28 кастрычніка, серада

Вы тут

Да чаго рыхтавацца абітурыентам 2022 года?


У пачатку верасня Міністэрства адукацыі распачало грамадскае абмеркаванне змянення фармату ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў 2022 годзе. Для беларускіх школьнікаў, якія прызвычаіліся здаваць выпускныя экзамены ў школе, а ўступныя — на ЦТ, гэта стала громам сярод яснага неба.


Новы парадак, у прыватнасці, прадугледжвае замест выпускных экзаменаў правядзенне нацыянальнага экзамена па двух прадметах, сумешчанага з цэнтралізаваным тэсціраваннем (ЦТ). Мяркуецца, што выпускнік школы будзе здаваць нацыянальны экзамен па беларускай ці рускай мовах і яшчэ адзін прадмет на выбар (матэматыку, фізіку, замежную мову і іншыя), які з'яўляецца другім профільным для спецыяльнасці, куды плануецца паступленне.

Пасля заканчэння школы ён атрымае на рукі сертыфікаты ЦТ (набраныя на цэнтралізаваным тэсціраванні балы па гэтых прадметах будуць улічвацца пры выстаўленні адзнак у атэстат) і атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі з падлічаным у ім сярэднім балам.

Абітурыенты, якія скончылі школу ў бягучым годзе, па жаданні змогуць здаць дадаткова ЦТ па адным профільным прадмеце (матэматыку, фізіку, замежную мову і іншыя) для пашырэння магчымасці выбару спецыяльнасцяў пры паступленні.

Абітурыенты, якія скончылі школу ў папярэднія гады, здаюць ЦТ па рускай/беларускай мове (па выбары) і ў абавязковым парадку па другім профільным прадмеце для спецыяльнасці, на якую плануецца паступленне. Таксама яны могуць здаць ЦТ дадаткова па любым прадмеце для пашырэння магчымасці выбару спецыяльнасцяў для паступлення.

Але ўсе абітурыенты, як прапануецца, будуць здаваць унутраны экзамен у ВНУ па першым профільным прадмеце па ўсіх спецыяльнасцях. Што такое ўнутраныя экзамены і кантакты з экзаменатарамі сам-насам, з цяжкасцю прыгадаюць нават бацькі цяперашніх школьнікаў. А калі і здолеюць, то наўрад ці гэтыя ўспаміны будуць звязаны ў многіх з іх са станоўчымі эмоцыямі.

Высокія балы пры сціплых ведах

Доўгі час адной з галоўных пераваг правядзення ў нашай краіне ўступнай кампаніі ў форме цэнтралізаванага тэсціравання лічылася яе празрыстасць, абарона ад карупцыйных праяў і стварэнне роўных умоў для паступлення для ўсіх: і для выпускнікоў прэстыжных гарадскіх ліцэяў і гімназій, і для выхаванцаў звычайных малакамплектных сельскіх школ.

У цэнтралізаванага тэсціравання ў Беларусі ёсць свая адметнасць — у нашай краіне яно выкарыстоўваецца выключна для адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. І да нядаўняга часу ЦТ пазіцыянавалася менавіта як абітурыенцкае, мэта якога — ацаніць адрозненні ва ўзроўні падрыхтоўкі абітурыентаў, параўнаць індывідуальныя вынікі з вынікамі іншых удзельнікаў і вызначыць адносную пазіцыю ў групе тых, хто трымае іспыт. Вынікі такіх экзаменаў дазвалялі вызначыць рэйтынг кожнага абітурыента сярод прэтэндэнтаў на студэнцкі білет у адпаведнасці з узроўнем яго падрыхтоўкі.

Але з 2019 года адмовіліся ад рэйтынгавай шкалы: была ўведзена новая методыка падліку балаў на ЦТ, пры гэтым нічога прынцыпова ў змесце тэстаў не змянілася. Па-ранейшаму ў іх пераважаюць заданні з варыянтамі адказаў, а таму некаторыя абітурыенты проста працягваюць угадваць правільны. Аднак калі раней нельга было метадам выпадковага выбару адказаў набраць мінімальны прахадны бал, то цяпер гэта стала магчыма, і мінімальны парог аказаўся пустой фармальнасцю.

