Вы тут

І карэйскі “ханбок” беларускам да твару


Алена Дварэцкая з дзяцінства займалася беларускімі традыцыйнымі спевамі. Але змяніла сцэнічнае амплуа: пяць гадоў ужо кіруе ансамблем карэйскага танца “Арыранг”.


“Парны танец”. Дзень карэйскай культуры ў Мінску, 2018 год

Алене Дварэцкай цяпер 27 гадоў, яна беларуска. Працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны старшым навуковым супрацоўнікам. Бацькі з 4 гадоў аддалі яе спяваць у ансамбль “Святкі”, што пры Палацы дзяцей і моладзі “Золак” Заводскага раёна Мінска. З шасці гадоў яна вучылася граць на цымбалах у гуртку “Чароўныя цымбалы” пры тым жа палацы. А ў студэнцкія гады мінчанка зацікавілася карэйскай культурай. Прычым усур’ёз і глыбока. Пачала не толькі глядзець карэйскія фільмы, але й гатаваць стравы, танцаваць танцы далёкага народа, граць на карэйскіх барабанах, вывучаць карэйскую мову. Такое паглыбленне ў чужую раней культуру яе, прызнаецца, вельмі ўзбагаціла. І ў 22 гады Алена Дварэцкая стала мастацкай кіраўніцай ансамбля карэйскага танца “Арыранг”, які створаны пры Асацыяцыі беларускіх карэйцаў. Але ж і са “Святкамі” стасункі яна ніколі не парывала, заўсёды ахвотна выступала з беларускім гуртом. Прычым “Святкі” з “Арырангам” стварылі нават сумесны нумар: беларуская песня гучыць пад акампанемент карэйскіх барабанаў.

Праз фільм — у “Арыранг”

Артысты “Арыранга” на фестывалі нацыянальных культур у Гродне ў 2018 годзе (А. Дварэцкая справа)

У часе сустрэчы з Аленай мне хацелася зразумець, чаму ў пару, калі беларускія хлопцы й дзяўчаты “паглядаюць” пераважна ў бок Захаду, яна “глядзіць” на Усход. Разважаючы пра тое, Алена казала: беларуская культура ўвесь час развіваецца паміж Усходам і Захадам, і ёй таксама ўласцівыя некаторыя асаблівасці культуры карэйскай. “І ў Карэі, і ў Беларусі людзі працавітыя, прыязныя ды адкрытыя. Мне вельмі падабаецца, што карэйцы заўсёды падкрэсліваюць сваю лучнасць з іншымі. Яны часта замест слоў “мой”, “мая”, “маё” ўжываюць словы “наш”, “наша”, “нашы”. Кажуць: “наша краіна”, “наша сям’я”, нават “наш тата” і “наша мама”. І ў тым ёсць пазітыўны складнік, менш эгаізму”.

Неяк, згадвае, па прапанове аднакурсніцы паглядзела карэйскую гістарычную кінастужку. Фільм — пра каханне, пра дачыненні між людзьмі. Алена вучылася на трэцім курсе ў Беларускім дзяржуніверсітэце культуры й мастацтваў, і экзатычная культура яе зацікавіла. Яе ўразіла карэйскае нацыянальнае адзенне. І ёй захацелася яго прымераць, больш даведацца пра карэйскую культуру з першых вуснаў, вывучыць незнаёмую мову. Пачала шукаць калектыў, які б прадстаўляў тую культуру ў Беларусі. Так і даведалася пра “Арыранг”. Ды сумнявалася, ці атрымаецца ў яе так прыгожа танцаваць. Пазней адзін са студэнтаў-карэйцаў БДУ прапанаваў ёй пазнаёміцца з яго сябрамі з ансамбля. І Алена ўжо не адмовілася.

