Вы тут

Sex-балясы. Любоўны трэш


Шакіруючая навіна ў стылі сюжэтнай лініі гераіні, якая выконвае ролю маці Стыфлера з вядомай некалі маладзёжнай камедыі «Амерыканскі пірог», прыйшла з Вялікабрытаніі. Хто глядзеў фільм, пацвердзіць — маці Стыфлера забыць немагчыма (на фота). Дык вось, калі коратка: таблоід The Mіrror паведаміў, што нанятая мужчынам эскортніца аказалася... маці яго найлепшага сябра. Што ж здарылася? Англічанін шэсць гадоў служыў у арміі, і з-за гэтай спецыфікі яму было складана пабудаваць паўнацэнныя адносіны з жанчынай. («— Па статыстыцы, толькі кожны дзясяты шлюб аказваецца шчаслівым. — Бач ты, а ў мяне пакуль толькі трэці...») Таму, сумуючы па фізічным аспекце стасункаў, мужчына наймаў эскортніц. Так было і гэтым разам, але нешта, як той казаў, пайшло не так. («— Дзяўчына, каханак ёсць? Другі не трэба? — Пятым будзеш!»)


Патэнцыяльны кліент зайшоў на сайт, на якім былі змешчаны фатаграфіі цел жанчын, і зрабіў замову. Што істотна: твараў эскортніц на здымках бачна не было. («Калі твая дзяўчына не афішуе вашы адносіны ў сацыяльных сетках, дык гэта не толькі твая дзяўчына».) Візаві проста спісаліся і праз 45 хвілін у дзверы мужчыны пазванілі. Той адчыніў і аслупянеў — там стаяла маці яго найлепшага сябра. («Звесці мужа з сям'і нескладана! Ты паспрабуй яго назад жонцы вярнуць...») Заўважыўшы разгубленасць «кавалера», жанчына ўзяла сітуацыю пад кантроль і зрабіла выгляд, што яны незнаёмыя. Мужчына быццам бы пакутаваў ад таго, што адбываецца. Чаму быццам бы? Таму што ў выніку эскортніца выканала сваю справу. («Ідэальныя адносіны — гэта калі ты вечна галодны, а яна твая бабуля».) А затым парачка дамовілася захаваць усё ў сакрэце. Вось толькі цікава, адкуль пра гэтую гісторыю даведаўся таблоід, а цяпер дзякуючы яму і мы з вамі? («Калі дзяўчына кажа табе: «Ну, скажыыыы, я не пакрыўджуся», — маўчы, дзеля сваёй жа бяспекі маўчы».) Яшчэ большую пікантнасць сітуацыі надае той факт, што, па словах колішняга ваеннага, яго сябар... таксама карыстаецца паслугамі таго ж самага сайта. «Я заўсёды непакоюся, каб ён выпадкова сам не забраніраваў яе. Калі гэта адбудзецца, мой досвед не будзе падавацца такім ужо дзіўным», — паспрабаваў прымераць на сябе нейкую незразумелую маску мужчына. («У Адэсе: — Таварыш міліцыянер, такі грошы былі ў кашальку, а кашалёк у станіку... — Мадам Рабіновіч, вы што, не заўважылі, як вам у станік залезлі?! — Та я ж думала, шо ён у добрым сэнсе...») Больш за тое, ён зрабіў «высновы» з таго, што адбылося: па-ранейшаму... працягвае карыстацца паслугамі эскортніц, але робіць гэта больш асцярожна і абавязкова глядзіць іх твары. («Дзяўчаты, якія не носяць станікі. Не насіце!») Такі вось любоўны трэш...

Яго, як паказвае жыццё, хапае. Памятаеце словы з песні «Агаты Крысці»: «Я на табе, як на вайне, а на вайне, як на табе»? У некаторых гэта адбываецца ледзьве не ў прамым сэнсе слоў. Чулі гісторыю пра тое, як у ЗША 58-гадовая Валеры Сандэрс папрасіла мужа-бодзібілдара прапыласосіць і... патрапіла ў турму? («Раней я быў упэўнены, што не люблю Стаса Міхайлава. Але сёння, калі жонка спытала мяне, што я хацеў бы паглядзець вечарам — канцэрт Стаса Міхайлава ці відэа нашага вяселля, я задумаўся...») Жанчыну абвінавацілі ў «прымусовых ці кантралюючых паводзінах». З 2015 года гэта лічыцца злачынствам і дапамагае папярэдзіць хатні гвалт. Мужчыну не спадабалася, што жонка пакідала яму пыласос і «хацела, каб я чысціў дом кожны дзень». («Жанчына — як кошка. Калі сціхла, дык гэта ненармальна. Яна або нешта задумала, або ўжо штосьці натварыла...») Муж, па словах Валеры, толькі прападаў у трэнажорнай зале ды мыў сваю машыну, нічога не робячы па доме. Амерыканку ў выніку апраўдалі, але ў камеры яна правяла 17 гадзін. Дарэчы, пара вырашыла развесціся...

З іншага боку, не заўсёды ўсё так бывае сумна. Вось мужчына са штата Паўднёвая Караліна з ЗША таксама не паслухаўся сваёй жонкі і ў выніку выйграў паўмільёна долараў! Яны разам заехалі на запраўку, і муж убачыў, як іншы аўтаўладальнік іграе ў імгненную латарэю. Захацеў і сам паспрабаваць шчасця, аб чым папярэдзіў спадарожніцу. Аднак дзяўчына катэгарычна забараніла гэта рабіць і пайшла па сваіх справах. («У нашым доме глава сям'і — жонка. Так ужо істэрычна склалася».) Мужчына праігнараваў яе словы і сарваў джэкпот. («— Сёма, ну чаму ты ніколі не слухаеш тое, што я табе гавару?! Табе заўсёды чуецца толькі тое, што ты хочаш пачуць! — Так, канешне, дарагая, я буду піва».)

А яшчэ летась, памятаеце, 24-гадовы хлопец у Мінску паставіў палатку пад балконам былой дзяўчыны, каб вярнуць яе пасля расставання. («— Я хачу, каб у нас з табой усё было як раней... — Каб мы зноў былі разам? — Не, каб я пра цябе нават не ведаў...») Узяў з сабой падушкі, коўдры і для нечага мангал са свечкай. «Я б хацеў з ёй ажаніцца, але вось так дзіўна складваецца лёс», сказаў тады юнак... («— Тата, скажы, а як ты сустрэў нашу маму? — Завабіў на хлеб у паходзе, сынок. — Але ж дзяўчыну на хлеб не завабіш. — Гэта толькі ў першы дзень паходу, сынок...») Цікава, чым там усё скончылася?

...Напрыканцы банальнае, але галоўнае. Разумейце і кахайце адно аднаго. Хоць, мабыць, невялікая часцінка любоўнага трэшу ў адносінах таксама не перашкодзіць...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».