Калі раней з усіх бакоў галасілі, абапіраючыся на балы ЦТ, што ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў знізіўся ўжо да крытычнай адзнакі, то цяпер абітурыенты і педагогі не разумеюць, адкуль бяруцца высокія балы пры вельмі сціплых ведах, і чаму для тых, хто прэтэндуе на максімум, любая памылка каштуе вельмі дорага.

— Ёсць думка, што новая методыка недаацэньвае добра падрыхтаваных абітурыентаў. Лічу, што такое меркаванне некарэктнае, — адказваў на папрокі дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. — Раней чым больш абітурыентаў ведалі нейкі раздзел вучэбнай праграмы і, адпаведна, рашалі задачу з яго, тым меншы ўклад у агульны тэставы бал уносіла такая задача, а каштоўнасць заданняў, з якімі спраўляліся ўсе, набліжалася да нуля, і фактычна гэтыя веды не ацэньваліся і не ўлічваліся. Цяпер кожнаму заданню прысвойвацца першасны бал, які вядомы загадзя. Той, хто атрымлівае больш першасных балаў, мае і больш тэставых.

Стваральнікі новай сістэмы падліку балаў вырашалі адначасова дзве праблемы. Першая — укараненне методыкі, якая давала б ацэнку ведаў у абсалютнай велічыні, гэта значыць, стала б больш аб'ектыўнай. Ранейшая рэйтынгавая методыка не дазваляла супаставіць узровень ведаў, прадэманстраваных абітурыентам на ЦТ, з яго школьнымі ведамі. А новая методыка, на іх думку, дазваляе зняць псіхалагічны бар'ер, які ўзнікаў у абітурыентаў пасля атрымання нізкіх балаў. Раней 20—30 балаў, атрыманых на ЦТ, былі рэйтынгавай ацэнкай за выкананне тэста і не адлюстроўвалі рэальны ўзровень ведаў абітурыента.

Цяпер ніхто не можа атрымаць менш за першасны бал. Методыка скіраваная на тое, каб ацаніць паўнату ведаў: чым больш заданняў выконвае абітурыент, тым больш балаў ён набірае.

— Трэба адзначыць, што шкала падліку балаў не з'яўляецца лінейнай, — тлумачыць Юрый Міксюк. — Можна трактаваць гэта з пункту гледжання спорту: апошнія метры перад фінішам самыя каштоўныя.

Крытыку наконт магчымасці ўгадвання правільных адказаў арганізатары ЦТ лічаць не зусім аб'ектыўнай, хоць і пагаджаюцца, што такая імавернасць усё яшчэ захоўваецца.

— Мы праводзім пэўную работу, каб зменшыць такую магчымасць, — казаў журналістам Юрый Міксюк. — Так, у частцы А, дзе прапануюцца заданні закрытага тыпу з варыянтамі адказаў, павялічылі колькасць дыстрактараў з чатырох да пяці па шэрагу прадметаў. Але адмовіцца цалкам ад закрытых заданняў мы не можам: яны выкарыстоўваюцца ў многіх краінах свету і даюць магчымасць за кароткі час праверыць веды абітурыента па шырокім коле пытанняў і тэм. Але набраць вялікую колькасць балаў за такія заданні немагчыма.

Тэсты і функцыянальная адукаванасць

Трэба заўважыць, што пасля распаду Савецкага Саюза ўсе яго колішнія рэспублікі пачалі ўкараняць незалежныя працэдуры экзаменаў. Прычынай сталі непразрыстая сістэма ўступных іспытаў у ВНУ, суб'ектыўнасць пры правядзенні выпускных экзаменаў у школе і ўступных у ВНУ, карупцыя і «шэрыя схемы» для паступлення... Усе былі нацэлены на аб'ектыўную сертыфікацыю дасягненняў. Праўда, для таго каб забяспечыць інфармацыйную бяспеку, кожная краіна распрацоўвае свае падыходы і прымяняе свае арганізацыйна-тэхналагічныя прыёмы пры правядзенні нацыянальных экзаменаў.

