Вы тут

«Не думаць пра белую малпу»


Фельетон-сцэнка

Дзеючыя асобы:

Максім Бурак — псіхатэрапеўт, гадоў пяцідзесяці, у акулярах, маленькага росту.

Ігар Фокін — кліент, гадоў трыццаці пяці, хударлявы.

Кабінет псіхатэрапеўта. Каля сцяны стаіць кніжная шафа. За сталом побач з акном сядзіць Максім Бурак, насупраць яго — Ігар Фокін.

Ігар Фокін (раззлавана). Я зрабіў усё, як вы раілі мінулы раз, але нічога добрага не атрымалася! Наадварот, як у той прытчы пра белую малпу…

Максім Бурак (зацікаўлена паглядзеў паверх акуляраў). Што вы маеце на ўвазе?

Ігар Фокін (адкінуўся на спінку крэсла). Гісторыю пра вучня, якому майстар даў першае заданне для самаўдасканалення: не думаць пра белую малпу. Праз некалькі дзён расхваляваны юнак прыйшоў да настаўніка па дапамогу: усе ягоныя думкі захапіла гэтая ўяўная жывёла!

Максім Бурак. Здаецца, я пачынаю разумець. Але працягвайце…

Ігар Фокін. Два тыдні таму вы параілі мне пераключыць увагу на іншае, каб не думаць пра стаўкі на спорт. Я ўжо і бегаць раніцой пачаў, і некалькі кніг у бібліятэцы ўзяў… Аднак нічога не атрымалася. Ад фізічнай культуры адмовіўся, бо яна нагадвала пра ўлюбёную букмекерскую кантору «Усмешка фартуны». Спартыўныя навіны не глядзеў. Абыходзіў стадыёны… І чым больш намагаўся забыць азартныя гульні, тым яскравей вярталіся ўспаміны пра радасць ад выйгрышу!

Максім Бурак (пасунуўся бліжэй да пацыента, спакойна спытаў). І што адбылося потым?

Ігар Фокін. Мая жонка Марына заўважыла, што я гатовы сарвацца і зноў пакінуць у букмекераў палову зарплаты. (Замоўк, саромеючыся, і ціха працягнуў размову.) Пашукала інфармацыю ў інтэрнэце і прапанавала… Нават няёмка пераказваць, бо адчуў сябе нейкім алкаголікам… Карацей кажучы, у букмекерскую кантору можна напісаць заяву з просьбай забараніць мне на пэўны тэрмін — ад шасці месяцаў да трох гадоў — удзельнічаць у азартных гульнях. Прычым я звяртаюся толькі ў адну арганізацыю, аднак на падставе дакумента мне нельга будзе наведваць усе айчынныя «азартныя» ўстановы. Нават віртуальныя казіно стануць недаступнымі.

Максім Бурак (узрадавана). Выдатная ідэя! Не бачыце аб’ект залежнасці — супакойваецеся — знаходзіце сродак атрымліваць добрыя эмоцыі, не спустошваючы кашалёк.

Ігар Фокін (уздыхнуў). Не такая ўжо і выдатная. Інакш я тут не сядзеў бы... Так і недаклыпаў да букмекерскай канторы, бо баяўся не стрымацца і зноў зрабіць стаўку. Марына гатова была пайсці са мной, але ж сорамна. Мне, заўсёдніку «Усмешкі фартуны», няёмка выглядаць дзіцём, якога жонка водзіць за ручку.

Максім Бурак (пранікліва). Але ж не гэта сапраўдная прычына, каб зноў прыйсці да мяне?

Ігар Фокін. Так. У нас з жонкай агульны камп’ютар. І пасля яе пошукаў антыазартных сродкаў дапамогі інтэрнэт пачаў прапаноўваць для прагляду… рэкламу букмекерскіх кантор ды таталізатараў! Дарэчы, так я даведаўся, што Беларусь — першая краіна ў СНД, дзе ў сакавіку гэтага года была выдадзена ліцэнзія на анлайн казіно. Клопат пра ігракоў… (Крыва ўсміхаецца.)

Максім Бурак (сумна). Хутчэй пра прыбытак. Дарэчы, нядаўна прачытаў: у 2018 годзе сума падатку на ігральны бізнес склала больш чым 40 мільёнаў рублёў!

Ігар Фокін. Ого! (Пакруціў галавой.) Так я зразумеў, што ад залежнасці не пазбавіўся і хутка сарвуся... Кожная арганізацыя папярэджвае пра рызыкі на сваім сайце. І на пачках цыгарэт пішуць пра шкоду нікаціну. Аднак курцоў гэта не спыняе. Што ж мне рабіць далей? (Разгублена, з надзеяй глядзіць на псіхатэрапеўта.)

Максім Бурак (зняў акуляры, задумаўся). Добра, што вы шукаеце выйсце! Паглядзіце, ці можна падаць заяву пра забарону ўдзельнічаць у азартных гульнях па пошце або праз сайт? Так спакуса ўзяцца за старое будзе меншай. Да таго ж вы не пабачыце зноў знаёмых, таму саромецца няма чаго. Увогуле ж, калі перамагаць залежнасць складана, трэба ісці насустрач такім думкам — думаць пра белую малпу. Узгадайце выпадкі з жыцця людзей з вашай праблемай, каб не паўтарыць іх.

Ігар Фокін (спалохана). А іх шмат?

Максім Бурак (надзявае акуляры). На жаль, так. Напрыклад, у Мазыры муж патраціў на анлайн-стаўкі сродкі жонкі, атрыманыя пасля продажу кватэры. Прадпрымальнік з Глыбокага не вяртаў пазычаных грошай, бо спускаў на забавы. Дыспетчар аднаго рэспубліканскага прадпрыемства краў паліва наймальніка, каб потым пакінуць заробленае ў букмекерскай канторы. У Лельчыцах даверлівая жанчына, прадавец кіёска РУП «Белпошта», прымала стаўкі ў доўг ад мясцовага жыхара. У Гродне хлопец афармляў анлайн крэдыты на іншых, а грошы адносіў у казіно... Вынік усіх выпадкаў — крымінальныя справы. Спадзяюся, гэта ўтрымае вас ад неабдуманых учынкаў. Будзем дзейнічаць па плане. Да сустрэчы!

(Ігар Фокін выходзіць. Максім Буряк падыходзіць да акна, пазірае і гаворыць сам з сабою.)

Але ж як тут не думаць пра белую малпу? Вось і трамвай з рэкламай ставак на спорт паехаў. Дарэчы, якія там умовы? Можа, варта пацікавіцца ў інтэрнэце?..

Алена КЕДА.

Надрукавана ў №10 за 2020 год.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?