Вы тут

Агляд кніг. Пра ведзьмаў і феміністак


Пятрэнка Ю. Харунжы. Verbera ventorum. Мінск, «Кнігазбор», 2020

«Ногі зусім змерзлі — дарма, што ў дыхтоўных ботах.

Восеньскі ранак 1605 года на ліцвінскай зямлі выдаўся золкі».

Так пачынаецца дэбютны раман гомельскай пісьменніцы Юльяны Пятрэнкі, які пераносіць нас у цьмяны час. Сямнаццатае стагоддзе, праўленне Жыгімонта Вазы, Паўночная вайна. У вайсковыя дзеянні ўцягнутая, лічы, уся Еўропа, а Беларусь, як заўсёды, на скрыжаванні шляхоў і інтарэсаў...

Кожная культура, мусіць, праходзіла перыяд, калі адчувалася вострая патрэба ў белетрызацыі нацыянальнай гісторыі. Часам былі мэтанакіраваныя заклікі — збіраць фальклор, пісаць пра даўнія падзеі з удзелам свайго народа. Так зрабілі, напрыклад, у Чэхіі і Польшчы, праўда, у эпоху рамантызму. Беларусы тады былі пазбаўленыя магчымасці напоўніцу заявіць пра сябе, нават беларускі нацыянальны геній Ян Баршчэўскі пісаў па-польску. Эпоха рамантызму прамінула, патрэба засталася. Таму кожная кніга, якая запаўняе белыя плямы нашага мінулага, карысная. Тым больш што яркай фактуры і выйгрышных сюжэтных хадоў у рамане Юльяны Пятрэнкі хапае. Малады харунжы Стафан Тацэвіч, выконваючы даручэнне караля, сутыкаецца з непакорлівымі жыхарамі ўладання князя Бароўскага. Гараджане адмаўляюцца даваць грошы на вайну і ўвогуле мець стасункі з каралеўскімі пасланцамі. У іх пануе рэлігійная секта на чале са злавесным Клімашам, палююць на ведзьмаў, а вось і тая ведзьма — занадта разумная, занадта дзёрзкая, і ўвогуле выдае сябе за іншую персону... Вось і «лінія кахання». Напачатку наравістая княжна Юстына Бароўская робіцца палонніцай Тацэвіча, напрыканцы ён сам аддае сябе ў яе рукі. А паміж гэтымі падзеямі неаднойчы абое пакрыўдзяць адно аднаго, пабачаць выскал смерці, нават у адной магіле на могілках Вільні, на шчасце, незасыпанай, паляжаць. А як пану перажыць момант, калі нахабная князёўна, скарыстаўшыся ягоным раненнем, замест харунжача аддае загады! Часам падзеі нагадваюць камп'ютарны квэст на мяжы праўдападобнасці — напрыклад, калі адважны харунжы, пераапрануўшыся, прабіраецца ў падазроны горад, дзе яго то спрабуюць атруціць, то ажаніць. Стафану даводзіцца ўсвядоміць, што жыццё не чорна-белае, а даволі-такі стракатае. Уладары грызуцца між сабой, варагуюць людзі і канфесіі... Пазнавальнасці надаюць рэальныя персанажы — згадваюцца і Леў Сапега, і Януш Радзівіл, і нават Марына Мнішак, у чыёй свіце ледзь не з'ехала ў Маскву адчайная Юстына Бароўская. Тэкст насычаны гістарычнымі дэталямі. Вы даведаецеся, што місюрка — шлем з кальчужным капюшонам, які прыкрывае шыю і плечы, бехцер — панцыр з уплеценымі металічнымі пласцінамі, карвашы — вайсковыя металічныя наручы. Ну а таямніца лацінскай часткі назвы, якая перакладаецца як «удары вятроў» — зразумелая: на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў, на якім наша Беларусь, самае месца для віхураў ды бураў.


Луіза Мэй Олкат. Добрыя жонкі. Масква, «Эксмо», 2020

«Прыгажосць, маладосць, багацце і самое каханне не могуць адпрэчыць клопаты і пакуты, страты і гора нават ад самых шчаслівых».

Няхай хаця б гэтая фраза з фіналу рамана насцярожыць чытачоў, што шукаюць лёгкага чытва пра чарговую Папялушку, па якую прыехаў прынц на белым кані. Раман пісьменніцы XІX стагоддзя Луізы Мэй Олкат — працяг кнігі «Маленькія жанчыны». Тэксты былі культавымі не для аднаго пакалення, на іх выхоўвалі моладзь. Чатыры сястры з небагатай сям'і, прыгожыя, дзейныя, таленавітыя, спрабуюць разабрацца, што ж такое сапраўдныя каштоўнасці. Кожнай давядзецца пераадольваць спакусы — а як не пазайздросціць сяброўцы, якая мае прыслугу і можа дазволіць сабе купіць дарагую сукенку? Пісьменніца, аднак, настойліва падкрэслівае, што багацце — не галоўнае. Адна з сясцёр, самая прыгожая, выходзіць замуж за беднага гувернанта. Другая, няўрымслівая фантазёрка Джо, не прымае каханне багатага спадчынніка, сябра дзяцінства, і не скарыстоўвае прыхільнасць багатай цёткі. Не схаваю — некаторыя эпізоды сучасную жанчыну могуць раззлаваць. Мадэль «муж здабывае маманта, сціплая жонка эканомна размяркоўвае мяса» перастала быць абавязковай. Але Олкат і сама не была прыхільніцай такой жаноцкае долі. Яе «альтэр эга» ў рамане — адважная Джо, якая спрабуе зарабіць грошы літаратурай. Кажуць, рэдактар, які наважыўся выдаць кнігу Олкат, запатрабаваў змяніць першапачатковы сюжэт: Джо таксама мусіць знайсці сваё сямейнае шчасце! Раман у многім аўтабіяграфічны, а сама Олкат замуж не выйшла, удзельнічала ў фемінісцкім руху, змагалася супраць рабства, працавала медсястрой... Але давялося ісці на кампраміс, і раманнай Джо быў выпісаны жаніх. Вось толькі калі ў апошняй экранізацыі рамана гэта малады прыгажунчык, у кнізе Олкат — немалады, таўсматы і бедны настаўнік Фрыц. Магчыма, не ўсім спадабаецца і ладная доза хрысціянскай маралі. Але нават у свеце, калі пацалунак пад дажджом з жаніхом — страшэнная непрыстойнасць, ёсць чаму павучыцца цяперашнім маладым: мужна пераадольваць цяжкасці, не здавацца і быць вернымі сваім ідэалам.

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», пр-т Незалежнасці, 72.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».