У Расіі з 2009 года асноўнай формай выніковай атэстацыі выпускнікоў школ і ўступных іспытаў у ВНУ з'яўляецца Адзіны дзяржаўны экзамен (АДЭ). Для расійскіх выпускнікоў АДЭ па рускай мове і матэматыцы — абавязковы, астатнія прадметы здаюцца па жаданні ў неабмежаванай колькасці.

На выхадзе са школы матэматыку на АДЭ можна здаваць на базавым і профільным узроўнях. Калі абітурыент збіраецца паступаць на спецыяльнасць, дзе матэматыка — галоўны прадмет, ён павінен асіліць профільны тэст.

Адзіны дзяржаўны экзамен, як і ЦТ, складаецца з дзвюх частак. Першая змяшчае заданні закрытага тыпу, дзе трэба ўказаць лічбу ці запісаць кароткі адказ (заданняў з выбарам адказу няма). А ў другой частцы трэба даць разгорнуты адказ. Па рускай мове і літаратуры пішацца сачыненне. У тэстах па матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі і фізіцы распісваецца рашэнне задач. У АДЭ па гісторыі і грамадазнаўстве абітурыенты падрабязна адказваюць на пытанні. Другая частка ў тэстах па замежных мовах — гэта праверка маўлення. Здаецца па жаданні. Падчас адказу вядзецца аўдыя- і відэазапіс.

Увесь працэс здачы іспыту — ад моманту прыходу дзяцей у аўдыторыю да іх выхаду — фіксуюць камеры, якія дазваляюць адсочваць усе магчымыя парушэнні.

Заданні з разгорнутым адказам правяраюць двое экспертаў: калі іх ацэнка задання не сыходзіцца, то яны ставяць бал на карысць удзельніка экзамена. Калі разыходжанне ў ацэнцы сур'ёзнае, то работу правярае трэці эксперт.

На тэсціраванне робяць стаўку Літва, Украіна, Малдова, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Азербайджан, Таджыкістан.

У Арменіі навучэнцы пасля заканчэння школы для паступлення ў ВНУ здаюць тэсты накшталт Адзінага дзяржаўнага экзамена ў Расіі. Прадметы маюць два ўзроўні — А і Б. Калі для паступлення не патрэбна пэўная вучэбная дысцыпліна, прайсці школьнае выпрабаванне па ёй дазваляецца на ўзроўні А. Але калі яна неабходная, прыйдзецца адолець абодва ўзроўні. У большасці выпадкаў выпускнікі здаюць тры іспыты, часам — два. Абітурыенты філфака, напрыклад, пераадольваюць два адзіныя дзяржаўныя экзамены, а ўжо ва ўніверсітэце вусна правяраюць іх веды па літаратуры.

У тэстах выкарыстоўваюцца толькі тэхналагічныя заданні, якія правяраюцца сканіраваннем бланкаў адказаў: заданні на выбар з чатырох прыведзеных варыянтаў, заданні з кароткім адназначным адказам (лічбай) і так званы букет сцвярджэнняў (з іх трэба выбраць адзін з варыянтаў «дакладна», «няправільна», «не ведаю»).

Нягледзячы на тое, што частка А тэстаў эквівалентная тэсту выпускных экзаменаў, гэта значыць, абслугоўвае сертыфікацыйныя мэты сярэдняй школы, увесь тэст (узроўні А+Б ) скіраваны на селекцыю і прызначаны ў першую чаргу для правядзення адбору ў ВНУ. Таму для часткі Б выбіраюцца заданні з большай здольнасцю да ранжыравання. Экзамен доўжыцца 2,5-3 гадзіны ў залежнасці ад прадмета.