Яе, як былую цымбалістку, адразу “залічылі” ў групу музыкаў, граць на ўдарных. А было чатыры ударныя інструменты “Самульнары”, гралі й на барабанах “бук”. “Барабаніць” Алену вучыла Таісія Новікава, якая й дагэтуль у калектыве. Паказвалі майстэрства й барабаншчыкі з Карэі, якія прыязджалі ў Беларусь. Маючы “цымбальны” досвед, навучыцца барабаніць Алене было няцяжка. Пазней новыя сябры прапанавалі асвоіць і карэйскія танцы. А ў хуткім часе кіраўніца “Арыранга” Вераніка Пак, этнічная карэянка, выйшла замуж за карэйца й паехала жыць у Калінінград. І кіраваць калектывам даверылі Алене Дварэцкай, якая на той час закончыла ВНУ, атрымала дыплом па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гістарычна-культурнай спадчыны”. Пры тым была заўважана яе непадробная цікавасць да ўсяго, што звязана з Карэяй, яе культурай, гісторыяй, мовай. Новай кіраўніцы трэба было паднавіць ансамбль і за некалькі месяцаў падрыхтаваць выступленне на пляцоўках Фэсту нацыянальных культур у Гродне. Прызнаецца, што боязна трохі было ехаць на фэст з “невялічкай камандай”: з барабаншчыкаў — толькі яны з Таісіяй Новікавай, ды з танцорак два-тры чалавекі. Але справіліся, і “Арыранг” у 2015‑м выступаў у Гродне.

Карэйскае адзенне — усім да твару

Танец з веерамі “Пучэчум”

З таго часу “Арыранг” абнаўляўся некалькі разоў, у яго складзе ёсць этнічныя карэянкі. Многія з іх прыйшлі ў калектыў па запрашэнні Кімі Ры, кіраўніцы Асацыяцыі беларускіх карэйцаў (АБК). “Кімі Дзінуеўна лепш ведае, дзе ў Беларусі жывуць этнічныя карэйцы, прапаноўвае ім далучацца да калектыву, — гаворыць Алена. — Скажам, да нас ездзяць з Віцебска Вольга Кім і Кацярына Маляўка-Кім. Гэта маці з дачкой, абедзьве карэянкі. Кацярына нядаўна пераехала жыць у Мінск”. Але гледачам у часе канцэртаў не заўсёды ўдаецца адрозніць этнічных карэянак ад беларусак, якіх нямала ў “Арырангу”: настолькі артыстак змяняе карэйскі нацыянальны касцюм “ханбок”. Надзяваючы яго перад выступленнем, Алена таксама заўважае: ён і ёй да твару, хоць яна й беларуска. У ім, кажа, усе дзяўчаты прыгажуні.

Усе карэйскія нацыянальныя строі зберагаюцца ў касцюмернай ансамбля. Некалькі з іх артысты атрымалі сёлетняй вясной: пашыты для “Арыранга” па замове Мінкультуры Беларусі. “Ханбок” даслоўна перакладаецца як карэйскае адзенне. Паўсядзённы жаночы “ханбок” — гэта жакет-“чагары” й доўгая спадніца-“чымы”, якая й надае карэянкам такі далікатны выгляд. “Для пашыву “чымы” цяжка знайсці ў Мінску патрэбны матэрыял. Ён павінен быць лёгкім, як папера, да таго ж трымаць аб’ём і форму. Таму даводзіцца шыць і ніжнюю спадніцу, што дапамагае стварыць прыгожы сілуэт”, — дзеліцца тонкасцямі справы Алена. Чэшкі для танцорак спецыяльна прывозяць з Карэі. Такіх не набудзеш у мінскіх крамах: маюць адмысловыя, уверх “задраныя насы”. Такія ж насы і ў карэйскіх шоўкавых туфляў з кветкавымі ўзорамі “ккотсін”, у карэйскіх наскоў “пасон” або “чокі”.

