Вы тут

Як гэта — лунаць над аблокамі. Пагутарылі з аматарамі парашутнага спорту


Родныя брат і сястра з аграгарадка Брашэвічы Драгічынскага раёна Расціслаў і Крысціна КРАЎЧУКІ не ўяўляюць свайго жыцця без неба, — яны захопленыя парашутным спортам. Спачатку ў Брэсцкі аэраклуб ДТСААФ пяць гадоў таму прыйшоў хлопец, а праз некаторы час прывёў туды і сястру. Зараз героі жывуць у Брэсце і кожныя выхадныя прыязджаюць на аэрадром, каб заняцца любімай справай.


Каманда падчас трэніровак.

— Заўсёды быў актыўным хлопцам. Займаўся пешаходным турызмам, скалалажаннем. У пэўны момант захацелася рэалізавацца ў нечым іншым, — падзяліўся Расціслаў. — Падчас вучобы ва ўніверсітэце пачуў ад сябра, што ёсць такая арганізацыя, дзе можна паспрабаваць сябе ў парашутным спорце.

Штогод перад пачаткам сезона там набіраюць ахвотных ва ўзросце 15—19 гадоў для падрыхтоўкі. Гэта бюджэтная праграма, якая дазваляе навучацца і скакаць бясплатна. Аднак на той момант набор у такую групу быў скончаны, прыйшлося пачакаць яшчэ год. Такім чынам у аэраклуб быў залічаны толькі ў 18 гадоў. Навучанне доўжылася тры месяцы, пасля чаго па праграме трэба было зрабіць тры кантрольныя скачкі, па якіх інструктар вызначае, ці варта табе заставацца ў гэтым спорце. Памятаю, у нашай групе спачатку было каля 40 чалавек, але пасля адбору застаўся толькі я.

Першая вышыня, якую ў адзіночку скараюць пачаткоўцы-парашутысты, — 800 метраў. Паступова яна расце, і разам з тым спартсмену становіцца цяжэй кіраваць сваім целам падчас палёту. Зыходзячы з таго, якія вынікі — як ідзе аддзяленне ад самалёта, ці стабільна адбываецца падзенне, — інструктар вырашае, ці рабіць «перасадку» на іншы тып парашута. Спачатку спартсмены выконваюць скачкі з «Юніёрам», потым з «Д1-5У», далей пераходзяць на «П1-У», а пасля — на спартыўнае «Крыло». У апошняга іншыя характарыстыкі: ён нашмат хутчэй лётае і вертыкальна, і гарызантальна, хутчэй раскрываецца, дазваляе рабіць розныя цікавыя элементы. Дарэчы, Расціслаў «перасеў» на яго яшчэ тры гады таму.

З вышыні ўсё здаецца зусім маленькім.

— Хуткасць вольнага падзення — 180-200 кіламетраў у гадзіну. Выконваю скачкі як у адзіночку, так і з напарнікам. На сёння іх ужо больш за 400. Самы запамінальны — з вышыні 3500 метраў. Адчуванні, якія атрымліваеш падчас палёту, немагчыма перадаць словамі. Быццам лунаеш над аблокамі. Тады скачок доўжыўся амаль хвіліну, у той час як звычайна — не больш за 20 секунд. У палёце думаю ў першую чаргу пра бяспеку, бо трэба заўсёды кантраляваць вышыню. Цікава, што толькі пасля таго, як на рахунку з'явіліся першыя 200 скачкоў, страх вышыні або нечага іншага стаў праходзіць, зараз увогуле ніякага хвалявання. Баяцца — нармальна, але не трэба гэтаму пачуццю дазваляць адольваць вас.

Акрамя Брэста, Расціслаў скакаў з парашутам на спаборніцтвах і паказальных выступленнях у Маларыце, Жабінцы, Кобрыне, Каменцы, Рагачове, Бабруйску, Віцебску. У дзень больш вопытным спартсменам можна скакаць з парашутам да пяці-шасці разоў. Аднак калі гэта робіць пачатковец — не больш за адзін.

— Шчыра кажучы, ні разу не бачыў тых, каму скачкі з парашутам не спадабаліся. Калі вы ўжо рашыліся на гэта, ні пра што не думайце, проста дзейнічайце. Мы з сястрой аб сваіх першых скачках бацькам нават не расказвалі. Ім было незразумела, навошта нам такое не вельмі бяспечнае хобі. У нас ёсць і малодшая сястра Маша, нядаўна мы з Крысцінай зрабілі ёй падарунак на дзень нараджэння — яна ўпершыню скокнула з парашутам у тандэме з інструктарам. Гэта быў сюрпрыз, ён яе вельмі парадаваў. Увогуле парашутны спорт — гэта заўсёды прыліў пазітыўных эмоцый. Калі выконваем новыя элементы з іншымі спартсменамі, радуемся, як дзеці. Да таго ж у аэраклубе знаходзіш блізкіх па духу людзей, таму наш калектыў — як адна вялікая сям'я. Не задумваюся пра тое, каб кідаць гэтую справу. Становіцца не па сабе, калі з-за пэўных абставін даводзіцца прапусціць скачкі з парашутам. Мой самы доўгі перапынак — паўгода. Было вельмі цяжка, хацелася хутчэй на вышыню.

