ідэальна адпавядала ўсім маім крытэрыям, да таго ж яна была з Беларусі, мы паспрабавалі працаваць разам, і я зразумеў, што з гэтым чалавекам мы на адной хвалі.

У гэты момант да нашай гутаркі падключаецца Дар'я і распавядае, як яна вырашылася на такі небяспечны занятак.

— Я, як і Андрэй, прафесійны харэограф, пастаянна дзесьці танцавала. Аднойчы ў інтэрнэце заўважыла яго аб'яву пра пошук асістэнткі. У той час у мяне ўжо быў падпісаны кантракт на работу ў Паўднёвай Карэі, але я чамусьці ўсё роўна адгукнулася на яе. Варта заўважыць, што я была далёка не адзінай прэтэндэнткай, але Андрэй захацеў працаваць са мной, чаму я цяпер вельмі рада.

— Калі мы толькі пачалі выступаць дуэтам, вельмі перажываў, каб не нашкодзіць сваёй напарніцы, — працягвае Андрэй, — бо ўсе мае «інструменты» сапраўдныя, а не бутафорскія, як думаюць многія хейтары ў інтэрнэце. І ўсе нашы нумары небяспечныя. Паверце, нашмат цяжэй прамахнуцца, чым трапіць, таму самастойна дома іх ні ў якім разе нельга паўтараць. І калі вы ўжо вырашылі, што хочаце стаць кідальнікам нажоў, то спачатку навучыцеся гэтаму ў прафесіяналаў на драўляных мішэнях, а толькі потым пераходзьце да трэніровак з дзяўчатамі.

— Ведаеце, мне часам здаецца, што інстынкт самазахавання ў мяне зусім адсутнічае, — смяецца Дар'я. — Парэзы і драпіны на рэпетыцыях для мяне ўжо звыклая з'ява. На рэпетыцыях здараюцца рыкашэты. Гэта калі нож, які кінуў напарнік, трапляе ў нож, што ўжо ўтыркнуты ў шчыт. Тады драпін дакладна не пазбегнуць. А яшчэ ў маёй рабоце важна быць максімальна засяроджанай, бо прыходзіцца і выгінацца, і прысядаць, не губляючы погляд партнёра. Разумеючы ўсю небяспеку сваёй новай прафесіі, я нават не адразу распавяла пра яе маме. Казала, што працую памочніцай фокусніка, але потым усё ж прыйшлося прызнацца. Яна наведала наша выступленне і сама ўсё ўбачыла.

— Мая мама таксама адразу не разумела гэтага занятку, — расказвае Андрэй. — Калі трэніраваўся ў прыватным доме, яна магла спакойна развешваць бялізну каля маёй «агнявой мяжы», і даводзілася тлумачыць, што сякера сапраўдная і можа ёй нашкодзіць. З часам усе прывыклі і ўжо ведаюць, што калі я трэніруюся, то ніхто мяне не кранае і побач не ходзіць. А мама ўжо радуецца і ганарыцца мной, кажа, што знаёмыя бачылі нас па тэлевізары і расказвалі аб гэтым ёй. Тата заўсёды мяне падтрымліваў. Толькі першы час з-за слабага сэрца ён лічыў за лепшае не глядзець мае выступленні, а потым прывык.

Калі мы сталі высвятляць, якія ж нумары для гэтага дуэта з'яўляюцца самымі экстрэмальнымі і небяспечнымі, яны, не дамаўляючыся, адказалі аднолькава. Першым з'яўляецца «Маятнік», гэта калі Дар'я стаіць за гэтым прадметам і Андрэю трэба папасці не ў партнёрку, а ў маятнік, які вельмі малеенькі. Другім найбольш рызыкоўным трукам у іх «асартыменце» з'яўляецца папяровы круг. Выступоўцы прыдумалі яго адмыслова для тэлевізійнага шоу «Brіtaіn's Got Talent». Сутнасць нумару ў тым, што Дар'я знаходзіцца за гэтым папяровым кругам, Андрэй раскручвае яго з дзяўчынай і кідае нажы, не бачачы, у якім менавіта месцы цяпер знаходзіцца яго партнёрка.

— Дарэчы, наконт «Brіtaіn's Got Талент». Гэта быў вельмі круты вопыт, — прыгадвае Андрэй. — Я адпраўляў заяўкі ў «Amerіca's Got Талент» і «Brіtaіn's Got Талент». Але пакуль ты ім сам не станеш цікавы, то патрапіць да іх амаль нерэальна. Мы з Дашай зачапілі брытанскае шоу, аднак было адно «але». Папярэдні кідальнік, які выступаў там два гады таму, паказаў усе трукі, якія раблю я, таму абавязковай умовай было зрабіць нешта новае. Мы выкручваліся, як маглі, на адпрацоўку новых трукаў было катастрафічна мала часу, а перад запісам быў толькі адзін дубль, таму права на памылку ў мяне не было, хоць у маёй дзейнасці яго няма ніколі.

Выступленне дуэта на брытанскім шоу талентаў стала яшчэ больш запамінальнае дзякуючы імправізацыйнаму нумару з адным з членаў журы, бізнесменам і тэлевядучым Сайманам Коуэлам. Ён на ўласным прыкладзе вырашыў праверыць усю сапраўднасць рэквізіту і небяспеку падрыхтаванага нумара артыстаў. Пасля ўдалага эксперыменту ўсе чацвёра членаў журы адказалі «так» і прапусцілі творчы дуэт у далейшыя этапы.

— Пасля ўдзелу ў брытанскім шоу талентаў у нас з'явіліся розныя кантракты па рабоце за мяжой. Аднак з-за каранавіруса мы прыпынілі сваю дзейнасць у іншых краінах і трэніруемся дома. Але вельмі спадзяёмся, што хутка зможам працягнуць нашы гастролі. А пакуль што я адпрацоўваю новыя кідкі і ўдасканальваю сваю тэхніку, а вось у Дашы за гэты час з'явілася яшчэ адно незвычайнае хобі.

— Так, Андрэй мае рацыю, не так даўно я пачала асвойваць такі від спартыўнай творчасці, як палёт на валасах. У нашай краіне больш няма артыстаў якія працуюць у гэтым кірунку. Для мяне гэта аказалася больш складаным заняткам, чым стаяць з усмешкай на твары, калі ў цябе кідаюць вострай зброяй, — усміхаецца Даша. — Проста ад асістэнткі патрабуецца спакой, а вось у палёце на валасах ты адчуваеш фізічную нагрузку, асабліва на галаву. Магчыма, калі-небудзь пачну выступаць сольна ў гэтым кірунку, але пакуль я шчаслівая, што лёс мяне звёў з Андрэем і мы працуем у пары.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота дадзены героямі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?