Нацыянальныя строі, набытыя раней, артысткі рамантуюць самі. Бывае, што й шыюць. Некаторыя жаночыя галаўныя ўборы пашыла мама Алены. Капялюш для кісэн, карэйскіх артыстак, ляжыць у касцюмернай на відным месцы. Кісэн былі носьбітамі карэйскай культуры ў мінулыя часы. Яны былі вельмі адукаванымі, прыгожа танцавалі. Іх танцы сёння развучваюць і ў “Арырангу”. Побач з карэйскім адзеннем зберагаюцца й барабаны. Сярод іх “чангу” — у форме пясочнага гадзінніка, сімвалізуе дождж і 12 месяцаў года. Вялікі круглы барабан “бук” — гэта сімвал хмары і чатырох пор года. Танцоры часта выходзяць на сцэну з маленькім ручным барабанам “сога”. Ёсць невялічкі ручны гонг “квенгары”, а таксама вялікі медны гонг “чын”. Там жа ляжаць і нажы “ком”, якія бліскаюць у вядомым карэйскім танцы з нажамі “Комму”. Ён ёсць і ў рэпертуары танцорак “Арыранга”.

Беларуская песня пад карэйскія барабаны

Новыя для “Арыранга” карэйскія традыцыйныя танцы дзяўчаты вучаць па відэазапісах, што ёсць у ансамблі. У тым дапамагае інтэрнэт: там ёсць нямала аўтарскіх апрацовак карэйскіх народных танцаў. “Мы імкнемся выкарыстоўваць мову, рухі менавіта традыцыйнага танца. Але ў харэаграфічную кампазіцыю, малюнак танца стараемся прыўносіць новыя элементы. Часта скарачаем традыцыйныя танцы й пакідаем самае цікавае. Беларуская культура больш дынамічная, і карэйскія танцы ў нязменным выглядзе нашым гледачам могуць падацца занадта доўгімі”, — расказвае Алена. Павольныя карэйскія рухі артысткі метадычна адпрацоўваюць на рэпетыцыях каля люстэрка. У рэпертуары — узоры карэйскага прыдворнага, народнага, рытуальнага й новага традыцыйнага танцаў, аўтарскія танцы сучасных карэйскіх харэографаў.

І, як ужо гаварылася, артысты прадстаўляюць ігру на чатырох ударных інструментах “Самульнары”. Гэты жанр ігры быў створаны параўнальна нядаўна, у 70‑я гады мінулага стагоддзя. Ён спалучае традыцыю народнага мастацтва з дасягненнямі сучаснай ударнай школы. Алена Дварэцкая, якая валодае майстэрствам ігры на барабанах, расказала, што карэйскі народ любіў суправаджаць барабаннымі гукамі свае песні й танцы. Дарэчы, апошнія таму й былі больш дынамічнымі ў адрозненне ад прыдворных.

Ігру на карэйскіх барабанах музыканты “Арыранга” змаглі спалучыць і з беларускімі традыцыйнымі спевамі гурта “Святкі”, у якім Алена Дварэцкая пачынала творчы шлях. Эксперымент удаўся! Упершыню беларуская песня “Ой, на горы…” з гомельскага Палесся прагучала пад акампанемент барабанаў “бук” на святкаванні 20‑годдзя ансамбля “Святкі” ў 2017 годзе. То быў падарунак Алены яе былой настаўніцы са “Святак”, Наталлі Мікалаеўне Буліцкай. Многія яе творчыя знаходкі Алена выкарыстоўвае ў сваёй працы. Беларуская народная песня гучала пад удары карэйскіх барабанаў і на імпрэзе “Карэя — Беларусь: фестываль дружбы” ў 2018 годзе. Яго зладзіла Амбасада Паўднёвай Карэі ў Беларусі.

Алена Дварэцкая не забывае дарогу ў “Святкі”, дзе выхоўвалася з маленства. Хоць і захапілася карэйскай культурай так, што пачала прадстаўляць яе на дзяржаўным узроўні, але ж і беларускія песні не забывае. Яна і сёння можа надзець беларускі строй, каб выйсці на сцэну з фальклорным калектывам. Яе сэрцу блізкія і карэйскі барабан, і беларускія цымбалы.

Мастацкі калектыў “Арыранг” Асацыяцыі беларускіх карэйцаў — неаднаразовы дыпламант Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Мае спецыяльны дыплом ЮНЭСКА за развіццё нацыянальнай культуры, дыпломы мінскіх фестываляў “Яднанне” і “Сонечны птах”.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.