Расціслаў паспявае не толькі адчуць палёт, але і захаваць успаміны пры дапамозе камеры.

Дваццацігадовая Крысціна пачала займацца парашутным спортам тры гады таму. Таксама, як і брат, падчас вучобы ва ўніверсітэце (зараз суразмоўніца — настаўніца пачатковых класаў).

— Ён прапанаваў скокнуць у тандэме з інструктарам, я пагадзілася. Мая першая скораная вышыня — 2750 метраў. Адчуванні на ёй былі неверагодныя. Нядзіўна, што ўсе, хто ходзіць у аэраклуб, скакаць хочуць многа і часта. Калі стаіць добрае надвор'е і ёсць паліва для самалёта, — ты ляціш, прызямляешся, хуценька бяжыш укладваць парашут, каб паспець да чарговага ўзлёту. На сёння ў мяне больш за 120 скачкоў, звычайна раблю іх з вышыні 1200—1400 метраў. Можна ўзяць і больш высокую, каб добра адчуць паток паветра, расслабіцца. Самая вялікая вышыня адзіночнага скачка — 1700 метраў. Як зараз памятаю: уверсе сонейка, аблокі як вата, і ты ў іх быццам правальваешся...

Кожны скачок індывідуальны, абавязкова нечым адрозніваецца ад іншых, кажа суразмоўніца. Самы незабыўны, які прынёс шмат адрэналіну, адбыўся ў Крысціны, калі яна пераходзіла на спартыўны парашут «Крыло».

— Там, на вышыні, вельмі трэсліся ногі, а калі прызямлялася — уся калацілася ад шчасця, дрыжаў голас. А на зямлі каманда крычала «Ура! Перасадка!» Тады скакала не ў адзіночку, а з партнёрам, — такая група з двух або трох чалавек называецца фармацыяй. З ёй можна выконваць розныя камбінацыі элементаў: набліжацца і аддаляцца адзін ад аднаго, трымацца за рукі, потым адначасова адкрываць парашуты і адразу ўзнімацца вышэй. Адчуванні неверагодныя, бо трэба авалодаць не толькі сваім целам, але і адчуваць напарніка, быць у тандэме, да таго ж, «увайсці» ў паток ветру, даверыцца яму, што часам бывае нялёгка.

Кожны ўздым у неба для хлопца — асаблівы.

Крысціна прызнаецца, што хваляванне падчас скачкоў прысутнічае заўсёды, іншым разам нават у майстроў спорту, бо ўсё ж такі спорт — экстрэмальны.

— Я яшчэ той панікёр! Але нават калі ўзнікнуць праблемы з раскрыццём асноўнага парашута на вышыні, дзякуй Богу, ёсць запасны, які мне яшчэ не даводзілася выкарыстоўваць. За дзень да скачкоў у парашутыстаў ёсць абавязковая папярэдняя падрыхтоўка: мы праходзім «адчэпкі» (пэўны набор дзеянняў пры экстрэмальнай сітуацыі, якая можа здарыцца ў небе), займаемся ўкладкай парашутаў. Бо ў першую чаргу наш спорт — гэта пра бяспеку, а ўжо потым пра якасць і колькасць скачкоў. Напрыклад, яшчэ на зямлі прагаворваем і прапрацоўваем, як будзем дзейнічаць, калі з ранца не выйшаў купал парашута. Увогуле, прызямліцца каля канавы або лесу — звычайная сітуацыя. Здаралася і закрутка стропаў парашута, але гэта не страшна. Дарэчы, розныя чэмпіянаты і абласныя спаборніцтвы праходзяць даволі часта, і ўсе яны для нас, спартсменаў, вельмі цікавыя. З апошняга — удзел у Кубку Рэспублікі Беларусь па парашутна-атлетычным мнагабор'і.

Штогод парашутысты праходзяць медкамісію, некаторыя не атрымліваюць дазвол на далейшыя заняткі па стане здароўя і таму сыходзяць са спорту. Таксама перад кожным сезонам трэба здаваць залікі і нарматывы. Да дзяўчат, якіх у аэраклубе меншасць, прад'яўляюцца тыя ж патрабаванні, што і да хлопцаў.

Крысціна пасля чарговага скачка.

— Страху не прайсці медкамісію не было ніколі, бо здароўе ў мяне вельмі добрае. Увогуле сама па сабе я спрытная дзяўчына. Да захаплення скачкамі з парашутам займалася, як і брат, пешаходным турызмам, наведвала розныя гурткі. Мне падабаецца спрабаваць нешта новае. Скажу шчыра, кожны год я вырашаю, заставацца ў гэтым спорце ці не, бо часта адчуваю хваляванне, такі ў мяне тэмперамент. Ну, і трэба аддаваць яму шмат асабістага часу. Калі з'явіцца сям'я, думаю, будзе цяжэй, але, з іншага боку, без скачкоў таксама сумую, такі спорт дае мне веру ў сябе, упэўненасць і ўсведамленне, што не кожны можа займацца ім, а я — змагла.

Дзяўчына штораз адпрацоўвае элементы з інструктарам.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена героямі

Загаловак у газеце: Адно «Крыло» на дваіх

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.