У Казахстане да 2016 года вынікі Адзінага нацыянальнага тэсціравання (АНТ) выкарыстоўваліся для выніковай атэстацыі ў сярэдніх школах, але з 2017 года сталі прымяняцца толькі для паступлення ў ВНУ. Да 2016 года ў рамках Адзінага нацыянальнага тэсціравання ацэньваліся толькі прадметныя веды абітурыентаў. Але ў 2017 годзе адбылося некалькі важных зменаў — адначасова з прадметнымі ведамі сталі ацэньвацца матэматычная адукаванасць і разуменне тэкстаў. Уключэнне ў змест тэстаў заданняў на праверку функцыянальнай адукаванасці было звязана з агульнай палітыкай мадэрнізацыі школы.

А што ў вас... з вербальным мысленнем?

А як адбіраюць моладзь для навучання ў ВНУ ў далёкім замежжы?

У Японіі для паступлення ў ВНУ выпускнік павінен прайсці два туры выпрабаванняў. Першы — (Unіvеrsіtу Еntrаnсе Сеntеr Ехаmіnаtіоn, UЕСЕ) — цэнтралізаваны, здаецца амаль за паўгода да паступлення. Гэтыя экзамены абавязковыя ва ўсе дзяржаўныя ВНУ. Яны ўяўляюць сабой тэсціраванне і праводзяцца па 12 прадметах. Колькасць экзаменаў вызначаецца патрабаваннямі абранай ВНУ. Другі тур экзаменаў праводзіцца ўніверсітэтамі. Яны больш складаныя за нацыянальныя і распрацоўваюцца спецыялістамі вышэйшай навучальнай установы.

Для паступлення ў ВНУ Ізраіля вучні здаюць псіхаметрычны экзамен, вынікі якога лічацца сапраўднымі яшчэ сем гадоў! Прымаць у ім удзел можна колькі заўгодна разоў, але паміж спробамі яго здаць павінна прайсці не менш за паўгода. Экзамен уяўляе сабой тэсты па трох кірунках: вербальнае мысленне, колькаснае мысленне (ацэньваюцца матэматычныя здольнасці) і англійская мова

Адна з самых складаных сістэм адбору выпускнікоў школ у каледжы і ўніверсітэты — у ЗША. Там няма адзіных праграм навучання і нацыянальных экзаменаў, а вымяральнікам зместу адукацыі выпускнікоў старшай сярэдняй школы з'яўляецца колькасць вывучаных курсаў, арыентаваных на падрыхтоўку ва ўніверсітэт. Самыя вядомыя і распаўсюджаныя іспыты ў ЗША, якія могуць улічвацца пры паступленні ў ВНУ, — гэта тэсты SАT (Sсhоlаstіс Асhіеvеmеnt Tеst) і АСT (Аmеrісаn Соllеgе Tеstіng). У іх уваходзяць заданні з некалькіх абласцей ведаў.

У большасці краін на іспытах прымяняюцца розныя формы праверкі ведаў: заданні з выбарам адказу, з кароткім адказам (запаўненнем формы) і з разгорнутым адказам. У еўрапейскіх краінах пераважна выкарыстоўваюцца апошнія дзве формы. Толькі ў ЗША заданні з выбарам адказу складаюць больш за палову экзаменацыйнай работы.

Заўвагі і прапановы наконт змянення правілаў паступлення ў ВНУ можна адпраўляць на электронны адрас іnfomіnedu@unіbel.by з пазнакай «змяненне фармату ўступнай кампаніі», а таксама пры дапамозе спецыяльна створанага бота ў Telegram.

Але адказаў на заўвагі і прапановы не будзе, папярэджваюць у Міністэрстве адукацыі. Яны будуць разгледжаны міжведамаснай рабочай групай па распрацоўцы новай рэдакцыі правілаў прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.