Вы тут

Гомельскія следчыя дапамаглі ачысціць лес ад смецця


Змяніць службовы кіцель на рабочае адзенне і ўзяцца за ачыстку лесапаласы ад смецця — сваю дапамогу леснікам такім чынам вырашылі аказаць следчыя. «Экалагічны дэсант — 2020» ініцыявалі супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці і члены абласнога грамадскага аб'яднання «Саюз следчых».


Другі год запар увосень яны прысвячаюць свае выхадныя дні карыснай справе. «Працоўны дэсант — 2019» гомельскія следчыя, напрыклад, правялі на Буда-Кашалёўшчыне. Тады супрацоўнікі дапамагалі аграрыям раёна збіраць на палетках бульбу, што засталася пасля камбайна. Папрацавалі добра, а станоўчых эмоцый і цёплых успамінаў ад такой нязвыклай для калектыву работы атрымалі спаўна.

Сёлета следчыя вырашылі аказаць дапамогу Гомельскаму вопытнаму лясгасу ў навядзенні парадку ў лясным фондзе. У выхадны дзень кіраўнікі структурных падраздзяленняў УСК і РАСК вобласці на чале з начальнікам упраўлення Сяргеем Удовікавым выйшлі на работу — у лес. Дарэчы, стаць экалагічнымі дэсантнікамі вызваліся 50 следчых. Супрацоўнікі абралі «квадрат» для работы — прыдарожную лесапаласу працягласцю больш як пяць кіламетраў. Ад захламленасці пазбаўлялі частку ляснога масіву паблізу пасёлка Піянер і аграгарадка Прыбар, што ў Гомельскім раёне.

— Заходзіш углыб лесу літаральна на 10—15 метраў і назіраеш пахаванні бытавога смецця. Цікава, што хучэй за ўсё пакідаюць гэта не кіроўцы, што праязджаюць міма, а хтосьці мэтанакіравана вывозіць смецце ў лес, хутчэй за ўсё, гэта робяць жыхары найбліжэйшых населеных пунктаў. Хачу сказаць толькі адно: людзі, спыніцеся! — дзеліцца ўражаннямі намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Аркадзь Траццякоў.

Шклянкі, анучы, рэшткі пластыку, халадзільнікі, дзіцячыя хадункі... Гэта толькі частка «скарбу», што хавалася за знешне чыстым ускрайкам
лесу, калі глядзець на яе з боку дарогі. Больш за дзесяць чалавек спатрэбілася, напрыклад, каб пагрузіць на прычэп са смеццем вялізную шыну ад трактара, што была схавана ў глыбіні лесу. Самі леснікі падкрэсліваюць, наколькі неацэнная дапамога добраахвотнікаў у ачыстцы лесу:

— Шчыры дзякуй за такую дапамогу, хочацца пажадаць толькі, каб больш розных структур і падраздзяленняў выходзіла да леснікоў з такімі прапановамі, — адзначае галоўны ляснічы Гомельскага вопытнага лясгаса Уладзімір Крачко. Ён звяртае ўвагу, што ўвосень асабліва актуальным становіцца пытанне засмечвання лесу. Багаты грыбны сезон вабіць мноства людзей — і не ўсе паводзяць сябе з павагай да прыроды.

Сведкай работы экалагічнага дэсанту следчых, дарэчы, стала жыхарка Гомеля, заўзяты грыбнік гэтай мясцовасці:

— Люблю, каб быў парадак ва ўсім, як у краіне, так і ў лесе, — з задавальненнем выказваецца аб ініцыятыве следчых Алена Дзімітрава.

За работай аднаго з удзельнікаў ляснога суботніка з павагай назіраюць астатнія. На дапамогу бацьку — начальніку ўпраўлення СК Сяргею Удовікаву — вызваўся сын Міша. Хлопчык сур'ёзна адзначае, што сам ніколі не смеціць, і звяртаецца да дзяцей і дарослых таксама берагчы навакольнае асяроддзе:

— Я думаў, смецця ў лесе будзе менш, калі казаць шчыра. Я не пашкадаваў, што паехаў дапамагаць, я стаміўся, але стараюся, — са сціплай дзіцячай усмешкай прызнаецца Міхаіл.

Між тым усе ўдзельнікі экалагічнай акцыі ўражаны колькасцю смецця на абраным пяцікіламетровым квадраце, якое вынеслі з лесу. Трактарам вывезлі не менш за восем тон адходаў.

— Следчыя вобласці з задавальненнем прымаюць удзел у экалагічных акцыях. Мы рады, што самі праявілі такую ініцыятыву, прапанавалі сваю дапамогу ў прыборцы ляснога масіву. Галоўнае, безумоўна, — гэта зрабіць наш лес больш чыстым, клапаціцца аб навакольным асяроддзі, а яшчэ падобныя акцыі — выдатная магчымасць для нашых супрацоўнікаў з'яднаць калектыў, разам папрацаваць на агульную карысць, сустрэцца па-за рабочымі адносінамі, — падкрэсліў начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў.

Які працоўны дэсант гомельскія следчыя арганізуюць ў наступным годзе, пакуль сакрэт, з усмешкай заўважаюць яны. Вядома, гэта зноў будзе ініцыятыва на карысць людзям, прыродзе і роднаму краю.

Варта адзначыць, што падчас «Экалагічнага дэсанту — 2020» следчыя не спыніліся толькі на прыборцы ў лесе. Яны выказалі жаданне больш глыбока пазнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі перапрацоўкі адходаў вытворчасці і спажывання, а таксама энергазберагальнымі тэхналогіямі. Следчыя наведалі эксперыментальны сартавальны біямеханічны завод бытавых другасных рэсурсаў і ўчастак па перапрацоўцы пластмас гомельскага прадпрыемства «Спецкамунтранс».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фо­та да­дзе­на УСК па Го­мель­скай воб­лас­ці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?